Воскресенье, 26 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паэзія «Полымя». Al. Runweard (Алена Болсун). Удыхнуць — і не задыхнуцца

Al. Runweard (Болсун Алёна Пятроўна) нарадзілася 10 ліпеня 1993 года ў вёсцы Балсуны Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны (2015). Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Кругавец-Калінінскай сярэдняй школе (2015-2017), у сістэме гандлю (2017-2019), пасля пераехала ў Польшчу, цяпер ‒ спецыяліст па рабоце з кліентамі. Аўтар зборніка «Упала неба з вышыні» (2016). Пераможца фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берега дружбы» (2017), Першага форуму маладых літаратараў, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання (2017).

 

* * *

І ніколі не будзе як сёння,

І ніколі не будзе «цяпер».

Там, наперадзе, страшна і цёмна,

Ты агням, што міргаюць, не вер.

 

Не сагрэюць у снежную поўнач,

Не ўратуюць ад болю ў душы,

Там, наперадзе, страшна і цёмна —

Паспрабуй гэта ўсё перажыць.

 

Я не веру, што можа быць «вечна»,

Спадзяюся, што будзе лягчэй.

Там, у цемрадзі, так небяспечна…

Сцікс назад у бясконцасць цячэ.

 

А за спінай — цяжар ад праклёнаў,

Я сумленна яго валаку…

Там, наперадзе, страшна і цёмна,

Ды Харон падае мне руку…

 

* * *

Звяры.

Яны бягуць — і, на жаль, не спыняцца.

А я стаю.

Да зямлі прыбітая.

 Адзін крок — ды вось-вось накінуцца

Звяры,

Што крывёю дзяцей

Не сытыя.

Жудасна,

Разумець, што не ў сне.

Рэальнае…

Хоць і ціха крычу — прачніся!

Утыкаюць клыкі крывавыя

Звяры.

Ды адкуль жа яны ўзяліся?

Родныя…

Што братамі былі, што слухалі,

Што руку паціскалі,

Верныя.

Сталі Смерцю,

Крывёй,

Разрухаю,

Ды Журбою, на жаль, бязмернаю…

Звяры.

 

* * *

Ты зноў маўчыш… А я крычу нясмела

Ў глухую ноч, бяздушнасць сінявы

Нябёс тваіх, даўно ўжо апусцелых.

Скажы мне, хто́ мы? Для цябе… Хто мы́?

 

Я крок раблю. Насустрач. Толькі ў цемры

Не разабраць, дзе зло, а дзе дабро.

І цягнуць рукі да мяне хімеры,

І д’яблы клічуць пад сваё крыло.

 

А ты маўчыш… Мой голас хутка ціхне,

Разбіўшыся аб холад цішыні.

Я крок зраблю. Насустрач. Толькі лішні…

І я на дне — шукаю вышыні.

 

* * *

Блізкаю смерцю пахне палын,

Горкай аскомаю сцелецца ў роце,

Божа, як страшна згарэць маладым…

Птушкай, што страціла крылы ў палёце,

Хутка ляцець да халоднай зямлі,

Вочы закрыўшы, бо лепей не бачыць

Смерці сваёй. Божа, як жа баліць:

Хто пераблытаў? Хто — перайначыў?

 

Ціха прылегчы на лубін на спын —

Кветкавы пах удыхнуць…

Ў адзіноце…

Ды блізкаю смерцю

Пахне палын

І горкай аскомаю сцелецца ў роце…

 

* * *

Шкада, што не сустрэліся з табой

Да ўсіх тых дзён, што прарастаюць болем,

Якіх не вырваць з памяці ніколі…

Чаму мы не сустрэліся з табой?

 

Чаму сярод пустэчы гарадоў,

Мы не знайшлі сваіх утульных вуліц,

Знясілена ад пошукаў заснулі,

Не ўбачыўшы мінулага слядоў?

 

Прабач… Мне не схавацца ад яго.

Яно звініць, бы страж мой, кайданамі…

І болю нараджаючы цунамі,

Бяжыць! За мной бяжыць бягом…

 

Я ведаю: няроўным будзе бой.

Пад небам зорным, шэрым, быццам камень,

Я прашапчу табе на развітанне:

«Шкада, што не сустрэліся з табой…»

 

СУЦЯШЭННЕ

Усё будзе добра.

Верыш?

Аднойчы.

Абавязкова.

Калі зачыняюць дзверы,

То час падысці да новых.

 

Ніхто не адзін.

Праўда.

Калі на душы дрэнна,

Павер: будзе добра.

Заўтра.

Балючыя — толькі змены.

 

Не бойся.

На шлях ступіўшы,

Не трэба сысці імкнуцца,

Ты зможаш,

Той боль забыўшы,

Ўдыхнуць.

І не задыхнуцца.

 

*

Аднойчы той час настане,

Спакой уварвецца ў сны.

Не плач, калі снег растане, —

Такая цана вясны.

 

№ 3 «Полымя», 2021

Прочитано 344 раз