Памёр беларускі паэт і перакладчык лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Разанаў. Памёр 26 жніўня… На 74-м годзе жыцця.
Вялікая асоба ў беларускім прыгожым пісьменстве, беларускай літаратуры. Стваральнік новых паэтычных формаў. Руплівы абаронца роднай мовы. Яшчэ з часін свайго студэнцтва. За што ў свой час быў адлічаны з філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта…
Адна з апошніх кніг Алеся Разанава – зборнік пераўвасабленняў тэкстаў першадрукара Францыска Скарыны на сучасную беларускую мову. Гэтая кніга, якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры», разыйшлася надзіва хутка, стала падзеяй у беларускім кнігавыданні. А газета «Літаратура і мастацтва» зусім нядаўна друкавала цыкл яго мовазнаўчых вышукаў. Таксама, лічы, асобная кніга… Будзем верыць, што з часам і яна пабачыць свет.
Наватар, культуролаг, філосаф, ён пэўны адрэзак свайго жыцця аддаў літаратурнаму часопісу «Крыніца», дзе працаваў намеснікам галоўнага рэдактара. І часопіс таго часу таксама застанецца бібліятэкай з асобных нумароў, бібліятэкай беларускай культуры, беларускай літаратуры…
Яго, Алеся Разанава пункціры, квантэмы напрыканцы 1970-х – у пачатку 1980-х гадоў, шмат каму падаліся маланкай, якая руйнуе літаратурныя традыцыі. Але сумленныя паэты старэйшага пакалення, і першы сярод іх –народны паэт Беларусі Пімен Панчанка, падтрымалі маладога творцу. Так выйшла яго кніга «Шлях-360»… А першая кніга шукальніка сапраўдных, вялікіх жыццёвых і мастацкіх сэнсаў – зборнік «Адраджэнне», выдадзены ў Мінску ў 1970 годзе.
І сёння Алеся Разанава добра ведаюць у многіх краінах Еўропы. Яго паэтычныя вышукі сталі прадметам увагі перакладчыкаў на розныя мовы народаў свету.
Максім Веяніс
Фота: gsu.by