Версия для печати

У Купалаўскай бібліятэцы прайшлі прэзентацыі «звяздоўскіх» кніг

  • Понедельник, 22 февраля 2021 20:08

19 лютага ў Мінскай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыліся адразу дзве прэзентацыі: кніг Інэсы Плескачэўскай «Як разгадаць Кітай» і Людмілы Рублеўскай «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі». Абедзве навінкі пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда».

У кнігу вядомай журналісткі Інэсы Плескачэўскай увайшлі матэрыялы яе калонак «Лісты з Пекіна», якія цягам дванаццаці гадоў выходзілі ў газеце «СБ. Беларусь сегодня». Аўтар распавяла чытачам пра свой унікальны досвед у спазнанні загадкавага Кітая, дзе правяла шмат часу, наведаўшы ўсе правінцыі, пабачыўшы жыццё жыхароў краіны не толькі звонку але і знутры, так, як бачаць самі кітайцы. 

Кніга Людмілы Рублеўскай — гэта ўжо шосты раман авантурна-прыгодніцкага цыклу «Авантуры Пранціша Вырвіча», дзеянне якога адбываецца ў XVIII стагоддзі. Прысутныя змаглі ўбачыць кадры экранізацыі першай кнігі серыі, якая знятая на кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама паглядзець на партрэты гістарычных персанажаў, выявы артэфактаў і цікавых мясцін, якія апісваюцца ў шостай кніге. Убачанае пісьменніца суправаджала цікавымі расповедамі пра таямніцы мінулага — пра атручванне заснавальніка на Беларусі медычнай школы Жана Жылібера, пра забабоны і прымхі медыцыны XVIII стагоддзя, пра складаны характар падскарбія Антонія Тызенгаўза і жорсткасць нявернай жонкі Пане Каханку Тэрэзы Радзівіл. Адказала на пытанні пра свае кнігі і фільм «Авантуры Пранціша Вырвіча», які з-за пандэміі ўсё яшчэ не патрапіў да масавага гледача.

Святлана Іванова

Фота Яна Хведчына. Поўны фотарэпартаж па спасылцы

Крыніца: Звязда

Прочитано 4260 раз