Четверг, 13 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Бягуль Анабаева. Туркменістан. Лагода. Апавяданне

  • Среда, 30 декабря 2020 18:14

Да гэтага часу ў паселішчы Даўгала такога чалавека як Шамсі проста не было. Хаця ў сяле і раней адбываліся дзіўныя падзеі. Але ж цікавостак дадалося з Шамсі… Вяскоўцаў здзіўляў ужо сам Шамсі сваёй непасрэднасцю.  Здзіўляў нават болей, чым яго калматая шапка. Тых, хто наведваўся ў Даўгалу ў госці, прыводзілі ў непаразуменне яго вузкія вочы, круглы твар і плоская грудзіна. Але пасля яны збліжаліся з Шамсі і станавіліся сябрамі. Складвалася ўражанне, што нехта нашэптваў яму ў вуха яго дзіўныя прамовы, калі ён запракідваў галаву і глядзеў на Неба. А як ён дзяліў людзей на «добрых» і «дрэнных» – розумам ніяк нельга было спасцігнуць.  

Шамсі не любіў Аўлак – ці не адну з самых паважаных жанчын сяла. «Будзь такой добрай, як і імя тваё» – казаў ён жанчыне ў спіну. Пасля гэтых слоў у Аўлак зусім псаваўся настрой. «Не прызнае ні старэйшых, ні малодшых – гаворыць, што ў галаву ўваб’ецца» – скардзілася яна суседцы Кумыш. – «А ўсё – ад бацькоў. Далі б пару разоў рэменя, адразу б нармальна загаварыў». І Кумыш, якая ўсё ж не дужа прыязна ставілася да Шамсі, паддаквала ёй: «Такое прыгожае імя далі такому недалёкаму, неразумнаму сыну. Ну і няхай цяпер ходзіць і глядзіць на Неба». Хаця Шамсі і не чуў нічога, але адчуваў гэтыя непрыемныя слова ў свой адрас. Ён на некаторы час замаўкаў, гледзячы на сіняе Неба. І Неба яго супакойвала.

Неяк аднойчы сусед Непес-ага звярнуўся да бацькі Шамсі настаўніка Берды: 

– Ну якое дзіўнае дзіця! Ходзіць і ўсім гаворыць: «Гэты дрэнны», «Гэты добры». Як заўсёды ў народзе – хтосьці разумее, а хтосьці – не. Канешне, на гэтага няшчаснага і крыўдзіцца не трэба. Хаця тое, што ён гаворыць, часам і праўдай аказваецца.

А настаўнік Берды адказаў:

– Было б добра, калі б увесь час прыглядвалі за ім. Але на гэта хіба ёсць час?! Нядаўна плот увесь у двары размаляваў.

– Вось як?! Малюнак зрабіў?

– Ды не, запоўніў кружкамі нейкімі…

– Гэта што, пісьмо такое?

– Ды не, гэта ён Неба намаляваў. Ледзьве я ўжо рукою не замахнуўся. Хацеў кухталя добрага даць. «Тата, не бі мяне, гэта грэх!» – сказаў. Таму пасля давялося перафарбоўваць увесь плот.

– Сам хаця б дапамагаў?

– Ды не. Здаецца, і мог бы… Але што паробіш?! Маці шкада.

– Так, маці цяжка даводзіцца, пэўна, – сказаў са шкадаваннем Непес-ага. І задумаўся над тым, з-за чаго ж пачалася гэтая размова.

* * *

Ён ляжаў на драўляным тапчане і глядзеў на Неба. Пасля твар расцягнуўся ў шырокай адкрытай усмешцы. «Вялікае, вельмі вялікае», – вымавіў ён услых.  

Над яго галавой быў купал Неба. Неяк маці Шамсі пацвердзіла сказаныя ім словы пра бязмежную мудрасць, якая ўтрымліваецца ў нябесным купале:

– Так, сынок, добра што там ёсць мудрасць…

Аднойчы пачуў наш Шамсі і сказанае бацькам:

– Наверсе ёсць надзіва чысты слой паветра.

Бацька Шамсі выкладаў астраномію ў мясцовай школе.

Шамсі супаставіў пачутае ад бацькоў са сваімі высновамі. І тады палічыў, што ёсць нешта агульнае паміж імі. І ўсміхнуўся гэтаму. І ўзрадаваўшыся, ён раптам некуды заспяшаўся. Такія дзеі пераконвалі, што Шамсі – звычайны разважлівы чалавек. Ён нават не адрэагаваў на пачутае ад жанчын з суседняй вуліцы: «І прыдуркаваты ўжо прачнуўся?!» Толькі праз некаторы час, адчуўшы, што прагаладаўся, успомніў пра гэтых жанчын. Яны засялілі ў яго сэрца нейкую незразумелую трывогу. Яму падалося, што ад гэтага нешта ажно заіскрыла і паднялося ў Неба нейкай непрыемнай дымкай. Шамсі падумаў пра сябе: «Бог не любіць, калі здзяйсняюць грэх». Ён насупіў бровы ад чарговага ўрчання ў жываце, якое напомніла пра голад. Махнуў рукой на вясёлых коз, якія вельмі засумавалі па зялёнай траве, і ізноўку зірнуў на Неба. Яго рот расцягнуўся ва ўсмешцы да самых вушэй. Ізноў да слёз угледзеўся ў Неба. І ў гэты момант і пра голад забыўся.

– Шамсі, сынок, адвядзі на выган авечак, – пачуў ён родны да болю, добра вядомы голас.

Ён ізноў паглядзеў на Неба, як быццам і голас яму пачуўся зверху. І нейкія новыя сэнсы, на думку Шамсі, павінны былі прыйсці адтуль, з Неба.

– Будзь разумненькім, Шамсіджан! Адвядзі авечак. Няхай не застойваюцца галоднымі ў аўчарні. Не лянуйся, даражэнькі! Кажуць жа: «Ад гультая і Бог стамляецца».

– Добра-добра, адвяду. Вечарам мая козачка дасць малака болей ранейшага. Божанька мяне любіць будзе. Так, матуля?

– Так, мой салодкі, калі будзеш заняты працай і час праходзіць добра. Козы твае будуць казаць: «Не даў нам быць галоднымі, адвёў нас на добрае чыстае месцейка з зялёненькай, салодкай травой». І будуць любіць цябе.

– Няхай любяць мяне і самі паводзяць сябе добра. Няхай далёка не сыходзяць без дазволу.

– Эх, сынок, – уздыхнула Аай-эджэ.

– Вой, што ты гаворыш мама? – Шамсі зірнуў на Неба, пасля на зямлю. Затым перавёў пукатыя вочы на маці.

– Шамсіджан, мой багатыр! Ідзі, сынок! – Аай-эджэ паглядзела на Шамсі прыбітым горам позіркам.

– Шамсі ўзбадзёрыўся так, як быццам атрымаў сілу ад такога позірка маці. Подскакам ён падыйшоў да аўчарні, адсунуў брамку, сплеценую з галінак шаўкоўніцы.

– Мама, прынесці грыбоў? – запытаўся ён. – Сёння шмат грыбоў выскачыла. А, мама, а ..?

– Вазьмі для сябе, сынок. Я ўжо наелася. – І чым бліжэй сын падыходзіў да яе, тым мацней Аай-эджэ ўтрымлівала дыханне. Яна паменела ў росце, ці ёй гэта падалося.

Шамсі ўзяў торбачку пастушка, якая ляжала каля аўчарні, і павёў сваю атару па сцяжынцы, якая вяла наўпрост да вялікай дарогі.

* * *

– Я табе праўду расказаў.

– Трэба было своечасова думаць, цяпер абодва вінаваты.

– Ну цяпер ад тваёй праўды, ні ад чаго другога карысці няма.

– Ну, падумалі. І што ў выніку? Прызнайся, што зараз ты вінаваты?

– Ды годзе табе! Думаю, што я не паказваю сваю слабасць. Толькі я табе і раней гаварыў, што не магу забыцца на Йылдыз. А цяпер, калі пачуў у якой сітуацыі яна, увогуле не перастаю пра яе думаць.

– Канешне ж, як быццам я і не жанчына. Што мне рабіць, калі законны муж гаворыць: «Не магу забыцца!» Ты мяне за чалавека хаця б прымаеш? А калі мяне нехта палюбіць так, як ты любіш Йылдыз? А?! Цябе гэта не закране? Што тады скажаш?!.

– Хопіць, не траві душу. Гэта і мама так гаворыць мне.

– Мне таксама шкада Йылдыз, але яе хвароба не прымушае наноў згадваць сваё старое каханне. Вось пабачыш, яна паправіцца.

– Калі жывеш далёка ад дома, людзі адзін другога добра пазнаюць. Йылдыз мяне вельмі любіла. «Няхай цябе аберагае дзяўчынка, на якую мама апранула аладжу. Ледзь захварэеш, як хілае дзіцятка, – мы ўсе адразу з табою», казала мне матуля і як толькі прастуда брала мяне ў свае ціскі, гатавала мне ўнаш. Нават і не заўважыў я, як прыкіпеў да яе.

– Ох, калі б ты мне раней сказаў… Так, мы адзін у аднаго ні пра што не пыталіся раней. Я чакала з нецярпеннем твайго прыезду. Нават не пыталася ні пра што…

– Мае родныя, акрамя цябе, нікога і не бачылі ў якасці маёй жонкі. Мама не дазваляла нават пачынаць размову пра другіх дзяўчат ў час майго прыезду на канікулы. Я не мог вымавіць імя Йылдыз. Наадварот – толькі і чуў: «Ты хоць бачыў Шэмшатжан?»… І ты – дзякуй, чакала, калі закончу вучобу.

– Відаць, гэта лёс – прыехаў без Йылдыз, мяне выбраў.

… Пачуўся горкі жаночы плач.

– Застаецца сказаць, што гэта лёс. Не магу бачыць тваіх слёз…

– Гэта былі Мавы і Шэмшат…

* * *

– Мама, неба ж добрае? – Шамсі ізноў усміхнуўся.

– Так, мой салодкі, толькі падоўгу не глядзі на яго, любі пра сябе.

– Ой! – раптам падскочыў Шамсі. – Гэтаму я радуюся.

– Радуйся, сынок.

– А я смуткую!

– Як, смуткуеш? Калі? – Аай-эджэ пільна паглядзела на Шамсі, як быццам чакала адказу на вельмі важнае пытанне. Шамсі памахаў рукамі і расправіў плечы.

– Неба, атрымліваецца,  плача, калі быць дурнем. Чартовіна нейкая атрымліваецца.

Шамсі подскакам адыйшоў убок. Ізноў пачаў разглядваць Неба.

– Суседка, зазірні, калі ласка. Параіцца трэба, – сказала Мэр’ям-эджэ, падыйшоўшы бліжэй да дома Аай-эджэ. Шамсі нават не пачуў сказанае, пайшоў следам за маці.

– Ідзі, сынок, паеш, – сказала маці.

– У апошні час не сядзіцца яму дома, калі мяне няма. Зоймецца чым-небудзь, бедненькі. Гавары ж, ці ўсё нармальна ў вас? Ці ўсе здаровыя?

– Дзякуй богу, усе здаровыя, суседка, не ведаю, праўда, – што рабіць. Шамшат пазваніла. Палача. Заўтра сама прыедзе, – устрывожаны голас Мар’ям-эджэ засмуціў здзіўленую Аай-эджэ, якая схапілася за падол сукенкі.

– Няхай усе будуць здаровыя. Кажы хутчэй, што здарылася з Шамштжан?

– Сказала, што павінна вярнуцца – вось і ўсё, – Мэр’ям-эджэ жэстам рук паказала, што нічога не ведае і нічога не разумее.

– Ну, няхай прыедзе. Пяць-шэсць дзён дома пабудзе. Якраз коз падаіць дапаможа. Яшчэ ў іншых справах крыху дапаможа. Забудзецца на сказанае і ў хуткім часе, засумаваўшы, дадому паедзе. – Мэр’ям-эджэ зірнула спужана-сумна. Аай-эджэ ўздыхнула і войкнула.

– Мы з імі не жывем, не ведаем нічога. Шэмшатжан з-за драбязы хіба плакаць будзе?! Касцьмі ляжа, але проста так не стала б гаварыць, што вернецца, – Аай-эджэ зірнула на Мар’ям эджэ.

– Можа быць, спачатку бацьку адправім ці самі да іх з’ездзім, разбяромся ж неяк. Вярнуўся ж яе муж, канчаткова адвучыўшыся?! Пакуль муж вучыўся, яна выцерпела разлуку з ім. Да гэтага часу жыла з яго бацькамі ў згодзе. Ніколі не скардзілася. Гэта ж праўда?

– Паехаў вучыцца і сустрэў яе там. Цяпер яна нечым хварэе. Яна быццам працягвае вучобу. Кажа, што яна – чалавек навукі. Пачуўшы, што яна хварэе, муж Шэмшат званіў ёй. І раней паміж імі нешта было. Ці тая дзяўчына ненармальная? Няўжо цяпер не адвернецца ад яе? Шэмшатджан гаворыць: «Яны там разам вучыліся, вельмі прызвычаіліся адзін да аднаго». І Мавы не можа да гэтага часу яе забыць. Перазвоньваюцца ледзьве ці не кожны дзень.

Вусны Мэр’ям-эджэ задрыгацелі, не здольныя болей вымавіць нават слова адно. Раптам быццам аслупянела, пачала шукаць руку Аай-эджэ. Моцна сціснула яе далонь.

– Уяўляеш, гэта дзяўчына, яе Йылдыз клічуць, сама да іх аднойчы дахаты прыехала…

– Што? Ты гаворыш – прыехала..? – Аай-эджэ павярнулася ў бок Мэр’ям эджэ і засяроджана пачала яе слухаць.

– Так, прыехала. Шэмшатжан і гаворыць: «Мама, паміж намі нічога няма, толькі сімпатыя». А як па мне, дык хіба гэта не каханне?! Яна пакуль нічога не разумее. Хіба можна так гаварыць пра мужа? Я і Шэмшат не разумею. Якое каханне пасля таго, як сям’ю стварылі?! Што раней рабілі?! Трэба было сказаць: «Не выходзь замуж за Мавы, я яго люблю», – у вачах Мэр’ям эджэ заблішчалі слёзы.

– Ды ўсё з-за нас, толькі і гаварылі: «Будзь разважлівая». Толькі гэтаму і вучылі. Бацька яе, калі пажаніцца збіраліся, і гаворыць: «Мэр’ям, лепей скажы зараз, што ў цябе на сэрцы. Я не раззлуюся. Не хачу, каб шчасце будавалася на няшчасці».

– І што ж яны па праўдзе не паступілі?

Мэр’ям-эджэ горка заплакала:

– А яна – татава дачушка. Аддасць тое, што ў яе ў роце. Нават слухаць не будзе, калі другі пачне вучыць.

– Што б там не было, самі пагаварыце. Адразу ж не трэба разбягацца. І калі гэта Йылдыз сумленная, чужую сям’ю разбіваць не стане. Сумленне, павага – першае, «каханне, каханне», хіба будзе каханне без павагі?! І Йылдыз можа не абнадзейваць Мавы. Ну і няхай любіць. Ва ўсім сама вінаватая! – Аай-эджэ сціснула кулакі.

– Ай, Аайджан! Усё ўжо вырашылася! Бацька Шэмшат сказаў: «Значыць, лёс такі, што рабіць! За дачку перажываю. Паглядзім, што далей будзе. Што на ілбе напісана, тое і здарыцца». Вось так гаворыць… І ў сваты не пайшоў.

– Вах! – толькі і сказала Ай-эджэ. А праз нядоўгую паўзу раптам Шамсі, які быў непадалёку, загаласіў  і заплакаў горкімі слязьмі.

– Шамсіжан, спыніся, дарагая, і так сэрца баліць. Я ж табе казала, каб ішоў паесці. – Ай-эджэ паглядзела на яго са спачуваннем. Яна толькі зараз угледзела, што Шамсі побач.

Суседкі з сумам пазіралі адна на другую.

– Ён у цябе ўсё так блізка да сэрца ўспрымае, – Мэр’ям эджэ павярнулася да Аай-эджэ. Аай-эджэ, гледзячы на Шамсі, які ўсё яшчэ плакаў, адказала:

– Ён шмат чытае, многа ў чым разбіраецца. Але.., – слёзы засцілалі вочы Аай-эджэ. Жанчыны заплакалі, не саромеючыся адна другую, а пасля надоўга замоўклі.

Што прыходзіла ў галаву Шамсі ад пачутай размовы, што ён думаў у гэты момант – яны не ведалі і зразумець не маглі. А ён лічыў, што усе яго бядоты-згрызоты ідуць ад суседа Шамшат – Мавы, таму вырашыў дзейнічаць. І пачаў з таго, што высветліў – куды ён уладкаваўся на працу, вярнуўшыся з вучобы…

* * *

 

– Мы не разумелі, чартаўшчына нейкая. Ніхто твае рэчы не чапаў, Мавы!

– Мне так абрыдлі ўсе гэтыя дурноты. Ні дома, ні на працы няма спакою мне.

– Ты даведаўся, хто гэта? Гэта ненармальны нейкі. Што ты яму вінаваты?!

– Ой, не ведаю. Учора нехта спусціў ваду ў басейне. Паколькі канава для стока вады была зачыненая, увесь двор затапіла. Каля дзвярэй стаяў прыхаваны ад дажджу цэмент, увесь падмок. Корм для скаціны, усе падсцілкі для тапчана – усё затапіла.

– Так, чартовіна нейкая… Каб толькі на працу не прыйшоў ён. Дома нешта зробіць, а тут на працы – і нам шкода будзе. І ледзь што здарыцца – будзе на нас думаць. Учора, нехта машыну тваю падрапаў, ты на дзяцей з ваколіцы падумаў, крычаў – асарамаціўся на ўсё паселішча. Якая дзецям справа да тваёй машыны?! Ва ўсім павінны твой вораг!

– Правільна сказана – чым не Вораг мой!

– Ды я сказаў тое, што ў галаву прыйшло. У дзяцінстве пакойны дзед нам шмат што расказваў пра Яртыгулака. Смяяліся ажно падалі на зямлю. Яртыгулак з-за свайго роста – памерам з палову вуха, быў непрыкметным для астатніх. Ледзь нешта няправільна скажаш – адразу пасля перадражніць і жартуе бясконца. Памятаеш, Яртыгулак звязваў косы двух пляткарак… Вось і табе дастанецца ад гэтага прыдуркаватага. Будзь асцярожны! Яму нічога і патлумачыць не зможаш. Увесь час блюзніш: «Йылдыз, Йылдыз!» Можа быць, будзеш задаволены ранейшай сваёй Шэмшат…

– Нельга раўняцца з прыдуркаватым. Здаецца, і бацькі радуюцца гэтаму, нічога не прадпрымаюць. Пазваніў Шэмшат. І ёй усё адно. Я ўжо так стаміўся ад гэтага прыдурка.

…Як толькі Мавы закончыў гаварыць, яму ў галаву патрапіў кінуты з вуліцы праз адчыненае акно вялікі кавалак гліны. І следам – моцны выкрык:

– Сам прыдуркаваты! Вось скажу Небу, ты памрэш, дурань!

І далей яшчэ прагучала некалькі абраз, які добрыя людзі ўслых баяцца гаварыць. Мавы толькі пакачаў галавою. Шукаючы падтрымкі, ён паглядзеў на калегу, які стаяў поруч. Ён ужо не кантраляваў сябе.

– Шэмі, Шэміджан! Не рабі так, братка! Неба пакарае яго, а ты жэнішся на Шэмшат, добра? – мармытаў ён.

– Ты што гаворыш?! Ты гаворыш прыдуркаватаму: «Жэнішся на Шэмшат!» Дзе твая галава?! – Толькі закончыў гаварыць Мавы, як ізноў схапіўся за галаву. У камяку гліны, які патрапіў у яго, быў камень.

– Прыдурак – гэта ты! Я пра цябе Небу скажу, ты памрэш, дурань! Неба Шэмшат любіць. А цябе неба ненавідзіць. Ты – прыдуркаваты!..

– Так, Шэмшы джан! Што табе трэба? Усё зраблю, што ты скажаш. Толькі цяпер будзь разумніцай, згода? У маіх кур хляўчук затапіла. Цяпер яны замерзнуць і памруць…

Мавы захацелася вылаяцца, але ён стрымаўся…

– Шамсі, братачка, спытай у Шэмшат самой. Яна сказала: «Я цяпер у сябе дома буду». Я ёй нічога не сказаў. У мяне ж другой жонкі няма!

– Ты ведаеш, Шамшат плача, скаціна?! За тое, што ты даводзіш да слёз чалавека, цябе Неба забярэ, ты памрэш!

– Ну я пайшоў, разбірайцеся самі. Ды ты сам прыдуркаваты, калі не можаш з ім дамовіцца! – Мавы не спадабалася тое, што сябар сказаў і пайшоў.

– Радуйся, бяжы ад граху падалей… Сваімі вачыма ты бачыў, з якім чортам я звязаўся? Бачыў? Весела ж!..

– Сам вінаваты, Мавы-джан! – Ашыр паціху наблізіўся да дзвярэй.

– Хе-хе, – Шамсі засмяяўся з ухмылкай, – стой! – загадаў ён.

– Што, Шэміджан? Ва ўсім ён вінаваты! Ён адвярнуўся ад дзяўчыны, якую ты любіш і прывёў у свой дом сваю каханую. Ён – дурань, – Ашыр паспрабаваў усміхнуцца.

– Спыніся! Сам хаця б правільна гаварыць умееш?! Маё імя – Шэмсі!

– Так-так, Шэмсі, Шэмсі, Камар, – Ашыр пайшоў.

– Ідзі-ідзі, дурань, навошта ты мне?!

– Ад мяне ў цябе даўжок ёсць ці што? – Шамсі пачуў бурчанне Мавы.

– Ты – дурань, Неба цябе не любіць. Я спытаўся. Яно сказала: «Ён прымусіў Шэмшат плакаць».

– Гэта жыццё, Шэмсіджан, зразумей! Ты мала ў чым разбіраешся. Ты ж і сам павінен ведаць такія рэчы?! Вось ты Йылдыз прымусіў плакаць. Цяпер і яна не прыходзіць.

– Няхай не прыходзіць. Вельмі добра!

– Добра, ты правільна гаворыш. Што ў такім разе цяпер хочаш?! Гавары! – Мавы падыйшоў бліжэй да акна. Паглядзеў як на разумнага дарослага чалачавека. І чакаў яго адказ.

– Скажы: «Прабач!» – Шамсі паглядзеў на Мавы разважлівым поглядам.  – Скажаш?

– Прабач, – прагаварыў спакойна Мавы. – Усё цяпер?

– Дурань! Што ты перада мною выбачаешся?! – Шамсі дзіка засмяяўся. – Пайшлі. Папросіш прабачэння ў Шэмшыт. Калі Шэмшыт плача, Неба сварыцца на мяне.

Мавы замоўку. «Што гэта за Неба ў такога вар’ята? Ён ужо абрыдзеў гэтым «Неба, Неба». Можа быць, у яго нейкія пастаянныя галюцынацыі? – прамармытаў пад нос Мавы.

– Не бармачы! Табе кажуць, пайшлі!

«Толькі пазбавіцца б ад гэтай напасці!. З-за яго і Йылдыз пакрыўдзіў. Шэмшат мяне лепей зразумее».

… Толькі і Шэмшат не прыняла такія «прабачэнні» Мавы.

 

* * *

 

– Быў бы чалавекам, Шэмсі нават твайго імя не прамовіў бы. Шэмсіджан – добры хлопец, хаця вяскоўцы з асцярогай і гаварылі так, але паміж сабою: «Аай – як быццам разумная жанчына, але свайму няшчаснаму сыну не пярэчыць. Лепей, каб вочы не мазоліў людзям, яго ў «Янгала» адвезці…»

Янгала – такая назва ў бальніцы для псіхічна хворых.

У сяле нічога ні ад каго не схаваеш. Ну хіба ж такія размовы не змаглі б дайсці да вушэй Аай-эджэ?!

– Ну, канешне ж, не сваё дзіця! Быў бы нармальным чалавекам, Шэмсіджан нават імя яго не вымавіў. Удвух з Кумыш плётку нядоўга скласці, яшчэ і іншых залічаць у пляткаркі. З выгляду зірнеш – вельмі прыстойныя жанчыны, а знутры – столькі бруду, – паскардзілася яна мужу Берды на Аўлак і Кумыш.

Берды, як мы казалі, настаўнік, які ўсё жыццё выкладаў у мясцовай школе астраномію. Ён такім чынам адгукнуўся на плётку:

– Недалёкія, болей нічога і не скажаш. Зараз у свеце коожны дзень нешта адбываецца. Не звяртай увагі на тых, хто у каго розум далей свайго ганка не бачыць, Аай! Мы самі перажываем, калі глядзім на Шэмсіджана. Што ж зробіш? Трэба змірыцца з лёсам…

– Ну, табе можна казаць «Неба», бо ты ім хлеб надзённы зарабляеш. А ў яго што?!

Замест адказу настаўнік Берды глыбока ўздыхнуў… Старэйшы сын пасля заканчэння вучобы ажаніўся на сваёй аднакурсніцы. Пасля гэтага са словамі пра тое, што ў «Цязэ Замане» для працы інжынеры патрэбны, паехаў туды. Спачатку Берды на яго пакрыўдзіўся. Разам з Аай-эджэ вачэй цэлую ноч не заплюшчылі. А пасля сказаў:

– Відаць, яны самі ведаюць, што для іх лепей.

– А Шамсі як толькі брат дадому наведваўся толькі і казаў:

– Ты Неба не ведаеш.

Брат не звяртаў на яго ўвагі. І жонка яго адварочвалася ад свайго родзіча.

… З таго часу Берды-ага жыў з малодшым сынам Шэмсі на ўскраіне Даўгала. З-за таго, што да іх мала хто завітваў, двор падаваўся адзінокім і пустынным. Сям’я Мер’ем эджэ з васьмю дочкамі мела з імі агульны плот. Яе муж Непес-ага быў пастухом, таму пастаянна прападаў на працы. Часам браў з сабою Шэмсі ў якасці памагатага. Але Шэмсі ад нараджэння не адрозніваўся розумам, таму і карысці з яго асаблівай не было. Так, яшчэ ў дзяцінстве яго празвалі «прыдуркаватым». Маючы ажно восем дачок, Непес-ага збіраўся выдаць сваю дачку Шэмшат за сына суседзяў, з якімі яны гэтулькі гадоў пражылі душа ў душу. Ён разлічваў, што і дачка будзе побач, і ў асобе зяця набудзе сына. Але ён змяніў свае намеры, калі ўбачыў, якім неўтаймаваным становіцца Шэмсі з гадамі. Давялося Непесу разлічваць на тое, што зяць Мавы з суседняга сяла, які яшчэ і пляменнікам быў Мер’ем-эджэ, прыглядзіць за імі, калі яны зусім старымі стануць. А цяпер час ад часу бурчаў: «Быў бы Шэмсі нармальным, твайму пляменніку я дачку не аддаў бы».

– А я што, была супраць выдаць Шэмшат за Шамсі? Хіба ўсё, на што разлічваеш, атрымліваецца?! – Дзіця – як неразрэзаны кавун, хто ведаў, што ён такі хваравіты стане?! І яшчэ, хто паверыць, калі скажаш, што Мавы-пляменнік – дрэнны хлопец? Ну вось атрымалася так?! Ай, я ўжо з глузду еду. А што ты скажаш на тое, што Шэмсі праходу не дае Мавы?!

– Хммм… Што ні кажы, а трэба неяк угаварыць Шэмсі. Чужыя з ім цырымоніцца не стануць, дадуць добрага кухталя. А яшчэ, хто ведае, возьмуць і ў бальніцу адправяць. Берды пакрыўдзіцца на нас. Аай, бедная, што будзе рабіць?! – Непес на якую хвіліну насупіўся, ажно пачарнеў, успомніў, якой была Аай сорак гадоў назад. У тыя часіны яна ні на каго не глядзела. Хаця якраз у тыя часіны Непес-ага са скуры вылазіў, каб звярнуць увагу Аай на сябе…

Непес-ага пакрыўся халодным потам. Хто ведае, раптам Шэмсі і яму скажа: «Неба так гаворыць. Ты чаму падманваеш?! Ты ж на маме маёй хацеў ажаніцца! Ты ж яе вельмі любіш. Што ты гэта ад усіх і ад самога сябе хаваеш?!» Ніхто не ведае, што гэты хлопец выкіне, спасылаючыся на прыдуркаватасць.?! Як бы не старалася Мер’ем-эджэ, недзе ў патаемных куточках душы Непес-ага да гэтага часу ладзіў суперніцтва з Берды-ага. У душы Непес-ага прызнаваўся самому сабе: «Што зробіш, у нас толькі дачушкі – сказала Мер’ем-эджэ, спрабуючы нешта прыпомніць. Некалі хтосьці, паглядзеўшы на Няпеса, сказаў ёй, што ў яе павінен нарадзіцца сын. Толькі Мер’ем да гэтага нават не прыслухоўвалася. А цяпер што – усе робяць высновы з таго, што скажа Шэмсі, зірнуўшы на Неба?! Таму, што «усявед» Берды гаворыць, што многае прадпісана зоркамі. І ў апошўні час з-за таго, што сказанае ім пацвярджала народную мудрасць і забабоны, усе сталі раіцца з ім у пытаннях правядзення сямейных урачыстасцяў.

… Нягледзячы на тое, што Шэмшат колькі разоў гаварыла Шэмсі нікому нічога не гаварыць, нічога не прадказваць, ён не адставаў ад Мавы. Наадварот, нястомна праследаваў яго. Кожны дзень, пераходзячы праз рэчку, якая праходзіла паміж сёлымі Даўгала і Ханкярыз, у якім пражываў Мавы, не даваў прахода яму. І калі ўжо не знаходзіў ніякіх слоў для Мавы, то проста моўчкі ішоў следам за ім.

– Пакінь мяне ў спакоі, скаціна! – казаў Мавы, выходзячы з сябе. Шэмсі яшчэ болей узмацняў свае праследванні. Пільна ўзіраючыся ў вочы, пасля прагаворваў, яшчэ болей злуючы Мавы:

– Неба не любіць…

– Я цябе разам з тваім Небам…

Але кулакі ў ход Мавы пускаць не рашаўся. Думаў, што хворы хлопец яшчэ болей закіпіць. І ўсё ж у адзін з дзён што ёсць сілы закрычаў на Шэмсі:

– Гэй, пакінь мяне ў спакоі! Йылдыз ізноў паехала на вучобу. Не мяшай мне працаваць!

Усе, хто сустракаўся на дарозе з Даўгалы ў Ханкярыз і наадварот, няшчыра прасілі:

– Мавы добры, Шэмсіджан, цяпер пакінь яго ў спакоі.

Шэмсі нічога ім не адказваў. Толькі з тымі ўступаў у дыялог, хто шмат разоў да яго звяртаўся з такой просьбай:

– Няхай не крыўдзіць Шэмшат. Неба так гаворыць, – і болей нічога не дадаваў.

– Не будзе болей, мы на яго насварымся!

Але Шэмсі ўсё адно ніяк не супакойваўся.

І вось у адзін дзень Шэмшат зазбіралася назад.

– Шэмсі мяне зняславіў. І Йылдыз, спужаўшыся яго, не звоніць. Ды няхай цяпер і не звоніць. Мавы таксама малайчына, у кожны свой прыезд да нас, так да паводзін  Шэмсі ставіцца, быццам да яго ўжо прызвычаіўся, – з гэтымі словамі яна стала збіраць свае рэчы.

А Мер’ем-эджэ так выказалася:

– Усё роўна Мавы-джан свой, ён нас зразумее. І на Шэмсі крыўдзіцца не будзе. І ўсё ж прыйдзе ў гэты дом і павінен будзе апекавацца намі, калі мы зусім старымі станем, – сказала, праважаючы дачку раніцай у дарогу.

Аай-эджэ хаця і пачула не дужа прыемныя словы, што яна не кантралюе Шэмсі, хутка і забылася на крыўду.

– Вой, сяброўка, мы таксама пайшлі за моладдзю, – дарэмна непакоіліся, слухаючы іх. Не трэба было звяртаць ўвагі, нічога там і не было зусім. А мы тут сядзім і месца сабе не знаходзім, – сказала, сядаючы з суседкай піць чай, які заўсёды настройвае на цёплую размову, – І хто выдумаў гэтую «Йылдыз»? Ну, зразумела, пакуль вучыўся, стасаваўся, мусіць. Мавыджан заўсёды гаварыў: «Не я за дзяўчынкамі бегаю, а яны – за мною». На брата падобны, такі ж сімпатычны. Не тое, што мы. – На самой справе ёй хацелася сказаць іншае: «Не як я».  Таму што яна ведала, што яе муж да гэтага часу з замілаваннем пазірае на Аай. Яна пагаджалася, што Аай шмат прыгажэй яе і таму мірылася з гэтым…

Мавы быў блакітнавокім прыгажуном з тых хлопцаў, на якіх заглядваліся ўсе дзяўчаты. Дочкі ж Няпес-ага хаця асаблівай прыгажосцю і не вызначаліся, былі дабрадушнымі, працалюбівымі дзяўчатамі. І ў тых дамах, парог якіх яны пераступалі ў якасці нявестак, хутка заваявалі сэрцы новых родзічаў сваімі характарамі. Шэмшат ці то таму, што была самай малодшай, любіміцай, была сабой асабліва мілавідная. Калі яны былі дзецьмі , яна заўжды гуляла з Шэмсі. Адзін раз яны нават дзіцячую вясельную гульню зладзілі – «Шэмсі – Шэмшат». Падросшы, Шэмшат аддалілася ад суседскага хлопчыка. Так і іншыя дзеці з узростам сталі іначай глядзець на Шэмсі. Толькі Неба ведала яго незразумелыя думкі.

* * * 

Усе сельскія плёткі можна было даведацца ў Аўлак і Кумыш. Яны жылі прама ў цэнтры сяла Даўгала. Іх дамы знаходзіліся ў ценю некалькіх дрэў, што раслі каля ручая, які выцякаў з Кавата. Кожны вечар, калі Шэмсі з Непесам-ага праганялі  статак па паселішчу, гаспадыні, якія чакалі скаціну, дапытваліся ў хлопца:

– Шэмсіджан! Скажы, якая дзяўчына з нашага сяла табе прыглянулася! Ёсць, пэўна, прыгажуні, на якіх вока паклаў? Нікога з гэтых дзяўчат ты не любіш?

Шэмсі ўсміхнуўся таму, што толькі адзін раз на Небе з’явілася «Шырма душы». На «шырме» Неба запісваліся добрыя памкненні людзей. І жаданні Шэмсі былі такія, і памкненні яго… Ён хацеў, каб у людзей не было дрэнных думак. Толькі чаму пра гэта ніхто не ведае?

Часам яго здзіўляла тое, што бацька не так добра ведае Неба, хаця ўсё сваё жыццё аддаў яго вывучэнню. Хаця часам іх меркаванні і супадалі. Ну што б там ні было, Шэмсі любіць свайго бацьку. Таму што і бацька яго любіць. І суседкі не ўсе такія, як Аўлак і Кумыш! Як гаворыць бацька Шэмсі, Неба бясконцае. Шэмсі падумаў пра гэта і павярнуўся ў бок жанчын, якія аб нечым перашэптваліся і смяяліся, гледзячы на яго.

– Калі будзеш недарэкай, Неба цябе не будзе любіць.., – прамармытаў нешта яшчэ Шэмсі.

– Ізноў:»Неба» , гаворыць. Вай. Ха-ха-ха, – працягвалі смяяцца жанчыны, пакуль адна з іх не сказала: – «Хопіць, вельмі шмат пасмяяліся».

І крыкнула ўслед пакрыўджана нахохліўшамуся Шэмсі цётачка Кумыш:

            Не крыўдуй, Шэмсіджан! Не гавары пра нас Небу, добра?

Шэмсі прамаўчыў. Успомніў, як кожны раз, калі ішоў па дарозе,перашэптваліся за яго спіной, каб ён не пачуў: «Гэта  той прыдуркаваты?..» Але думкі свае пераводзіў на іншае.

Ён пазіраў на Неба.

* * * 

У хуткім часе па сялу прайшлася чутка, што Шэмшат хацелі выдаць замуж за Шэмсі. І трэба ж, маўляў, такому здарыцца… Выходзіць, што Шэмсі і не дурань зусім. Пайшоў да Мавы і сказаў: «Мяне зводзіць з розуму каханне да Шэмшат. Калі ты ад яе не адмовішся, я цябе…» «О Божа!» – Аай-эджэ ніяк не магла ўсвядоміць, адкуль пайшлі такія размовы. Яна збіралася пагаварыць пра гэта з Берды-ага, калі ён вернецца вечарам дахаты пасля працы.

– Як такое магло прыйсці ў галаву? Ніяк не магу зразумець, – сказала яна суседу.

Берды-ага адрэагаваў даволі прама:

–  І што тады галаву гэтым забіваеш? Што слухаеш тое, што ў галаву не магло прыйсці?!.

– Ды я пра размовы пра нас гавару…

– Ды пра каго б не былі гэтыя размовы?!. – Берды-ага распытаў пра стан Шэмсі і сказаў жонцы вось што яшчэ, – Усё магчымае зрабі, але аднаго яго далёка не адпускай!

– Ты там штосьці чытаеш? – запыталася Аай-эджэ, на што Берды-ага моўчкі прыкрыў свае вочы.

А пасля ўсё ж загаварыў:

– Чытаю, вось сяджу і здзіўляюся адной рэчы, Аай! Навука ж нічога асаблівага не адкрыла, яна проста сістэматызавала ўсю мудрасць, якую назбіраў за стагоддзі народ. Напрыклад, прадказанні лёсу па зорках, бо часта гэта ж сыходзіцца! Ты згодная?!

– Ты добра пра мяне думаеш, што быццам і я такая адукаваная, як і ты? Адкуль мне ведаць?! – Ааай-эджэ хацела яшчэ дадаць: «Хаця ў школе я лепей цябе вучылася». Але прыкусіла язык.

– Для гэтага дыплом не патрэбен! Сродкі выкарыстання ведаў – пачуцці і свядомасць! Галоўнае – глыбока разумець, ведаць! Вось тут, глядзі, напісана: «Калі можаш раскрыць, чалавек – вельмі вялікі свет. Усе таямніцы ў ім самім»…

Аай-эджэ здзівіла, што зараз ён думае менавіта пра гэта.

– Часам я цябе не разумею. Адкуль ты гэта ўсё вычытваеш? Хіба так і напісана? – сказала і ўсвядоміла, што ён нагадвае ёй іх сына.

Шэмсі адпусціў авечак пасвіцца і назіраў за Небам. Таму, што ён вельмі добра ведаў стан пашы, яго авечкі ніколі не былі галоднымі. Нават калі год выдаваўся засушлівым і неўраджайным, авечкі ў аўчарні Берды-ага заўсёды былі сытымі, адкормленымі. Хаця іх таксама выгульвалі толькі на гэтых пашах. Таму што Шэмсі ведаў усе зацішныя мясцінкі, пра якія часам ніхто іншы і не ведаў. Нават калі сыходзіў далёка ад сяла, заўжды лёгка знаходзіў дарогу. І калі ўвесь час глядзеў на Неба, гэты «прыдуркаваты» добра ведаў усё, што было на зямлі.

 

* * *

 

Убачыўшы Шэмшат, Мавы вельмі абрадаваўся настолькі, што яму захацелася абняць яе на вачах цётачкі Мер’ем-эджэ і цясця Непес-ага, але засаромеўся. І неяк па асабліваму, з пяшчотай паглядзеў на Шэмшат.

– Цёця, я не хацеў пакрыўдзіць Шэмшат, яна сама ўсё гэта зрабіла…

– Ладна ўжо, мама. Яго Йылдыз цяпер не паўстане паміж намі.

– Ну, зяцёк, мужчына пасля жаніцьбы не павінен так гаварыць: «Я другую люблю, не магу яе забыць…»

… А Непес-ага прыпомніў суседку. Калі б Шэмшат была дачкой Аай, яна ні за што з-за аднаго такога слова мужа рэчы не сабрала б і не сыйшла б. Яна змагался б!

– Ну з Шэмшат з дзяцінства раслі побач, сябравалі, таму і сказаў усё, што на душы было, – хоць Мавы так і сказаў, але ўспомніў словы Шэмсі: «Не выдумляй! Неба не любіць фантазёраў!» Прызадумаўся, успамінаючы сэнс сказанага. А пасля вырашыў хутчэй забыцца як пра непатрэбнае…

– Жанчына жанчынай і застанецца – яны асаблівыя! – Мавы здзівілі з любоўю сказаныя словы Непес-ага. Ён думаў, што Непес-ага пакрыўджаны на яго…

Цяпер калі яму давядзецца жыць у доме бацькоў Шэмшат, яму часта давядзецца сутыкацца тварама да твару з Шэмсі. І як усё гэта складзецца – застаецца толькі здагадвацца…

 

* * *

 

Ізноў нейкая бляклая дымка звярнулася і паляцела наверх. Тады ён адразу ўспомніў  пра дзвюх сельскіх пляткарак. Яму захацелася рукамі перапыніць шлях гэтай дымкі на Неба, каб не запэцкаць чысцюткі небасхіл.

… Аблачыны, якія плылі на блакітным Небе, расказвалі яму нейкую гісторыю. Ён адчуваў, што ў гэтай гісторыі няма нічога непрыемнага. І раней так было. Але калі ён глядзеў на Неба, яму падалося, што яго душа таксама падымаецца ўверх, і спужаўся гэтага. Хаця ён ведаў і прымаў, што жыццё праходзіць на Зямлі. Але ён верыў, што «душа» павінна падымацца на Неба. Адзінства душы і жыцця – адзінства Зямлі і Неба.

Гэтыя словы ён паўтараў як песню. Доўгі час назіраючы за Небам, ён адчуваў праўдзівасць вершаваных радкоў. Але часценька нейкая трывога ахоплівала яго. Ён думаў, што гэтая трывога пройдзе, калі ён паесць. Такія моманты ў яго адбываліся вельмі часта. І ён кідаў свой позірк на неба, якое нагадвала яму запоўненую ядой чашу, і ізноў на Неба. І пасля доўга глядзеў на Неба. І чаша, і Неба прыносілі супакой яго душы.

… У гэтую хвіліну пачуўся плач сына Шэмшат. Шэмшат з мілосцю напявала яму песню, пачутую некалі ад Шэмсі:

 – Неба – наш бацька, Зямля – маці,

Як можна жыць без любові да іх.

Праспяваўшы гэтую песню, Шэмсі паверыў, як трэба і важна паважаць адзін аднаго, быць добразычлівым да ўсіх на свеце. Ён заўсёды будзе шчаслівы!

Няхай Усявышні зберагае нас ад злосных і дрэнных думак!

Лагода!..

Які прыгожы гэты свет!..

 

З туркменскай. Пераклад Алеся Карлюкевіча

Прочитано 246 раз