Понедельник, 26 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

26 кастрычніка нарадзіўся Анатоль Сыс

  • Понедельник, 26 октября 2020 11:42

Беларускі паэт і грамадскі дзеяч Анатоль Сыс нарадзіўся ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне рускай і беларускай мовы гісторыка-філалагічнага факультэта Гомелькага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1982 годзе. З 1982 па 1984 гг. служыў у войску, пазней працаваў у веткаўскай раённай газеце, а з 1985 г. – старшым тэхнікам на Рэспубліканскім радыётэлецэнтры. У 1988 г. стаў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР.

Пачынаў друкавацца ў 1974 годзе. Зборнікі «Агмень» (1988) і «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002) выйшлі пры жыцці паэта.

Не стала Анатоля Сыса 4 мая 2005 года ва ўзросце 45 гадоў.

У 2006 годзе выйшла кніга «Лён», якая змяшчала як раней апублікаваныя творы, так і невядомыя. З пазнейшых выданняў – «Алаіза» (2009) і «Берагі майго юнацтва» (2016).

У Гарошкаве стаіць помнік Анатолю Сысу, шматлікія вершы пакладзены на музыку, працягваюць збірацца і публікавацца ўспаміны пра паэта, ладзяцца літаратурныя сустрэчы ў яго гонар на радзіме і па ўсёй Беларусі.

 

«Сугучча»

 

На светлую памяць некалькі твораў Анатоля Сыса са зборніка «Пан лес».

 

***Без мяне будуць жаць…

 

Без мяне будуць жаць

і губляць з пераспелых калоссяў

залатыя зярняты

на Белую нашу зямлю,

 

птушкі іх падбяруць

як падзяку за жніўныя песні,

хто ў крыле, а хто ў дзюбе

у гнёзды свае прынясуць.

 

Без мяне прарастуць

у зямлю жаўруковыя гнёзды,

і, шануючы звычай,

іх жнеі сярпом абмінуць.

 

Ветах

 

Паміж дажджоў, снягоў,

за белым светам,

у самай гушчы зорак маладых,

век дажываў забыты ўсімі ветах

і для спачыну выбіраў клады.

 

Ён дзень і ноч, самотны, дбаў пра гэта,

але наўкол былі адны сады

і хоць бы крыж для нейкае прыкметы

альбо зямлі прыгорачак руды

паміж дажджоў, снягоў,

у раі, ў пекле,

але ў зямлі ‒

нібыта ў грэшнай Тэклі.

 

***‒ З чаго пачаць?..

 

‒ З чаго пачаць?..

Пачну з Радзімы.

Так абавязаны пачаць.

‒ Але ў яе ты не адзіны,

навошта пра любоў крычаць?

 

‒ Няхай, няхай я паўтаруся

ў любові тысячу разоў,

затое шчыра ў ёй клянуся,

без фальшу, без падробных слоў.

 

‒ Што ж, пачынай. Сам выбраў долю...

й нядоля знойдзецца сама.

Перад табою поле бою ‒

тут не адзін паэт сканаў.

 

***Радзіма пачынаецца з жанчыны…

 

Радзіма пачынаецца з жанчыны.

Я гэта адчуваў, а ўразумець

яшчэ не мог ‒ дзіцём шчапаў лучыну,

каб хворую матулю адагрэць,

 

і разам з ёй да позняе гадзіны

мы слухалі трывожна крыгалом,

не ведаў я, што грэў тады Радзіму

і не падманным, а жывым агнём.

 

 

Натхненне

 

Узгалоўем да ўсходу сонца рэкі спяць ‒

такая велічная традыцыя.

Спяць жа ў муз у нагох паэты ‒

захавальнікі рыцарства.

 

А паўз рэкі крадуцца лісіцы рыжыя ‒

ноч мулкая дзённымі вобразамі,

нат калі на мяне віно пральеце ‒

па інерцыі паэзіі гнеў мой вобразны.

 

Хто закусвае там вальдшнэпамі,

вы хоць ведаеце, як балюча снегу,

калі сняжынкі на гарачых губах плавяцца?

 

А ты прабач, у мяне закаханая,

не да слёз мне тваіх каляровых,

я сягоння на крыжы паэзіі,

бы крывёю, сыходжу словамі.

 

Яблыня

 

На яе галінах растуць яблыкі, на карэннях

камяні. Нават у самыя лютыя маразы, калі

ледзь-ледзь б'ецца сэрца, каб не даць

дарэшты змерзціся крыві, камяні выцягваюць

з яе апошнія жылы. Хтосьці іншы даўно

сканаў бы, нат не счакаўшы сваёй першай

пладаноснасці, а яна ў незямных пакутах

зноў і зноў выходзіць з забыцця

зімовай анестэзіі і кожнага разу чакае

сваёй вясны, быццам апошняй

радасці-спадзяванкі.

 

Але балючай за ўсё зямлі, як той маці

за самае пакутнае дзіцятка.

 

Пан Лес

 

Лес ‒ гэта храм.

У ім акрыяе Хам.

Лес ‒ гэта святарнае мейсца,

для душаў аблудных меса.

 

Меў золата, срэбра Крэз,

але калі б ён убачыў

хоць раз

            наш

                    бурштынавы Лес

вышэй ад варагавых мачтаў, ‒

паблякнула б срэбра яго

і золата б паржавела,

пад ногі б каменнем лягло

і сэнсу б суздром не мела,

 

бо Лес ‒ гэта больш чым лес.

Вам ранілі гострым сэрца,

крывавіць, баліць парэз,

і хочацца толькі смерці,

 

стрывайце, знайдзіце моц

дайсці, дапаўзці да Лесу,

ён з боскай крыві прарос

пакутнікам правіць месу,

 

ён спыніць жывіцай кроў ‒

такога не змогуць людзі,

і, быццам прадвесні гром,

у Вас  н е м а ў л я  прабудзіць.

 

Жыццё і тым болей смерць

загубяць свой сэнс цялесны ‒

Пан Лес не дазволіць мець

пачуццяў, што шкодзяць Лесу,

 

бо нельга паганіць храм,

бо нельга святое нішчыць,

куды ж тагды прыйдзе Хам

ад хамства душу ачысціць?

 

 

 

 

Прочитано 415 раз