У мінскім выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыла свет кніга нашага земляка Аляксандра Карлюкевіча “Адрасы рускай літаратуры ў Беларусі. Адрасы беларускай літаратуры ў Расіі”. Ёмісты зборнік артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю, які пабачыў свет пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, прысвечаны беларуска-расійскім літаратурным сувязям.
На старонках кнігі чытач сустрэнецца з “беларускімі адрасамі” ў жыцці і творчасці Аляксандра Грыбаедава, Аляксандра Блока, Нічыпара Карнілава, Канстанціна Паустоўскага, Аляксея Талстога, Міхаіла Хонінава, Андрэя Вазнясенскага, Іны Растоўцавай, Валерыя Казакова і іншых паэтаў, празаікаў. Цікавасць у чытачоў, несумненна, выкліча і тое, што ў выданні можна пазнаёміцца з тымі расійскімі пісьменнікамі, якія зрабілі свой унёсак у развіццё беларуска-расійскіх літаратурных стасункаў. Татарскія мастакі слова Роберт Мінулін, Ляля Гімадзеева, Рэнат Харыс, удмурцкі празаік Вячаслаў Ар-Сяргі, калмыцкая літаратуразнаўца Рыма Ханінава, калмыцкія пісьменнікі Эрдні Эльдышаў, Раіса Шурганава, балкарскі паэт Саліх Гуртуеў, чэчэнскія літаратары Адам Ахматукаеў, Лула Куні, – сапраўдныя сябры Беларусі. Дзякуючы ім, іх шчыраму стаўленню да Беларусі, беларускай культуры, беларускай літаратуры, у Расійскай Федэрацыі на розных мовах яе народаў у апошнія гады здзейсніліся новыя публікацыі беларускіх класікаў, беларускіх сучасных пісьменнікаў.
А. Карлюкевіч даўно і настойліва даследуе сувязі беларускага прыгожага пісьменства з усім светам. Гэтай тэме прысвечаны і іншыя яго публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя, літаратурна-крытычныя кнігі: “Братэрства”, “Святло сяброўства”, “Беларусь – Туркменістан: літаратурнае пабрацімства”, “Неравнодушное чтение”.
Мікола Берлеж