Понедельник, 02 08 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Дабрыня супраць злых чараў

Прыгоды, незвычайныя падарожжы, лёсавызначальныя рашэнні, якія так складана прыняць, бо ад іх залежыць жыццё не толькі тваё, але і тых, хто табе верыць, складаныя загадкі-галаваломкі, разгадка якіх азначае перамогу ў бітве супраць зла — усё гэта юны чытач знойдзе пад вокладкай прыгодніцкага фэнтэзі Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства», што нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці».

У герояў кнігі пачынаюцца канікулы, і бацькі адвозяць іх у вёску да бабулі з дзядулем — той пункт адліку, з якога ўсё і пачынаецца. Завязка пабудавана па класічнай схеме: дзеці даследуюць таямнічую камору, заваленую розным гаспадарчым начыннем, — яе заўжды трымалі пад замком, а тут раптам яна аказалася незамкнёнай — і праз загадкавае люстра малыя «выкульваюцца» ў дупло старога дуба ды апынаюцца ў іншасвеце, у Залюстрэччы… Здавалася б, не самы арыгінальны ход. Дзесьці такое ўжо было. І тут аўтар нагадвае голасам свайго героя: «Не, я чытаў казку “Аліса ў краіне цудаў”, глядзеў з захапленнем фільм “Дзясятае каралеўства”. Але патрапіць у тую краіну самому… Такое ў галаве не ўкладаецца». Што да арыгінальнасці, то яна выявіцца далей па сюжэце.

Той свет, дзе аказваюцца дзеці, нагадвае казачны: птушкі, змеі дый іншыя жывёлы ў каралеўстве Сварга размаўляюць чалавечымі галасамі, ёсць тут зачараваны мёртвы Чорны Лес, праз які немагчыма прайсці, бо Лясун будзе ўвесь час весці па коле, а табе будзе здавацца, што ідзеш прама, ёсць топкае Паганае Балота, якое засмоктвае ўсё жывое ў свае глыбіні, а багнік Кадук — яго гаспадар — любіць ласавацца стравамі, прыгатаванымі з малых дзяцей, і адно толькі пабачыўшы яго можна страціць розум… Наваколле населена рознымі таямнічымі істотамі накшталт вужалак, якія дапамагаюць багніку і прыгажосцю, весялосцю і гарэзлівасцю завабліваюць выпадковых мінакоў да згубы: пачварнымі чорнымі чалавечкамі з чорнымі лютымі тварамі, якія, ледзь кранаючыся травы, скачуць па наваколлі на невялічкіх карузлікавых конях і пры гэтым злосна смяюцца дзіцячымі пранізлівымі галасамі (ці не алюзія гэта на дзікае паляванне караля Стаха?). Страшнейшыя ад ваўкоў пярэваратні ваўкалакі нападаюць на людзей, асабліва маладых… Але не гэтыя міфічныя стварэнні з’яўляюцца самымі страшнымі ў каралеўстве Сварга: уладарыць у ім чорны вядзьмак Волх, хітры і падступны, які пры дапамозе свайго чароўнага кія выклікае злыя сілы, каб дапамагалі яму спраўляцца з непакорнымі жыхарамі…

І тут адразу становіцца зразумелай мэта з’яўлення Янкі і Міланы ў каралеўстве: яны павінны перамагчы злога Волха і вярнуць радасць насельнікам славутага некалі каралеўства, дух якіх Волху ўдалося амаль цалкам зламаць, і замест таго, каб вырашыць, што лепей: жыць пад прыгнётам ці памерці вольнымі, яны, запалоханыя, моўчкі сядзяць па закутках: ні жывуць, ні паміраюць.

Якім чынам двое непадрыхтаваных дзяцей могуць выратаваць каралеўства — адолець злога чараўніка? Іх поспех, як вынікае з расповеду, палягаў у нестандартным мысленні. Гэта выявілася і ў тым, як яны вызначылі «слабае звяно» ў ахове Волха, як распрацоўвалі стратэгічныя планы бітваў — і, дарэчы, майстэрству тых малалетніх стратэгаў пазайздросцілі б праслаўленыя палкаводцы — тут ёсць чаму павучыцца…

Але галоўнае, што спрыяла здзяйсненню самых смелых дзіцячых памкненняў — гэта іх еднасць паміж сабой, гатоўнасць ахвяраваць сабою за другога і іх дабрыня, велікадушнасць, арыентаванасць у бок святла. Так, праходзячы праз лес і зразумеўшы, што ў лесе пажар, дзеці забыліся на свой срах, на тое, што лес — чорны і мёртвы, і кінуліся яго ратаваць, тушыць пажар, нягледзячы на стому і занятасць, чым кранулі сэрца чэрствага лесуна. У якасці падзякі было дазволена прайсці праз зачараваныя ўладанні: дрэвы самі рассоўваліся і прапускалі вандроўнікаў. Падобная гісторыя адбылася і ў балотным валадарстве: Багнік падабрэў тады, калі Мілана нагадала пра пакуты жыхароў каралеўства і пра тое, што сярод іх ёсць хоць нехта дарагі валадару балот: «…добрае сэрца Міланы шчыра верыла, што нават унутры самай страшнай і жудаснай істоты жыве кропля нечага добрага і спагаднага. Бо гэта павінна быць у сэрцы кожнай жывой істоты».

Ёсць у дзіцячай казцы і алюзіі на дарослыя праблемы: так, асілак Вярнігара, расчараваўшыся ў сваім народзе, ізалюецца ад свету ў самым непрыступным кутку каралеўства і цягне вартае жалю самотнае існаванне — а што гэта, як не глыбокая дэпрэсія? Волх прымусіў прыслужваць сабе Цмока, па сутнасці, не схільнага да зла і насілля, шантажыруючы жыццём нашчадка — скраў цмокава яйка і схаваў у глухой пячоры…

Але ж дабро абавязкова павінна перамагчы зло, як бы яно ні вычваралася, якія б хітра-мудрагелістыя спосабы падману ні вынаходзіла! Гэта асаблівасці жанру дзіцячай казкі, дый у сапраўднасці, згодна з усходняй філасофіяй, карма — закон прычыны і выніку — заўжды спрацоўвае. Адсюль, мусіць, і растуць карані выказвання: няма казак лепшых ад тых, што складаюцца самім жыццём.

Кніга, разлічаная на дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, будзе цікавай і іх бацькам: яна вучыць непрамалінейна мысліць, знаходзіць выйсце там, дзе яго, здавалася б, няма і быць не можа, думаць і клапаціцца найперш пра тых, хто побач: калі ёсць адчуванне еднасці, пераадолець магчыма ўсё.

Яна Будовіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва № 24/2021

 

Прочитано 308 раз