Пятница, 20 05 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Незвычайнае – у звычайным: Чытаючы вершы Вольгі Савасцюк

Вольга Савасцюк жыве ў Мар’інай Горцы, на Пухавіччыне. Доўгі час працавала галоўным рэдактарам газеты «Пухавіцкія навіны». Выпускніца філалагічнага факультэта і факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар кніг паэзіі, адрасаваных дзецям, -- «Палахлівы матылёк» і «Юлін рэстаран». 

Пісаць вершы для дзяцей – занятак на ніве прыгожага пісьменства для паэтаў адважных, тых, хто здольны да яснага і разам з тым вобразнага выкладання думак, сюжэтаў, мастацкіх дэталяў. Размаўляючы з дзецьмі, не схаваешся за высокую і мудрагелістую філасофію. І штукарства са словам тут – не выйсце. Адкрываючы старонка за старонкай кнігу пісьменніцы Вольгі Савасцюк «Палахлівы матылёк», разумееш, што якраз усё гэта аўтар добра разумее.

На канікулах да Мішкі

Завітала ў госці мышка. 

Дзіўны выбрала атэль:

Абжыла яго партфель.

 («Госця»).

… Маючы па дыпломе ці дыпломах дзве прафесіі – настаўніка беларускай мовы і літаратуры і журналіста, пісьменніца шмат сіл, намаганняў аддала журналістыцы. Акалічнасць істотная. Мець сям’ю і працаваць журналістам, не шкадуючы, акрамя фізічных сіл, душы і нерваў, сардэчнага гарэння на штодзённую газетную працу – гэта адно. Дадаць да гэтага яшчэ і паэтычныя вышукі, прычым плённыя, вынік якіх прыцягвае ўвагу чытача, – зусім іншае. І справа не толькі ў часе, якога вымагае адказны занятак. Справа яшчэ і ва ўнутранай арганізацыі асобы.

Герой і гераіня (хлопчык і дзяўчынка, ад імя якіх паэтэса вядзе вершаваны аповед) – як правіла, назіральныя малечы. Здараецца, што аснову дзіцячай паэзіі складае прынцып гульні. Як прыклад – вершатворчасць Станіслава Шушкевіча, адрасаваная зусім малому чытачу. Часам верх бярэ фальклорная аснова. Не апошняе месца займаюць і казачныя элементы. Вольга Савасцюк робіць акцэнт на развіцці ў юнага чытача рэалістычнага светабачання. Яе героі азіраюцца навокал сябе і бачаць свет такім, які ён ёсць на самай справе. Дарэчы, дазволю сабе некаторае адступленне. Неяк давялося гутарыць з вядомым ва Украіне дзіцячым пісьменнікам Ігарам Січавіком, аўтарам многіх вершаваных і празаічных кніг. І вось што ён, у прыватнасці, заўважыў: «На вялікі жаль, сучасныя мадэрністы павялі дзіцячую літаратуру ў накірунку гарыпотэрства... Дзеці пачынаюць страчваць уяўленне пра рэальнасць, знаходзяцца ў незразумелай віртуальнай прасторы. Але жыццё можа падносіць ім у будучым зусім іншыя неспадзяванкі. Казка павінна быць добрай і стаць настаўнікам для дзяцей…» Рэалістычны дзіцячы верш, як аказваецца на паверку, ёсць болей складаная мастацкая канструкцыя, чым «мадэрнісцкая» ці «постмадэрнісцкая» казачка. Канешне ж, пісаць пра жыццё, з разлікам, што жыццёвы вопыт будзе па-мастацку прыцягальным – зусім не значыць, што трэба скідваць з разлікаў фантазію, вобразнае мысленне. І гэта цудоўна разумее аўтар кніг «Палахлівы матылёк» і «Юлін рэстаран». Героі, якіх Вольгі Савасцюк вылучае ў пэўных сітуацыях, аказваюцца назіральнымі маладымі людзьмі, здольнымі ўбачыць неардынарнае развіццё сітуацыі, вылучаюць з тыповага, штодзённага нешта асаблівае. 

Асобнае месца ў кнізе займаюць вершы, якія прысвечаны звярам, птушкам, хатнім жывёлам.

Пад бярозай ля шашы

Ладзяць хату мурашы.

Сіл патрацілі нямала.  

Столькі радасці:

Іншамаркі, самазвалы

Тут сігаюць дзень пры дні.

Архітэктар вінаваты – 

Выбраў месцейка для хаты! 

(«Архітэктар выінаваты»). 

Так, часам наперадзе – толькі малюнак, толькі пэўны зрэз убачанага. А іншым разам паэтэса вымалёўвае дынамічную карціну дзейства з удзелам герояў з жывёльнага ці птушынага свету. Як, прыкладам, у вершах «Напалохала сарока», «Гасцінец», «Палахлівы матылёк», іншых творах. Асобна ў творчасці Вольгі Савасцюк вылучаецца вершаваная казка «Служка-воўк». Жыве ў адзіноце ў лазовым гушчары стары воўк. Сумуе. Няма былой прыткасці. Ужо і згодны ласавацца зайцавым хлебам сірочым. Словам, жаласлівае і галоднае жыццё надыйшло ў колішняга зухаватага і агрэсіўнага ляснога гаспадара… А цяпер жа вось і нават не ў лесе хаваецца, а ў лазняку, каля балота. Ды ўсё адно жыць трэба. І тады вырашае воўк папрасіцца на службу ў двор да дзеда-лесніка, чыю хату ён прыкмеціў на ўзлеску. І ў выніку ідзе на сустрэчу з чалавекам, спадзеючыся займець спагаду і ласку: « – Ах ты, шэры небарака, / Чым табе дапамагчы?/ Воўк яму гаворыць:/ – Як сабака, / двор твой буду сцерагчы, / Толькі ты кармі за гэта/ І зрабі мне цёплы дом..,/ Трэцца воўк ля ног у дзеда/ І павільвае хвастом». Але ж, ад’еўшыся, забыўшыся на голад і холад, воўк паказвае дзеду клыкі і цёмнай ночкай пакідае сваю службу. Не абыйшлося тут, праўда, – відаць, па даўно заведзенай казачнай традыцыі?! – і без разумніцы-лісы. «– Эх, сівая барада!/ І каго прывеціў…/ Там , дзе воўк – заўжды бяда,/ Ведаюць і дзеці./ Пра такога сябрука / Прымаўка згадае: /«Колькі ні кармі ваўка , / У лес ён паглядае». 

Казкі Вольгі Савасцюк ( прываблівае яшчэ і гісторыя маленькага ліса, які заблукаў, – «Рыжык-уцякач») – выразная спроба стварыць, прыдумаць гульнявое дзейства. Паэтэса ўсведамляе, што прыдуманыя ёю персанажы павінны дзейнічаць у залежнасці ад свайго іміджу, ад той народнай традыцыі, у кантэксце якой яны існавалі і ў фальклоры розных стагоддзяў, у народным паўсядзённым уяўленні. Сарока – балбатлівая, гаваркая. Вожык – добры, лагодны. Парушаюцца разуменні, традыцыйныя ацэнкі Лісы. «Як агонь, ліса ляціць, / Лесам да бярозы, \ Пад якой сынок сядзіць, \ Выцірае слёзы…» Хаця ж, чаму парушаюцца..? Проста аўтар адыходзіць ад вобраза хітрай, мудрай ляснй жыхаркі па іншай прычыне. Вольга Савасцюк піша пра сітуацыю, у якой выяўляюцца перажыванні маці. «Гэй, лісіца, што ў журбе/ Нюхаеш слядочкі? / Адшукала я твайго / Неслуха сыночка./ Падхапілася ліса, / Бы з радні маланцы./ А сарока кажа ёй: / – На Грыбной палянцы…»

У кнігу «Палахлівы матылёк» Вольга Савасцюк уключыла і некалькі празаічных апавяданняў. Лаканічныя, пабудаваныя на цікавых жыццёвых гісторыях, гэтыя творы («Падарунак», «Лясны падарожнік») ствараюць своеасаблівы дзіцячы свет, прымушаюць і юнага чытача заняцца развагамі пра паводзіны, пра пэўныя стасункі ў грамадстве. І «Палахлівы матылёк», і «Юлін рэстаран» – выданні, кнігі, якія патрабуюць працягу. Так, пэўна, і будзе, калі Вольга Савасцюк падрыхтуе і перадасць у адно з выдавецтваў чарговы свой паэтычны зборнік, адрасаваны хлопчык і дзяўчынкам.  

Мікола Міршчына

 

Прочитано 8066 раз