8 ліпеня 2017 года ў вёсцы Дуброва Асіповіцкага раёна пройдуць Літаратурныя краязнаўчыя чытанні.
Галоўная тэматычная прастора сустрэчы цікаўных да гісторыі роднай старонкі людзей – лёс, творчыя памкненні мецэнаткі Магдалены Радзівіл (Завіша), 156 гадоў з дня нараджэння якой спаўняецца ў гэтым годзе. Магдалена Радзівіл, дарэчы, – фундатарка выдання кнігі Максіма Багдановіча “Вянок”. У праграме чытанняў – выступленні пісьменнікаў, краязнаўцаў Асіповіччыны, чытанне вершаў, канцэртная праграма з душэўных народных песняў.
Асіповіцкі край – багатая на гістарычную памяць старонка. І сёння шмат хто з творчых асоб услаўляе гэты прыгожы куток зямлі беларускай. Сярод такіх рупліўцаў – пісьменнік, публіцыст Віктар Хурсік (менавіта ён зрабіў надзвычай шмат дзеля ўшанавання памяці Магндалены Радзівіл), краязнаўца Юрый Клеванец і шмат хто яшчэ.
Алесь Карлюкевіч