Воскресенье, 25 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пухавіцкі літаратурны край. Хазянінкі, Матарова..: Максім Горкі піша Фёдару Трапашку

  • Суббота, 24 апреля 2021 14:51
  • Автор  Сугучча

Пухавіцкая вёска Хазянінкі – недалёкая суседка Дукоры. На шашы Мінск – Бабруйск, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск. Калі будзем рухацца ад Дукоры, то маршрут наш будзе скіраваны ў бок Мінска. На пачатку 1930-х гадоў у вёсцы быў створаны калгас імя ЦК КП(б)Б. І менавіта гэта вельмі часта ў савецкі час прыцягвала ўвагу журналістаў, публіцыстаў. Пагартайце падшыўкі газет «Звязда», «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», «Сельская газета», іншых выданняў за 1930-1980-я гг., і вы пераканаецеся, што пра справы калгаснікаў з Хазянінак можна скласці сапраўдны том з газетных і часопісных артыкулаў.

Хазянінкі – радзіма пісьменніка Валянціна Мысліўца (нарадзіўся 9 мая 1937 года). Ён – са звычайнай сям’і калгаснікаў. Бацька – Цімафей Мікалаевіч, удзельнік грамадзянскай вайны. У гады Вялікай Айчыннай вайны Цімафей Мыслівец служыў у чыгуначных войсках. Маці, Домна Ільінічна, усё жыццё адпрацавала ў калгасе. Між іншым, пісьменнік закончыў Матароўскую сярэднюю школу. Адслужыўшы на флоце, атрымаўшы рабочую закалку, Валянцін Мыслівец стаў журналістам, нарысістам. Яму было пра што расказаць людзям. У многіх кнігах (а іх пісьменнік паспеў выдаць трынаццаць) Валянцін Мыслівец піша пра сваю малую радзіму. Руплівым і ўважлівым быў літаратар і ў дачыненні да гістарычнай памяці Пухавіччыны. Шкада, што 25 чэрвеня 1993 года Валянцін Мыслівец пакінуў гэты свет. Пахаваны ў роднай вёсцы Хазянінкі. Апошнія гады Мыслівец вельмі напружана працаваў. Многае з напісанага засталося ненадрукаваным. Мажліва, знойдуцца рупліўцы, якія выдадуць спадчыну пухавіцкага літаратара.

З аўтабіяграфіі Валянціна Мысліўца: «…Перад Новым 1944 годам на вёску Хазянінкі зноў наляцелі карнікі. Расстралялі дзевятнаццаць дзядоў, мужчын, падлеткаў. Спалілі на гэты раз вёску датла.

Астатак ваенных і першы пасляваенны год жылі мы ў Караваеве. Ратавала ад голаду такую вялікую сям’ю цётка Надзя, родная сястра бацькавай першай жонкі, аддзячыць якой, на вялікі жаль, ужо не магу.

У Караваеве я прайшоў нулявы і першы клас. Іменна «прайшоў», бо так, не ўсвядоміўшы азоў навукі, прахадзіў я з бальшунамі і ў Голацк два гады. Ведаў шмат пасляваенных прыпевак.

Чацвёрты клас канчаў ужо ў Хазянінках. Энергічная, валявая, эмацыянальна-ўзрушаная настаўніца Лена Давыдаўна Даражок, здаецца, і адкрыла невялічкаму ростам, шчупленькаму хлапчуку сэнс навукі. Тут і з’явілася патрэба ў кнігах – для самастойнага чытання…»

(Мыслівец В. Свая кніга/ Вытокі песні. Мн., 1973. – с. 190-191).

У тую ж вандроўку варта нам зазірнуць і ў Матарова… Матарова – таксама з паселішч літаратурных. Але ж колькі слоў пра гісторыю вёскі ўвогуле. Знаходзіцца яна амаль за 40 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі. Ад чыгуначнай станцыі Рудзенск – за 18 км. А калі едзеш з Мінска ці з Мар’інай Горкі па шашы Мінск-Бабруйск, то варта збочыць некалькі сотняў метраў – і мы ў Матарове. Гісторыкі сведчаць, што ўпершыню Матарова як сяло і маёнтак Мінскага павета Вялікага княства Літоўскага ўпамінаецца ў 1582 годзе. З 1793 года – у складзе Расійскай імперыі, сяло Дукорскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні, уласнасць Ашторпаў. На 1886 г. 47 двароў, 518 жыхароў. Працавала праваслаўная царква. У 1897 г. – 117 двароў, 761 жыхар, дзейнічала капліца. Была школа царкоўнай граматы. У 1917 г. у вёсцы – 151 двор, 972 жыхары. З усталяваннем Савецкай улады адкрыта працоўная школа 1-й ступені. У 1933 г. у вёсцы быў калгас «Краіна Саветаў». Вядомы даследчык тапанімікі В. Жучкевіч так характарызаваў паходжанне гэтай вёскі Матарова і паселішчаў з падобнай назвай: «…назвы, вытворныя ад прозвішчаў Маторын, Матароў…» А вось пухавіцкі краязнаўца Аляксандр Васільевіч Пікулік, які доўгі час працаваў у суседнім Голацку загадчыкам сельскай бібліятэкі, занатаваў такую легенду, такую памятку. Жыхары вёскі ганялі па рацэ лес. І як толькі плытагоны набліжаліся да паселішча, жыхар вёскі па мянушцы Мота хадзіў і крычаў, зваў людзей. Вяскоўцы і казалі: «Мота раве…» Значыць, Матарова і атрымлівалася ў выніку. А што ж яднае паселішча з гісторыяй літаратурнага жыцця?...

«У Матароўскай дзесяцігодцы Ганна Рыгораўна Семяжон – настаўніца выключна патрабавальная і чалавечная – наракала мне быць хімікам ці медыкам, – прыгадвае пісьменнік Валянцін Мыслівец. – Дырэктар жа школы Сцяпан Іванавіч Бардзіян скрозь адно сцвярджаў, што пераказаць урок пасля яго тлумачэння можа толькі прыроджаны гісторык». Ураджэнец Хазянінак, вядомы ўжо нам Валянцін Мыслівец вучыўся ў школе і ў Матарове.

З вёскай Матарова звязана і імя вялікага пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага. Напрыканцы 1960-х гадоў, атрымаўшы першаштуршок ад публікацыі ў газеце «Звязда», вядомы на Пухавіччыне краязнаўца і журналіст Анатоль Паўлавіч Ярохін займаўся даследаваннем жыцця матароўскага карэспандэнта Максіма Горкага. Звернемся да публікацый руплівага і ўважлівага шукальніка гістарычнай, літаратурнай памяці ў газеце «Сцяг працы», змешчаных у студзені 1970 г. Артыкул, надрукаваны ў двух нумарах пухавіцкай «раёнкі», так і называецца – «Матароўскі карэспандэнт Горкага». «У сакавіку 1968 года, калі ўвесь свет ўрачыста адзначаў 100-годдзе з дня нараджэння А. М. Горкага, у беларускім друку быў змешчаны матэрыял «Горкі піша ў Матарова». У ім паведамлялася аб дружбе і перапісцы вялікага пісьменніка з юным карэспандэнтам з Пухавіччыны Хведарам Трапашка.

Захаваліся і пісьмы Горкага ў Матарова.

Гэта аб іх пісала «Звязда»:

«Пажоўклыя, страпаныя на рагах пісьмы… Чарніла выцвіла, але непаўторны почырк нельга не пазнаць, калі хоць раз бачыў яго. Пачуццё прыходзіць дзіўнае і моцнае. Перад намі радкі, пісаныя самім Горкім у далёкую беларускую вёску мужыку, які толькі абудзіўся ад векавой спячкі, зразумеў, дзе праўда і сіла, дзе святло і новая дарога, а цяпер просіць кнігу ў Горкага. І той вялікі і просты, здалёку адчуў гэту новую чалавечую прагнасць, бо хіба не гэта прагнасць абноўленай душы была шмат раней заўважана мастаком і ўкладзена ў вобразы яго твораў, хіба не быў гэты ўзлёт душы той жа песняю Буравесніка…»

Мяне зацікавілі падрабязнасці гэтай незвычайнай і хвалюючай дружбы,» - так расказвае пра пачатак пошуку Анатоль Паўлавіч Ярохін. Журналіст некалькі разоў наведваўся ў Матарова. Пазнаёміўся з сястрой карэспандэнта Горкага – Верай Апанасаўнай Трапашка (па мужу – Калашнікава), з яе мужам, між іншым, аднапалчанінам Хведара па фінскаму фронту Георгіем Пятровічам Калашнікавым. Наведаў Анатоль Паўлавіч і гісторыка – краязнаўчы музей Матароўскай сярэдняй школы. Чытаем у нарысе Анатоля Ярохіна: «Зноў на памяць прыйшлі словы Горкага, адрасаваныя ў Матарова:

«З вялікай радасцю прачытаў ў лісце Вашым аб росце калгасаў. Вялікая гэта справа задумана, таварыш, вызваліць яна людзей ад катаржнай працы, дасць ім час павучыцца, паразумнець. Цяжкавата, вядома, у пачатку, але ж усякую справу цяжка пачаць. А хутка, што ж і пераможам першыя цяжкасці, хутка лягчэй стане.

Моцна цісну руку.

Прывітанне перадавайце калгаснікам!

М.Горкі.»

І зноў лаўлю сябе на думцы:

‒ Не можа быць, каб не захаваліся пісьмы Хведара Трапашкі Аляксею Максімавічу, жывыя сведкі вялікай дружбы сусветна вядомага пралетарскага пісьменніка і маладога калгасніка з Беларусі павінны ўвачавідкі расказаць многае аб людзях і падзеях, аб іх лёсе.

У архівах Масквы цудам захаваліся асобныя пісьмы Фёдара Трапашкі Аляксею Максімавічу.

У 1929 годзе ў Матарове быў створаны калгас «Краіна Саветаў». Нягледзячы на жорсткую барацьбу з кулакамі, гаспадарка з кожным днём мацнела, упэўнена ішла ўперад.

Поспехі калгаснага ладу не маглі не хваляваць маладога калгасніка Хведара Трапашку. Аб гэтым яму захацелася расказаць Аляксею Максімавічу Горкаму:

«Пішу Вам, Максімавіч, аб нашых вялікіх дасягненнях у калгасным будаўніцтве. У 1929 у нашай вёсцы арганізаваны калгас «Краіна Саветаў». Са 150 гаспадарак вёскі ў калгас уступілі 130… вясной 1930 года у сувязі з артыкулам тав. Сталіна «Галавакружэнне ад вялікіх поспехаў» быў масавы адліў. Але ў калгасе засталіся «сталінскія героі», штосьці каля 20 гаспадарак. Вясной была адведзена зямля і новая сацыялістычная гаспадарка прынялася за будаўніцтва.

Да сацыялістычнай гаспадаркі прыдзелена кулацкая зямля, а таксама сабраны ўраджай азімых. Цяпер работа ідзе вельмі добра. Сяляне навакольных вёсак на калгас глядзяць не праз пальцы, а, наадварот, калгасу дапамагаюць ва ўборцы ўраджаю, а таксама адвозяць хлеб і бульбу на нарыхтоўчыя пункты і пралетарыям гг. Масквы, Ленінграда і Данбаса. Я таксама з’яўляюся будаўніком новай сацыялістычнай гаспадаркі – калгаснікам.

Дарагі, дзядзя Максімавіч, прашу Вас прышліце мне Ваш твор, а можа быць якую кнігу, якая б дапамагла мне ў літаратурнай рабоце…

Жадаю Вам здароўя і далейшых літаратурна-мастацкіх багаццяў.

Бывайце.

З прывітаннем Х.А. Трапашка.

24-XI. 1930 года, в. Матарова».

Цікавая біяграфія сям’і Трапашкаў і самога Хведара. Нарадзіўся матароўскі карэспандэнт Горкага ў 1908 годзе. У сям’і было адзінаццаць дзяцей. З маленства Хведар батрачыў. Некаторыя браты і сёстры з-за голада, галечы, хвароб памерлі ў юным узросце. Выжылі толькі чацвёра. Разам з Хведарам яны і сталі першымі калгаснікамі «Краіны Саветаў». Сястра Зінаіда працавала калгасным шафёрам. Незадоўга да вайны – у штаце Рудзенскага райкама партыі. Марыла стаць лётчыцай. Але ў 1939 годзе захварэла на тыф і памерла. Алену Апанасаўну і яе мужа ў Вялікую Айчынную за сувязь з партызанамі спалілі фашысты. Вера ў 1970-ыя гг. жыла ў Матарове. Хведар скончыў 4 класы Матароўскай школы. Настойліва працягваў займацца самаадукацыяй. Выпісваў па меры магчымасці газеты і часопісы. У прыватнасці – газету «Беларуская вёска». Хатняй бібліятэкай Трапашкі карысталася ўся вёска. У тым ліку – і Леанід Іванаіч Дзятко, пазней вядомы дыпламатычны работнік, які доўгі час працаваў у пасольстве СССР у ЗША. У адным з пісьмаў Хведар Трапашка пісаў М.Горкаму: «Выпісаў “Рабфак на дому”, таму што мне вельмі хочацца вучыцца і мяне вельмі цягне да літаратурнай творчасці… З 1926 года з’яўляюся селькорам беларускай газеты і за гэтыя гады мне давялося ў газеце і нашых часопісах чытаць урыўкі вашых твораў…» Звернемся да артыкула Анатоля Ярохіна: «Вясна 1931 года ўвайшла ў гісторыю нашай краіны, як новы этап усенароднага спаборніцтва за датэрміновае выкананне планаў першай пяцігодкі.

У сакавіку Хведара забіраюць спачатку на кароткатэрміновую вайсковую падрыхтоўку, а потым на ўсё лета адпраўляюць на лагерныя зборы. Хведар Трапашка разгортвае актыўную работу сярод чырвонаармейцаў збораў.

У чарговым пісьме Горкаму ён піша: «З 9.III па 7.IV я праходзіў першае навучанне ў Чырвонай Арміі. Маю права насіць званне чырвонаармейца. За месяц байцы асвоілі як стралковую справу, так і палітычную вучобу. Падпісаліся на газеты на 100 працэнтаў, на пазыку «Пяцігодку ў чатыры гады» на 100 працэнтаў, выпісалі сельскагаспадарчую бібліятэчку на 100 працэнтаў. Перадавыя байцы аб’явілі сябе ўдарнікамі ў трэцім рашаючым годзе пяцігодкі і ўступілі ў калгас 32 чалавекі. Пры выпуску 30 байцоў атрымалі падарункі, у тым ліку і я. Гэтыя поспехі здабыты пад добрым кіраўніцтвам каманднага саставу вучэбнага пункта і дзякуючы ленінска-бальшавіцкім метадам сацыялістычнага спаборніцтва».

Вучоба і служба значна абагацілі селькора новымі ведамі і фактамі. У яго нарадзілася думка напісаць расказ.

Сваёй марай ён падзяліўся з Аляксеем Максімавічам:

«…за час знаходжання ў арміі я шмат чаму навучыўся, а таксама багата чаго запісаў аб дасягненнях чырвонаармейцаў у баявой падрыхтоўцы, якое спрабую цяпер выкласці ў выглядзе расказа ці яшчэ якой рэчы. Але не ведаю як усё гэта атрымаецца. Калі ласка, дапамажыце ў гэтай справе».

Далей Хведар просіць Аляксея Максімавіча прыслаць яму часопіс «Літаратураня вучоба».

Горкі не вымушае доўга чакаць. З-за мяжы, дзе быў у той час Аляксей Максімавіч, у Матарова прыходзіць пісьмо:

«Кнігі Вам вышлю з Масквы, куды ад’язджаю тыдні праз два. Пакуль пасылаю і адсюль некаторыя кніжкі, магчыма, спатрэбяцца.

З вялікай радасцю прачытаў Ваша паведамленне пра поспехі калгаса «Краіна Саветаў».

Жадаю Вам і ўсім таварышам-калгаснікам добрага здароўя і вялікіх поспехаў.

М.Горкі.»

Расказ Трапашка напісаў і паслаў у часопіс «Літаратурная вучоба». Аб гэтым сведчыць прыпіска ў пісьме: «Я зараз пасылаю ў «Літаратурную вучобу» расказ. Можа і вы пазнаёміцеся з маёй першай товрчасцю».

Служба ў Чырвонай Арміі яшчэ больш пашырыла кругагляд маладога байца. Вітаючы Горкага з прыездам на Радзіму ад імя байцоў вучэбнага пункта, Хведар Трапашка ў красавіку 1931 года пісаў: « Байцы запэўнілі асабовы састаў вучэбнага пункта і палка, Камуністычную партыю, што ў выпадку нападу акул капіталу Захаду на бацькаўшчыну сусветнага пралетарыяту ўсе як адзін выступім на абарону вялікіх заваёў Кастрычніка!»

Пасля службы ў Чырвонай Арміі Хведар зноў вярнуўся ў родную вёску, дзе жыў і працаваў да 1939 года…»

(Сцяг працы, 1970, 13 студзеня).

У публікацыі «Звязды» у 1968 годзе былі прыведзены цікавыя ўспаміны аднавяскоўца горкаўскага карэспандэнта – пенсіянера-настаўніка Сцяпана Іванавіча Бардзіяна: «Калі ў трыццатым годзе я прыехаў на жыццё і працу ў Матарова, тут зусім не было інтэлігенцыі. Хведар Апанасавіч, мабыць, адзіны, каго можна назваць інтэлігентам. І вось з ім я сышоўся. Стварылі драматычны гурток. Разам ставілі «Пінскую шляхту». Ён працаваў у калгасе, затым майстрам дарожным. На шашы ён і пачаў рабіць пасадкі. Садзіў дрэвы аж да Дукоры. Некаторыя Трапашкавы дрэўцы ўцалелі ў вайну, выраслі, зялёныя стаяць…» Анатоль Паўлавіч Ярохін запісаў успаміны мужа сястры Хведара Трапашкі – Георгія Пятровіча Калашнікава: «Летам 1939 года мяне і Хведара прызвалі ў Армію, а ўжо ў верасні дывізія, у якой мы служылі, перайшла польскую граніцу і вызваліла Гродна і Ліду. Пасля вызваленчага паходу ў Заходнюю Беларусь мы часова знаходзіліся пад Ленінградам. Як толькі белафіны напалі на Савецкі Саюз, наша дывізія была перакінута на фронт… Мяне і Хведара параніла. Апошні раз мы сустракаліся ў шпіталі. Хведар адказаўся пайсці ў тыл і прама са шпіталя накіраваўся на пярэдні край. У гэты час, адчуваючы свой блізкі канец, белафіны кінуліся ў смяротную атаку. Загінуў камандзір палка і начальнік штаба. Хведар прабраўся ў штабную зямлянку і, зразумеўшы, што яму аднаму не выратваць каштоўных дакументаў і сцяга палка, уключыў рацыю – на фронце ён быў радыстам – і выклікаў агонь на сябе…»

Вядома, што ў Матарова дайшлі, акрамя лістоў Горкага, яшчэ і 36 кніг вялікага пралетарскага пісьменніка. Чытаем з ліста самога Хведара Трапашкі: « Дарагі Аляксей Максімавіч, вашы два пісьмы атрымаў , а таксама ўвесь збор вашых твораў – 36 кніг – за якія сардэчна дзякую».

У Вялікую Айчынную вайну кнігі перазахоўваліся закапанымі ў зямлі. Частка выданняў з трапашкаўскага скарбу сапсавалася. Пасля вайны ўцалелыя асобнікі кніг Максіма Горкага былі перададзены ў бібліятэку Матароўскай школы.

З Матаровам звязаны ваенны лёс паэта Міколы Аўрамчыка (нарадзіўся ў вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна ў 1920 годзе). І вось якім чынам. Чэрвеньскай ноччу сорак першага, пакінуўшы Мінск, Мікола Аўрамчык разам з Міколам Сурначовым пашыбавалі на ўсход. Наступным надвячоркам спыніліся ў вялікай вёсцы. Тут пераначавалі. Тут, у Матарова, у Надзеі Крайко Мікола Аўрамчык пакінуў свае рэчы. Найкаштоўнейшым быў альбом з фотаздымкамі. Не адразу пасля вайны паэт наведаўся ў Матарова. Людзі не знаходзілі родных і блізкіх, што ж тыя рэчы шукаць… І ўсё ж, калі выдавецтва пачало рыхтаваць кнігу «Мы іх не забудзем», Аўрамчык едзе ў Матарова. Жывой засталася Надзея Крайко. Ацалелі рэчы, пакінутыя гарачым чэрвенем сорак першага. А захоўванне ж было, безумоўна, звязана з немалой рызыкай. На здымках у тым альбоме сябры-пісьменнікі, аднакурснікі Аўрамчыка – лейтэнанты з «кубарамі» на пятліцах, сувязісты, лётчыкі, артылерысты…

Трымаю ў руках сціплы калектыўны зборнік членаў літаратурнага аб’яднання «Узлёт» Беларускага дзяржаўнага універсітэта – «Вусны» (Мінск, 1985). Сярод твораў іншых маладых паэтаў надрукаваны і вершы Анатоля Дзераха – «Ветэраны» і «…Заспявай, буду ціха табе падпяваць». Прывяду другі са згаданых твораў:

Заспявай, буду ціха табе падпяваць,

Як без бацькі было цяжка нас гадаваць.

Я цябе абдыму, прытулю да грудзей,

Мы так дружна жывём і не горш за людзей.

Хай у коміне вецер гудзе ў цішыні.

Зараз лепшыя сны, зараз лепшыя дні.

Хай з магіл анікога ужо не падняць,

Будзем сёння з табою мы ціха спяваць.

І здаецца, з іх нехта ў гуле завей

Зноўку кратае клямку шырокіх дзвярэй…

Хай заходзяць цішком яны ў хату сваю…

Заспявай жа, матуля, а я падпяю.

(Вусны. Мн.,1985. – с. 57-58).

Алег Лойка ў прадмове да чарговага зборніка паэзіі «узлётаўцаў» заўважыў: «Вершы сённяшніх «узлётаўцаў» – адметнае выяўленне іх настрояў і думак, нечым ужо непадобнае да дэбютаў папярэднікаў. Іх маладыя лірычныя героі акрылены аптымізмам гарачых камсамольскіх сэрцаў. Яны прагныя да ведаў і шчырыя ў працы на будаўнічых пляцоўках. Памяць аб вайне і Перамозе прадаўжае заставацца і іх памяццю. Памяць аб родных мясцінах, як і аб сівой гераічнай даўніне продкаў, – свайго ўжо, звязанага менавіта з жыццёвым лёсам і светаўспрыманнем маладых людзей, з іхнім сённяшнім прачытаннем і гісторыі і сучаснасці. І, як правіла, кожны з маладых паэтаў, прадстаўленых у зборніку «Вусны», прагне новых форм, імкнецца да аднаўлення архітэктонікі, гучання, малюнкавасці радка».

(Вусны. Мн., 1985. – с. 4-5).

Прачытаў гэтыя радкі і пачаў згадваць, а як жа склаліся лёсы «узлётаўцаў» з кнігі «Вусны» у наступныя дваццаць «з хвосцікам»… Анатоль Дзерах, на вялікі жаль, неяк сапраўды «узляцеў» і знік. Памятаю яго «кнігу ў кнізе» – зборнік вершаў…

У Матарова нарадзілася журналістка, публіцыстка Таццяна Куварына, якая працавала ў газеце «Голас Радзімы», пасля – рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса «Нёман». Часта выступала з нарысамі і цікавымі артыкуламі ў рэспубліканскіх газетах і часопісах.

Яшчэ адзін штрых у літаратурную біяграфію Матарова… Чытаем у кнізе вязня сталінскіх лагераў мемуарыста Вячаслава Шыдлоўскага (1913 – 1997) «Рысы майго пакалення»: «Бацька мой нарадзіўся ці не ў 1884 годзе. Дзеду тады магло быць блізу сарака гадоў. Бацька быў адзіным сынам у дзеда. Дзед аддаў яго ў навуку, якую ён пачаў асвойваць у Смілавіцкай валасной (магчыма, земскай) школе.

Урэшце бацька набыў адукацыю і прафесію сельскага настаўніка царкоўнапрыходскіх школаў. Да рэвалюцыі працаваў настаўнікам у Лагойскім раёне, на Палессі (у вёсцы Сварыцавічы), у вёсцы Матарова… У апошняй я і нарадзіўся ў 1913 годзе, хоць месцам майго нараджэння лічыцца вёска Карзуны. Хрысцілі мяне ў Дукоры ў праваслаўнай царкве, нарокшы імем Вячаслаў…» Раздзелы ўспамінаў «Рысы майго пакалення» гавораць самі за сябе: «Арышт», «Паштовая скрынка», «Трыбунал», «Барышы», «Перабежчыкі – «шпіёны» і «кур’еры», «Здраднік» дзед Маеўскі і радзіма-мачаха», «Паміж молатам і кавадлам», «Сустрэчы на крыжовым шляху», «Сіла і слабасць крэўных сувязяў» (гэта з першай часткі «На этапных скрыжаваннях»). У другой частцы ўспамінаў, якая носіць назву «Горкая памяць», ёсць раздзелы «Наваселле», «Серпанцінка», «Гукавая маскіроўка», «Стукач», «Ахвяры», «На людзях і паміраць лягчэй», «Крывавыя знічкі на снезе», «Сель з трупаў», «Абвалы», «Днявальны пры начальстве», «Камбрыг-днявальны» , «Супернікі»,»Разрытыя магілы», «Курум з граніту і трупаў», «Залатая Калыма» і інш.

…Такія вось гісторыка-літаратурныя, літаратурна-краязнаўчыя памяткі звязаны з пухавіцкімі паселішчамі Хазянінкі, Матарова. Наведайцеся ў іх прастору – і, магчыма, нечым гэтыя сустрэчы ўзбагацяць і вас.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 139 раз