Версия для печати

«ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны»

  • Четверг, 01 июля 2021 19:18

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага можна пазнаёміцца з сучаснай камп’ютарнай графікай і фатаграфіяй.

Музей гісторыі горада Мінска і выставачная зала LIBRA адкрылі новы праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны». Выстава прысвечана творцам, якія перанеслі сваю майстэрню ў віртуальную прастору, авалодаўшы новым інструментарыем – спецыяльнымі графічнымі прыладамі і праграмамі. Працы сучасных мастакоў адносяць да адной з самых дынамічных і запатрабаваных сфер культуры – да лічбавага мастацтва.

На экспазіцыі прадстаўлена больш за 70 твораў з розных куткоў свету – Бразіліі, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Кітая, Літвы, Расіі і іншых краін. Сярод удзельнікаў праекта ‒ Гедымінас Пранкевічус, Адам Марцінакіс, Катрын Вельц-Штайн, Аляксей Андрэеў, Ігар Морскі, Фан Мінг, Марсэль Лісбоа, Эван Лю, Джаці Путра і інш.

Працы Катрын Вельц-Штайн

Эван Лю. ЦЯГНІК

На выставе можна пазнаёміцца з актуальнымі напрамкамі камп’ютарнай графікі, такімі як фотаарт, лічбавая і 3D-графіка.

Шмат прац пачынаючых і абазнаных творцаў з Беларусі: Ксеніі Абраменка, Анастасіі Афанасавай, Уладзіміра Бяскроўнага, Вікторыі Богуш, Дзяніса Бурмакіна, Юрыя Бурмістрава, Ігара Вяжбоўскага, Марыі Варанкевіч, Лізаветы Ганчаровай, Дыяны Горбач, Таццяны Гарбачэўскай, Сяргея Ждановіча, Аліка Замосціна, Віталя Кізіма, Жанны Клімовіч, Уладзіміра Кандрусевіча, Анастасіі Ладыкі, Станіслава Ларчанкі, Тамера Малака, Антона Матусевіча, Міці Післяка, Ігара Салаўёва, Дзмітрыя Траяновіча, Дзяніса Трапашкі і Валерыі Фурс.

Анастасія Ладыка. DIGITALIZATION

Асобная зала прысвечана фатаграфіям беларускі Dasha Art (Дар'я Матросава). У 2020 годзе яна атрымала абсалютную перамогу ў конкурсе Федэрацыі еўрапейскіх фатографаў і прызнана «Лепшым прафесійным еўрапейскім фатографам-2020». Дар’я Матросава – першая і пакуль адзіная жанчына-фатограф, якая мае гэты ганаровы тытул.

DASHA. Фрагменты выставы

Лічбавы вернісаж жанрава, тэматычна і ідэйна разнастайны. Тут можна знайсці рэалістычныя працы, у якіх праяўляецца, напрыклад, сацыяльная праблематыка. Тут і навукова-фантастычныя сюжэты, і фэнтазі, і сцімпанк, і абстракцыі, і сюррэалізм… Тут і інтэрпрэтацыі класічнага жывапісу розных эпох, ці помнікаў матэрыяльнай культуры, такіх як, скажам, Сем цудаў свету. Выстава правядзе калідорамі свядомасці і праз асацыяцыі з камп’ютарнымі гульнямі, літаратурнымі творамі, Бібліяй, міфамі, казкамі і многім іншым.

Працы Тэ Ху

Ігар Морскі. ПРАГУЛКА ПАД ДАЖДЖОМ

Яшчэ адна цікавостка экспазіцыі – карціны, створаныя штучным інтэлектам – працы прадстаўлены Віталём Кізімам, сярод іх, напрыклад, «Штучны пейзаж», выкананы навучанай машынай на аснове мноства засвоеных ёй выяў.

Экспазіцыю суправаджаюць інфармацыйныя стэнды, якія бліжэй пазнаёмяць з аўтарамі і працамі. Таксама на вялікім экране дэманструюцца тэматычныя дакументальныя фільмы, а кожны жадаючы атрымае мажлівасць бясплатна паспрабаваць разгадаць займальны квэст па выставе, дарэчы, даволі дасціпны і няпросты. Кожны, хто правільна выканае заданні, атрымлівае каштоўныя падарункі ад арганізатараў. Арганічным і ўражлівым на адкрыцці праекта быў электронны касмічны музычны сэт ад мастака, кампазітара і выканаўцы Аляксандра Софікса.

Выстава працуе да 29 жніўня 2021 г. у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (г. Мінск, пл. Свабоды, 15).

 

Марына Варабей

Фота аўтара

Прочитано 6972 раз