Версия для печати

Душа душу чуе

  • Среда, 03 марта 2021 10:52

Алеся Карлюкевіча, зразумела, прадстаўляць не трэба. Святлану Ананьеву таксама. Аднак на ўсякі выпадак нагадаю. Святлана Віктараўна — кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязей Інстытута літаратуры і мастацтва імя Мухтара Аўэзава, намеснік старшыні праўлення Навукова-экспертнай групы Асамблеі народаў Казахстана. 

Яна часта наведваецца ў  Беларусь. Штогод удзельнічае ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і  час». Не абыходзяцца без яе і міжнародныя круглыя сталы «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», якія праводзіць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у рамках праграмы Дня беларускага пісьменства. Як пісьменніца, літаратуразнаўца, яна вялікую ўвагу надае навуковым, творчым кантактам і ўзаемасувязям, найперш тым, што тычацца Казахстана і Беларусі. Гэтым кірункам займаецца даўно. Невыпадкова з яе вуснаў прагучала прызнанне аб тым, што пачала ўжо нават разумець характары.

Не ў апошнюю чаргу гэта адбылося і  дзякуючы яе творчаму тандэму з Алесем Карлюкевічам, вынікам чаго сталі кнігі, напісаныя імі ў суаўтарстве. Абодва — даследчыкі дасведчаныя. Аднак у Святланы Ананьевай гэта лепш праяўляецца на казахстанскай дзялянцы, а ў Алеся Карлюкевіча, адпаведна, на сваёй, беларускай. Ды сумесна яны ўдала дапаўняюць адно аднаго. Дзякуючы такому суладдзю, казахстанскі матэрыял арганічна ўпісваецца ў беларускі. Тое ж самае, але ў іншым кірунку адбываецца і з беларускім матэрыялам. У выніку паўстае ўзбуйнены малюнак беларуска-казахстанскіх узаемасувязей.

У гэтым лішні раз упэўнівае кніга «Творчасць ёсць воля» («Творчество есть воля»), выпушчаная Выдавецкім домам «Звязда». Адкрываецца яна раздзелам «Беларусь у творчасці і  лёсе», дзе прадстаўлены творчыя міні-партрэты казахстанскіх пісьменнікаў, жыццё якіх звязана з нашай краінай, нашым народам.

Гэта найперш Адзі Шарыпаў. Да месца невялікая цытата: «Нашы культуры і  літаратуры звязваюць выбітныя асобы. Міністр асветы КазССР, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Казахстана, сакратар Саюза пісьменнікаў СССР, дэпутат Вярхоўнага Савета Казахскай ССР і Вярхоўнага Савета СССР, намеснік старшыні Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР, дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва М. А. Аўэзава». І далей: «А. Шарыпаў у лютым 1940 года быў прызваны ў армію і служыў у 7-й танкавай дывізіі ў Беластокскай вобласці Беларусі».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў у акружэнне. Выйшаўшы з яго, арганізаваў адзін з першых партызанскіх атрадаў на Смаленшчыне. Пазней атрад Сашкі-казаха, як называлі А. Шарыпава партызаны, увайшоў у склад 2-й Клятнянскай брыгады. А. Шарыпаў стаў яе камісарам. Пасля вайны напісаў шэраг мастацкіх твораў, сярод якіх і аўтабіяграфічная аповесць «Гісторыя аднаго паўкажушка».

Лёс варты асобнай кнігі. Як і лёс беларускі па паходжанні Людмілы Шашковай, які шчасліва працягваецца. Паэтэса, празаік, перакладчык. Піша па-руску і  па-беларуску. Менавіта яна на старонках «Казахстанской правды» вядзе рубрыку «ПроЧтение». Дзякуючы гэтай рубрыцы чытач даведваецца аб навінках літаратуры, найбольш значных падзеях міжнароднага супрацоўніцтва. Чым не прыклад для пераймання? Згаданымі імёнамі, вядома, мацярык беларускаказахстанскага супрацоўніцтва не абмяжоўваецца. Пра гэта таксама можна прачытаць у кнізе.

У нашы дні дзякуючы тэхнічным дасягненням лёгка збліжаюцца адлегласці. Тое ж самае тычыцца і мастакоўскіх стасункаў. Прынамсі, у  творчае супрацоўніцтва паміж Казахстанам і Беларуссю часам як бы «ўкліньваюцца» і прадстаўнікі іншых літаратур. Гэта добра відаць з раздзела — «Культурная звышпамяць як кантэкст казахска-беларускага і казахска-амерыканскага літаратурнага супрацоўніцтва».

Аўтары кнігі прыводзяць багаты фактычны матэрыял. Але асноўная гаворка тычыцца дваіх арыгінальных творцаў — рускамоўнай амерыканскай пісьменніцы Вікторыі Кінг і амерыканскай літаратаркі сербскага паходжання Дойны Галіч-Бар, якая піша па-сербску і па-англійску. Яе раманы «Званы і вецер» і «Дом разбітых люстраў» па-руску перастварыў Іван Чарота.

Цікава і тое, што адчуваецца «пераклічка» тэм і вобраза галоўнай гераіні ў  творчасці Людмілы Шашковай і Дойны Галіч-Бар. Гэта, па словах аўтараў кнігі, «вымагае ўважлівага вывучэння і працягу даследавання ў плане імалагічнага дыскурсу, як і праблема ўзаемнага бачання народаў — адна з асноўных у сучасным параўнальным літаратуразнаўстве».

У раздзеле ж «Казахстан — Беларусь — Кітай: літаратурнае супрацоўніцтва ў ХХІ стагоддзі» даследчыцкая «пераклічка» яшчэ больш шырокая. Улічваючы  ж рэаліі сённяшняга дня — вельмі своечасовая. Дыялог народаў немагчымы і без паспяховага асваення творчай прасторы. У дадзеным выпадку літаратурнай.

Звяртаючыся да творчасці лаўрэата Нобелеўскай прэміі Мо Яня, аўтары кнігі «Творчасць ёсць воля» пераканаўча сведчаць, як спадчына класіка кітайскай літаратуры стала класікай прыгожага пісьменства ўсяго свету. Ды і ўплывае на многіх пісьменнікаў у розных краінах. Дарэчы, яго вопыт чарговы раз сведчыць, што ў творчасці, як і ў жыцці ўвогуле, магчыма такое, што як бы супярэчыць звычайнай логіцы. Сапраўднае імя Мо Яня — Гуань Мое. На беларускую мову перакладаецца як «маўчы». А ён жа «гаворыць» на ўвесь свет. Так пераканаўча, што водгалас знайшоў не толькі ў чытацкіх сэрцах. Для пісьменнікаў многіх краін стаў прыкладам служэння слову.

Завяршае кнігу раздзел, назва якога, на першы погляд, нечаканая — «Пра літаратурную дыпламатыю». За гэтым стаіць і  збліжэнне народаў. Падобная еднасць адбываецца дзякуючы ўзаемным творчым кантактам. Таму сапраўды «празаікі, публіцысты, літаратуразнаўцы Казахстана і Беларусі выступаюць культурнымі і літаратурнымі дыпламатамі». У гэтай ролі добра зарэкамендавалі сябе і Святлана Ананьева з Алесем Карлюкевічам. Іх кніга «Творчасць ёсць воля» — таму пацвярджэнне.

Васіль Мікітчанка

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 162 раз