Четверг, 13 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Як правільна правакаваць?

  • Четверг, 28 января 2021 08:35

Ёсць творы, якія цікава разглядаць не толькі як аб’екты мастацтва, увасабленне аўтарскіх ідэй, але і як выказванне, адлюстраванне пэўнай сацыяльнай тэмы. Тады разгляд будуецца не на словах аўтара, а на дзеяннях персанажаў. З раманам Міколы Адама «Сёстры» мы вырашылі правесці эксперымент. Паколькі міжполавыя стасункі — адна з цэнтральных тэм твора, мы сумясцілі разгляд сацыяльнага і літаратурнага аспектаў, прадставіўшы два погляды — мужчынскі і жаночы.  

Правакацыя — парушэнне пэўных правілаў з мэтай прыцягнуць больш ува­гі — ствараецца рознымі метадамі. Можна напісаць раман трасянкай або вынайсці паўзразумелую ўласную мову. Можна лаяцца матам у тэксце або выка­заць спрэчныя меркаванні ў бок свяшчэнных кароў ці абсалютна рэальных людзей. Можна зрабіць спробу стварыць ці запазычыць нейкую форму, якой дагэ­туль у Беларусі не карысталіся. Можна зрабіць стылізаваную вокладку, можна наўмысна напісаць нешта ў вельмі папулярным жанры. Яшчэ варыянт — зрабіць стаўку на колькасць інтымных падрабязнасцей, быццам бы ў СССР сексу не было, а ў Беларусі і пасля не з’явілася.

Насамрэч такая характарыстыка для рамана Міколы Адама «Сёстры», што выйшаў напрыканцы мінулага года ў вы­давецтве «Галіяфы», не зусім справяд­лівая. Увесь сюжэт твора пабудаваны пакручаста, як сцэнарый якога-небудзь серыяла. Тэгі — псіхалогія, драма, паў­сядзённасць, прыгоды, каханне. Таму амерыканскіх горак у творы хапае, ды і інтымныя сцэны напісаны не проста каб было, а з мэтай раскрыцця персана­жаў.

Дзеянне развіваецца даволі хутка, ня­гледзячы на вялікі цяжар псіхалагічных і інтэр’ерных дэталяў, але тэкст, асабліва на пачатку, чытаецца са скрыпам. Спра­ва нават не ў тым, што апісанні кватэр, знешнасці герояў і іншага занадта доўгія і падрабязныя, да таго ж аздобленыя ўся­лякімі дзіўнымі, калі не сказаць няўда­лымі, параўнаннямі (накшталт «боль уцякаў ад яе, як Напалеон з Беларусі праз Бярэзіну»). Галоўная цяжкасць, якую на працягу ўсяго аповеду даводзіцца нес­ці на сваіх вачах чытачу, заключаецца ў тым, што масіў тэксту дакладна падзеле­ны на тры часткі. Першая — пераказ дзе­янняў і зусім крыху дыялогаў (амаль уся гісторыя расказана ў мінулым часе, быц­цам занатаваная ў дзённіку). Другая — апісанні: знешнасці і інтэр’ерам адвод­зіцца ад паловы да дзвюх-трох старонак. Цэлую старонку, напрыклад, займае апісанне вачэй галоўнай гераіні. Трэцяя частка — гістарычныя, геаграфічныя або яшчэ якія-небудзь агульнапазна­вальныя кавалкі тэксту, шырэйшыя па факталагічным напаўненні, чым устаўкі з Вікіпедыі, але такія ж негарманічныя ў мастацкім тэксце. Аўтар паспрабаваў выкруціцца, надзяліўшы вялікай гіста­рычнай эрудыцыяй адну з гераінь, каб пасля даведак можна было часам казаць «гэта ўсё распавяла Аксана сваім спада­рожнікам». Але натуральнасці ўсё ж не атрымліваецца.

Пакінем на сумленні аўтара спробу ад­крыць філіял падручніка ў псіхалагічна-любоўным рамане і звернемся да галоў­нага — гераінь.

Дзве сястры — Аксана і Соня — пра­жываюць кардынальна розныя некаль­кі гадоў у спробах знайсці сваё месца ў жыцці, сваё пакліканне і, вядома ж, каханне. Гэта своеасаблівы раман ста­лення — пераадоленне выпрабаванняў і паступовая змена абліччаў. Да таго як апынуцца ў той кропцы часу і ў тым ста­не, у якім мы ўпершыню сустракаемся з сёстрамі, дзяўчаты праходзяць некаль­кі выпрабаванняў, некалькі інкарнацый.

Увесь сюжэт рамана — набор больш ці менш працяглых і эмацыянальных флэшбэкаў. Чытаючы, пераскокваеш па­між дэкарацыямі: бандыцкія дзевяно­стыя, галівудскі фільм пра поспех і кахан­не, змрочная дакументалка пра псіхічна хворых — але застаешся ў адным і тым жа свеце. Пару разоў у звычайны рэалізм прасоўвае нос нейкі магічны рэалізм — то містычныя павевы старажытнага пала­ца, то неметафарычныя шнары на спіне ад нябачных крылаў, што праразаюцца. Хаця трэба ўвесь час трымаць у галаве: нават рэалістычныя дэкарацыі — толькі дэкарацыі. У рэальным свеце ўсё яшчэ нельга вырубіць чалавека, на секунду прыклаўшы да яго твару анучу з хлара­формам, а электрашокавую тэрапію ніко­му не назначаюць без доўгіх спроб пада­браць медыкаменты і тым болей не пра­водзяць дома.

Шмат увагі аддадзена другасным пер­санажам, асабліва мужчынам, іх псіха­лагічнаму развіццю і матывацыям. Вы­канальніц жаночых роляў другога плана збольшага пакідаюць без паглыблення ў асабістыя гісторыі.

Але нічога, і без іх хапае матэрыялу. Увесь раман — практыкавальны банкет для дыпламаваных і недыпламаваных псіхатэрапеўтаў. А аўтар і сам добра ведае, што ўсе праблемы ідуць з дзяцін- ства.

У кожнага, хто сустракаецца нам на старонках кнігі, псіхіка паламаная як мінімум у двух месцах. І найлепшы рэнтген для такіх траўм, безумоўна, — ра­мантычныя стасункі. Ім тут выдзелена цэнтральнае сюжэтнае месца. Стасункі галоўных гераінь з мужчынамі і жан­чынамі насычаныя эмоцыямі і падзеямі, але быццам бы ніколькі не ўплываюць на дзяўчат. Іх перажыванні, думкі і рэак­цыі паказаныя ў моманце. Але за працэ­сам перамены гэтых станаў аўтар увесь час назірае звонку. Магчыма, гэта і ёсць своеасаблівая стратэгія правакацыі.

Асабліва сакавіта і падрабязна пісьменнік распавядае, як нехта шалее, вые, расчэсвае скуру да крыві, б’ецца га­лавой аб сцяну і гэтак далей. Такое ў ра­мане адбываецца як мінімум тройчы. Не менш увагі — і гвалтоўнаму сексу. Ён тут абсалютна ўвесь гвалтоўны. Усё, што па ўзаемнай згодзе, або застаецца за кадрам, або апісана метафарай рознакаляровых стужак на галаўным уборы нацыяналь­нага ўкраінскага строю.

Паколькі ідэя напісаць два тэксты пра гэты раман трымаецца на тым, што паві­нен быць мужчынскі і жаночы погляд на сітуацыю, варта звярнуць увагу на нека­торыя вострыя моманты. Жаночы свет у рамане паўстае ў самай жорсткай фор­ме: вечная аб’ектывацыя, гвалт з боку блізкіх людзей, адсутнасць магчымасці вырашаць самой, распараджацца сваім целам самастойна, замужжа і дзеці як га­лоўная мэта, пастаўленая перад табой гра­мадствам. І ўсё гэта, здаецца, не пададзена як норма. Але ёсць іншая крайнасць — фіксацыя на тэме кахання. Па-першае, у абедзвюх сясцёр ёсць прафесіі і заха­пленні, але абедзве атрымалі іх і дасягнулі поспеху неяк аўтаматычна, самі сабой, дзякуючы «прыроднаму таленту». І гэтае дапушчэнне дазваляе не звяртаць увагу на тое, чым яны там займаюцца, пускаць іх працу фонам для пакутаў і жарсцяў. Па-другое, тое самае сапраўднае, чыстае і салодкае каханне з боку жанчыны апі­сана як жаданне аддавацца і раставаць як цукар у іншым чалавеку. А з боку мужчы­ны — жаданне валодаць і страх страціць. Такі філасофскі погляд на каханне стано­віцца добрай глебай для абсалютна ма­тэрыяльнага гвалту і ўспрымання жанчы­ны як рэчы. Пры крыху больш уважлівым поглядзе зразумела, што ў рамане няма здаровых стасункаў.

Дарэчы, пра адносіны паміж сёстра­мі мы да канца мала што ведаем, нягледзячы на двухсэнсоўныя эпізоды з часоў іх сумеснага пражывання. І чым бліжэй да апошніх частак, тым менш сувязі за­стаецца паміж гісторыямі дзвюх жанчын.

Нягледзячы на тое, што «Сёстры» — выключна сюжэтны твор, яго жанравае вызначэнне выклікае сумненні. Гэта не столькі раман, колькі «ўніверсальнае аўтарскае выказванне» — шахматная дошка, на якой пісьменнік паспеў згу­ляць сам з сабой і за белых, і за чорных, і заадно ў шашкі. Тэкставая прастора на­поўнена не толькі расповедам пра падзеі і назіраннем за персанажамі, але і аўтар­скімі ўласнымі ведамі, поглядамі на жыц­цё, чытацкімі прыхільнасцямі, паэтыч­нымі фантазіямі. У такой гульні часам нараджаецца стыль. Але цяжка сказаць, ці той гэта выпадак.

 

Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 389 раз