Четверг, 20 01 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Нарысы партызанскага быту

  • Четверг, 12 августа 2021 16:02

Кніга «Камандзір» гродзенскай пісьменніцы і публіцыста Ірыны Шатыронак выйшла сёлета ў выдавецтве «Беларусь». Дакументальна-мастацкая аповесць прысвечана невядомым старонкам жыцця партызанскага камандзіра Дзмітрыя Дзенісенкі і яго баявых таварышаў. Новы твор — вынік даследчай працы пісьменніцы апошніх шасці гадоў. За гэты час ваенныя нарысы, якія сталі часткай кнігі, публікаваліся ў многіх айчынных выданнях.

Твор Ірыны Шатыронак пабудаваны ў выглядзе хронік і нарысаў ваеннага часу. Асноўнае дзеянне аповесці адбываецца на тэрыторыі Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў магутны партызанскі рух. Галоўны герой — камандзір 1-й Беларускай кавалерыйскай партызанскай брыгады Дзмітрый Анісімавіч Дзенісенка — прайшоў складаны жыццёвы шлях, а падзеі ваеннага перыяду пакінулі сур’ёзны адбітак на яго лёсе. Кубанскі казак, кадравы ваенны, ён пачынаў вайну ў складзе 6-й кавалерыйскай Кубана-Церскай казацкай дывізіі імя С. М. Будзённага. У чэрвені 1941 года трапіў у палон, у маі 1942-га разам з групай палонных яму ўдалося збегчы і далучыцца да партызанскага атрада, камандзірам якога ён быў пазней прызначаны. Атрад базіраваўся ў Налібоцкай пушчы, вырас да 1-й Беларускай асобнай партызанскай брыгады, правёў вялікую колькасць паспяховых баявых аперацый. У пачатку вайны Дзмітрый Дзенісенка быў сяржантам, а перамогу сустрэў у званні палкоўніка.

У аповесці выкарыстоўваецца перапіска Дзмітрыя Дзенісенкі, а таксама ўспаміны тых, хто ведаў героя, фатаграфіі людзей, якія былі побач з ім. Дапаўняюць тэкст і матэрыялы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, і сюжэты з навуковых публікацый. Так, прыведзены такія дакументы, як загады камандзіра атрада і справаздачы. У іх ліку — аб прысудах партызанскага суда да расстрэлу за ўчынкі, якія няславілі званне партызана. Не ў апошнюю чаргу ўяўляюць цікавасць гісторыі, у якіх апісаны адносіны з паліцаямі (змешчаны пратаколы допытаў палонных паліцаяў, перапіскі з некаторымі камандзірамі паліцэйскіх гарнізонаў).

Як адзначае аўтар, дзякуючы знойдзеным звесткам адкрыты новыя старонкі ў біяграфіях вядомых у рэспубліцы людзей, звязаных з партызанскім рухам. Архіўныя дакументы дапамаглі Ірыне Шатыронак аб’яднаць адсутныя звёны ў жыццёвых гісторыях беларускіх пісьменнікаў-партызан: Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка, Аляксея Карпюка, Вячаслава Хілімонава і іншых асоб, звязаных з Гродзенскім рэгіёнам.

Дарэчы, эпіграфам да кнігі паслужылі словы ваеннага журналіста Ільі Эрэнбурга: «Вайна складаная, цёмная і густая, як непраходны лес. Яна не падобная на яе апісанні, яна і прасцей, і складаней. Яе адчуваюць, але не заўсёды разумеюць удзельнікі. Яе разумеюць, але не адчуваюць пазнейшыя даследчыкі». Выбраная форма апавядання дазволіла пісьменніцы выказаць асабістыя меркаванні, якія сфарміраваліся ў працэсе работы з матэрыялам. Ірына Шатыронак праз увесь тэкст трансліруе паважлівае стаўленне да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. «Памяці пакалення партызан, якое сышло, прысвячаю» — гэтыя словы вынесены аўтарам у самы пачатак. Аднак, як ужо адзначалася раней, апісаныя падзеі не прадстаўлены выключна ў станоўчым ракурсе. У аповесці «Камандзір» аўтар паспрабавала паказаць партызанскі быт, баявыя дзеянні партызан, узаемаадносіны з мясцовымі жыхарамі. У тэксце прыводзіцца шмат прозвішчаў і кароткія біяграфіі асоб, якія былі побач з галоўным героем у ваенны час і пасля заканчэння вайны. Натуральна, пераважная іх большасць не вядома чытачу, але гэта дае магчымасць убачыць, што Вялікая Айчынная прайшла скрозь лёсы ўсіх людзей, пакінуўшы глыбокі след.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва №32/2021

Прочитано 5978 раз