Версия для печати

Калекцыя Мірскага замка захоўвае старадаўнія сталовыя прыборы з Германіі і Францыі

  • Четверг, 14 января 2021 12:53
  • Автор  Сугучча

Вышэйшая знаць у пачатку XIX стагоддзя асаблівую ўвагу надавала этыкету за сталом. Дадзеныя правілы паводзін тычыліся абсалютна ўсіх удзельнікаў сумеснага прыёму ежы. 

Сталовы набор

Сталовы набор

Многае залежала ад таго, якому святу прысвечаны званы абед ці вячэра. Напрыклад, гэта магло быць вяселле, хрышчэнне або дзень нараджэння. У залежнасці ад нагоды рассаджваліся госці і падбіраліся сталовыя прыборы.

Нязменным заставалася толькі адно правіла — заўсёды на чале стала сядзеў гаспадар, справа ад яго — жонка, а злева — самыя важныя і паважаныя госці.

Лічылася, што посуд распавядае ўсё аб матэрыяльным становішчы сям’і. У багатых людзей сталовыя прыборы былі срэбнымі. Прычым для трапезы, якая ўключае комплекс страў, выкарыстоўваліся не толькі звыклыя нам нож, лыжка і відэлец.

Да званай вячэры падаваліся ўнікальныя стравы, для паглынання якіх выкарыстоўваліся асаблівыя сталовыя прыборы. Некаторыя з іх захоўваюцца ў калекцыі музея «Замкавы комплекс „Мір“».

Там можна ўбачыць унікальныя відэльцы для крабаў, створаныя ў Германіі ў XIX стагоддзі. Па-нямецку яны называюцца «Krabbengabel» і маюць выгляд доўгіх відэльцаў з двума зубцамі, якімі даставалі мяса.

Прыбор для крабаў

Прыбор для крабаў

Яшчэ адно важнае набыццё — відэлец і лыжка для марынадаў, алівак або саленняў, вырабленая таксама ў Германіі ў той жа час. Імі асабліва лёгка захопліваць гародніну з высокіх слоікаў.

Набор для марынадаў

Набор для марынадаў

Самым каштоўным з экспанатаў з’яўляецца сталовы набор з 4 прадметаў у футарале. Ён быў створаны французскімі майстрамі ў XIX стагоддзі. Некаторыя дэталі лыжак і відэльцаў выкананы з кітовага вуса. Здзіўляе таксама форма сталовых прыбораў, вырабленых у выглядзе некаторых лясных жывёл.

Не менш дарагім з’яўляецца фруктовы набор у футарале, які прыбыў таксама з Францыі XIX стагоддзя. Звычайна такія прыборы падавалі да садавіны.

Па словах Наталлі Кавалевіч, навуковага супрацоўніка музея «Замкавы комплекс „Мір“», асобнай экспазіцыі, прысвечанай сталовым прыборам, у замку няма. Яны з’яўляюцца часткай калекцыі «Матэрыяльная культура», прысвечанай прадметам побыту.

Дэсертны набор

Дэсертны набор

Нагадаем, што Мірскі замак працягвае працаваць у звычайным рэжыме з 10:00 да 18:00 без выхадных дзён.

Аліса Скіба

Крыніца: Звязда

Прочитано 231 раз