Воскресенье, 26 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

VІІ Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» стаў знакавай падзеяй выстаўкі-кірмашу

  • Понедельник, 22 февраля 2021 20:03

Якія выклікі падкідае час сучасным творцам.

VІІ Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» стаў знакавай падзеяй ХХVІІІ Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Форум сабраў каля сотні літаратараў, выдаўцоў, вядомых грамадскіх дзеячаў з 20 краін свету: Венесуэлы, Азербайджана, Балгарыі, Казахстана, Расіі, Беларусі, Літвы, Украіны, Арменіі, Малдовы, Кыргызстана, Туркменістана... У няпростай эпідэмічнай сітуацыі павялічыць колькасць удзельнікаў удалося дзякуючы спалучэнню двух фарматаў — афлайн і анлайн.

Агульныя задачы літаратурнай дзейнасці, новыя выклікі часу і перашкоды, якія стаяць перад пісьменнікамі, неабходнасць узаемадзеяння ў агульнай творчай прасторы, палітычныя і інфармацыйныя ўмовы, у якіх даводзіцца змагацца за чытача, — гэта далёка не ўсе тэмы, што закранулі ўдзельнікі прадстаўнічай сустрэчы.

Фота Яна ХВЕДЧЫНА.

Фота Яна Хведчына

На сімпозіуме выяўляліся тыя праблемы, з якімі сутыкнулася сучаснае грамадства. Удзельнікі не проста дзяліліся сваім бачаннем сітуацыі, але і прапаноўвалі рашэнні дзеля таго, каб захаваць мір, наладзіць парушаныя сувязі, забяспечыць працяг культурнага развіцця наступных пакаленняў.

Спецпрадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл ШВЫДКОЙ заўважыў, што літаратура заўсёды адлюстроўвае разнастайныя працэсы, якія адбываюцца ў жыцці, і спрабуе гарманізаваць праблемы: «Калі нацыя хоча захавацца ў гісторыі, пераадолець унутраныя супярэчнасці, перажыць складаныя перыяды свайго развіцця, яна звяртаецца да мовы як да выратавання, да літаратуры як да вялікай прасторы міру. Мы жывём у вельмі складаны час. Свет перажывае бурныя, часам драматычныя працэсы, і сёння голас пісьменніка ў найвышэйшай ступені важны. Ён неабходны ўсім, нават людзям, якія не чытаюць кніг. На пісьменніку ляжыць вялікая адказнасць: слова можа распальваць страсці, а можа прыміраць людзей».

За 30 гадоў, якія мінулі пасля распаду Савецкага Саюза, кожная краіна спрабавала знайсці свой шлях, але вельмі важна тое, што мы разумеем нашу неабходнасць адзін аднаму. Быць можа, як ніколі раней. І менавіта мова мастацтва здольна аб'ядноўваць народы.

Старшыня секцыі драматургіі Саюза пісьменнікаў Таджыкістана Ато ХАМДАМ засяродзіў увагу на праблемах, з якімі сутыкаюцца літаратары на шляху да замежнага чытача. Сёння аўтарам трэба клапаціцца не толькі пра напісанне кнігі, яе выданне, але і прыкладаць намаганні для таго, каб данесці інфармацыю пра яе да чытача. І, як упэўнены Ато Хамдам, такія ўнутраныя праблемы вядуць да разрозненасці, аўтары не могуць знаёміцца з набыткамі ў іншых краінах і дзяліцца сваімі творчымі дасягненнямі. Куды прасцей вырашаць агульныя праблемы сумеснымі намаганнямі.

Дарэчы, на Мінскай кніжнай выстаўцы кіраўнік Аналітычнага цэнтра ЕсооМ, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей МУСІЕНКА агучыў ідэю аб стварэнні Славянскага кніжнага саюза, які б аб'ядноўваў літаратараў па ўсім свеце. Ініцыятыву падтрымалі ўдзельнікі сімпозіума з Расіі, Беларусі, Эстоніі, Сербіі, Балгарыі, Малдовы.

Менавіта за разнастайнасцю будучыня. Сёння мала проста захоўваць нацыянальныя і гістарычныя асаблівасці, важна заставацца адкрытымі для ўсяго свету, наладжваць творчыя сувязі. І ў гэтым кірунку ўжо вельмі многа зроблена. Напрыклад, з 2016 года ў межах праекта «Terra poetіca» маладыя творцы Беларусі, Расіі і Украіны абменьваюцца вопытам, знаёмяцца з творчасцю суседзяў, перакладаюць творы адзін аднаго.

У наш час такі дыялог культур асабліва важны. Паступова да яго далучаюцца пісьменнікі розных краін, а таксама літаратуразнаўцы, выдаўцы, аматары мастацкага слова. Істотным паказчыкам развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва стаў выхад у свет новага літаратурнага альманаха «Казахстан—Беларусь». Творы нашых пісьменнікаў актыўна перакладаюцца на іншыя мовы, у той жа час беларускія чытачы знаёмяцца з перакладамі найлепшых здабыткаў сучаснай літаратуры краін — удзельніц СНД.

«Наспеў час, каб на змену дыктату сілы, зброі, эмбарга, эканамічных, забароненых спісаў прыйшла дыктатура слова», — упэўнены старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. Калі свет узрушваюць бунты, непадпарадкаванне, непавага да законаў, роля пісьменнікаў значна вырастае, яны павінны разважаць над тым, як дапамагчы сваёй краіне. І істотнага эфекту можна дасягнуць, калі аб'яднаць намаганні.

Удзельнікі сімпозіума ўпэўнены, што ў мастацкіх творах павінны закладацца гуманістычныя ідэі дабра, сумлення, адзінства, сяброўства, павагі да нацыянальных культур, моў і веравызнання. Слова не траціць актуальнасці ў справе захавання духоўна-маральных асноў, неабходных для развіцця грамадства.

А яшчэ пісьменнікі павінны несці адказнасць за тое слова, праз якое адкрываюць свой уласны свет і ўсю светабудову. «Каму мы будзем больш давяраць: гісторыку ці пісьменніку? — запытаў вядомы ўкраінскі паэт Дзмітрый БУРЫГА. — Вайну 1812 года мы вывучаем паводле Льва Талстога. Ён многае няправільна разумеў, нейкія дыспазіцыі не так намаляваў, але яму мы верым больш. Мы амаль не чуем музыкі Сальеры, хоць гэта быў адзін з найвялікшых кампазітараў свайго часу. Для нас ён у маральным чорным спісе пад загалоўкам «геній і злачынства», хоць ужо практычна даказана, што насамрэч ён не быў злодзеем, гэта быў ці не адзіны чалавек, які разумеў і прымаў Моцарта і падтрымліваў яго несуцішную натуру. І тым не менш літаратурны міф аказваецца мацнейшы за тую рэальнасць, якая некалі адбывалася».

«Мы даверылі лічбаваму свету самае галоўнае — свае бібліятэкі. Мы жывём у лысых кватэрах. Калі дзіця прачынаецца, ці яно бачыць карашкі кніг? Мы страчваем адчуванне рытмаў, тыя самыя песні і рытмічныя казкі з дзяцінства мы ўжо не спяваем і не расказваем нашым дзецям. Мы ўключаем ім мульцік. Яны занятыя, чуюць кастрыраваную мову, чужую перакладную гаворку. У школах адмаўляемся ад паэзіі. Каб дзяцей не траўміраваць, ім перасталі задаваць вучыць вершы на памяць», — б'е ў званы пісьменнік. Таму сёння, на яго думку, трэба бегчы ў садкі і школы і ратаваць дзяцей.

У савецкія часы выходзіла неверагодная колькасць раманаў, і яны выдаваліся неверагоднымі тыражамі, адлюстроўвалі дух эпохі. А сёння гэтага няма. «Што наогул застаецца ад часу, на выклік якога пісьменнік абавязаны адказваць?» — задаўся пытаннем расійскі журналіст і грамадскі дзеяч Максім ШАЎЧЭНКА. Сёння мы маем справу з сацыяльнымі сеткамі, нават працэс пісьменніцкай творчасці стаў даступны анлайн. Напрыклад, праз інтэрнэт можна сачыць, як пэўны аўтар працуе над кнігай, чытаць яго чарнавікі.

«Каб зразумець, як нам рэагаваць на выклікі часу, трэба гэтыя выклікі сфармуляваць. Я мяркую, што для кожнага пісьменніка гэтыя выклікі свае. Кожны мастак чуе час па-рознаму і па-свойму на яго адказвае, — упэўнены Максім Шаўчэнка. — Хачу пажадаць кожнаму паэту ці празаіку, майстру малых формаў унутранай свабоды і сумлення. Таму што ў канцы адказваць нам давядзецца не перад парткамамі, міністэрствамі і нават не перад чытачамі, а перад самімі сабой».

Алена Дзядзюля

Крыніца: Звязда

Прочитано 3471 раз