Версия для печати

Агляд літаратурных часопісаў № 7

  • Среда, 11 августа 2021 10:53

«Калі ноч раззорыцца…»

Ліпеньскае «Полымя» адкрываецца лірыкай Міколы Мятліцкага. Матывы яго падборкі пад назвай «Галаснікі» — асэнсаванне гарадскога феномена ў айкумене быцця, супярэчнасці гісторыі існавання цывілізацыі, радасці і пакуты простага чалавечага жыцця. Адзін з самых яркіх вобразаў — вобраз мегаполіса, што…

І толькі калі ноч раззорыцца

І сціхне парыўна-спакусны вецер,

Падасца на міг нейкі шчасны гораду,

Што кружыцца ён між зор у сусвеце.

 

<…> А раніцай, змораны, апускаецца

З неба на хмарачосы-ногі

І доўга, трапятун стары, каецца,

Заціснуты поясам кальцавое дарогі.

 

Адметны і твор, які даў назву нізцы вершаў. Галаснікамі называлі керамічныя пасудзіны, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве храмаў у кладцы сцен альбо скляпенняў, размешчаныя гарлавінамі ў бок унутранай прасторы пабудовы. Мастацкі вобраз, створаны аўтарам, прываблівае прастатой і ў той жа час узвышаным адчуваннем пульсацыі высокай энергетыкі быцця:

У сценах храмаў таямніча

З той пракаветнай даўніны

Свае гліняныя абліччы

Хаваюць ад вачэй яны.

 

Зачароўвае ігрой (менавіта ігрой — як на музычным інструменце) слоў і сэнсаў падборка Сяргея Панізьніка пад назвай «Бераг продкаў берагу». Паэт адчувае сябе ў роднай плыні, калі гаворыць:

Я — беражысты… Бераг берагу.

І ветразь мой над румамі напяты.

Паслугі ўсе мае не на слыху:

Гатоў ступіць і прывідам на пяты.

Пад радаводны Посах мой узняты

Ахвярна станаўлюся за слугу.

Таму й сустрэчы спадкаемцаў — святы.

 

Уражвае прачуласцю і выразнай палітрай тонкіх адценняў, а таксама патрыятычным пафасам — але не гучным і дэкларатыўным, а кранальным і шчырым у сваёй непахіснасці — нізка вершаў Настассі Нарэйкі «Захаваю да скону»:

Імем Беларусі,

Імем Бога,

Што вядуць

Ад роспачы да веры,

Зробіш братам

Ворага любога

І любыя разнасцежыш дзверы.

 

Узорам «жаночай» прозы ў лепшым сэнсе гэтага слова выступае апавяданне Таццяны Дземідовіч «Калі выпадзе снег…». Яно — і пра асноўнае ва ўзаемаадносінах паміж мужчынам і жанчынай, і пра сутнасць чалавека, і пра каханне. Як па-рознаму можа ўплываць гэтае пачуццё: для адных кахаць — значыць дапамагчы іншаму раскрыць сваё ўнутранае «я» такім, якім яго задумаў Бог, а для іншых — перакроіць аб’ект кахання пад сябе і свае ўяўленні аб камфортным жыцці… «Яна валодала ўнікальным дарам — ціха кахаць, не ставячы ніякіх умоў, не патрабуючы больш, чым магла даць сама…» — гэта пра Ніку, галоўную гераіню, якая выступае ідэалам жаноцкасці. Як і ў класічных творах падобнага кшталту, у галоўнай гераіні заўжды ёсць антыпод. Супрацьлегласць Нікі — Вольга, якая «як наглядчык з пугай, трымае ў турме гэтыя ўспаміны, але дарэмна. Кавалак жыцця не выразаць нажніцамі, не выцягнуць, як тонкія правадкі, з галавы Івана…»

З прэтэнзіяй на філасофскасць выступае раман Вітаўта Чаропкі «Паўшыя анёлы», першая кніга якога была надрукавана ў «Полымі» за кастрычнік і лістапад 2019 года. Прыцягваюць увагу гучныя назвы раздзелаў твора: «Як робяцца людзьмі», «Мост часу», «Адчуць вечнасць вечнага» і іншыя. Якія праблемы паўстаюць перад героямі Вітаўта Чаропкі, вырванымі са сваёй звыклай рэальнасці, і ці блізкія яны чытачу, кожны няхай вырашыць сам.

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з баладай пад назвай «Хільдзіна» — гэта першы пераклад з мовы норн на беларускую. «Норн — самая загадкавая з усіх скандынаўскіх моў, пісьмовых помнікаў на якой амаль не захавалася. Яна мела распаўсюджанне на Аркнейскіх і Шэтландскіх выспах і ўжо ў ХVIII стагоддзі праз дамінаванне англійскай пачала імкліва знікаць з актыўнага ўжытку», — распавядае перакладчык Яўген Папакуль. Несумненна, твор пра каханне і помсту нікога не пакіне абыякавым.

Яна Будовіч

 

Шаль глыбокага роздуму

Ліпеньскі нумар «Маладосці» прадстаўляе чытачу падборку, як кажуць, на любы густ. Ён удала параўноўваецца з зялёным летам, якое ўвабрала ў сябе ўвесь сок і разнастайнасць фарбаў. «Ліпеньская “Маладосць” — гэткая ж разнастайная. Хапае месца жарсцям і расчараванням, трагедыям і шчаслівым здарэнням, одуму і філасофскім развагам. Тут — пра літаратуру, тэатр, жывапіс і проста жыццё. З яго размаітай, неверагодна шырокай палітрай. Маляваць трэба адразу, каб не засохлі фарбы...» — сведчыць прадмова на вокладцы часопіса.

У раздзеле «Проза» можна пазнаёміцца з апавяданнем Маргарыты Латышкевіч «Дыля». Сюжэт тэлепартуе чытача ў яго школьны час. Аднак нярэдка падобныя сітуацыі адбываюцца наўпрост на вуліцы. Па сутнасці, гэта рэфлексія аўтара над важным пытаннем булінгу. Калі пакапацца ў засеках памяці і сумленнасці, міжволі ў кожнага ўзнікнуць свае вобразы Дылі і Астапчука — галоўных герояў твора.

Прозу ў нумары таксама прадстаўляе аповесць Ягора Конева «Беларускі Дудар». Гэта цікавы спосаб нагадаць, а для кагосьці пазнаёміцца, з жыццёвым шляхам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Так званая біяграфія ў мастацкім абрамленні. Аўтар расказвае пра жыццё і творчасць класіка ў дзвюх часавых плоскасцях. Седзячы ў Менскай турме, пісьменнік узгадвае пра сваё жыццё. Элементы інтрыгі і малавядомыя дробязі з жыцця В. Дуніна-Марцінкевіча ператвараюць сухія біяграфічныя звесткі ў паўнацэнны цікавы аповед, варты ўвагі чытача.

Нельга абыйсці і шэсць кароткіх аповедаў Алены Брава, якія, быццам яркія ўспышкі, выклікаюць імгненны выбух падзей і пачуццяў і пакідаюць пасля сябе ціхі шаль глыбокага роздуму. Гэта шэсць гісторый чалавечага жыцця, якія кароткаметражнымі стужкамі прадстаўляюцца чытачу. Ксенія Шталянкова ў сваіх мініяцюрах «Гэта будзе айс» звяртаецца да ўсіх: да сябе, да сяброў, знаёмых і проста цікаўных. «Гэта будзе айс» — маналог, ці, хутчэй, вокліч, які адказвае на пытанні, што назапашваліся доўгі час і пачалі балець. Аўтар удала са свайго мастацкага погляду паказвае, з якімі недарэчнымі пытаннямі, сітуацыямі, абставінамі сустракаецца чалавек з інваліднасцю.

Паэзія ў нумары прадстаўлена вершамі Віктара Шніпа, Юліі Алейчанкі, Алёны Папко і Казіміра Камейшы, Кацярыны Масэ. Тут чытач можа акунуцца ў свет роздуму, таямніц, кахання, бясконцых пошукаў пытанняў і адказаў, заўважыць тонкасць прыроды і хараство навакольнага свету, адчуць грані чалавечай душы, характараў, зірнуць на свет і жыццё вачыма аўтара.

Пад рубрыкай «Сусветная літаратура» чытачы адшукаюць цікавае інтэрв’ю ў перакладзе з сербскай мовы Ясміны Міхайлавіч, якая расказвае пра каханне і жыццё з югаслаўскім паэтам і празаікам Міларадам Павічам. Тут жа можна знайсці крытыку Санцьяга Муціса «Пяць найпрыгажэйшых у свеце кароткіх апавяданняў паводле Гарсія Маркеса». Акрамя гэтага, крытыкай ліпеньскага нумара стала рэцэнзія на раман «Жэтон на метро» Андрэя Федарэнкі, напісаная Аленай Стэльмах. Мастацтва ў ліпеньскай «Маладосці» прадстаўлена інтэрв’ю з мастакамі Вольгай Шкарубай і Вадзімам Богданам. Тут можна даведацца пра любімыя краявіды пейзажыстаў, убачыць некаторыя творы, даведацца пра працэс іх стварэння і зазірнуць за шырму асабістага жыцця мастакоў.

Ліпеньскі нумар не можа пакінуць чытача абыякавым. Кожны знойдзе ў ім хаця б кропельку таго, што адгукнецца ў яго душы. Ён і сапраўды атаясамліваецца з ліпенем — пахучым, багатым месяцам, насычаным, радасным, напоўненым фарбамі, відавой разнастайнасцю, а галоўнае — пачуццёвасцю.

Дзіяна Казімірчык

 

Лёгкасць: магчымая і неабходная

Празаічная частка новага нумара «Нёмана» ў ідэйным плане даволі бедная. Абодва творы — «Тасёмка з рамонкаў» Алены Міхаленкі і «Аповесць любові, якая сыходзіць» («Повесть уходящей любви») Алены Чыжэўскай — маюць рэлігійную скіраванасць, аднак яркага канфлікту, які б прывёў герояў да веры, асэнсавання пытанняў хрысціянства ці перанясення хрэстаматыйных сюжэтаў у сучаснасць, што было б вельмі цікава, у тэкстах няма.

Так, у апавяданні «Тасёмка з рамонкаў» выразна счытваецца падзел на тых, хто Богу яшчэ патрэбны на зямлі, і тых, каго, так бы мовіць, можна забраць. Магчыма, з пункту гледжання галоўнай гераіні (мяркуючы па ўсім, верніцы) ніякіх сумненняў тут не існуе, аднак для чытача, які знаходзіцца ў пастаянных роздумах і пошуках, такія відавочныя і бясспрэчныя высновы не могуць не бянтэжыць. У пэўным сэнсе на асаблівае адчуванне твора ўплывае кантэкст: асновай для сюжэта стала трагедыя ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года. У той дзень гераіня разам з дачкой, дзякуючы толькі выпадковасці, апынаецца крыху воддаль ад эпіцэнтра падзей, што дазваляе выратавацца і пазней з удзячнасцю ўспамінаць жанчыну, якая незадоўга да страшнага здарэння затрымала ўсю чаргу ў краме. Побач з псіхалагізмам, неабходным у творах такога тыпу, крочыць рэлігійны складнік (не будзем закранаць пытанне ахоўных механізмаў псіхікі). Гераіня разважае: «Можа, не трэба было ўцякаць? Можа, маглі дапамагчы некаму? А галоўнае, зноў: але калі Бог выратаваў, гэта ж для нечага?»

Аднак трэба дадаць, што ў Алены Міхаленкі атрымалася выдатна апісаць пачуцці чалавека ў надзвычайнай сітуацыі, адлюстраваць не толькі яго дзеянні, але і дзеянні людзей побач — у дадзеным выпадку ў метро, на вуліцы, у грамадскім транспарце. Асобны момант — высновы персанажа. У аўтара гэта пазбяганне гераіняй пачуццяў нецярпення і раздражнення. Своеасаблівым каталізатарам для яе стаў выпадак з жанчынай у краме.

 «Аповесць любові, якая сыходзіць» пераносіць ужо ў будзённае жыццё адной сям’і. Муж разлюбіў жонку, не заўважае дзяцей і ненавідзіць працу. Жанчына не разумее, чаму так адбываецца (чытач часам таксама), а дзеці — вучні старэйшых класаў — як і належыць, засяроджаны на сабе. Канфлікт узнікае ў той момант, калі сыну сямейнай пары, пазітыўны вобраз якога так ці інакш ствараўся на працягу завязкі, падкідваюць наркотыкі: такім чынам у найлепшых традыцыях меладрамы выяўляюцца заганы грамадства. Рэлігійны ж аспект праяўляецца на працягу ўсёй аповесці, але дамінуе ў фінале, калі нават не вера ў Бога, а толькі імкненне да веры ратуе чалавека, магчыма, не аднаго, ад гібелі. Такім чынам абвяшчаецца яшчэ і адзіная шчырая і вечная любоў — маці да сына. Між тым, асаблівасць такіх твораў заключаецца ў тым, што лёс кожнага з герояў вядомы і, як правіла, лагічны. Аднак Алена Чыжэўская вырашае пакінуць чытача на самым цікавым месцы.

У паэтычнай частцы «Нёмана» выступаюць Ізяслаў Катляроў з творам «Геніяльнасць» (са зводу паэм «Вучань вечнасці») і Міхаіл Кулеш з паэтычнай падборкай «Пра час». Змешчана ў нумары і грунтоўная нізка вершаў Ганада Чарказяна «Іншай дарогі няма…» Пераклад з курдскай зрабіў Анатоль Аўруцін. Прыкметна вылучаецца падборка Андрэя Каровіна «Воблака за плячыма». «Какие они будут после нас // зима весна шампанское и лето // все так же будет плакать контрабас // и девушки купаться не одеты // и будут целоваться по ночам // все так же ли влюбленные шекспиры // все так же будут следовать речам // вождей и новоявленных кумиров» — хіба не з такой лёгкасцю трэба гаварыць пра вечнае і невядомае?

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

 

Прочитано 5985 раз