Четверг, 30 06 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У Выдавецкім доме “Звязда” выйшла кніга сучаснай азербайджанскай паэзіі

  • Воскресенье, 29 июля 2018 14:29
  • Автор  Сугучча

 “Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія” – не першы сумесны праект беларускіх выдаўцоў і Перакладчыцкага Цэнтра пры Кабінеце Міністраў Азербайджанскай Рэспублікі. Некаторы час назад у перастварэнні на беларускую мову выйшла кніга паэзіі Лэйлы Аліевай. Перакладчыкам вершаў Лэйлы Аліевай выступіла таленавітая беларуская паэтэса Таццяна Сівец. Дарэчы, многія яе пераклады з азербайджанскай паэзіі друкаваліся на старонках літаратурна-мастацкай перыёдыкі. Таццяна Сівец з’яўляецца яшчэ і аўтарам паэмы “Баку”. Перакладчыкамі ў анталогіі сучаснай азербайджанскай паэзіі поруч з Таццянай Сівец выступаюць Навум Гальпяровіч, Юлія Алейчанка, Валерыя Радунь.

Выдавецкі дом “Звязда” пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выпусціў і кнігу паэзіі Чынгіза Алі аглу “Знічкай пакіну цябе я”, а таксама кнігу Севіндж Нурукызы, адрасаваную юнаму чытачу.

У зборніку “Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія” змешчаны вершы Самеда Вургуна, Мікаіла Мушвіга, Расула Рзы, Набі Хазры, Лэйлы Аліевай і яшчэ 34 паэтаў, якія ў дваццатым стагоддзі стваралі мастацкі летапіс багатай на гісторыю і асветніцтва старонкі, а хтосьці з іх і сёння актыўна працуе ў нацыянальнай літаратуры Азербайджана. З прадмовай да кнігі – “Азербайджанская паэзія” выступае акадэмік Нізамі Джафараў. Вось што ён, у прыватнасці, заўважыў: “… пачатак XX стагоддзя характарызуецца не толькі ідэалагічным уздымам у грамадска-палітычным і культурным жыцці Азербайджана, але і сур’ёзнымі супярэчнасцямі, супрацьстаяннямі і катаклізмамі. Усё гэта праяўляецца ў творчасці бліскучых паэтаў – Сабіра, Абаса Сахата, Мухамеда Хадзі, Гусейна Джавіда. На наш погляд, асноўная супярэчнасць заключаецца, з аднаго боку, у апагеі канфлікту цюркізму, ісламізму з сучаснасцю, з другога – у адстойванні меркавання пра разгляд іх у адзіным ключы. Паэзія падзелена на два супраціўных лагера – рамантыкаў і рэалістаў. Рамантызм, які аказаўся мацнейшым у гэтай сутычцы, знаходзіць адлюстраванне ў розных плынях”.

Гартаючы старонкі анталогіі, зважаючы на тэматычныя абсягі ў творчасці паэтаў розных пакаленняў, заўважаеш відавочнае – нягледзячы на рознасць паэтычных стыляў, мастакі слова аднолькава грунтоўна ставяцца да нацыянальнага духу, патрыятызму, агульначалавечых каштоўнасцяў, гуманізма, кахання, прыгажосці прыроды.

Калі кажа: “Занадта просты.

Не дарос да мяне народ…”

Дык і ты яму – не па росце,

Задаволься сваёй нарой!

Не спяшайся спазнаць і змерыць,

Не імкніся ў шырокі свет.

У народ ты павінен верыць.

Без народа памрэ паэт.

(Набі Хазры. “Паэт і народ”).

Дарэчы, яшчэ ў 1936 годзе ў Мінску быў праведзены вечар азербайджанскай паэзіі, удзельнікамі якога былі Мікаіл Мушвіг і Гусейн Джавід – легендарныя паэты, якіх не абмінуў каток сталінскіх рэпрэсій. Сёння ў Мінску жыве і працуе мастак азербайджанскага паходжання Каміль Камал. Адна з яго работ аб’яднала дзве постаці, двух мастацкіх геніяў – Максіма Багдановіча і Мікаіла Мушвіга. Карціна была прэзентавана ў цэнтры культуры Азербайджана ў Беларускім педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Так што, у беларуска-азербайджанскіх культурных, літаратурных адносін багатая гісторыя. І новая паэтычная кніга – яшчэ адна выразная ў ёй старонка.

Мікола Берлеж

Прочитано 7251 раз