Четверг, 13 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мікола Саўчук. Беларуска-ўкраінскія смехавыя паралелі  

  • Среда, 30 декабря 2020 18:00

Беларусы і ўкраінцы – два суседнія брацкія народы, якія заўсёды жылі ў згодзе і лагодзе. Па перапісу 2001 г. ва Украіне жылі 275763 беларусы, якія займалі другое месца сярод этнічных меншасцяў Украіны.

У старажытнасці ўкраінцы называлі беларусаў “ліцвінамі”, а іранічна –“бацькавічамі”, паколькі тыя тату называлі “бацькам”. Жыхары Чарнігаўшчыны называлі сваіх суседзяў-беларусаў “гамлякамі” (ад г. Гомель).

Запісана шэраг народных жартаў пра беларусаў (літвінаў). У прыватнасці, у зборніку усмешак І. Рудчанкі “Народныя паўднёварускія казкі” (1876) і ў зборніку “Вясёлы апавядальнік”, які сабраў Б. Грынчанка і які вытрымаў некалькі перавыданняў. Прапануем некалькі ўсмешак з гэтай кніжкі:

 

ЛІЦВІН

 

Ліцвін біўся з кімсьці ды потым і распавядаў:

– Ён мяне абухом, а я яго лапцем, лапцем!.. Дык што-ж бы вы думалі? Мяне павезлі, як пана, а ён пабег, як сабака!

 

ЛІЦВІНЫ ВІНШУЮЦЬ

 

Ліцвіны хацелі павіншаваць пана. Вось спяклі кулябяку і, адыходзячы, параіліся так:

Адзін скажа:

– Будзь здаровы!

А другі дадасць:

– З жонкай!

Трэці:

– З дзеткамі!

Чацвёрты:

– З домам тваім!

А пяты:

– З усім дабром!

Вось прыйшлі да пана і падыходзяць адзін за адным. Першы кажа:

– Будзь здаровы!

Ды як толькі падступіў да пана,то задні і наступіў яму на абору ад лапця. Гэты ўпаў і разбіў гаршчок ды і крыкнуў, угневаўшыся, на задняга:

– Каб ты прапаў!

А заднія адзін за іншым і пачалі:

– З жонкай!

– З дзеткамі!

– З домам тваім!

 – З усім дабром!

 

ЛІЦВІН І НАШ ЧАЛАВЕК

 

Дзесьці ў шпіталі ляжаў ліцвін і наш чалавек. Вось ліцвін стогне хуценька:

– О-хо-хо! О-хо-хо! Божачка!

А наш паважна, не спяшаючыся, застогне:

– О-о-ох! Бо-о-о-жачка!

А ліцвін усё хуценька. Вось наш слухаў-слухаў ды і кажа:

– За ліцвінам і стагнаць не паспяваеш!..

***

Сярод антысавецкіх анекдотаў сустракаем і такі.

Рыхтаваліся да дня нараджэння Сталіна. Абралі дэлегацыю ўкраінцаў і беларусаў. Раіліся, што прынесці ў падарунак. Украінец казаў: калач, а беларус – кулагу. Беларускім абуткам былі лапці. Таму яны абувалі лапці і завязвалі аборы вакол нагі. Беларус павінен быў сказаць: “Няхай жыве таварыш Сталін!” А ўкраінец: “З партыяй і камсамолам!”

Зайшлі яны ў залу. Сядзіць Сталін надзьмуты. Беларус ідзе першы. На яго няшчасце абора развязалася, а ўкраінец наступіў на яе. Беларус зрабіў крок і ўпаў перад Сталіным, ды як крыкне са злосці: “А каб ты прапаў!” А ўкраінец падхапіў: “З партыяй і камсамолам!”

Сталін раззлаваўся і крычыць: “Палача!”(на ўкраінскай мове “Ката!” –заўвага складальніка). А ўкраінец кажа: “Я ж казаў – калача, а ты казаў – кулагу!”

 

Беларусы здаўна цікавіліся ўкраінскім гумарам. У 18 ст. ва Украіне і Беларусі былі распаўсюджаны рукапісныя вершаваныя гумарыстычныя і сатырычныя творы, у тым ліку і бурлескная літаратура. Пад уплывам “Энеіды” І. Катлярэўскага ў першай палове 19 ст. у Беларусі з'явіліся ананімныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Пасля там ставілі п'есы-камедыі І. Катлярэўскі і Г. Квіткі-Аснаўяненка.

У 1957 г. у Беларусі выйшла кніга на беларускай мове ”Украінскі гумар”, у 1964 г. – творы Астапа Вішні, у 1969 г. “Энеіда” І. Катлярэўскага.

***

Невядома, ці публікаваліся ва Украіне нейкія пераклады беларускага гумару, сатыры і камедыі да перыяду СССР. У перыяд СССР, з другой паловы 1920-х гг., сталі з'яўляцца кнігі гумару, сатыры і п'ес-камедый беларускіх аўтараў. Так, пабачылі свет: камедыя “Нашы козыры” А. Траецкага (Харкаў, 1936), камедыя “Несцерка” В. Ф. Вольскага (Зэйдэля) (К.: Мастацтва, 1955), “Крапіўныя байкі” К. К. Крапівы (Харкаў: ДВУ, 1928 і Харкаў: ДВУ, 1930), камедыя “Паўлінка” Янкі Купалы, пераклад П. Тычыны і Т. Масенка (К.: Мастацтва, 1952), сатырычная камедыя “Выбачайце, калі ласка!” А. Я. Макаёнка, пераклад Н. Нагорнага (К.: Мастацтва, 1954). У 1950-я — пач. 1960-х у рэпертуарах украінскіх аматарскіх і прафесійных драмгуртках вялікую папулярнасць мелі камедыі Янкі Купалы “Паўлінка” і А. Макаёнка “Лявоніха на арбіце”.

На старонках адзінага ўкраінскага савецкага гумарыстычна-сатырычнага часопіса “Перац” перыядычна змяшчаліся карыкатуры і гумарэскі беларускіх аўтараў з беларускага часопіса “Вожык” (Мінск). Так, да дэкады беларускай літаратуры і мастацтва на Украіне “Перац” (1975, №12, стар. 6) змясціў цэлую старонку гумару беларускіх літаратараў.

У “Перцы” украінскі пісьменнік В. Бандурак (1959, № 2, стар. 5-6) апублікаваў гумарэску з беларускага народнага гумару “На чужы каравай рот не разявай”, а І. Такарчук надрукаваў быль “Сябры” – пра тое, як ён перайшоў украінска-беларускую мяжу (1993, №3, стар. 10).

Вядомы паэт-гумарыст А. Гармацюк зрабіў вершаваныя перапевы з беларускага народнага гумару, а ўласна – з анекдотаў. Яны змешчаныя ў зборніку “Гумар розных народаў” (Вінніца: Зямля Падольская, 1992, стар. 5-6).

Перадрук іранічнага верша “Вецер дзьме на Захад” Віктара Жыбуля з часопіса “Вожык” (пераклад Г. Цітовіча) змясціў украінскі сатырычны часопіс“Вус” (1996, ч. 3, стар. 16).

Пародыю “Александрына”па паэтычных матывах беларускага паэта Алеся Салавея на беларускай мове напісаў у 1948 г.вядомы дыяспарны паэт Ігар Качуроўскі (пад псеўданімам Свірыд Ламачка і Хвядосій Чычка) ва ўкраінскім перасяленчым лагеры ў г. Зальцбург (Аўстрыя). Яна апублікаваная ў ягонай кнізе “Parodiarium Хвядосія Чычкі” (Драгобыч: Кола, 2013, стар. 172).

З бывальшчын можна згадаць такую. Неяк на пачатку 1950-х гадоў на перакідным мосце ў парку каля стадыёна “Дынама” ў Кіеве яго на руках перайшоў малады тады Уладзімір Караткевіч, студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, а пасля выбітны беларускі пісьменнік. Неўзабаве ён сказаў свайму прыяцелю: “Іншыя кіеўляне не рабілі гэтага, таму што яны разумныя. Нават пасля гасцей у кума”. Гэты ўспамін апублікаваў вядомы ўкраінскі пісьменнік Міхаіл Слабашпіцкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ў 2020 г. Такім чынам, мы ведаем, што першым, а, можа, і адзіным мужчынам, які перайшоў мост у парку каля стадыёна “Дынама” на руках, быў беларус, ды яшчэ які!..

Перыядычна пра беларускага “Вожыка” згадваў украінскі “Перац” і публікаваў пераклады вясёлых твораў беларускіх аўтараў.

 

Літаратура:

Грінченко Б. Словарь української мови в 4-х тт. — Т. 1. — К., 1907. — С. 34; — Т. 3. — К, 1908. — С. 363; Художня література. видана на Україні за 40 років. 1917 — 1957. Бібліографічний покажчик. — Ч. 2. — Харків: Книжкова палата УРСР, 1960. — С. 307-312; Лікарські усмішки / Зібрала і упорядкувала О. Ґаховська. — Детройт, США, 1986. — С. 8; Ярош М., Кобржицька Т., Буран В. Білоруська література // УЛЕ. — Т. 1. — К.: УРЕ, 1988. — С. 183-187; Кудрявченко А. Білоруси // ЕСУ. — Т. 2. — К., 2003. — С. 823-824; Журнал «Всесвіт» у ХХ сторіччі (1925 — 2000): Бібліографічний покажчик. — К., 2005.

 

Пераклад з украінскай мовы Міхася Мірановіча

 

 

МІКОЛА САЎЧУК

 

Украінскі гумарыст і сатырык, гумаразнаўца, заслужаны артыст Украіны.

Нарадзіўся ў 1959 годзе ў с. Вялікі Ключаў Каламыйскага раёна Івана-Франкоўскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага ўніверсітэта (1987), доўгі час працаваў журналістам у розных часопісах. З 2000 г. — прыватны прадпрымальнік, займаецца канцэртнай і выдавецкай дзейнасцю. Жыве і працуе ў г. Каламыя, за якім пачынаюцца першыя паверхі Карпацкіх гор.

З 1990 г. украінскія газеты і часопісы публікуюць яго вясёлыя творы: паэтычныя і празаічныя гумарэскі, сатырычныя прыпеўкі, іранічныя вершы, жарты, афарызмы. Падараваў чытачам больш за 20 кніг гумару і сатыры, заснаваў і выдаў 8 выпускаў кніжнай серыі "Наш смех", на працягу 1995—2018 гг. выдаў 83 нумары мясцовай гумарыстычна-сатырычнай газеты "Патилько", склаў і выдаў буйнафарматны "Украінскі гумарыстычна-сатырычны каляндар-альманах" (2012) на 400 старонак і зборнік "Наш усмешлівы Бацька Тарас" (Тарас Шаўчэнка ў гумары, сатыры, пародыі, карыкатуры, шаржы) (2014). Шмат уласных жартаў, досціпаў, усмешак апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Частка яго творчай спадчыны напісана на дыялекце. Лаўрэат літаратурных прэмій за гумар і сатыру: імя Пятра Сагайдачнага, імя Сцяпана Алейніка, імя Астапа Вішні, дыпламант літаратурнай прэміі імя Сцяпана Руданскага.

У 2011 г. заснаваў першы і адзіны на Украіне музей гумару "Вясела оселя" (Вясёлая сядзіба), які праіснаваў да 2017 г. і зачыніўся па фінансавых прычынах. Мае вялікую бібліятэку ўкраінскай і сусветнай гумарыстычнай літаратуры і розныя вясёлыя калекцыі. Апублікаваў шмат гумаразнаўчых артыкулаў, у тым ліку і ў Энцыклапедыі Сучаснай Украіны.

Мікалай Саўчук – вядомы артыст размоўнага (гумарыстычнага) жанру. З 1989 г. выступае на сцэне са сваімі арыгінальнымі творамі ў вёсках і гарадах Украіны і ў многіх супольнасцях украінскай дыяспары. Лаўрэат Усеўкраінскіх фестываляў гумару і сатыры, выдаў 9 аўдыёальбомаў аўтарскага гумару і сатыры.

 

Сяброўскі шарж на Мікалая Саўчука карыкатурыста Ігара Бежука (на кучы кніг у кароне) і Надзеі Капінас (на каньку).

Прочитано 236 раз