Пятница, 20 05 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Старыя кніжныя развалы. Душа адкрытая…

Здараецца, што сярод кніжных сустрэч адкрываецца тое, што не вельмі і кідкае на першы погляд. І тым болей не дужа заўважанае рэкламай рознага кшталту. Але такія кнігі, за вокладкамі якіх сабраны таямніцы душы чалавечай, застаюцца ў тваім сэрцы, трывожаць свядомасць падоўгу…

Памятаю, якімі ўражлівымі аказаліся для мяне асабіста публікацыі пісьмаў Віктара Астаф’ева, адрасаваныя маці. Калі такое выносіцца на людзі – заўжды адчуваеш сябе і адказным чытачом… Размова сына з маці, успамін пра маці – гэта перажыванні, асэнсаванні надзвычай эмацыйнага характару, пражыванне яшчэ аднаго жыцця, некалі ўжо адкрытага…

А гэта ўжо – наша, родная, беларуская сустрэча з кнігай… «Паслаў бы табе душу …» – так назваў у свой час народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін кнігу, у якую ўклаў ліставанне з мамай, Акулінай Андрэеўнай Барадулінай (1954 – 1971)… Што ў ёй паэзія , што проза … Другі паэт, які напісаў прадмову да кнігі, заўважыў і такое: «Калі й не хапала ў беларускім прыгожым пісьменстве нейкай кнігі, дык такой. Гэтую кнігу ліставанняў Маці і Сына будуць чытаць, патанаючы ў глыбінях пачуццяў, выяўленых з такой шчырасцю, якая толькі магчымая ў чалавеку. Сын у сваіх лістах, каб выглядаць шчаслівейшым і багацейшым, часам спрабуе ў нечым схітрыць і нават спытаць, хітруючы: «Што табе яшчэ зманіць?..» А ў маці ніякіх хітрыкаў, ніякай маны ні ў чым ніколі: «Жду тибе, мой сынок, хочацца тибе відеть, расказаць усё сваё гора и роскаш…»

Ёй выглядаць не трэба, навыглядалася…

Шчымлівае чытво…І шмат у чым (калі нібыта, як цябе самога, спазнаў чалавека, побач з якім пражыў паўжыцця) нечаканае. Чытаеш – і яшчэ раз пераконваешся: не ведаем мы адзін аднаго (усе ўсіх), якія мы ні ёсць блізкія. Так, не зведаўшы, і развітваемся навечна. Калі выпадкова (як праз гэтыя лісты) не зазірнем у спраты, у сховы сваіх сяброў, дзяцей, бацькоў…»

Чытаеш лісты маці Акуліны Андрэеўны, чытаеш лісты сына – народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, пры жыцці стаўшага класікам айчыннай літаратуры, і бачыш адкрытае насцеж жыццё, бачыш падстаўленыя вятрам нягод і трывог пачуцці, сардэчныя перажыванні. І, канешне ж, думаеш пра сваё, уласнае, а гэта ўжо – адзнака сапраўднага мастацтва, сапраўднай паэзіі… І сцелюцца перад вачыма эпісталярныя літаркі бы верлібры, здольныя пранікнуць у самыя глыбокія цянёты падсвядомасці. 

Такое, што сабралася і ўклалася ў гарачую, пякучую да сарамлівасці кнігу, не прыдумаеш… Адкрыйце старонкі сыноўняй шчырасці, мацярынскай любові – і вы станеце на адно сэрца багацейшымі, задумаецеся, дзеля чаго і ў імя чаго ўсе жыццёвыя мітрэнгі, навошта многія пустыя памкненні, і як увогуле жыць, дыхаць далей, ведаючы, дзе твой род, дзе твае вытокі…

 

Мікола Міршчына

 

Прочитано 7728 раз