Воскресенье, 09 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сафія Ворса стварыла новую кнігу «Рыба»

  • Четверг, 04 февраля 2021 13:32

Новую кнігу Сафія Ворса пісала ў цягніках, у гарах і ноччу на кухнях у розных краінах свету. 

У выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшла кніга маладой беларускай пісьменніцы Сафіі Ворсы «Рыба». Сюды трапілі пяць апавяданняў — «Рыба», «Чалавек за аблокамі», «Бегункі», «Update» і «Пошукі разумення». Вельмі розныя, але аднолькава ўражальныя, яны прымушаюць чытача многае пераасэнсаваць і выйсці з зоны камфорту.

«Часам для шчасця патрэбна зусім няшмат. Аўтар кнігі «Рыба» Сафія Ворса змяшчае чытача ў сваю, не падобную да іншых, сістэму каардынат і ў даступнай форме паказвае, як можна знайсці радасць там, дзе не чакаеш, як не трэба шукаць шчасця там, дзе яго няма» — гэтыя радкі з анатацыі да зборніка вельмі ёміста, хоць, на першы погляд, і проста, характарызуюць схаваныя ў апавяданнях сэнсы.

Жыццёвыя гісторыі з элементамі фантастыкі знойдуць водгук у аўдыторыі сучасных школьнікаў, падлеткаў і маладых людзей. Бо ў кожным творы прысутнічаюць прыгожая мастацкая мова, цікавы сюжэт і адметныя персанажы, а галоўнае, шчырыя і сапраўдныя пачуцці. Па словах аўтаркі, нельга сказаць, якое з апавяданняў кнігі ёй самой найбольш падабаецца, бо ў кожнае яна ўклала душу.

Сафію Ворсу адносяць да маладых перспектыўных аўтараў. Ужо сёння ў яе творчай скарбонцы ёсць кніга «Дзесяць першых гісторый», якая выйшла ў 2017-м, а пасля была перакладзена на японскую мову, потым свет убачыла кніга «Горад аслеплых скрыжаляў» (2018), а ў 2019 з'явілася ў выглядзе кнігі-перакруткі яе п'еса «Дзень настаўніка»... Сёння юная пісьменніца мае розныя літаратурныя прэміі, публікацыі ў літаратурных часопісах Беларусі, Расіі, Літвы, Японіі, Польшчы. Але пры гэтым досыць сціпла ацэньвае свае здабыткі.

Кожная з гісторый, што ажываюць у новай кнізе «Рыба», мае свой настрой і скіроўвае да роздумаў.

«Чалавек за аблокамі» — дае магчымасць здзейсніць падарожжа ў горы і зрабіць там у кампаніі галоўнай гераіні незвычайныя адкрыцці. Апавяданне «Рыба» — пераносіць у фантастычны свет, у якім не існуе нічога немагчымага. Пра жыццё дзяцей-сірот, якія сыходзяць з прытулку і трапляюць у кампанію жабракоў, можна даведацца з гісторыі «Бегункі». Твор «Update» — гэта пагружэнне ў экзістэнцыяльныя разважанні галоўнага героя. Апошнім у зборніку змешчана апавяданне «Пошукі разумення», пасля знаёмства з якім, магчыма, і ў чытачоў узнікнуць падставы для роздумаў пра сэнс жыцця і смерці.

— Я хутка пісала гэтыя апавяданні, але сама на працягу некалькіх гадоў перажывала ўсё тое, што там апісана. Веру, што і чытачы змогуць з дапамогай маіх твораў стаць адкрывальнікамі іншага свету, — адзначае юная пісьменніца. — Зборнік быў створаны за тры месяцы. Ён пісаўся фрагментамі, якія часам узнікалі як запісы ў сшытках, на сурвэтках, з'яўляліся ў розных месцах — і ў цягніках, і ў падарожжы па гарах, і ноччу на кухнях у розных краінах свету, але адзіным цэлым усё гэта стала дома.

Алена Драпко

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Па-за зонай камфорту

Прочитано 163 раз