Суббота, 29 01 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Знаёмцеся – маладзечанскі бібліяфіл Міхась Казлоўскі

  • Вторник, 16 февраля 2021 09:29

І хаця прайшоў пэўны час пасля выдання гэтай па-свойму ўнікальнай кнігі, яна і зараз прыцягвае ўвагу. Размова – пра невялікі томік «Пра кніжнікаў і кнігі: нататкі бібліяфіла» дасведчанага публіцыста, гісторыка літаратуры Міхася Казлоўскага.  

Ужо не аднойчы даводзілася выказваць думку пра тое, што беларускаму кнігавыданню бракуе літаратуры бібліяфільскай, прысвечанай беларускім кнігазборам, прыватным бібліятэкам. У канцы 1980-х была спроба сфарміраваць гэтую традыцыю. Выдавецтва «Беларусь» падаравала чытачу альманах бібліяфіла «Свіцязь». Тыраж – 14 600 экзэмпляраў. Укладальнік – Леанід Казыра. У рэдакцыйную калегію альманаха бібліяфілаў Беларусі ўвайшлі Сямён Букчын, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, Іван Саламевіч – пісьменнікі, навукоўцы, чыя захопленасць, нераўнадушнасць у дачыненні да кнігі добра вядомая. Пад сціплай вокладкай з надпісам на дзвюх мовах – «Свіцязь. Свитязь», аформленая графікам Генадзем Мацурам, – 34 артыкулы, нарысы, паведамленні і карэспандэнцыя. Альманах нарадзіў спадзяванне, што і ў Беларусі будзе нешта кшталту маскоўскага гадавіка «Альманах бібліяфіла». І, канешне ж, аўтарскі актыў ужо сфармраваўся – пісьменнікі Эрнэст Ялугін, Сямён Букчын, Генадзь Каханоўскі, Адам Мальдзіс, архівісты, вучоныя, бібліёграфы, журналісты, музейшчыкі, краязнаўцы Віталь Скалабан, Янка Саламевіч, Міхась Мушынскі, Соф’я Кузняева, Уладзімір Мархель, Аркадзь Падліпскі і іншыя. Але, на вялікі жаль, першая ластаўка так і засталася першай. Не ведаю, можа быць, у выдавецтва і была спроба прадоўжыць праект, але ж маем тое, што маем. Ды і заўважыць варта наступнае. У апошнія гады многія ініцыятывы не пашыраюцца толькі таму, што яны трымаюцца фактычна на высілках энтузіястаў. Так, відаць, і тут. Самі Сямён Букчын, Леанід Казыра, іх магчымыя паплечнікі не рухаюць справу, то і выдавецтва не дужа рупіцца. Хацелася б у гэтай выснове памыліцца, але ж не атрымліваецца.

Вось і кніга Міхася Казлоўскага «Пра кніжнікаў і кнігі» – гэта не проста плён літаратурнай, кнігазнаўчай работы, а сапраўдны подзвіг апантанага беларускім словам бібліяфіла. Фактычна пад адной вокладкай паяднаны «нататкі бібліяфіла» «Да кніжных скарбаў дакрануся…» і збор эпісталярнай спадчыны «Там , дзе нас няма». Але цэласнасць успрыняцця матэрыялу ад гэтага не парушаецца, кніга ўяўляецца як адно падарожжа ў Храм Кнігі. Маршрутаў, сустрэч асобных у гэтым падарожжы нямала, а вось і асоба бібліяфіла, і яго падсумоўванне ўласных вышукаў – гэта адзіны паслядоўны шлях да спасціжэння кніжнай мудрасці. Выдавецкая анатацыя так патлумачвае змест, характар зборніка: «Упершыню ў гісторыі Беларусі выходзіць аўтарская кніга, прысвечаная пытанням айчыннага бібліяфільства. На яе старонках распавядаецца пра дзейнасць Беларускага таварыства бібліяфілаў (БТБ), якое існавала на тэрыторыі Савецкай Беларусі ў другой палове 20-х гадоў XX стагоддзя, згадваюцца імёны і кнігі забытых пісьменнікаў, даецца характарыстыка бібліятэкам і бібліяфілам мінулага. Не засталіся па-за аўтарскай увагай і такія цікавыя і маладаследаваныя тэмы, як гісторыя беларускага экслібрыса, літаратурна-мастацкага перыядычнага друку, прасочваюцца лёсы мастакоў-афарміцеляў, архіваў, музеяў, аўтографаў, вывучаюцца малафарматныя і мініяцюрныя  выданні. Асобна, часта невядомыя, старонкі чалавечых узаемадачыненняў раскрываюцца ў багатай эпісталярнай спадчыне вядомых пісьменнікаў і дзеячаў нацыянальнай культуры».

Выправімся ж следам за маладзечанскім бібліяфілам Міхасём Казлоўскім у адмысловае кніжнае падарожжа. Тое, што расповед вядзе сапраўдны кніжнік, які сам палюбіў прадмет свайго збіральніцтва, які знайшоў у гэтых прадметах душу. «Вялікі аўстрыйскі пісьменнік і бібліяфіл Стэфан Цвейг, – піша аўтар, – гаворачы пра сэнс і прыгажосць рукапісаў, пісаў: «Каб разумець рукапісы, а зразумеўшы, палюбіць іх, каб здзіўляцца ім, прыходзіць ад іх у хваляванне і захапленне, для гэтага нам трэба спачатку навучыцца любіць людзей, жыццёвыя рысы якіх навечна адбіліся ў іх». А хіба гэта не праўда, што ў тых першых кніжках нашых класікаў адбіліся іх жыццёвыя рысы, чуваць стук сэрцаў, гучыць рытм даўно адышоўшага жыцця? Жадаеце адчуць іх?» І ўсе наступныя нарысы, падарожныя кнігазнаўчыя эсэ – гэта ўзнаўленне праз пажоўклыя кніжныя старонкі думак, пачуццяў, сэрцабіцця нашых папярэднікаў.

Міхась Казлоўскі – збіральнік найперш рэдкіх беларускіх кніг. Пра такія знаходкі і расказвае, у прыватнасці, у  артыкуле «Янка Купала ў выдавецкай дзейнасці Заходняй беларусі». Першай Купалавай кнігай, што пабачыла свет на тэртыорыі былой Заходняй Беларусі, стаў зборнік вершаў і паэм «Шляхам жыцця» – з віленскага выдавецтва Б. Клецкіна 1923 года. Нагадаем: упершыню Купалаўская кніга з гэтай назвай пабачыла свет у Санкт-Пецярбургу ў 1913 годзе. Наступная віленская кніга народнага песняра – паэма «Адвечная песня» (1927). У тым жа годзе ў Заходняй Беларусі выходзіць славутая «Паўлінка». Звяртаючы ўвагу на гэтыя выданні, М. Казлоўскі падрабязна апісвае вядомыя яму факты, расказвае пра тых, хто спрычыніўся да іх. Несумненна, калі будзе перавыдавацца энцыклапедыя «Янка Купала», артыкул маладзечанскага бібліяфіла стане карыснай крыніцазнаўчай базай для дапаўненняў і ўдакладненняў. Дарэчы, у свой час выдатным выдавецкім праектам сталася «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі». Рэдкі даследчык гісторыі і культуры Беларусі ёю не карыстаецца. Дык вось, калі раптам яе будуць перавыдаваць, не лішнім будзе таксама зазірнуць у нататкі маладзечанскага бібліяфіла.

Цікавым падаецца эсэ М. Казлоўскага «Прыжыццёвыя выданні Вацлава Ластоўскага ў маёй бібліятэцы». Расказваючы пра ўнікальныя ў кантэксце беларусікі выданні, М. Казлоўскі нагадвае пра «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» В. Ластоўскага. У бібліятэцы маладзечанца яна – з асабістага збору былога рэктара міжваеннага Ковенскага ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага Мікалоюса Біржышкі. Даўно наспела пара ажыццявіць яе факсімільнае перавыданне. Аднойчы спроба такая была, мяркуючы па тэмплану выдавецтва «Беларусь» за 2008 год. Але, на вялікі жаль, планы так і засталіся планамі.

Многія бібліяфільскія эсэ з кнігі «Пра кніжнікаў і кнігі» – пра заходнебеларускіх збіральнікаў беларускай літаратуры: Віктара Піліпавіча Казлоўскага, Адольфа Клімовіча, Барыса Пятроўскага, Язэпа Камаеда, Пятра Зяновіча, Яўгена Чараповіча. Імёны іх у большасці сваёй зусім невядомыя ці малавядомыя. Але ўплывы іх на беларускую кніжную культуру дастаткова істотныя. Дзякуючы менавіта такім людзям і існуе сама культура збіральніцтва кнігі. Дзякуючы такім асобам перадаюцца з пакалення ў пакаленне традыцыі беларускага кніжніцтва.

У «нататках бібліяфіла» Міхась Казлоўскі выяўляе сябе дасведчаным гісторыкам айчыннай кнігі. Артыкулы «Беларускае таварыства бібліяфілаў (БТБ) у БССР», «Рамантычныя вобразы кніжных знакаў», «Нататкі пра мініяцюрныя і некаторыя малафарматныя кнігі» і ўвогуле падаюцца адметнымі міні-манаграфіямі па той ці іншай тэме. Аўтар прыадчыняе заслону часін, паказвае даследчыкам айчыннай культуры, якія грунтоўныя пласты памяці яшчэ варты шырокага ўзнаўлення.

Што да другога раздзела – «Там, дзе нас няма (эпісталярная спадчына)», то ў ім змешчана перапіска Адольфа Клімовіча з Зоськай Верас, лісты ксяндза Чэслава Сіповіча да а. Уладзіслава Чарняўскага, эпісталярыя Юльяна Сергіевіча, адрасаваная Генадзю Аляксандравічу Каханоўскаму, лісты журналіста і беларускага грамадскага дзеяча Юркі Сянькоўскага. А яшчэ – лісты да Міколы Капыловіча ад Міхася Стральцова і Міхася Вышынскага. Завяршае раздзел зварот да эспісталярыі, звязанай з маладзечанскім настаўнікам і паэтам Вячаславам Міхасёнкам, які апошнія гады жыцця правёў у Слуцку. Міхась Казлоўскі друкуе лісты Уладзіміра Караткевіча, адрасаваныя Вячаславу Васільевічу. Пісьмы класіка айчыннай літаратуры датаваны 1970 – 1980-мі гадамі.

Праца Міхася Казлоўскага «Пра кніжнікаў і кнігі» – уражлівы прыклад любові і павагі да беларускіх кнігазбіральнікаў, сапраўдны грамадзянскі, паэтычны, узнёслы Гімн Беларускай Кнізе!


Алесь Карлюкевіч

Прочитано 5020 раз