Воскресенье, 01 08 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Улюбёнец у Айчыну

  • Четверг, 27 августа 2020 14:04

Пераклады вершаў Яніса Райніса /11.09.1865 –12.09.1929/ з нагоды 155-годдзя з дня яго нараджэння.

Яніс Райніс – латышскі паэт, драматург, крытык, перакладчык, дзяржаўны дзеяч. Узнагароджаны Ордэнам Трох Зорак І-й ст. у 1925 г. Званне народнага паэта Латвіі было нададзена ў 1940 г. Дзякуючы падтрымцы Яніса Райніса быў створаны Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі для кіраўніцтва школьнымі ўстановамі /1921/. Ганаровы сябра беларускага культурна-асветнага  таварыства «Бацькаўшчына» /1922/. Арганізатар і старшыня Таварыства па культурных сувязях з народамі Савецкага Саюза /1929/. 

…Толькі сам народ і вырашае:   Быць або не быць у супраціве…  «Вялікая загадка», 1906.

 

Зерне між камянямі

Выдуманыя ідэалы,
Вывераныя прынцыпы, нярушная любоў ‒
Скрышыцца ўсё абыдзенасцю,
Быццам зерне жарнавікамі.
                                                     /між 1879 і 1886/

 

Дабрачынец

Ён багаты, ён чуллівы:
Як пачуе плач бядотны,
У кішэнь рукой слізгае
І выцягвае – насоўку.
                                       /між1881 і 1895/

Песіміст

Больш мне даспадобы песіміст,
Хто скрыгоча, хоць дарма, зубамі:
А філісцёр той, хай і аптыміст,‒
Пустазвон, якому для забавы
Хочацца вузлы ўсе развязаць…
Толькі дзе кумекалку прыдбаць?
                                                        / 1891 – 1895/

 

Чалавек і боль

Бедная, нікнеш, душа чалавечая,
Дзе тваё месца ў акольнай бязмежнасці?

Сточана болем, змаганнем, сумневамі,
Ты ўся ў пакутах, душа чалавечая.

Не паспрыяе прырода глумлівая;
Што ёй парывы, надрывы і болесці?!

Вечна прыгожая, вечна халодная,
Роўня загробнаму царству настыламу.
                                                                  /1893/

 

Прыцемак

У бледным прысмерку плывуць нябёсы,
Цячэ з-пад сонца залаты туман,
На мураве ледзь-ледзь бліскочуць росы
І стыне цеплыня ад зольных ран…

А краска лугавая ў безгалосы
Правальваецца ачмурэлы стан.
І як мячы – аглухлыя пракосы…

Без формы, меры,без жыцця… З заган
Глядзіць пустымі зрэнкамі падман.
                                                               /1897/

 

 

Улюбёнец у Айчыну

Хто любіць Айчыну, той мае свой кут‒
І дах над сабой і апошні прытулак;
Такому тут хлеб і любоў – паратунак,
Такому разумныя існасці – тут.

Ды не! Ёсць яшчэ закаваныя сэрцы,‒
З іх молат не выкрасе іскры пакут.
Айчыне не будуць яны аднаверцы.

Іх лёс бесталанны вось з гэтай прычыны
Ў падмурак не ляжа каханай Айчыны.
                                                                  /1897/

 

Работа для галавы

Хопіць крычаць, што згінаюць у крук.
Маеце толькі работу для рук.
Лепш мо мазгамі паварушыць,
Перш  чым, спяваючы, крушні крышыць?
                                                                      /1897/

 

Філісцёр

Дзіўна, як хутка,
Дзіўна, як лоўка:
Пару гадкоў – і ты
Стаў філісцёрам.

Дзе смех адчайны,
Дзе смелы выклік?
Слова зацёртае,
Шэрая думка;

Роўненька вусы,
Смірненька губы,
Нос – той па ветру,
Сыты жывоцік!

Адпрасаваны
Мой суайчыннік:
Аж да абцасаў
Зыркапрыстойны!

Новы твой прынцып:
«Быць найшляхетным,
Весці камерцыю
Ціха, удумна!

Хіба ілбом
Прабіваюцца сцены…
Нельга урада
Зрушыць падмурак…»

Дзесь за гарамі
Ярасць адчаю,
Тут кроў жывая
Стыне ад піва…

………………………………..
…………………………………

Дзіва, як хутка
Прэс  паўсядзённы
Сплюшчыў усплёскі
І парыванні!
                          /1900/

 

Блудны сын

З дажджом і ветрам дзень завечарэў.
А ён у лахманах і басаногі.
Вы думаеце, блудны сын скарэў,
Аціхлым павяртаецца з дарогі?

Не бачыце, які ў вачах сугрэў?
У позірку няма віны, трывогі,
І вобліск, хоць бадзяжны, не схмуоэў.

Ён не рабом ідзе, а горда, прама,‒
Ідзе ён правіць суд, вас гнаць далей ад храма.
                                                                                  /1900/

    

Чэрствае сэрца

Укоптур тваё сэрца поўна слёз,
Як лугавіна восеню дажджлівай;
З гадоў дзіцячых, ад юнацкіх кроз
Расіначкі збіраюцца маўкліва.

Хто плача, можа сэрцам акрыяць,
Той добры, лёзны, той жыве жукліва:
«Чужому гору ўмее паспрыяць!»

Ты чэрствы, хоць гатовы на паклон,‒
Лі слёзы і ў натоўп – яны праб»юць заслон!
                                                                    /1901/

Дзюравая пасудзіна

Ты век свой доўгі дзень у дзень
У муках круцішся, што сцень:
Ваду ты носіш рэдкім сітам ‒
Напоўніць з дзюркамі карыта.

Хоць ты пяклуеш, непаседа,‒
Цячэ вада ўся да суседа.
За сіта мо пазычаны гарбыль
І ў сваім доме ты яго бабыль.
                                                /1903/

 

Так не будзе

Не можа быць так, каб крыгаход
Суняў напор свой, пайшоў на звод;
Дарма надзеі: трухлявы лад
Плынь не паверне цяпер назад.

Хай страшыць крыгаў зубасты злом,
Дзеля свабоды мы ўсе жывём.
Не можа быць так, каб крыгаход
Не змёў дашчэнту стар аплот!
                                                        /1905/

 

Далёкае водгулле

Гэта водгулле
Вечаровае
Пракацілася
Як чароўнае.

Несупыннае,
Незалежнае,
Ля маіх варот
Неначлежнае.

‒Ці вас, пільныя,
Рэха кратала?!
‒Ах, не чулі мы:
Глуш праклятая.

Вечар чубіцца
І капыціцца…
Зацугляць каня
Хлопцам прыдзецца.

Як раса скране
Звон свой срэбраны,
Пастушок збярэ
Торбу зрэбную.

Басанож зямлю
Хто пратопае,‒
Тое водгулле
Возьме, добрае.

Зберажэ яго
Рэха зломнае,
Каб вясна прышла
Векапомная;

Чую кожны зрух
Праз  айчынны край,
Хутка слых зямлі
Перапоўніць грай.
                                /1905/

 

Мемарандум

Доўга чакалі мы, доўга.
Мо цэлую вечнасць чакалі;
Зрэдзь штосьці прасілі сабе ‒
Марылі вымаліць лёс.
Хоць у надзеі жыць можна,
С паслушнымі мольбамі прыйдзе:
Лепш не чакаць,
                                што дадуць,
Трэба адважыцца – ўзяць.
                                                  /1905/

 

Вялікая загадка

Люд латышскі хоча мець разгадку,
Патаему прышласці дазнацца.
Родзічы, каб разгадаць загадку,
Не мінайце песні майго сэрца;
Вы мілуйце дзённыя турботы,
Міласціну не шкадуйце ў скрусе,
Мілату.
              Забудзьце самалюбства.
Лёс ваш ‒
                    у абдымках той загадкі.

А разгадваць трэба дома, ў лузе;
Ці арэце, ці жніце ў хаўрусе,‒
Хай вядзе клубок у таямніцу:
З калаўрота ў кросны,
                                         на вадзіцу,
Дзе ўжо песня вымасціла кладку,
Спадкі ахвяруйце на разгадку;
Будзе думаць ‒
                               вымкнецца народзе,
Сонечнаму веку дзверы знойдзе.

Крэўныя, загадцы ёсць разгадка:
Кволенькі душой,
                                 або ты ў сіле,
Каб скрануць уласнага народа
Гістарычны воз яго планіды,‒
Не спыняйся ў роспачы і блудзе,
Выясняй вялікую задачу
І разгадвай смела,
                                       без астатку
Мудрую народную загадку.
Толькі сам народ і вырашае:
Быць або не быць у супраціве;
Крылы зложа ‒
                               выпарыцца, знікне
З ім выратавальная загадка:
ВОЛЬНАЯ  ЛАТВІЯ.
                                            /1906/

Пераклаў з латышскай мовы  Сяргей Панізьнік паводле падрадкоўнікаў  сястры Ніны Янсанэ.

Вершы Яніса Райніса перакладалі:

Эдзі Агняцвет, Мікола Арочка, Алесь Астапенка, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Вера Вайцюлевіч-Гаротная, Артур Вольскі, Якуб Воркуль, Сяргей Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Язэп Дыла, Кастусь Езавітаў, Валянціна Казлоўская, Кастусь Кірэенка, Пятро Масальскі, Сяргей Панізьнік, Пімен Панчанка, Юрась Свірка, Васіль Сёмуха, Ніна Янсанэ-Панізьнік.

 

Яніс Райніс перакладаў вершы беларускіх паэтаў; былі надрукаваны ў рыжскай прэсе:

верш Аўгена Бартуля «Паўстанец» – 28.07.1926 г.; верш Якуба Воркуля «Латгалія» – 2.08.1926 г.; вершы настаўніцы  Валіі Эпле-Палубеевай  «Моладзі», «Я веру» ‒ 9.08.1926 г.

Рыгор Барадулін: ‒ Латышы для нас больш чым блізкія і добрыя суседзі.
Вялікі Ян Райніс, зачараваны ў маленстве песнямі і казкамі плытагонаў з Беларусі, першы пачаў перакладаць пявучае слова нашага народа.

 

На здымках:

Яніс Райніс у Мінску.

Яніс Райніс з Янкам Купалам і паэтамі літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша»: побач іх Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. 19.ХІ. 1926 г.

У зале, дзе праходзіла Акадэмічная канферэнцы па рэформе беларускага  правапісу і азбукі /14–21.ХІ.1926 г./, Я. Райніс крайні справа.

На архіўным фотаздымку «Беларускія 2-х гадовыя Вучыцельскія курсы. І. Выпуск. 1925.» партрэт паэтэсы-настаўніцы Валіі Эпле-Палубеевай пазначаны літарамі B.Epple.

Карціна Мікалая Гусева «Янка Купала і Ян Райніс», 1959 г.

Перакладчыкі вершаў Райніса /на здымках Сяргея Панізьніка:

Вера Вайцюлевіч-Гаротная /27.05.1905-17.07.1986/ і Эдвард Вайвадзіш /5.02.1897-26.03.2000/.

 

Сяргей Панізьнік

Прэв'ю: Ян Райніс ля Дзвінскай крэпасці (Даўгапілс, 1920 г.)

 

 

Прочитано 517 раз