Версия для печати

Маргарыта Латышкевіч. Маня. Апавяданне

  • Четверг, 12 августа 2021 16:19

З цыклу «Рэкі памяці».

…прабабку маю звалі Маняй. Марыяй па дакументах, вядома, а так — Маня і Маня. Значна пазней, калі яе даўно не было на свеце, а я студэнткаю філфака завітала ў вёску на Пружаншчыне, дзе прабабка калісь жыла, жвавыя бабусі, на мяне паглядзеўшы, сказалі:

— А-а-а, ну, гэта Маніна, ясна! Вылучылі нейкія адны ім вядомыя рысы і складнікі. Вылучылі, пазналі Маню — ува мне. Пэўна, гэтаксама, як добрага сябра пазнаеш на даўняй яго дзіцячай фотакартцы.

Яна — Маня — шмат чаго ўмела рабіць. І вышывала, і шыла, і вязала, і гатавала. Чаго толькі не рабіла. Калаўрот Манін пасля доўга стаяў ужо ў гарадскім хлеўчыку. «А можа, прыдасца». І не прыдаўся, канешне.

Мне расказвалі пра яе — драбочкамі, кавалачкамі. Што пахавала мужа зусім маладым, што немаўляткам памёр сын. Адна дачка, мая бабуля, засталася. А замуж Маня болей не пайшла, хоць прыгожая была неймаверна, хоць ахвотных кавалераў ставала.

А пасля была вайна. Маня з маленькай дачкой хадзіла ў лес, носячы перадачы партызанам. Мыючы мужчынам бялізну, выпякаючы для іх хлеб. Каб і ў лесе маглі жыць па-чалавечы. Праносіла праз кардоны: жанчыну з маленькай дачкой прапускалі свабодна. Не будзе ж сапраўдная mutter рызыкаваць дзіцем! Хто-ніхто больш жаласлівы з салдат нават гладзіў дзяўчо па галоўцы. Вядома ж, сіротка.

Шкадавалі.

Маніных бацькоў немцы спалілі ва ўласнай хаце. Без шкадавання. За сувязь з партызанамі, здаецца. А мо і без усякай сувязі, проста каб адабраць нажытае. Каб вызваліць месца для будучых унтэрмэншаў. Ці проста таму, што хацелі вынішчаць, і гэтыя старыя, іх хата і сад, увогуле іхнія жыцці не мелі аніякага значэння для тых сытых малайцоў.

Мані з дачкою тады не было са старымі. Але праз дзень-два ўночы яна прыйшла на папялішча і рукамі адкопвала косткі, каб пахаваць як належыць.

— Не хадзі, — ёй казалі. — Будуць шукаць, схопяць!

Шукалі, сапраўды. Таму тыя, каму Маня насіла хлеб, вырашылі вывесці яе з дачкой з акружэння. Пайшлі — і трапілі пад кулі, бо фронт падступіў зусім блізка. Маня, абдымаючы дачку, ляжала ў барознах на полі, баючыся падняць галаву, і плакала ад адчаю. А дачка — мая бабуля — якой хтось з партызанаў даў (каб дзіця не баялася) сухарык, адзіная спакойная з усёй маленькай групы, грызла пачастунак і гладзіла маці бруднаю ручкай па твары:

— Ты чаго? Ты не плач. Усё добра будзе. Усё і было добра — іначай не было б мяне. Фашысты адступілі, прыйшлі Саветы. Бабулю гладзілі па галаве ўжо салдаты ў гімнасцёрках. Гэтыя частавалі тым, што мелі — цукрам, хлебам.

Жаласлівасць і чалавечае спачуванне ўсё-такі якасна розныя рэчы.

А пасля вайны Мані, якая жыла тады ў сваякоў (бо не было куды падацца), сустрэлася варожка. Ішла паўз хату, пэўна, даўно ішла, зусім стомленая была, здарожаная. Папрасіла вады. Маладая зусім жанчына, чарнавокая, чорнавалосая, з дзіцем, прывязаным да грудзей. «Цыганка», — падумала Маня.

І на прапанову паваражыць адмахнулася, з напускной весялосцю адказала, падаючы ваду:

— Што мне варажыць? У мяне муж у хаце, дзеці вунь па падворку бегаюць. Жанчына ж нахмурылася, пакрыўдзілася нават:

— Я не цыганка, а балгарка. Муж твой, сэрцайка, даўно пайшоў да Абрама на піва. А дзяцей тут тваіх — адна дачка, і тая на зямлі працаваць не будзе.

Бабуля сапраўды на зямлі не працавала: стала настаўніцай. Байку пра балгарку-варожку яна мне і пераказвала. Што яшчэ Маня ад яе пачула і ці ўсё з таго спраўдзілася, не ведаю. Але да працы на зямлі ніхто з Маніных унукаў і праўнукаў так і не вярнуўся.

Маня ж працавала, пэўна, да апошніх дзён. Увогуле, спраўная была. І кветкі любіла. А кветкі — яе. Так бывае, што ў некаторых людзей усё расце ды вядзецца. Вось у Мані так і было, ажно зеленаватае святло ў пакоі, бо ўсё спрэс застаўлена кветкамі.

А тыя ж вясковыя бабусі, ад якіх я планавала запісваць што-нішто для фальклорнай практыкі, калі прыгадвалі сяброўку, паўтаралі найперш адно слова — песенніца. Спявала ж лепей за ўсіх і столькі ж песень ведала, а-ёй!

— Вось яна б табе наспявала, вось яна наспявала б!..

Праз усё жыццё — і з песняй. Іначай як жыць?

Маргарыта Латышкевіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва, № 32/2021.

Прочитано 622 раз