Версия для печати

Хто была тая дзяўчына Клава, гераіня курортнага рамана Максіма Багдановіча?

Хто была тая дзяўчына Клава, гераіня курортнага рамана Максіма Багдановіча? Як яна выглядала? Адшукаць штосьці амаль не ўяўляецца магчымым. Распавядаючы пра яе, мы мусім абапірацца на нешматлікія звесткі, якімі падзяліліся сябры і родныя Багдановіча праз колькі дзясяткаў гадоў пасля падзей 1915-га, а таксама запісы Максіма, вядомыя пад назвай «Інтымны дзённік паэта». 

А. Венецыянаў «Дзяўчына ў хустцы».

А. Венецыянаў «Дзяўчына ў хустцы».

Наколькі ненадзейнымі часам з'яўляюцца ўспаміны, мы можам пераканацца на ўласным досведзе. Але гэта не перашкаджае звяртацца да мемуараў, калі хочам даведацца пра мінулае альбо высветліць некаторыя падрабязнасці з жыцця цікавых для нас асоб. Часам якая-небудзь памылка друку альбо недакладна агучанае прозвішча могуць ўвесці ў зман даследчыка і скіраваць не ў той бок. Нельга выключаць, што такая сітуацыя магла здарыцца і ў выпадку збору звестак пра дзяўчыну Максіма Багдановіча. Хацелася б прапанаваць варыянт трактоўкі сабраных звестак, які падкарэкціруе апісанне знешнасці Клавы. Але аб усім па парадку.

У плане збору інфармацыі па гэтай тэме найбольш прасунуліся краязнаўцы В. Вайцянкоў і С. Калугін, якія падчас падрыхтоўкі артыкула «Крымскае лета Максіма Багдановіча» («Нёман», 1980, № 3) паспрабавалі адшукаць сведкаў таго часу, а таксама вызначыць аўтара партрэта Максіма, зробленага ў Крыме ў 1915 годзе. Варта зазначыць, што для пачатку пошукаў інфармацыі было сапраўды небагата.

Прывядзём колькі вытрымак з успамінаў сваякоў і сяброў Багдановіча.

А. Багдановіч: «Адзіны рамантычны эпізод яго жыцця, на які намякае перапіска з Клавай, ніколькі не супярэчыць сказанаму вышэй. Я не ўчытваўся ў гэту перапіску, а толькі бегла прагледзеў і ўпэўнены: гэты эпізод выпадковы, мімалётны, што ніколькі не парушае агульнага характару яго перакананняў адносна жанчыны».

Л. Заяц: «Недзе ў Крыме ён стрэў якуюсь асобу, жонку сімферопальскага купца. Яны пакахаліся і жылі ўсё лета. «Але, — дадаваў з жалем Багдановіч, — сына ад яе не меў. Я быў тады вельмі хворы, слабы, кроў горлам ішла».

Н. Г. Агурцоў расказвае аб гэтым так: «Асабіста ад мяне ён не хаваў, што знаходзіцца ў інтымнай перапісцы з адной асобай, з якой ён пазнаёміўся ў Крыме і пакахаў. Я не ведаў гэтай асобы і лічыў не далікатным распытваць яго аб адносінах да гэтай асобы. Але, як мне падавалася, яго пачуцці былі сур’ёзнымі і моцна адбіваліся на яго здароўі. Было відаць, што ён перажывае нейкі цяжкі ўнутраны крызіс».

М. Урубель «Венецыя».

М. Урубель «Венецыя».

Прыблізна ў такіх жа рысах робіць заўвагу аб гэтым выпадку і А. Д. Цітоў: «У хвіліны шчырасці Максім Адамавіч распавядаў мне, перадаючы як таямніцу, гісторыю свайго захаплення. Будучы на поўдні, ён закахаўся ў адну жанчыну, але каханне было няроўным і няплённым і прынесла яму нямала пакутаў».

Дадатковай крыніцай, якая ў нейкай ступені пралівае святло на перыяд знаёмства Максіма і Клавы, з’яўляецца «Рукапіс 1915», які зберагаецца ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. На жаль, ён не ўвесь расчытаны, але пэўныя ўдакладненні ўсё-такі зрабіць удалося. На аснове супастаўлення звестак, у ім прыведзеных, даследчыкамі з вялікай доляй верагоднасці быў адшуканы менавіта той дом, у якім пасяліўся Максім у Старым Крыме, а таксама зроблена спроба ўстанаўлення асобы Клавы. Згодна з сабранымі звесткамі, ёй з’яўлялася Клаўдзія Салтыкова — магчыма, армянка па нацыянальнасці, замужняя жанчына, якая разам з сястрой папраўляла здароўе ў той жа час, што і Максім. Па расповедах аднаго з апытаных старажылаў, яна нагадвала сваёй знешнасцю ўрубелеўскую венецыянку. Аўтары акцэнтуюць на гэтым увагу невыпадкова.

У 1971 годзе пабачыла свет кніга Алеся Бачылы «Дарогамі Максіма», дзе між іншага ёсць наступныя радкі: «Хто ж яна, тая Клава, — віноўніца i паэтавых пакут, i паэтавай радасці? На гэтае пытанне дзённік не дае адказу. Мы так i не ведаем ні яе ўзросту, ні прафесіі, ні занятку. Ведаем толькі, што «Клава на венецыянку з карціны М. А. Урубеля “Венецыя” падобна». (Адкуль ведаем, невядома).

Работ Урубеля, прысвечаных Венецыі, некалькі, і адна з іх сапраўды называецца «Венецыя». Гэта складаная па кампазіцыі мастацкая работа, дзе прадстаўлена некалькі дзеючых асоб, пададзеных у міжземнаморскім каларыце.

Другая работа — «Дзяўчына-венецыянка» — партрэт, які, здаецца, падыходзіць да прыведзенай характарыстыкі крыху лепей. Тут больш выразна бачны твар, таксама з усходнімі рысамі і нават з хусцінкай на плячах. Хусцінка барвовага колеру.

Але знайшлася карціна, якая падыходзіць пад апісанне значна лепш. І выйсці на яе дапамог ліст Н. Г. Кунцэвіч да Н. Б. Ватацы за 28 красавіка 1982 г.:

«Ніначка Барысаўна! Гэта Вы мне асабіста даслалі цудоўнае выданне пра мастака Венецыянава і яго школу. Ён трошкі блізкі мне па ўспамінах юнацтва. Барыс Трыфанавіч Галаван («Бірка») — вялікі знаўца і аматар мастацтва, прыходзячы да нас, нязменна заўважаў, што я падобная на “дзяўчыну Венецыянава”. Ён быў насмешнік, я думала, што ён прыпадабняе мой круглы чырвоны твар да чагосьці смешнага. А потым — бачу, што гэта быў камплімент <…>

Дзякуй за Венецыянава!»

Нельга не звярнуць увагу, што «дзяўчына Венецыянава» таксама добра ўвязваецца з успамінамі і згадкамі, прыведзенымі вышэй. Сем’і Багдановічаў і Галаванаў сябравалі, ліставаліся, абмяркоўвалі літаратуру і мастацтва. Мелі шмат агульных тэм для размовы, праз што мы маем даволі шмат звестак. Цалкам верагодна, што на пэўным этапе інтэрпрэтацыі ўспамінаў «дзяўчына Венецыянава» магла ператварыцца ў «Дзяўчыну-венецыянку» Урубеля альбо яго ж дзяўчыну з карціны «Венецыя».

Да таго ж мы не згадалі, што маем яшчэ адну крыніцу інфармацыі — верш Максіма Багдановіча, прысвечаны нашай гераіне. Гучыць ён наступным чынам:

Забудется многое, Клава,

Но буду я помнить всегда.

Как в сердце шипела отрава

Любви, и тоски, и стыда.

Тебя в темно-синем платочке

И песню, что пела мне ты:

Прошли золотые денечки.

Осталися только мечты.

1915

М. Урубель «Дзяўчына-венецыянка».

М. Урубель «Дзяўчына-венецыянка».

На яркую дэталь — цёмна-сінюю хусцінку — даследчыкі звярталі ўвагу і раней. Праўда, суаднесці яе з работамі Урубеля складана. Але калі ўбачым, як выглядаў шырока растыражаваны ў пару Багдановіча партрэт невядомай, зроблены Венецыянавым, адразу згадаем Максімаў верш-прысвячэнне.

Так, дзяўчына не вельмі падобная на армянку, пра якую сцвярджалі згодна са сваімі росшукамі Вайцянкоў і Калугін. Гэта была працоўная версія, і яна неабавязкова павінна быць адзіна правільнай.

Шмат чаго маглі б распавесці нам лісты, якімі абменьваліся каханкі Максім і Клава, але, на жаль, да нашага часу яны не зберагліся. Таму мы вымушаны літаральна па крупінках збіраць неабходную інфармацыю, каб даведацца, хто яна — муза паэта, якая падарыла яму колькі незабыўных, шчаслівых і горкіх хвілін жыцця.

Міхал Бараноўскі

Крыніца: «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: Цёмна-сіняя хусцінка Клавы

Прочитано 7064 раз