Пятница, 18 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Знаёмцеся – паэтычная Украіна: вершы Аксаны Лозавай  

  • Вторник, 10 ноября 2020 00:30

Аксана Яўгенаўна Лозава нарадзілася 2 мая 1963 года ў сяле Неслухіў, на Львоўшчыне. Вядомае гістарычнае паселішча. Адсюль родам – шамт знакамітых людзей… І пасол Галіцкага сейма Тадэвуш Дзідушыцкі (1841 – 1918), дэлегат Украінскай Нацыянальнай Рады ЗУНР Міхайла Кароль, вядомая спявачка Ірына Салагуб (1885 – 1972), вядомы ўкраінскі псіхіятр Яўген Навасад, селекцыянер Зінаіда Шастапал, дырэктар Львоўскай доследнай станцыі садаўніцтва Сергій Шастапал (1938 – 2009)… Аксана закончыла факультэт журналістыкі Львоўскага ўніверсітэта імя Івана Франка.  Ходзячы львоўскімі сцежкамі ў 1981 – 1985 гады, я мог бы і сустрэцца з ёю. Ды і на філалагічным факультэце  Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта былі ў той час у мяне знаёмыя…

Працавала паэтэса карэспандэнтам, рэдактарам львоўскіх газет і часопісаў, у тым ліку часопіса «Дзвін». Аўтар больш як дваццаці кніг паэзіі, прозы, перакладаў, а таксама тэкстаў многіх папулярных песень. Мне здаецца, што паэту ў Львове, Прыкарпацці, Закарпацці проста нельга было не пісаць песні. У нашай вайсковай вучэльні было шмат львавян, якія мне і расказвалі пра яскравых нацыянальных музыкаў, кампазітараў, выканаўцаў украінскай песні… Адзін Уладзімір Івасюк з яго «Чырвонай рутай» чаго варты!..

Оксана Лозава – лаўрэат прэміі імя Маркіяна Шашкевіча і Лэся Мартовіча. Яе творчасць – у полі зроку чытачоў розных пакаленняў. І не выпадкова Сяргей Панізнік спрычыніўся да пераўвасаблення твораў таленавітай заходнеўкраінскай мастачкі слова на мову Купалы.

Алесь Карлюкевіч

 

НЕ АДДАВАЙ МЯНЕ НІКОМУ…

вершы Аксана Лозавай у перакладзе на беларускую мову

 

Пошум плыні

Ты завёў мяне ў горы,
І горы ўсе сталі тваімі.
Ты забраў мой спакой,
І мяне –
                ў сваю плынь перадаў.
Пад шатром неаглядным
Мы былі у такім прытуленні,
Як бываюць у прагнасці
Непаводдаль зямля і вада.

Бегла ўніз твая сцежка,
І сляды ля гары адспявалі,
Плынь-цячэнне
Прапала ў загрухлых лясах.
Ох,  далёка-далёка
Заблудзіўся твой сонечны ранак.
Як назваць яго злодзеем?
Ён дзяліўся са мною,
                                        як мог.

 

***

Не я адна
Малюся ў снах:
– Жыць немагчыма
Без любові…
Нікому не напомніць птах,
Што тое ўсё было – у Львове.
Закручваў вецер
Краскі, дым,
І бэз шукаў свае палеткі;
Не ўкамянелым, маладым
Быў леў,
У сківіцах якога
Кветкі…


Душа

Ёсць Страшны Суд… На ім ты адрачэшся,
Як адракаўся на зямлі дабра.
А ўсё таму, што я была не першай
І, можа, нават не з твайго рабра.

Але ж была,была табе душою!
Зрадніў нас боль, і сум, і шчасця шал.
Назваў сваёй, не адхіляў мяжою,
Бо што бліжэй на свеце, чым душа?

…З мінулым развітацца ты імкнешся:
Шлях наш прад Богам і людзьмі чужы…
Ты й на Судзе Апошнім адрачэшся,
А ці душу ратуеш – без душы?
--------------------------------------------------------------------------
Страшны Суд – апошні суд Бога над людзьмі з мэтай
выяўлення праведнікаў і грэшнікаў. /Заўвага перакладчыка/.

 

***

Расстанне бліскаўкі і грому,
Разрыў мелодыі і слоў.
Не павяртай мяне нікому:
У небе, на зямлі мой схоў…

У залатым разгоне годаў,
У крутабегу ночы, дня,
У патаеме мудрых кодаў,
У снах, дзе праўда і гульня,
У святаянскім уквітненні,
У гаваркіх стагах лугоў,
У летніх барвах і асенніх,
У выраях маіх даўгоў…

У свеце добраму, не злому
Мы служым: доля – каравай…
Не аддавай мяне нікому.
Не выдавай.
Не аддавай.

 

***

Маўклівы дзень,
Нямая ноч,
І неба –
Цемрыва маленне…
Зноў дзень як цень,
А ноч, што корч…
Я не ў цябе,
Бо ты – мігценне.

Ты – маладзік,
А поўня – я,
І буду поўняй маладою,
Таму й не паяднацца нам:
Табе са мной
І мне з табою.

Сляза травы,
Зіркота дрэў…
Там суму столькі ж,
Колькі ў небе.
Ніхто не адбярэ сугрэў
Двух парасткаў
На роднай глебе.

 

***

Я табе –
для подыху, для кроку
ад маркоты, смеху і трывог
да вяршыняў, да віроў глыбокіх,
і да сэрца, дзе жывуць намёкі,
да сціхоты ласкаваю фразай.
Ведаю:
з табою быць мне разам
кожны міг,
дзе нашы сны на ўзлёце
і адна краса
ў адным народзе
жывіць, напаўняе наш уздых.
Я з табой,
як аблачынка з небам,
я з табой, як з цеплынёй вясна,
дзе між зорак
серп – акрайчык хлеба.
Я – табою да сябе гарнуся.
Ты – адзінны,
з кім я не адна.

 

З украінскай, пераклад Сяргея Панізьніка

Прочитано 483 раз