Среда, 26 01 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Алесь Кажадуб. Сон-трава. Апавяданне

  • Вторник, 31 августа 2021 10:23

Сваю першую кнігу прозы «Гарадок» Алесь Кажадуб выдаў у 1980 годзе. На момант выхаду зборніка маладому аўтару было дваццаць сем, за плячыма — філфак БДУ, настаўніцтва на Лагойшчыне, праца ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР. А калі «Гарадок» пабачыў свет, яго «архітэктар» ужо займаў пасаду рэдактара літаратурна-драматычных перадач рэспубліканскага тэлебачання. Затым была праца ў аддзеле публіцыстыкі часопіса «Маладосць», вучоба на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, куды Алесь Кажадуб у 1990 годзе і перабраўся на сталае жыхарства. Тым не менш «прапіска» яго многіх твораў па-ранейшаму — Беларусь. Тут яны, напісаныя па-беларуску, упершыню друкуюцца, тут выходзяць у кніжным фармаце. Ды і прысвечаны часта роднай зямлі, успамінам дзяцінства і юнацтва, той пары, якая быццам зоркі на небе, што здаюцца адначасова і далёкімі, і блізкімі.

Алесь Бадак

 

Сон-трава

1

— Заўтра паедзем на веліках у лес, — сказаў Шыман. — Сон-трава зацвіла. Ты з намі?

— Канечне, — сказаў я. — У лес за Азершчынай?

— Ну, так.

Па кветкі сон-травы мы выбіраліся звычайна ў сярэдзіне красавіка. Заўтра ўжо дзясятага. Вясна сёлета была ранняя, так што сон-травы на ўзгорках павінна быць безліч.

— Што ўзяць з сабой? — спытаўся я.

— Сала, хлеб... Як заўсёды, — паціснуў плячыма Шыман. — Танька, праўда, сала не есць.

— Хто? — здзівіўся я.

— Танька з сёмага «А». Яна едзе на веліку са мной, Любка з Шаўлоўскім. А вы з Чорным самі сябе павезяце.

Летась мы ездзілі па сон-траву без дзяўчынак. Але нездарма ўсю зіму бадзяліся мы вялікай кампаніяй па вячэрніх вуліцах горада. Вось ужо і пары склаліся. Любка, між іншым, мне таксама падабаецца.

Мішка Шыманоўскі, Мікола Чорны, Воўка Шаўлоўскі па мянушцы Гірла, Валет і я жывём на адной вуліцы і вучымся ў адным класе. Танька з Любкаю з паралельнага «А».

— А Валет? — спытаўся я.

— У яго веліка няма.

Нядаўна Шыман прагаварыўся, што Валет лунацік.

— Уначы па стрэхах ходзіць! — сказаў ён. — Упаў, зламаў нагу, цяпер кульгае.

— Затое ў карты гуляе лепш за ўсіх, — гмыкнуў я.

Валет быў адзіны ў нашай кампаніі, каго дарослыя мужыкі бралі гуляць у падкіднога дурня на грошы.

У нашай Рэчыцы забаў няшмат: кіно, рыбалка на Дняпры, танцы ў парку над ракой. У мяне яшчэ кнігі, якія я бяру ў гарадской бібліятэцы, у Валета карты. І вось сон-трава.

— Хто яшчэ сала бярэ?

— У Гірлы самае лепшае. Даўно мы тук не елі, — пацмокаў вуснамі Шыман.

Тук — гэта вытаплены з сала на агні тлушч. Я таксама пракаўтнуў сліну.

— З дзевак больш ніхто не захацеў ехаць?

— А нам ніхто і не патрэбен, — засмяяўся Шыман.

Я паглядзеў уздоўж нашай пустэльнай вуліцы.

Тое, што з дзяўчынкамі адбылося штосьці не тое, я зразумеў яшчэ мінулым летам. Прыйшоў на гарадскі пляж пакупацца, убачыў Любку, якая ішла па беражку, падабраўшы падол спадніцы, і ў мяне перахапіла дыханне. Адкуль у яе гэта ўсё ўзялося?

— Адтуль, — сказаў Шыман. — Любка вышэй за цябе ростам.

— Падумаеш! — адвярнуўся я ад яго. — Яна і за цябе вышэй.

— А я з Танькаю.

У сёмым класе яшчэ многія пацаны ніжэйшыя за дзяўчынак. Але я ведаў, што ў восьмым многае можа памяняцца. Хутчэй бы...

— З'ездзім па сон-траву, а там і Дняпро ў берагі ўвойдзе, — уздыхнуў Шыман. — Я ўжо вуды з-пад страхі дастаў.

Мае вуды таксама ляжалі на гарышчы. Я адчуў, як у правай руцэ затрапяталася рыба, што засеклася на кручку. У жываце засмактала. Няма больш салодкага адчування, чым вось гэтае біццё жывой плоці...

— Заўтра а дзясятай выязджаем, — сплюнуў сабе пад ногі Шыман. — Галоўнае, каб дажджу не было.

Мы з ім адначасова задралі галовы. У чыстым небе нерухома віселі рэдкія аблачынкі.

Надвор'е на Дняпры амаль заўсёды добрае.

2

Я вывеў веласіпед за брамку двара. Усе ўжо сабраліся каля хаты Шыманоўскіх. Я паволі пад'ехаў да хлопцаў і дзяўчат.

«А Валет што тут робіць? — падумаў я. — Няўжо замест дзяўчынкі давядзецца яго везці?»

— Праводжу, — сказаў Валет.

Я паглядзеў на дзяўчынак. Спаднічкі, плашчыкі, добра, хоць цёплыя світары здагадаліся адзець. Выстраіліся, як на парад. Чамусьці асабліва мазолілі вочы калені Любкі.

— На багажніку паедзеш? — спытаўся я ў яе.

— Я на раму сядзенне прыладзіў, — сказаў Гірла.

— І я таксама, — паляпаў па сядзенні з лямцу Шыман.

Рабацінне на ягоным твары палала ярчэй, чым звычайна, рыжыя валасы пад сонцам зіхацелі як паходні.

Да лесу трэба ехаць больш за кіламетр па брукаванцы, без лямцавага сядзення на раме доўга не вытрымаеш.

— Вы з Чорным павезяце на багажніку клункі з ежаю, — сказаў Шыман.

— Я ўжо абодва прывязаў, — таксама паляпаў па сваім ровары Чорны.

Мы яго звалі то Чорным, то Блэкам. Мянушкі не прыліпалі толькі да мяне. Шыман прыдумаў мне спачатку Кажэка, затым Шурупчыка, але ўспамінаў іх рэдка.

— Ну, Шурык, паехалі, — падміргнуў мне Чорны. — Гэтыя са сваімі дзеўкамі нас не дагоняць.

І наш караван выправіўся па вуліцы Заслонава на Палявую, затым на Паштовую, а там і шаша, што выводзіла за горад. Гэта ў процілеглы бок ад Дняпра.

Чорны, у адрозненне ад мяне, — заядлы веласіпедыст. Я сапу, налягаючы на педалі, Чорны то мчыць паперадзе, то вяртаецца да хлопцаў, якія вязуць дзяўчынак.

— Запарыліся! — крычыць ён мне. — Давай уцячом, няхай потым па ўсім лесе шукаюць!

— Не трэба, — адказваю я. — Усё роўна разам сала смажыць...

Вось і лес. Бярозы ўжо ўзяліся жоўта-зялёнай лістотаю, дубняк стаіць яшчэ голы. Сосны з елкамі ўвесь год аднаго колеру, хоць і яны вясной пасвяжэлі.

Дзесьці ўдалечыні выбіў доўгі дробат дзяцел.

А вось і асветленая сонцам паляна, спрэс спярэшчаная фіялетавымі плямамі. Не згаворваючыся, мы з Чорным паварочваем да яе.

— Тут? — спыняюся я.

— Давай тут, — згаджаецца Чорны. — Кветак навалам.

Сон-трава любіць сонечны бок узгоркаў. Наша паляна якраз такая. На ёй рэдкія сосны, бярозы, ракітавыя кусты. Ярка-фіялетавыя кветкі на калматых ножках курці-
намі гусцяцца на голай зямлі.

У адной кветцы па шэсць буйных пялёсткаў, у глыбіні чашачкі шар з жоўтых тычынак, якія пэцкаюць пальцы жоўтым пылком.

Я ведаю, што сарваная сон-трава хутка вяне, і ўсё ж не стрымліваюся, адрываю ножку ад кораня і прыціскаю яе да шчакі. На ножцы мноства варсінак, і ад іхняга дотыку шчака гарыць.

— Дай мне, — чую я голас Любы.

Я расплюшчваю вочы, бачу танклявыя пальцы рукі — і ўкладваю ў іх кветку.

— Прыгожая, — гаворыць Люба. — Чаму яна называецца сон-трава?

— Пакладзеш увечары пад падушку і будзеш усю ноч спаць як забітая, — смяецца Шыман.

Яны з Гірлам засапліся, але выгляду не падаюць. А Люба, між іншым, зусім не худзенькая. Я зноў натыкаюся позіркам на яе калені.

— Мая баба Хадоска называе яе прастрэл-травой, — кажу я. — Чорт схаваўся пад кветкаю, а архангел Міхаіл прыбіў яго перуном. Маланкаю, па-нашаму.

— І што? — пазірае на мяне яснымі шэрымі вачыма Люба.

— Нічога, — паціскаю я плячыма. — Яго ж нельга забіць.

— Значыць, гэта кветка чорта?

— Забабоны, — адціскае мяне плячом ад Любы Шыман. — Збірай сухое галлё для вогнішча. А вы кветкі збірайце.

Ён любіць камандаваць. І ўмее. Гірла на галаву вышэйшы за яго, аднак слухаецца без пярэчанняў.

3

Я, Чорны і Гірла ідзём у лес па галлё. Шыман разбірае клункі з ежаю. Дзяўчынкі, седзячы на ўсколенцах, збіраюць кветкі.

Я думаю, што вось-вось увойдзе ў берагі Дняпро, і пачнецца сапраўднае жыццё. Спачатку буду лавіць рыбу ў вусці Ведрычы, якая ўпадае ў Дняпро за льнозаводам, потым перабяруся на глізы, стромы з цёмна-шызага глею. Там добра бяруцца чырванапёркі, плоткі, падлешчыкі, падусты. На быстрыні стаяць на якары чаўны рыбакоў-язятнікаў. Зусім пацяплее — будзем заставацца на ноч з донкамі-закідушкамі. На іх часцей за ўсё бяруцца яршы-насары, але іншы раз і акуні трапляюцца, і налімы. Уначы мы таксама запальваем вогнішча, але яно больш для задавальнення. Глядзіш у мігатлівае вуголле, думаеш пра незямное жыццё. Вуголле падобнае да зорак, што мігцяць у чорным небе над галавой...

Гірла распальвае вогнішча. Ён мала гаворыць, але ўмее адрамантаваць ровар, запрэгчы каня, змайстраваць з сеткі таптуху. Таптухамі мы ловім дробязь у азерцах, што засталіся пасля паводкі. Там і шчупачкі трапляюцца, але большасцю гусцёркі, плотачкі і падлешчыкі.

Галлё спачатку чадзіць, затым успыхвае вясёлым полымем. Шыман нарэзаў ракітавых пруткоў і насадзіў на іх кавалкі сала. Гэта тая самая ежа, якую любяць пацаны і ад якой адварочваюцца дзяўчаткі.

Мы бяром па лусце хлеба, падсмажваем на агні сала і адкусваем, падстаўляючы пад кроплі туку хлеб. Смаката!

Адна кропля трапіла мне на запясце. Я ўзвыў і пачаў таропка залізваць апечанае месца.

— Скура сышла? — спытаўся Шыман.

— Сышла.

Усе па чарзе агледзелі апёк.

— Будзе балець доўга, — сказаў Чорны. — Лапіна на ўсё жыццё застанецца.

— Да жаніцьбы зажыве, — паляпаў мяне на плячы Шыман.

Дзяўчаты захіхікалі.

І тут я вылучыўся. Чамусьці падобныя гісторыі са мной здараюцца часта. Калі мы жылі ў Ганцавічах, я праваліўся адной нагой у торф, які гарэў пад зямлёй на поплаве. Вылечыла старая Шабаніха. Яна зварыла бульбу, патаўкла ў чыгуне, абляпіла гэтым месівам нагу, і праз тыдзень я ўжо скакаў на абедзвюх нагах. Хлопцы пра гэта не ведаюць, інакш засмяялі б.

А ўжо ў Рэчыцы я ледзьве не ўтапіўся ў Палучэнцы. Возера мелкае, але і ў ім ёсць мясціны з галоўкаю. Я яшчэ плаваў не вельмі добра, пайшоў праз возера за хлопцамі і раптам адчуў, што не дастаю дна. Наглытаўся вады, пакуль выбраўся на мелізну.

— Ты чаго? — спытаўся Гірла, убачыўшы, як я адплёўваюся вадою.

— У нос трапіла, — прамармытаў я.

— А ты б крыкнуў.

Якраз крыкнуць я не мог. У чалавека, які тоне, цямнее ў вачах і прападае голас.

Дзяўчаты надралі вялікія букеты сон-травы.

— Што вы з імі будзеце рабіць? — спытаўся я ў Любы.

— Засушым, — паціснула яна плячыма.

— У мяне ў гербарыі якраз сон-травы не хапае, — падтакнула Танька.

Я з сумненнем паглядзеў на мясістыя ножкі кветак. Гэта зараз яны прыгожыя, аксаміцістыя навобмацак, а ў засушаным выглядзе? Акрамя таго, пераспелыя кветкі сон-травы, як і шчамяліца, блякнуць, быццам выгараюць на сонцы.

— У цябе ёсць гербарый? — спыталася Люба.

— У мяне матылькі, — сказаў я.

Усё мінулае лета я лавіў сачком на поплаве матылькоў. У засушаным выглядзе яны, дарэчы, таксама пабляклі і абтрапаліся.

— Пакажаш?

— Прыходзь.

Я паглядзеў на Гірлу. Той раскідваў у вогнішчы галавешкі, каб не ўзнік у лесе пажар. Матылькі, як і сон-трава, яго не цікавілі.

— Кветак нарвём? — спытаўся я ў Шымана.

— Навошта? — здзівіўся той. — Мы ж не дзеўкі.

Гэта праўда. У кожнага з нас свой клопат. У Гірлы з Любай усё сапраўды ці не?

Любка паказала мне язык. Я засмяяўся і скокнуў казлом. Шыман, Чорны і Гірла здзіўлена ўтаропіліся ў мяне.

— Хутка лета, — растлумачыў я ім. — На рэчку хочацца.

Шыман сабраў рэшткі ежы. Чорны закідаў зямлёй вуглі ў вогнішчы. Гірла падкачаў помпаю шыну кола на ровары. У мяне таксама адно кола падспусціла, але ж мне не трэба нікога везці. Як-небудзь даеду.

Я раптам убачыў, што абедзве дзяўчынкі падобныя да сон-травы: яркія, свежыя, цёплыя. Мне захацелася датыкнуцца да іх валасоў, як да кветак, шчакой.

— На, — з усмешкаю працягнула мне букецік сон-травы Танька. — Самыя буйныя выбрала.

Алесь Кажадуб

Крыніца: Звязда

Прочитано 359 раз
Другие материалы в этой категории: « Маргарыта Латышкевіч. Маня. Апавяданне