Воскресенье, 20 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Алег Лойка. «Самааддана любіў тое, што рабіў, і апантана рабіў тое, што любіў»

Першае, пра што згадваеш, калі чуеш імя Алега Лойкі, — гэта творчы асяродак, літаб’яднанне «Узлёт», якім ён кіраваў чвэрць стагоддзя і ў якім узрасціў мноства вядомых сёння літаратараў: пісьменнікаў і навукоўцаў. Ці не паўплываў на гэта той факт, што ў свой час вершы юнага, яшчэ 12-гадовага, паэта Алега Лойкі ўхваліў Сяргей Новік-Пяюн? Пахвала акрыліла… Потым з’явілася разуменне: наколькі моцна малады талент залежыць ад падтрымкі таго, каму давяраеш… 

Творчая сустрэча ў Будслаўскай СШ Мядзельскага раёна. Сярод удзельнікаў — Алег Лойка. Фота даслана Ірынай Саматой.

Творчая сустрэча ў Будслаўскай СШ Мядзельскага раёна. Сярод удзельнікаў — Алег Лойка. Фота даслана Ірынай Саматой.

Алег Лойка, доктар навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, легендарны дэкан філалагічнага факультэта БДУ, аўтар каля 100 кніг, з якіх больш ад 30 — зборнікі паэзіі, 2 раманы, некалькі дзясяткаў літаратурных даследаванняў, шматлікіх перакладаў, рэцэнзій, эсэ.

Найвялікшым захапленнем, якое Алег Лойка пранёс праз усё жыццё, стаў Янка Купала. Навуковец даследаваў творчасць нацыянальнага генія, з наватарскай смеласцю паказаў многія факты яго біяграфіі, жыццёвую драму і ўзаемаадносіны з пісьменніцкім асяродкам, нават пераасэнсаваў спробу самагубства паэта, калі 22 лістапада 1930 года пасля вяртання з чарговага допыту Купала зрабіў сабе харакіры. У адчайным учынку Лойка бачыў пратэст, намаганне сцвердзіць сваю волю, свой шлях, «Беларусь увогуле, яе будучыню ўвогуле».

Даследчык не спыніўся на гэтым — пайшоў далей, выказаўшы ўласную версію гібелі Янкі Купалы. Ключавым момантам бачыў верш «Беларускім партызанам» — голас паэта, лічыў, быў пачуты ва ўсёй Беларусі і ўсесаюзна, стаў магутным, стаў сцвярджаць новае ўзвышэнне, новае самасцвярджэнне народа. «І, хто ведае, ці не стала менавіта гэтае новае пацвярджэнне Я. Купалам ягонага валадарніцтва беларускім словам прычынай яго дачаснай пагібелі», — меркаваў вучоны.

А ў адным з апошніх інтэрв’ю ў «ЛіМе» за пяць гадоў да смерці Алег Лойка выказаў перакананне ў тым, што самагубства Янкі Купалы 28 чэрвеня 1942 года насамрэч было забойствам: «Я ведаю псеўданім аднаго з удзельнікаў спецгрупы, якая праводзіла аперацыю. Чалавек гэты жыў у Гародні і прызнаваўся ў прыватнай гутарцы, што меў дачыненне да знішчэння Купалы…»

Адметны факт: Алег Лойка (ці не першым) выказаў думку аб тым, што Янка Купала не пісаў у «Звязду» пісьма-самаагаворвання пад назвай «Адкрыты ліст» (10.12.1930). За яго гэта зрабілі іншыя… Даследчык пацвердзіў сваё меркаванне важкімі аргументамі.

Аналізуючы сучасную яму маладую паэзію, Алег Лойка звярнуў увагу, як шмат у ёй перайманняў, наследаванняў і сувязей са спадчынай Янкі Купалы. У прыватнасці, падкрэсліваў А. Лойка, пераклікаецца з Купалавай наватарская філасофская лірыка Алеся Разанава.

Алег Лойка сябраваў з Уладзімірам Караткевічам. Да грунтоўнага аналізу яго творчасці звярнуўся напрыканцы жыцця, калі быў ужо цяжкахворым. І разам з тым здзейсніў сваю больш як дваццацігадовую задуму — асэнсаваць постаць Уладзіміра Караткевіча і згадаць нешта цікавае пра іх блізкае сяброўства. На першы зборнік Караткевіча «Матчына душа» і на другі — «Вячэрнія ветразі» — напісаў рэцэнзіі менавіта Лойка. З-пад яго пяра выйшаў і артыкул «Хваляванне за сучасніка», дзе аўтар ставіў раман У. Караткевіча «Нельга забыць» у адзін шэраг з мележаўскімі «Людзьмі на балоце» і быкаўскімі «Здрадай» і «Трэцяй ракетай». Сваю любоў да Караткевіча Лойка перадаў і студэнтам БДУ…

Паэтычны семінар. Сядзіць першы справа Алег Лойка, 1980 г. Фота даслана Сяргеем Чыгрынам.

Паэтычны семінар. Сядзіць першы справа Алег Лойка, 1980 г. Фота даслана Сяргеем Чыгрынам.

Да ўвагі чытача — успаміны некаторых студэнтаў і ўдзельнікаў літаб’яднання:

Уладзімір ЯГОЎДЗІК, празаік, драматург:

Напрыканцы красавіка 2007 года познім вечарам мне пазваніў Янка Саламевіч:

— Ты не збіраешся на першамайскую дэманстрацыю?

— Не, я больш люблю маёўку, асабліва каля рэчкі ці возера.

— Тады запрагай сваё аўто. Паедзем заўтра на Слонімшчыну, павіншуем з днём нараджэння Алега Антонавіча.

Алега Лойку і Янку Саламевіча звязвала не проста зямляцтва, а моцная, правераная дзесяцігоддзямі дружба. Пакуль мы ехалі, Іван Уладзіміравіч прыгадваў вясёлыя выпадкі з іх даўняга сяброўства. А потым прызнаўся:

— Дзякуючы яму я знайшоў сябе ў жыцці.

Пад гэтымі словамі могуць падпісацца многія выпускнікі філфака БДУ, а найперш паэты і празаікі, якія гуртаваліся пры літаб’яднанні «Узлёт», што заснаваў і доўгі час узначальваў прафесар Лойка. Не буду пералічваць іх імёнаў. Яны даўно ўпрыгожваюць нашу літаратуру.

Апошнія 10 гадоў Алег Антонавіч жыў у Слоніме. Яго даймалі хваробы. Давялося перанесці некалькі цяжкіх аперацый. А калі мы прыехалі, я ўбачыў не абязножанага інваліда, а чалавека з яснымі добрымі вачыма. Ён чытаў нам у застоллі новыя вершы і змахваў скупыя слёзы…

Падчас нашай сустрэчы я атрымаў у падарунак кнігу «Дрэва жыцця», выдадзеную ў 2004 годзе ў слонімскай друкарні. «Кніга аднаго лёсу» — так аўтар пазначыў яе жанр. Сапраўды, гэты важкі (больш за 600 старонак) том, складзены з біяграфічных матэрыялаў, падсумоўваў яго жыццёвы і творчы шлях.

— У маладосці я быў у тваіх Кастровічах, — сказаў мне Алег Антонавіч, падпісваючы кнігу. — Нават пакупаўся у вашай рэчцы Бярозе. Вада была вельмі халодная, відаць, там жыве шмат крыніц…

А надпіс скончыў незвычайна, як і належыць Паэту: «Перш за ўсё — улюбёнасць… 1.05.07. Алег».

Зміцер ДЗЯДЗЕНКА, пісьменнік, журналіст:

Алега Лойку пабачыў упершыню 1 верасня 1989 года. Першакурснікаў, якія толькі прыйшлі на філфак БДУ, знаёмілі з тым, што чакае. Прафесар Лойка са сваёй абаяльнай усмешкай паведаміў:

— Падлічана, што на прачытанне ўсёй абавязковай літаратуры, якую вам зададуць на філфаку, патрэбна дзесяць гадоў. А вучыцца давядзецца ўсяго пяць…

Рэцэптам выйсця з гэтай сітуацыі Алег Антонавіч тады са студэнтамі не падзяліўся — давялося выкручвацца самастойна… Пазней Алег Лойка вёў у нас курс літаратурнага краязнаўства. Не ведаю, ці захаваўся на філфаку той курс лекцый, бо ён, напэўна, быў выключна ініцыятывай самога Алега Антонавіча. У лекцыях спалучалася навуковае багацце інфармацыі з паэтычным багаццем мовы. Паэт у прафесары не тое, каб перамагаў, але ўдала дапаўняў выкладчыка. На адной з лекцый ён літаральна рассцілаў перад студэнтамі дыван з назваў раслін, якія атачаюць беларуса, — у лесе, на лузе, у кветніку каля хаты… Іншая лекцыя прысвячалася рэкам, і Алег Антонавіч літаральна спяваў назвы рэк, па якіх сяліліся славяне: Дон-н-н, Дун-н-най, Дн-н-няпро…

Сяргей ЧЫГРЫН, паэт, гісторык, літаратуразнавец, краязнавец, перакладчык, журналіст:

Старастай універсітэцкага літаб’яднання «Узлёт» была паэтка-студэнтка Ала Канапелька. А потым, калі Ала скончыла філфак, Алег Лойка прызначыў мяне. Хлопцы нават жартавалі: «Слонімцы літаратуру хочуць узяць пад свой кантроль». Іншыя называлі мяне вядомым лойкавым радком «Юнак быў з-пад Слоніма родам…» Тым не менш, ніхто за гэта ў крыўдзе не быў. Літаб’яднанне актыўна працавала, а ў 1985 годзе «ўзлётаўцы» выдалі свой чарговы паэтычны зборнік «Вусны».

Паэтычны зборнік літаб'яднання «Узлёт», 1985 г. Фота даслана Сяргеем Чыгрынам.

Паэтычны зборнік літаб'яднання «Узлёт», 1985 г. Фота даслана Сяргеем Чыгрынам.

Ішоў 1984 год. На філфаку сустрэў мяне Алег Антонавіч і кажа: «На наступным тыдні будзе пасяджэнне “Узлёту”, то напішы аб’яўку і вывесі на другім паверсе факультэта». Мы тады вучыліся на вуліцы Чырвонаармейскай, 6. Я «выканаў» просьбу прафесара. Напісаў: «У такі дзень і час адбудзецца пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Узлёт”. Запрашаюцца паэты і празаікі, якія пішуць і думаюць па-беларуску».

Вечарам да мяне ў інтэрнацкі пакой прыбягае вахцёр і кажа, што прафесар Лойка тэлефануе і хоча тэрмінова са мной пагутарыць. Бягу на першы паверх, бяру слухаўку і чую ўсхваляваны голас Алега Антонавіча: «Сяргей, калі ты пісаў гэтую аб’яву, чым ты думаў — галавой ці іншым месцам?» «Галавой!», — адказваю. — «Не думаю, што галавой», — сказаў прафесар і паклаў трубку. Нічога не зразумеўшы, я пайшоў да сябе. Толькі пазней даведаўся, што Алега Антонавіча наконт зместу аб’явы выклікалі ў рэктарат і зрабілі заўвагу. А ён папярэдзіў мяне. Бо ў 1980-я гады радок «запрашаюцца паэты і празаікі, якія пішуць і думаюць па-беларуску» «пах» нацыяналізмам. У апошнія гады жыцця, калі Алег Лойка жыў у Слоніме, я прыгадаў яму гэты студэнцкі факт. Алег Антонавіч сказаў: «Далібог, Сяргей, не памятаю…».

У 1982 годзе прафесар Лойка выдаў у Маскве ў серыі «ЖЗЛ» кнігу «Янка Купала». Гэта была першая кніга, напісаная беларусам пра беларуса і выдадзеная ў вядомай расійскай серыі, якую заснаваў Максім Горкі яшчэ ў 1933 годзе. Пасля ў актавай зале філфака БДУ адбылася яе прэзентацыя. Зала была запоўнена студэнтамі і выкладчыкамі. Прафесар Сцяпан Александровіч выступіў з вострай крытыкай кнігі, усе астатнія выступоўцы яе хвалілі і віншавалі аўтара з творчай удачай. Пазней я запытаўся ў свайго земляка: «Чаму ваш сябра і калега так крытычна аднёсся да выдання кнігі?» Алег Антонавіч адказаў: «Сцяпан Хусейнавіч Александровіч хацеў у Маскве выдаць адначасова кнігу і пра Якуба Коласа. Але Маскве тэкст той кнігі не спадабаўся. Вось ён і зазлаваў».

Прадмову да кнігі Алега Лойкі напісаў Іван Шамякін. Яна была невялікая, але важкая. Іван Пятровіч адзначыў, што кніга «гістарычна дакладная, праўдзівая, шчырая».

Наклад выдання пра Янку Купалу быў тады 150 тысяч экзэмпляраў. Тым не менш, купіць у Беларусі яго было немагчыма. Толькі праз 16 гадоў Алег Лойка падпісаў кнігу мне ў Слоніме: «Майму земляку і філфакаўцу Сяргею Чыгрыну, што Купалаўскімі сцежкамі крочыць. Поспехаў і шчасця! Алег Лойка, 1998 г.»

Ірына САМАТОЙ, літаратуразнаўца:

Памяць зберагла ўсё ад першага і апошняга дня знаёмства з Алегам Антонавічам. І яго магічныя акуляры ў залатой аправе, і прафесарскі, туга набіты паперамі партфель з двума замкамі, і нязменна прыветлівую ўсмешку, палётны голас. Усё гэта заварожвала і прыцягвала нас, студэнтаў-першакурснікаў. А лекцыі па гісторыі старажытнай беларускай літаратуры, як тая машына часу, пераносілі са стагоддзя ў стагоддзе, адкрываючы новыя постаці і падзеі. Менавіта на яго занятках, як і на лекцыях Ніла Гілевіча, Сцяпана Александровіча, Дзмітрыя Бугаёва, Вячаслава Рагойшы, адбывалася станаўленне нашай нацыянальнай свядомасці.

На пасяджэнне творчага аб’яднання «Узлёт», якім кіраваў Алег Антонавіч, прыходзілі не толькі філолагі, але і журналісты, матэматыкі... Уважлівы і добразычлівы, ён тактоўна рабіў заўвагі, слухаючы выступоўцаў, часам у прыватнай размове даваў парады.

Падчас аднаго з пасяджэнняў падарыў кожнаму «ўзлётаўцу» сваю новую кнігу «Як агонь, як вада» з аўтографам.

Навуковым кіраўніком маёй дыпломнай працы «Інтымная лірыка Янкі Купалы» быў Алег Лойка, а рэцэнзентам — Варлен Бечык. Менавіта ад Алега Антонавіча даведалася шмат цікавага пра сваю зямлячку з Будслава Паўліну Мядзёлку. Неаднаразова ён быў госцем будслаўскай школы, выступаў перад настаўнікамі і вучнямі.

Алег Антонавіч самааддана любіў тое, што рабіў, і апантана рабіў тое, што любіў.

Матэрыял падрыхтавала Яна Будовіч

Крыніца: «Літаратура і мастацтва»

Прочитано 1254 раз