Четверг, 13 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Вітаўт Чаропка: Мой абавязак — вярнуць беларусам імёны іх слаўных продкаў

  • Вторник, 08 декабря 2020 10:25

Пастаянная рубрыка «Ігуменскага тракта», якую вёў вядомы пісьменнік Вітаўт Чаропка, сышла ў больш шырокую прастору — віртуальную. Цяпер на партале Выдавецкага дома «Звязда» дзейнічае рубрыка «Пантэон вялікіх беларусаў» — цыкл гістарычных эсэ Вітаўта Чаропкі. Адзін з артыкулаў пра яго называўся «Калумб сівой даўніны». І сапраўды, шмат у чым даследчыку давялося быць першым, асэнсоўваючы старонкі беларускай гісторыі, папулярызуючы яе незаслужана забытых персанажаў. Чытайце разважанні слыннага нашага аўтара ў гэтым інтэрв'ю і завітвайце на наш сайт, каб зазірнуць у «Пантэон» — сапраўдную хрэстаматыю беларускага мінулага. Там вы зможаце ў даступнай, займальнай форме, у суправаджэнні выяў сустрэцца з князямі і філосафамі, друкарамі і паэтамі, вайскаводцамі і навукоўцамі нашай зямлі, даведацца незвычайныя факты пра іх. 

— Пра колькі постацяў ты ўжо напісаў і ці лёгка «знаходзіць» новыя? Якімі крыніцамі карыстаешся?

— Пэўна, за сотню будзе. Калі пішу пра гістарычную постаць, дык імкнуся выкарыстаць усе даступныя крыніцы. Вельмі каштоўным матэрыялам з'яўляецца эпісталярная спадчына. Удаецца зазірнуць чалавеку ў душу, зразумець яго пачуцці і матывы. Усялякі раз, калі заканчваеш пісаць нарыс пра чарговага героя, адчуваеш сум, нібыта развітваешся з добрым сябрам, бо за доўгі час ён становіцца табе блізкі і дарагі. Нават робіцца сорамна за нейкія яго паводзіны ці ўчынкі, хочацца ў іх разабрацца і апраўдаць яго. Гэта, вядома ж, суб'ектывізм, але куды ад яго дзецца, калі ты пішаш пра чалавека, хай нават і вялікага.

— Сярод персаналій тваіх артыкулаў не толькі тыя, каго можна падвесці пад азначэнне «этнічны беларус», і не толькі адназначна станоўчыя героі. Пытанне, якое выклікае шмат спрэчак: хто варты быць занесены ў нацыянальны пантэон? Якімі крытэрыямі ты кіруешся? Ці здаралася, што рашэнне прадставіць кагосьці як беларускага героя выклікала супраціў?

— Для мяне і крывіцкія князі (як іх называе «Аповесць мінулых гадоў»), і вялікія князі літоўскія, і «літвіны» Радзівілы, і «русіны» Сапегі — прадстаўнікі нашай, беларускай, гісторыі. Важна не этнічнае паходжанне той ці іншай асобы, а тое, што яна зрабіла для нашай зямлі, якую мы цяпер называем Беларусь. Вось я і расказваю сціпла і дасціпна пра гэта. І ў «Пантэоне» прадстаўлены людзі рознага этнічнага паходжання, напрыклад татарскага — Якуб Ясінскі і Напалеон Орда, ці нямецкага — Антоні Тызенгаўз, Эмілія Плятар. Гэтыя людзі ўпісалі свае імёны ў нашу гісторыю і культуру. Можна пашкадаваць, што не пра ўсіх вартых удалося расказаць. Канешне, ёсць асобы, якія выклікаюць унутраны супраціў, напрыклад Жыгімонт Аўгуст. Але мне яго шкада як няшчаснага чалавека з даволі драматычным лёсам. Зрэшты, ён імпануе тым, што ўмеў шукаць кампраміс — адна з галоўных якасцяў уладара. Ён быў аматарам мастацтва і гуманістам і не дапусціў рэлігійнай і палітычнай варажнечы, як у Францыі ці пазней у Германіі.

— Пятро Васючэнка напісаў эсэ пра «беларускую здраду» — маўляў, у гісторыі паводзінамі беларусаў часта расчароўваліся іх часовыя саюзнікі, вінавацячы ў «здрадзе». А сутнасць у тым, што беларусы павінны быць верныя ўласным інтарэсам, у чым ім адмаўляюць. Ці можа існаваць «аб'ектыўная гісторыя», ці ўсё-ткі кожны народ мусіць ацэньваць падзеі з пункту гледжання ўласных нацыянальных інтарэсаў? Як прыклад — у кнізе пра Уленшпігеля Шарля дэ Кастэра іспанцы паказаныя адмоўна, у раманах Жуля Верна дэманізуюцца англічане-каланізатары, насуперак «прагрэсіўным французам», Фенімор Купер, наадварот, паказваў добрых англічан, якія хаўрусуюць з індзейцамі, і кепскіх французаў... І гэтак далей.

— Гэта аксіёма, што кожны народ клапоціцца перш за ўсё пра сябе і свае інтарэсы. Чым закончылася «братэрская любоў» палякаў да літвінаў? Рабаўніцкай Люблінскай уніяй, калі Польскае Каралеўства прысвоіла сабе палову Вялікага Княства Літоўскага. Вось тут мы і бачым, як гэтую падзею ацэньваюць у Польшчы і як мы. Для польскіх гісторыкаў — гэта трыумф польскай палітыкі і г. д., а для нас — драма, якая звяла дзяржаву нашых продкаў да другараднай ролі ў Рэчы Паспалітай. І дзе тут аб'ектыўнасць? Хто вызначыць яе? Магчыма, правільна, што гісторык мусіць быць перш за ўсё патрыётам, а пасля навукоўцам. Гэта натуральныя праяўленні чалавечых пачуццяў. Я згодны з тваімі прыкладамі. Нашы сэрцы заўсёды на баку герояў, якія змагаюцца за свабоду народа і роднага краю.

— Што мае большае значэнне: мастацкія творы на гістарычныя тэмы ці дакументальныя даследаванні? Наколькі вырашальная між імі мяжа, наколькі можна дапусціць у мастацкім творы скажэнне фактаў, а ў артыкуле — эмацыянальную афарбоўку?

— Важна і тое, і тое. Мастацкі твор можа захапляльна і вобразна расказаць аб мінулым і стварыць яго прывабную карціну. Часта наша ўяўленне аб гістарычных падзеях якраз і грунтуецца на мастацкіх творах. Але аснова любога гістарычнага твора — гэта перш за ўсё навуковае даследаванне гісторыкаў — яны падаюць факты, прыводзяць дакументы, робяць высновы. Некаторыя гістарычныя даследаванні чытаеш, як захапляльны дэтэктыў. Не толькі змяняеш свае старыя погляды на тую ці іншую гістарычную падзею ці асобу, але і па-новаму спрабуеш яе асэнсаваць. Імпануе, калі даследчык думае, аналізуе і праяўляе шырокую эрудыцыю, і тады не залішнімі здаюцца маленькія лірычныя адступленні, удалыя параўнанні і метафары. Думаю, не грэх даволі вольна трактаваць гістарычныя факты ў мастацкім творы. Калі гэтага вымагае раскрыццё вобраза ці сюжэт, дык чаму не? Твор можа толькі выйграць. Успамінаецца вядомы прынцып Аляксандра Дзюма, для якога гісторыя — гэта «цвік», на які ён «вешаў» свае сюжэты. І класічны прыклад: «Вайна і мір» Льва Талстога. Колькі яго дакаралі за недакладнасці, за скажэнне фактаў, а вось пра вайну 1812 года мы якраз і ведаем з яго вялікага твора.

— Гендарнае пытанне... Як шмат у гісторыі застаецца жаночых імёнаў, у прыватнасці ў гісторыі Беларусі, і якімі шляхамі жанчыны траплялі ў гісторыю?

— Нашай гісторыі ўсё ж пашчасціла на славутых жанчын, нагадаем Рагнеду, Ефрасінню Полацкую, Соф'ю Гальшанскую, Ганну Святаслаўну, Марыю Віцебскую, Ульяну Цвярскую, Анастасію Слуцкую, Соф'ю Слуцкую, Барбару Радзівіл, Эмілію Плятэр, дзеячак беларускага адраджэння Палуту Бадунову, Канстанцыю Буйло, Цётку ці драматычны лёс Ларысы Геніюш. Не кажу ўжо пра суквецце нашых цудоўных паэтак, мастачак, артыстак, спартсменак.

— У адной з нашых гутарак ты сцвярджаў, што не гісторык і не пісьменнік... А ты ж яшчэ і карціны ўзяўся пісаць. Ці працягваеш і на якія тэмы?

— Так, «Двух станов не боец, а только гость случайный». Пісьменнікі лічаць мяне гісторыкам, а гісторыкі — пісьменнікам. Становішча натуральнае, калі працуеш на памежжы розных жанраў. Сам я вызначаю жанр сваіх біяграфічных штудый, як літаратурна-гістарычныя нарысы. Але яны толькі частка маёй творчасці, хай і значная. Проста я лічу, што мой абавязак вярнуць беларусам імёны іх слаўных продкаў, каб іх сузор'е зіхацела над Беларуссю. А ў творчасці мне падабаецца звяртацца да новага, таму захапляўся і постмадэрнізмам, і містыкай, і гісторыяй, і фэнтэзі, і прыгодамі, авантурамі. Усяго патроху, не хочацца паўтарацца і тыражаваць сябе. Калі твая творчасць не для твайго матэрыяльнага забеспячэння, дык мусіць прыносіць духоўную, эстэтычную асалоду. Вось тут вельмі і прыдаўся жывапіс. Гэта чароўна, калі пад тваёй рукой нараджаецца маляўнічы твор, ты можаш убачыць вынік свайго натхнення і працы, а не чакаць месяцы, а то і гады, калі надрукуюць твой чарговы опус. Гэта сапраўды захапляльна! У мастацтве творчы працэс больш інтэнсіўны і нават эмацыянальны. Ды ўвогуле, нас акаляе шэры свет, мала сонца, а я ствараю свой свет з фарбаў, шматколерны і дзівосны, і ад гэтага на душы робіцца светла. Сваім святлом дзялюся з іншымі — дару ім свае работы. Офіс «Беларускага гістарычнага часопіса», дзе я працую, абвешаў карцінамі, так што там у нас пастаянны вернісаж.

— У якім са сваіх герояў ты найбольш расчараваўся? А ці былі адваротныя выпадкі?

— У сваіх героях я не расчароўваўся, бо яны ўсе вельмі годныя асобы, хоць і не ідэальныя. Я думаю, пра людзей трэба пісаць добрае і светлае, неяк мы забыліся казаць добрае слова пра сваіх сяброў, знаёмых, калег, сабратаў на пяры. А калі я ў кім і расчараваўся, дык у самім сябе. Мог зрабіць больш і лепш, а дзесьці паленаваўся, не сабраўся, адклаў на заўтра, а ў выніку не зрабіў тое, што мог і мусіў зрабіць паводле свайго прызвання.

— Калі складаць вобраз архетыповага беларуса, рысы якіх гістарычных персанажаў ты б яму надаў?

— Няпроста адказаць. Часам тыповы беларус мне нагадвае купалаўскага Зносака з «Тутэйшых» з яго філасофіяй прыстасаванца ці Мележаўскага Дзятліка, для якога зямля клінам сышлася на яго дзялянцы, і далей ён нічога не бачыць. Думаю, сучасным беларусам не хапае высакароднасці і самаахвярнасці Каліноўскага, падвіжніцтва Скарыны і, на жаль, здаровай нацыянальнай годнасці. Трэба навучыцца не толькі паважаць саміх сябе, але і любіць. Вось-вось, нам не хапае свайго, беларускага, эгаізму. Мы — гэта мы! Мы моцныя і мы пераможам. Любога, таму што мы беларусы!

— Ці была мара ўмяшацца ў нейкія гістарычныя падзеі, пра якія пісаў? У якую эпоху адправіўся б? Што менавіта зрабіў бы?

— Гэта з вобласці фэнтэзі. Адзінае, што хацелася неяк, зазірнуць у эпоху Полацкага княства і пачаткаў Вялікага Княства Літоўскага. Там, сапраўды, трылер і дэтэктыў, што да чаго, хто, калі і як — з-за недастатковасці крыніц малавядома, але вельмі цікава. Вось каб адшукаўся нейкі летапіс з той эпохі — гэта было б сапраўдным адкрыццём старажытнай Беларусі. А так даводзіцца гадаць ды гарадзіць усялякія версіі.

— Традыцыйна-банальнае: што ў планах? А што ў марах?

— Планы канкрэтныя: выдаць тое, што напісаў. Цяпер вось працую над серыяй кніг пра вялікіх князёў літоўскіх. Яны багата ілюстраваныя, напісаныя спецыяльна на рускай мове для шырокага кола чытачоў. У выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» выйшла ўжо пяць кніг з гэтай серыі. Праект, як лічу, апраўдвае сябе, бо годна прадстаўляе нашую гісторыю. Напрыклад, толькі на адным з расійскіх сайтаў было 90 тысяч спампоўванняў кнігі «Витовт». Так што я цяпер з галавой у гэтым праекце.
А наконт мар, дык яна адна — каб у Беларусі ўсё было добра!

Людміла Рублеўская

Крыніца: Звязда

Прочитано 113 раз