Понедельник, 26 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паэтычная геаграфія. Пры дарозе вяртання  

  • Понедельник, 14 июня 2021 12:40

Пятро Ламан – віцебскі акцёр і паэт. А нарадзіўся 11 ліпеня 1949 года ў вёсцы Маласельцы Карэліцкага раёна. На Гродзеншчыне. Скончыў Ярэміцкую сярэднюю школу. Легендарныя мясціны!.. Невялікія Маласельцы вядомасць сваю маюць здаўна. У XIX – на пачатку XX стст. паселішча ўваходзіла ў Ярэміцкую воласць Навагрудскага павета. У 1884 г. тут была адкрыта школа граматнасці. І ў 1890-1891 гг. у ёй навучаліся 15 дзяцей. Першая руская рэвалюцыя прынесла і сюды хваляванні. У 1906 годзе адбыліся сялянскія выступленні, забастоўкі. У 1921-1939 гг. Маласельцы – у Ярэміцкай гміне Навагрудскага павета і Турэцкай гміне Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства. А з 12 кастрычніка 1940 года – ужо ў Скорыцкім сельсавеце Мірскага раёна, затым, з снежня 1956 года, – у Карэліцкім раёне Баранавіцкай, пасля – Гродзенскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну загінула дзевяць жыхароў. Калгас – «Праўда» – арганізавалі ў гэтых мясцінах у 1949 годзе. Якраз у год нараджэння Пятра… Дакладней – у студзені. Вось у такой атмасферы сацыяльнага, гістарычнага характару фарміраваўся род Ламанаў, блізкіх Пятру людзей. Кагосьці ён заспеў, пра некага даведаўся з аповядаў… У школу хлопчык, падлетак хадзіў у Ярэмічы. Тыя Ярэмічы, якія далі свету яшчэ і пісьменніка Анатоля Жука, географа, матэматыка, эканаміста Міхаіла Лойкі, у гэтым паселішчы ў розныя гады вучыліся ў школе пісьменнікі Уладзімір Навумовіч, Алесь Бажко, публіцыст Барыс Ульянка, эканаміст, прафесар Ірына Мірачыцкая…

З верша «Добрач» Пятра Ламана: «Пры дарозе вяртання/ Дагарае чабор./ Наплывае змярканне/ На зажураны бор./ Скрыжаваннем распята/ Ападае на дол/ Ноч, прапахлая мятай,/ Як бабулін прыпол./ Пры дарозе свіціцца/ Воўчым вокам туга./ Ціха ўспыхне зарніца./ Нема крыкне пугач./ Можа, смага здаецца…/ Можа, варта забыць…/ Ля крыніцы вядзерца/ Звініць і звініць». Што ж гэта за Добрач?.. А гэта – урочышча каля вёскі Панямонне ў Карэліцкім раёне. У мяне атрымалася нядаўна туды зазірнуць. Унікальная мясціна, дзе рака Сэрвач упадае ў Нёман… Пахадзіў тут ля адной і другой рэк, надыхаўся паветрам, якое сілкуюць дрэвы, рэкі. А ля ўезда ў Панямонне – яшчэ ў параўнальна добрым стане будынак старога вадзянога млына…

Ці не пра яго напісаў акцёр і паэт Пятро Ламан, так вершам і назваўшы кнігу – «Стары млын», напісаў, сабраў зборнік, які пабачыў свет у «Мастацкай літаратуры» у 1988 годзе?.: «На далёкай мяжы/ Паміж мною і гостраю зоркай/ Узыходзіць, палае пад ветрам/ Гаючы палын./ На далёкай мяжы/ Паміж мной і ўтравелым пагоркам/ На змялелай рацэ/ Ёсць вялізны разбураны млын…» Так склалася, што кніга Пятра Ламана, пра якую ідзе гаворка, патрапіла да мяне 24 кастрычніка 1990 года. Такая дата запісана на першай старонцы зборніка, графічнае афармленне якога выканаў мастак Хведар Кашкурэвіч. І набыў я, відаць, «Стары млын» Пятра Ламана ў кнігарні ў мястэчку Пухавічы, бо да нядаўняга часу кніжачка і знаходзілася на паліцы маёй вясковай бібліятэкі ў суседняй Зацітавай Слабадзе, у бацькоўскім доме. А мо набыў і ў Мінску, дзе я стала жыў з верасня 1990-га…

Ды справа ж не ў гэтым. Кніга зараз са мною, у Карэлічах, на лецішчы. На паліцы з кнігамі Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка, Міколы Бусько, Рамана Тармолы-Мірскага, Вольгі Іпатавай, іншых пісьменнікаў, чые лёсы паяднаны з Карэлічамі, Мірам, Карэліцкім краем… Вось і чытаю ў кнізе мініяцюр і запісаў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля: «У кнігу пра Нёман мне было прыемна парэкамендаваць два невялікія ўрыўкі з Калеснікавай аповесці «Доўг памяці». Як яму з мамай і татам чароўна плылося супраць быстрай позневячэрняй плыні ў чаўне, на ўсяночную ў Ярэмічы, як зімою Нёман ператвараўся ў выдатны каток, і трэба было самому ладзіць канькі. Драўляныя, на канце падкаваныя кавалкам тоўстага дроту. Гэта другі ўрывак з Валодзевай аповесці выходзіў на школьныя вершы Якуба Коласа, што так хвалявалі майстра канькоў і лыжаў родным словам, і я не стаў там лішне скарачацца, – такое нам трэба ды трэба…» І пра Маласельцы Пятра Ламана ёсць у Янкі Брыля: «Коля Марцюк зрабіў у Вобрыне партызанскае сядло, я напісаў пазалетась пра гэтую ўдзячнасць. А наган даў мне Іван Смалянка, па-вясковаму Евін, у Маласельцах. Навёў мяне на яго мой старэйшы брат Коля, выдаўшы сябраву таямніцу. Ціхманы, дабрадушны Іван не стаў адмаўляцца, сказаў мне пачакаць яго ў сенцах, а сам унёс аднекуль з двара абматаную анучай цяжкаватую гамоліну і ацішана прагудзеў:

‒ Ванячко, каб другому каму – не даў бы…»

Пятро Ламан, надрукаваўшы першы верш у «Чырвонай змене» 18 кастрычніка 1970 года – «Рабіны», на старонкі «Маладосці» падборкай з чатырох твораў патрапіў ужо з лёгкай рукі пісьменніка-земляка, пра што і згадваў праз многія гады. А тады, у малады свой час, стараўся заўжды ў дзень нараджэння Івана Антонавіча – Янкі Брыля наведацца да яго на карэліцкае лецішча – у Крынічнае… Чытаем у адной з мініяцюр аўтара рамана «Птушкі і гнёзды»:

«Наша Крынічнае.

Да ўсяго прывыкаеш. Салаўёў яшчэ застаў, але запісваць не пацягнула. А жураўліны пераклік за Нёманам, дзе лугі тым часам дружна пайшлі ў зеляніну ад начных і дзённых дажджоў, чую кожную раніцу з дарогі ў пасёлак, як быццам без хвалявання, як штосьці звычайнае, неад’емнае.

Што ж, на дваццатай тут вясне» (Янка Брыль).

Відавочна, што паэзія Пятра Ламана – з роднай старонкі, з выхавання прыродай Карэліцкіх прастораў. І дажджы ў яго, і снег, які «віруе над хатай», і Нёман, што «ільды разрывае», зорныя ночы, якія шапочуць «шырокай ракой», і шмат якія іншыя з’явы і вобразы – гэта родныя Маласельцы, Ярэмічы, родны Карэліцкі, Наваградскі край.

Адгукніся,

Вярні неабсяжнае неба,

Лёгкі ядраны вецер,

Забыты спакой,

І дарогу дадому,

Дарогу да хлеба,

Што замешаны

Роднай гаротнай рукой.

(«Галасы цішыні»).

… Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Пятро Ламан – у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. Паўстагоддзя, лічы, – на сцэне. Як адзнака акцёру – і медаль Францыска Скарыны. А з 1983 года Пятро Ламан – член Саюза пісьменнікаў. Якраз у 1983 годзе пабачыў свет і першы вершаваны зборнік ураджэнца Маласельцаў – «Зерне імгенняў». У 1989 годзе выйшла яшчэ і кніга аповесцяў – «Астравы».

«Радзімай душы» называе свой родны край паэт Пятро Ламан: «Наваградак./ Нясвіж і Мір – / Пакут і гонару/ Трохкутнік./ Тваіх дарог/ Калючы жвір/ Пячэ,/ Гаючы, як трыпутнік./ Выносіць сэрца на пагорак,/ Душу ратуе ад калецтва/ Крылатым,/ Сцішаным прасторам,/ Глыбокай сцежкаю маленства». Сэрца мастака слова, усе яго ўнутраныя памкненні, уся яго свядомасць былі і застаюцца прывязанымі да роднай вёскі, яе ваколіц, да Карэліччыны, якая выпеставала талент і сфарміравала грамадзянскую пазіцыю літаратара і чалавека. Надалі яго паэзіі родных красак, якія ўжо застануцца ў беларускім прыгожым пісьменстве назаўжды… «Сцірты рудой саломы./ Пожні сыры пагляд./ Вяртаемся мы дадому/ Жменяй сухіх зярнят./ Знячэўку кальне пад сэрца/ Свежая баразна…/ Водар зямлі з-пад плуга…/ І голас: «Цябе не пазнаць…»/ І не пазнаеш вёску./ І не пазнаеш край./ Хто ты? / Чаго прыехаў?/ – Здароў, браток, і …/ Бывай». ( «Водар зямлі»).

Утульнасць з родным, цеплыня роднага, «радзіма душы» – ці не найвышэйшае шчасце, каб жыць у веры на лепшае і святлейшае жыццё?!. Пятро Ламан спасціг гэтую праўду, даўно знайшоў адказ на гэтае пытанне. Таму, відаць, і тая даўняя кніга, век якой з часу прышэсця з друкарні (а наклад зборніка, выдавецтвам якога пазначана «Мастацкая літаратура» і рэдактар якога – паэт Леанід Дранько-Майсюк, у колькасці 4 600 асобнікаў здезйснены на Мінскім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінаце Мінскага вытворчага паліграфічнага аб’яднання імя Якуба Коласа) складае ўжо болей як 33 гады, такая прыцягальная і родная. Таму і чытачам параю перагарнуць старонкі «Старога млына».

 

Алесь Карлюкевіч

Выява: polymia.by

Прочитано 3541 раз