Пятница, 24 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Навука ўтаймоўваць ваўкоў

«Любіць нас не будуць». Бо на тых, хто ведае і ўмее занадта шмат такога, што незразумела і недасяжна іншым, можна перакласці адказнасць за ўсё астатняе незразумелае і недасяжнае.

«Любіць нас не будуць». Гэта магічнае закляцце прамаўляе бабуля Дарафея на 44-й старонцы кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец, і гэтыя словы заклікаюць да жыцця, літаральна выцягваюць з туманнага балота безліч невытлумачальных жорсткасцей і даволі зразумелых супадзенняў і містычных падзей, якія адбываліся на адным невялікім кавалку зямлі.

Дарафея — шаптуха, як і яе бабка і прабабка. А Рына — галоўная гераіня кнігі — яе ўнучка, якая вырасла побач і павінна быццам бы пераняць бабчына майстэрства.

Уцёкшы з зямлі, на якой ужо нічога не атрымаецца, Рына працавала ў розных краінах, а апошні час даглядала старых у прытулку ў Германіі. Рына п’е з самага юнацтва, бо інакш усё навокал падаецца невыносным. Праз гэта яе выганяюць з працы, і жанчына вяртаецца на Радзіму, праводзіць у апошні шлях бабулю, якая адышла на сто першым годзе жыцця. Рына не была дома восем гадоў, але, трапляючы ў знаёмыя мясціны, згадвае і старыя жахі, легенды, прыкметы, якія наступаюць на яе за кожным паваротам. «Я не веру ва ўсё гэта, але каму зашкодзіць пару разоў паўтарыць патрэбную замову ці выканаць просты рытуал», — так Рына яшчэ неаднойчы падумае на працягу апавядання, каб утрымаць хісткую мяжу паміж рэальнасцю і містыкай, на якой балансуе ўвесь твор.

Сустрэўшы па дарозе некалькі прычын глынуць яшчэ віна або гарэлкі з сокам, Рына трапляе на родны хутар. Не адважваецца прыняць ад памерлай бабулівядзьмаркі дар, але выратоўвае ад агню яе рукапісы. Знаёмы почырк правакуе ўспамінаць дзяцінства і сталенне на хутары Арэдэбер, дзе жыццё было літаральна падзелена на чорную і белую паловы, паміж якімі і самой Рыне даводзілася балансаваць першы дзясятак гадоў. Праз глыбіню сваіх успамінаў гераіня дабіраецца да той самай кропкі, калі запытваецца ў бабкі Дарафеі, чаму іх ніхто не любіць. Старая знахарка прамаўляе запаветныя словы, і аповед заглыбляецца ўжо ў яе жыццё, цягнучы за сабой лёсы іншых людзей з сям’і, з найбліжэйшых вёсак, з мястэчка Ліпень. Дарафеі, што перажыла на гэтай зямлі дзве вайны і дзевяць улад, дакладна ёсць што згадаць.

Ева Вежнавец удала працуе з настраёвым і сімвалічным балансам, сплятаючы знахарскія байкі, прыкметы і рэцэпты з падзеямі, звужаючы гісторыю вялікай зямлі да гісторыі маленькай зямлі так, каб набліжаныя быццам пад мікраскопам працэсы выглядалі больш яскрава і зразумела. Як мы ведаем, што клеткі жывой матэрыі дзеляцца, але не бачым гэтага, так і ведаем, што была калектывізацыя і харчразвёрстка, войны і партызанскі рух. Але, каб назіраць працэс у падрабязнасцях, трэба звузіць тэрыторыю і настроіць павелічальны акуляр.

Тое, што Ева Вежнавец умее працаваць з чытацкім успрыманнем, становіцца зразумела з самага пачатку. Галоўная гераіня не можа трываць цвярозасці і ўсю дарогу з Германіі да родных мясцін п’е, і апавяданне разгортваецца адпаведна яе стану: становіцца ўрывачным, пераскоквае паміж лакацыямі, засяроджваючыся на кожнай на абзац-другі, выхопліваючы пару дэталяў. Далей, калі Рына дабіраецца да месца, дзе яе пачынаюць атакаваць уласныя забабоны, абступаць гісторыі з мінулага, аповед становіцца больш шчыльным, дэтальным і паслядоўным.

Большая частка кнігі — маналог бабулі, яе ўспаміны пра сябе і пра іншых. Тут паступова расшыфроўваюцца імёны, неаднойчы згаданыя раней. Гэты плотны насычаны расповед аформлены так, што часам губляеш у лабірынце гісторый кропку ўваходу. Атрымліваецца абсалютна кінематаграфічны ход, калі герой садзіцца нешта распавядаць, і яго словы замяняюцца сцэнамі на экране. Кінематаграфічнасці ўвогуле хапае ў тэксце, і тут зноў заўважны асаблівы баланс — тонкія характэрныя дэталі ў вобразах персанажаў, якія дазваляюць пазбавіцца нудных наўмысных апісанняў знешнасці і характару, і грувасткае апавяданне, насычанае мясцовай гаворкай. Гэта робіць тэкст і лёгкім, і важкім адначасова.

Але вагі яму надае і тое, што на працягу ўсяго Дарафеінага аповеду не забываеш, з якога закляцця ён пачаўся. Бо гісторыя, як і мясцовыя балоты, прасякнута крывёю, з цёмнымі падрабязнасцямі, чалавечай жорсткасцю і невуцтвам. Жанр аповесці абазначаны як балотная казка. Гэта сапраўды своеасаблівая казка, дзе ёсць таямнічы магічны прадмет, які трэба знайсці, замова-ключ, якая ў выніку спрацоўвае, мясцовая асаблівая магія. Але па канцэнтрацыі і насычанасці элементаў «Па што ідзеш, воўча?» — гэта казка з жудаснымі падрабязнасцямі, накшталту тых, што цэнзура адрэзала ад казак братоў Грым. Тут яны не проста не прыбраныя, а займаюць цэнтральнае месца ў структуры аповеду. І хаця аўтарка не робіць асаблівых акцэнтаў на гэтым, заўважаецца, што ў расповедзе Дарафеі прасочваецца жахлівы перапіс розных праяў нянавісці да жанчын — яе праяўлялі любыя мужчыны, прадстаўнікі любых улад. Каб проста выжыць, выратавацца, жанчыне трэба быць ведзьмай. Але ад некаторых не абароніць і гэта.

«Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец падаецца самай жорсткай, насычанай, вострай і стылістычна ідэальнай з кніг, што праходзілі праз гэтыя старонкі за апошнія гады. Як абазначана ў канцы, праца над аповесцю вялася амаль 10 гадоў. Дачытаўшы да гэтага абазначэння, абсалютна не адчуваеш, што прачытаў 140 старонак покет-фармату, але не можаш не заўважыць бездань працы, праведзенай з тэкстам.

Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва №19/2021

Больш матэрыялаў чытайце на сайце газеты

Падпісацца на папяровае выданне можна тут

 

Прочитано 234 раз
Другие материалы в этой категории: « Магія разгадак Сучасная сямейная сага »