Воскресенье, 25 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

З блакнота краязнаўца. Пухавіцкі каляндар: Юбілеі як першаштуршкі да радзімазнаўчых адкрыццяў  

  • Вторник, 27 апреля 2021 12:00
  • Автор  Сугучча

З вялікай цікавасцю гартаю рэгіянальныя, раённыя газеты. Яны заўсёды прыносяць нейкую падказку. Мясцовыя журналісты бачаць жыццё непасрэдна, зблізку. Даволі часта робяць сапраўдныя адкрыцці, якія пасля становяцца і асновай гістарычнага, болей грунтоўнага даследвання, пошуку, скіраванага на грунтоўнае выкладанне той ці іншай тэмы.

Але часам і раённы друк штосьці абмінае з таго, што ўзвышае пэўны край, пэўную старонку. Каб гэтага не здарылася, у «Пухавіцкіх навінах» многія гады друкуецца вельмі насычаная газетная палоска з календаром памятных, юбілейных дат, якія маюць дачыненне да гісторыі раёна на працягу таго ці іншага года. Перада мною – «Пуховичский календарь-2018» (нумар за 15 студзеня 2018 года). Каляндар, які складзены болей як тры гады назад. Наўмысна бяру для разгляду ранейшую публікацыю. Каб агледзецца, падсумаваць, якія штуршкі для далейшых крокаў па ўшанаванню розных падзей альбо розных землякоў «справакаваў» «раённы каляндар» на 2018 год.

У студзені былі заўважаны наступныя «пухавіцкія» даты: 1-га – 55 гадоў з дня заснавання ў Мар’інай Горцы 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. 3-га – 55 гадоў саўгасу «Дрычынскі». 15 студзеня – 80 гадоў з дня заснавання Мінскай вобласці. 19-га – 65 гадоў генерал-маёру Валерыю Гайдукевічу (зямляк, выпускнік Шацкай СШ). 22 студзеня – 30 гадоў назад у Мар’інай Горцы ўведзена ў дзеянне гарадская кацельня №1 на прыродным газе. 24 студзеня – Дзень гарадскога пасёлка Свіслач. Менавіта ў гэты дзень у 1986 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР надаў паселішчу стастус гарадскога пасёлка.

Люты-сакавік нагадалі пра літаратурна-мастацкія юбілеі 2018 года. 8-га – 90 гадоў з дня нараджэння паэта Уладзіміра Ляпёшкіна (вёска Церабель; 1928 – 1994). Заслужаны настаўнік БССР. У 1970 – 1979 гг. – дырэктар выдавецтва «Народная асвета». Паэт фактычна забыты, хаця і пайшоў з жыцця меней як тры дзесяцігоддзі назад. І мо якраз на радзіме, на Пухавіччыне, на Рудзеншчыне, і варта было б часцей згадваць яго творчыя здабыткі, яго біяграфію. Тым болей, што і многія творы Уладзіміра Ляпёшкіна якраз прысвечаны роднай старонцы. Дык, можа быць, у 2023 годзе, калі ў лютым прыйдзе 95-годдзе з дня нараджэння паэта з вёскі Церабель, зрабіць выстаўку яго кніг у Рудзенскай гарпасялковай бібліятэцы, у Пухавіцкай раённай бібліятэцы?.. А яшчэ – арганізаваць хаця б часовую персанальную экспазіцыю ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі, дзе, варта гэта заўважыць, інфармацыю пра пісьменнікаў-землякоў збіраюць. Робяць гэта, канешне ж, па меры магчымасцяў. А дзе як не дома, як не ў родных мясцінах, весці літаратурна-краязнаўчы пошук?! Многія падказкі магло б даць і дэталёвае вывучэнне, уважлівае перачытанне паэтычных кніг У. Ляпёшкіна – «Ранішнія росы» (1961), «Рупнасць» (1966), «Роднае» (1970), «Вусце» (1973), «Перадлецце» (1974)… Ды і грунтоўны артыкул пра церабельскага творцу патрэбен на старонках «Пухавіцкіх навін». Чаму б яго нават не замовіць камусьці са сталічных дасведчаных літаратуразнаўцаў?

2 сакавіка 2018 года – 100 гадоў з дня нараджэння паэта Алеся Бачылы (1918 – 1983). На Пухавіччыне за розныя гады, пачынаючы прыблізна з канца 1990-х гг., зроблена даволі шмат для ўшанавання памяці Алеся Бачылы. Генератарам гэтай працы заўжды выступаў дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. Дзякуючы яго асабістым стасункам, шчыраму сяброўству з нашчадкамі паэта ў Мар’іну Горку патрапіла хатняя бібліятэка Алеся Бачылы, істотную частку якой складаюць кнігі з аўтографамі Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, іншых літаратараў, адрасаваныя паэту з вёскі Лешніца. Гэтая ачстка бібліятэкі магла стаць асновай для выстаўкі і ў Пухавіцкай раённай бібліятэцы – «Кнігі з аўтографамі з бібліятэкі Алеся Бычылы». Чаму б такую выстаўку не разгарнуць у сакавіку 2023 года?

У 2018 годзе ў «Пухавіцкім календары…», надрукаваным у раённай газеце, знайшлося месца згадкам пра юбілеі землякоў  – пісьменніка і краязнаўцы Браніслава Зубкоўскага (1938 – 2015), драматурга Васіля Гарбацэвіча (1893 – 1985), архітэктара Яўгена Дзятлава (1923 – 2003), кампазітара Ігара Лучанка (1938 – 2018), акадэміка медыцыны Арнольда Смеяновіча (1938 – 2021), скульптара Аляксандра Фінскага (нарадзіўся ў 1953), мастака Хведара Ладуцькі (нарадзіўся ў 1943 годзе). Але ў 2018 годзе маглі б аказацца заўважанымі і іншыя юбілеі – 55 гадоў паэтэсы Вольгі Савасцюк (нарадзілася ў вёсцы Пухавічы ў 1963 годзе), 135 гадоў яўрэйскага літаратурнага крытыка і публіцыста Самуіла Чарных (1883 – 1955), які нарадзіўся ў вёсцы Дукора, 130 гадоў яго брата – Данііла Чарных (1888 – 1959), празаіка, паэта і журналіста, між іншым, аўтара нарыса пра Дукору, выдадзенага ў Таронта ў 1951 годзе, 80 гадоў пісьменніка, журналіста, дзяржаўнага дзеяча Аляксандра Шабаліна (1938 – 2013), які нарадзіўся ў вёсцы Пухавічы, 65 гадоў гісторыка Мікалая Забаўскага (1953 – 2017), які нарадзіўся ў Мар’інай Горцы, 125 гадоў генерал-маёра Евеля Фрыда, які нарадзіўся ў Рудзенску… Наперадзе – 2023 год. Ён прыйдзе хутка. І з разлікам на складанне «Пухавіцкага каляндара-2023» ужо зараз можна зрабіць адпаведныя пазнакі па датах, згубленых у 2018 годзе.

У любым выпадку, нягледзячы ні на якія заўвагі, практыка стварэння рэгіянальных календароў памятных дат, юбілеяў, як і ў прыватнасці практыка публікацыі такога календара ў раённай газеце «Пухавіцкія навіны» – вельмі вартасны крок у арганізацыі краязнаўчай працы, у яе спалучэнні з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі з выхаваўчай работай у школе, увогуле ў грамадстве. І гэта нельга не ўлічваць.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 111 раз Последнее изменение Пятница, 30 апреля 2021 13:57