Версия для печати

Адбылася сустрэча студэнтаў з паэтамі і празаікамі Брэста

  • Вторник, 30 мая 2017 10:23

У цёплай і сяброўскай абстаноўцы адбылася сустрэча студэнтаў БрДТУ з паэтамі і празаікамі Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Арганізавала літаратурную імпрэзу доктар педагагічных навук, прафесар, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі па сацыяльна-культурных праблемах Памежжа пры кафедры  беларускай і рускай моў  БрДТУ Марыя Пятроўна Жыгалава.

Напачатку сустрэчы першакурснікі даведаліся аб працы пісьменніцкай арганізацыі, цікавых моладзевых літаратурных праектах, творчых падзеях Брэстчыны.

Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Любоў Мікалаеўна Красеўская распавяла студэнтам пра тое, як няпроста нараджаюцца вершы, ярка прачытала свае паэтычныя радкі.

Празаік, паэт, драматург, выпускніца БрДТУ Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк пагутарыла з моладдзю на тэму разнастайнасці творчых задум, прыадчыніла дзверцы ў свет славянскай міфалогіі, пазнаёміла з гісторыяй напісання сваіх кніг, літаратурнымі даследаваннямі.

 Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, паэт Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч пагаварыў з будучымі эканамістамі аб чалавечых лёсах і фактах у аўтарскай лірыцы, прачытаў свае пранікнёныя вершы пра Вялікую Айчынную вайну.

Паэт Таццяна Юр'еўна Шульга з'яўляецца кіраўніком літаратурнага клуба «Лира» БрДТУ. Не першы год яна займаецца пошукамі талентаў. Таццяна Юр'еўна падкрэсліла, што «тэхнары» не перастаюць радаваць сваімі поспехамі ў літаратурнай творчасці. Так, у гэтым годзе яе выхаванцы,  Вольга Варанко, студэнтка факультэта электронна-інфармацыйных сістэм, і Іван Куцко, студэнт факультэта інжынерных сістэм і экалогіі, сталі лаўрэатамі абласнога літаратурнага конкурсу «Мы рождены для вдохновения».

Госці былі прыемна здзіўлены начытанасцю маладых людзей, іх падрыхтаванасцю да дыялогу. Хлопцы і дзяўчаты дэкламавалі творы запрошаных на сустрэчу пісьменнікаў, цікавіліся пытаннямі, якія датычацца сучасных літаратурных працэсаў, а хтосьці асмеліўся  і  нават прачытаў свае першыя паэтычныя радкі.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,

старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Крынiца: ГА СПБ

Прочитано 1647 раз