Четверг, 28 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Што цікавага на выстаўцы «Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання»

  • Вторник, 20 апреля 2021 10:30

Калі вам падабаецца гістарычная тэматыка і цікава ўбачыць унікальную сямейную перапіску XІX стагоддзя, а яшчэ кнігі са знакамітай бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах, завітайце на выстаўку «Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання», якая праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы. Упершыню тут паказаны лісты прадстаўнікоў гэтага роду і тры кнігі, якія вярнуліся ў Беларусь з Германіі ў лютым 2020 года. Вяртанне адбылося дзякуючы намаганням дабрачыннага фонду «Шчорсы і Храптовічы». 

Трэба адзначыць, што кнігазбор Храптовічаў, які пачаў складаць канцлер Іаахім Літавор-Храптовіч у XVІІІ стагоддзі, лічыўся адной з найбагацейшых бібліятэк ва Усходняй Еўропе. Падчас адкрыцця выстаўкі адбылася афіцыйная перадача кніг і перапіскі Храптовічаў на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку.

— Упэўнены, сённяшняя падзея дасць новы імпульс вяртанню спадчыны Храптовічаў на Радзіму. Гэтая экспазіцыя яшчэ раз паказвае, наколькі багатая беларуская кніжная культура, якія разнастайныя нашыя культурныя зносіны з многімі краінамі свету і як шмат нам яшчэ трэба будзе зрабіць, каб вярнуць страчаныя веды пра мінулае, — падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша.

На выстаўцы можна даведацца пра першы вопыт вывучэння кніг і ліставання Храптовічаў, пра іх значэнне для беларускай і сусветнай культуры, пра новыя крокі ў вывучэнні гісторыі знакамітага роду, яго спадчыны ў Беларусі і замежжы, пра шляхі яе вяртання на Радзіму. А яшчэ ўбачыць, як у далёкія часы выглядалі лісты, як акуратна выведзена на іх кожная літара, з якой любоўю, з якім клопатам іх пісалі. Вельмі прыемна, што лісты захаваліся ў выдатным стане.

— У 1916 годзе ў Шчорсах праходзіла лінія фронту Першай сусветнай вайны. Пышны маёнтак Храптовічаў, адной з самых багатых сем'яў Беларусі, трапіў у эпіцэнтр ваенных дзеянняў. У падвале палаца размясціўся расійскі штаб, сам будынак неаднаразова падвяргаўся абстрэлам. Аднак нямецкія салдаты занялі ўвесь палац, моцна пацярпелы ад вайны. Сярод іх быў Юліус Херман, адукаваны чалавек, які ведаў цану кнігам. Ён убачыў раскіданыя выданні і лісты, старанна ўсё сабраў і адправіў дахаты па пошце. Вярнуўшыся дадому, ён доўгія гады вывучаў змест дакументаў, рабіў нататкі, а пасля смерці завяшчаў сваёй сям'і вярнуць кнігі на іх Радзіму, — распавяла дырэктар фонду «Шчорсы і Храптовічы» Ганна Булда.

Таксама на выстаўцы прадстаўлены мастацкія работы студэнтаў БНТУ, якія працавалі валанцёрамі на летніках па добраўпарадкаванні маёнтка Храптовічаў у Шчорсах у 2018—2019 гадах. Нягледзячы на тое, што на ўсіх карцінах намаляваны маёнтак Храптовічаў, кожная нясе ўласны настрой. Адны карціны выкананы ў яркіх колерах, маюць прыемную, лёгкую энергетыку. Іншыя — бляклыя, нібы старыя фатаграфіі, якія перажылі многае. Глядзіш на іх — і сэрца сціскаецца ад настальгічнага пачуцця, якое яны нясуць.

Цікава, што пра род Храптовічаў засталося шмат звестак. Напрыклад, кніга Вольгі Храптовіч-Буцянёвай: там змешчана апісанне перадваеннага перыяду, жыцця яе сям'і з 1935 да 1939 года. Яшчэ ёсць кніга Міхаіла Храптовіча-Буцянёва, якую ён напісаў на англійскай мове пра род Храптовічаў, і кніга Іаахіма Храптовіча «Храналогія роду Храптовічаў».

Пасля гэтай выстаўкі пачынаеш думаць пра важнае: а што застанецца пасля маёй сям'і? Ці будуць захаваныя фатаграфіі, лісты? Кожны з нас павінен клапаціцца аб тым унёску, які ён можа зрабіць дзеля захавання гісторыі краіны. Можа быць, ваша сям'я і не валодае ўласнай бібліятэкай, але ў любым доме ёсць нешта ўнікальнае і каштоўнае. Няхай людзям збоку вашыя сямейныя фатаграфіі, традыцыі не пададуцца вартымі ўвагі, але для вас яны мусяць быць важныя. Захоўвайце і шануйце! Бо жыццёвы шлях любой сям'і — гэта частка вялікай гісторыі.

Экспазіцыю спадчыны Храптовічаў можна наведаць да 30 красавіка.

Ангеліна Варатынская
 
Фота Яна Хведчына
 
 
Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: «Каб не страціць свае карані»

Прочитано 4686 раз