Воскресенье, 25 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Я вырас тут…

  • Пятница, 15 января 2021 12:14
  • Автор  Сугучча

На небасхіле зорных асоб Лунінеччыны асобнае месца займае пісьменнік, краязнаўца, вучоны Мікола Калінковіч.

Днямі з далёкага Туркменістана даслалі электроннай поштай старонкі літаратурна-мастацкага часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»). Мой карэспандэнт, малады празаік і перакладчык Максат Бяшымаў патлумачыў, што гэтыя часопісныя старонкі – артыкул пра нашага земляка, ураджэнца Хоцімшчыны рускага паэта, заслужанага дзеяча кульутры туркменскай ССР і галоўнага рэдактара ў 1971 – 1991 гг. абласной газеты «Ташаузская правда» Міхася Карпенку. Штосьці і я зразумеў – па прозвішчах, якія пішуцца, лічы, аднолькава, ды і зазірнуўшы ў свой стары туркменска-рускі слоўнік, што цягаю за сабой з сярэдзіны 1980-х, калі яшчэ сам жыў у Ашхабадзе. Ды і пасля яшчэ сёе-тое распытаўшы, удакладніўшы ў Максата Бяшымава… Сярод іншых згадак у тэксце – пра Васіля Ткачова (беларускі пісьменнік, які доўгі час жыў і працаваў у Туркменістане, напісаў у Ашхабадзе кнігу апавяданняў «Дзень у горадзе»), журналіста Уладзіміра Грачова, які нарадзіўся ў Ваўкавыску, а ў гарачым краі застаўся пасля армейскай службы, Васіля Слушніка (галоўрэда на той савецкі час галоўнай рэспубліканскай партыйнай газеты «Туркменская искра») … Цэлая кагорта беларусаў, якія добра ведалі адзін аднаго, сустракаліся, сябравалі, хаця і рознага ўзросту былі. І роўны, не, і сапраўдны лідар сярод гэтай зямляцкай групоўкі, чалавек, які ўсіх і аб’ядноўваў,  – Мікола Калінковіч. На той час – афіцэр Камітэта дзяржбяспекі… І яшчэ – па адукацыі журналіст, захоплены гісторыяй, апантаны краязнаўствам літаратар…

У студзені 2021 года, па календары, калі ён праўду сведчыць, – учора, 15 студзеня, яму споўнілася б 70… А не стала Мікалая Мікалаевіча ўлетку 1990 года. Трыццаць гадоў таму. Не дачакаўшыся і сарака, зусім маладым, валодаючы велізарнай энергіяй, маючы прагу да жыцця, ён пайшоў у іншы свет. Так здарылася… Час ад часу пра Міколу згадваюць у друку. Найперш – сябры па вучобе ва ўніверсітэце, тыя, хто разам працаваў у друку, хто судакранаўся з ім па жыцці. Згадваюць і землякі з берасцейскага Палесся: нарадзіўся Калінковіч на Лунінеччыне, у вёсцы Цна. З 1990-х гадоў у Лунінцы і дні памяці пісьменніка-земляка ладзяцца, настолькі магутная энергетыка сыходзіла і зараз сыходзіць ад зробленага краязнаўцам, літаратарам.

Вяселле Мікалая Калінковіча, 1973.

Яшчэ ў 1980 годзе Мікалай Мікалаевіч разам са старэйшым калегам зрабіў нарыс пра родны горад. Невялікая кніжачка «Лунінец» выйшла ў выдавецтве «Беларусь» у серыі пра гарады рэспублікі. Пад такой жа назвай у 1990 годзе ў «Полымі» пабачыць свет ужо арыгінальная кніга аднаго толькі Міколы Калінковіча. А перад гэтым, крыху раней – захапляльная літаратурна-краязнаўчая кніга «Палескія дні Аляксандра Блока», матэрыялы для якой аўтар пачаў збіраць яшчэ ці не школьнікам. І яшчэ – мноства краязнаўчых артыкулаў, нарысаў у газетах і часопісах. Напісаў яшчэ дакументальныя аповесці пра рускага паэта і драматурга Аляксандра Грыбаедава ў звязку з яго вайсковай службай на Берасцейшчыне (аповесць друкавалася ў абласной газеце «Заря») і славутага Браніслава Тарашкевіча «Ніколі, браткі, не забудзем…» (фрагмент аповесці ўжо пасля смерці пісьменніка быў надрукаваны ў часопісе «Полымя»). Вось бы зараз выдаць усё гэта кнігай!.. А ў Ашхабадзе, дзе Мікалай Мікалаевіч правёў першую палову 1980-х, дзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР, выйшлі адна за другой кнігі нарысаў і дакументальных аповесцяў нашага земляка «Не обрывается земная связь», «Имя мое – Свобода», «Возвращение рассветной рани»… Пагадзіцеся, надзіва плённая гісторыка-краязнаўчая «дзесяцігодка»!.. Ведаю, што быў напісаны і дакументальны раман «Керкінскі бастыён» (на свае вочы бачыў яго рукапіс у рэдакцыі туркменскага часопіса «Ашхабад»), але смерць стала перашкодай надрукаваць і, магчыма, паправіць яго, давесці, што называецца, да ладу. А што да планаў, задумак, то іх было безліч. Цікавіў Туркменістан, цікавіла повязь з ім беларусаў, не пакідалі ў спакоі родныя лунінецкія, берасцейскія, беларускія тэмы… Жыццё ж, знешне ўладкаванае, паспяховае, не давала спакою: пасля Туркменістана – вучоба ў аспірантуры Вышэйшай школы КДБ у Маскве, падрыхтоўка і абарона дысертацыі на званне кандыдата юрыдычных навук, служба, выкладчыцкая праца ў Грузіі… І – неўтаймаванае жаданне вярнуцца дадому, у Беларусь.

Уражлівую працаздольнасць дапаўняла цікаўнасць да ўсяго, што было схавана ў беларускай гісторыі. Блізкай і не вельмі… Ён ліставаўся з беларускімі гісторыкамі, краязнаўцамі, пісьменнікамі, журналістамі – Віталем Скалабанам, Генадзем Каханоўскім, Уладзімірам Сазановічам, Анатолем Ярохіным, Сяргеем Грахоўскім… Так, ён не паспеў шмат што зрабіць. Але ў думках, размовах, у лістах да сяброў былі не пустыя планы. Ён павінен быў адбыцца як Асоба яшчэ большага маштабу. Так часта здараецца ў жыцці: прыходзяць людзі з патэнцыялам на стагоддзе, з уяўленнямі, як адкрыць новае, як рашуча перагарнуць пэўную эвалюцыйную старонку, і ўсе навокал разумеюць, што ў іх павінна атрымацца, што ім хопіць энергіі, натхнення, актыўнасці змяніць свет хаця б у межах невялікай прасторы. Ды толькі… Ды толькі ім мала адведзена часу… Такія людзі згараюць імгненна, бы тыя зоркі…

У Лунінцы каля раённай бібліятэкі некаторы час таму быў усталяваны бюст пісьменніка работы скульптара Мікалая Кандрацьева. Назвалі ў раённым цэнтры і вуліцу імем Мікалая Калінковіча. Назваць бы імем пісьменніка і Лунінецкую раённую бібліятэку!.. Землякі, жыхары горада старэйшага пакалення ведаюць, што краязнаўца ў свой час працаваў у раённай газеце. І некалькі месяцаў – да службы ў войску. І пасля заканчэння вучобы на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. А яшчэ – думкі, меркаванні, падказкі Мікалая Мікалаевіча ўвасобіліся ў фарміраванні, арганізацыі экспазіцыі Лунінецкага раённага краязнаўчага музея. Пра гэта помняць у родным горадзе. І гэтая памяць, як мне падаецца, – неад’емная частка Асобы Калінковіча, працяг яго зямнога жыцця. У гонар пісьменніка у 1990-я і пазнейшыя гады праводзіліся (і будуць праводзіцца!) чытанні, юбілейныя імпрэзы, дні памяці. Возьмем, напрыклад, толькі мінулы, 2020, год… Дарэчы,  лічыцца (калі не па дакументах), што нарадзіўся Мікола 18 снежня 1950 года. Вось ў «Год Калінковіча» адно за другім ладзіліся мерапрыемствы ў памяць пра земляка. 24 ліпеня – у 30-ы год з дня смерці пісьменніка – землякі па традыцыі сабраліся каля помніка. Прыйшлі сябры, сярод якіх – і браты Сяргей і Барыс Гнедзькі. Прыехалі пісьменнікі з Мінска – празаік і вучоны Сяргей Трахімёнак і паэтэса Іна Фралова. Пра свае сустрэчы з Калінковічам расказала педагог-ветэран Наталля Іванаўна Казанкова. Яна ў 1982 – 1986 гады ўзначальвала раённы музей – і шмат кантактавала з Мікалаем. Выступіла на сустрэчы сённяшні музейны работнік Дзіна Грушэўская, распавёўшы пра тое, якія матэрыялы пра Калінковіча захоўваюцца ў скарбніцы памяці.

1 верасня ў гонар земляка – першы ўрок у мясцовым палітэхнічным каледжы. І тэма зразумелая, краязнаўчая: «Я вырас тут, і край мне гэты дарагі». Віртуальную экскурсію па роднай старонцы правяла журналістка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Канапацкая. Яна – і галоўны арганізатар усіх праектаў, звязаных з шанаваннем памяці пра Міколу Калінковіча. 22 верасня – сустрэча з вучнямі 11-га класа гімназіі Лунінца з нагоды 25-годдзя (выйшла ў 1995 г.) выдання гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Лунінецкі раён». 5 снежня,  17 снежня – новыя сустрэчы, новыя размовы-дзеі пра краязнаўства, яго ролю ў патрыятычным выхаванні маладых людзей… Сапраўдны «Год Калінковіча»!.. Вось што пра яго, і ўвогуле, пра памяць пра даследчыка Лунінеччыны гаворыць Таццяна Васільеўна Канапацкая: «Так склалася, што, працуючы ў раённай газеце, займаючыся ў свой час падрыхтоўкай кнігі «Памяць. Лунінецкі раён», вывучаючы падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў маім родным краі, я не магла абыйсці ўвагай вопыт такога яркага папярэдніка. Куды не азірнешся – вобразна кажучы, на Лунінеччыне, ці не ў любой тэме, нябачна прысутнічае Мікола Калінковіч… Таму і многія гады землякі, самыя розныя, заўважу, землякі, прадстаўнікі розных прафесій, часам тыя людзі, якія зусім не ведалі яго пры жыцці, аб’яднаны ў захаванні памяці пра роднага і блізкага ўсім чалавека. І гэта дарагога каштуе!..» 

Мікола Берлеж

Прочитано 200 раз Последнее изменение Пятница, 15 января 2021 12:15