Понедельник, 26 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сумленны летапісец вайны… Пачатак творчай біяграфіі – у газеце «Піянер Беларусі» даваеннага часу

 

Мой екацярынбургскі (свярдлоўскі!) сябра Вадзім Дулепаў, з якім знаёмы яшчэ з 1981 года, «вывеў» на земляка – празаіка, публіцыста, ваеннага журналіста Юрыя Левіна. З ім Вадзім працаваў у газеце Уральскай ваеннай акругі яшчэ ў савецкі час… І адгукаўся аб нашым земляку толькі добрымі словамі. Бачыў у яго асобе старэйшага настаўніка ў журналістыцы… Хаця і розніца ў іх ва ўзросце даволі істотная. Але вось жа нешта паяднала… Вадзім і сам прайшоў вайну. Атрымаў за Афганістан ордэн Чырвонай Зоркі. Чалавек буйнай, неўтаймаванай энергіі, ён і людзей вакол сябе заўважае такіх жа яркіх, энергічных… Такім, пэўна, быў і Юрый Абрамавіч Левін, які нарадзіўся на Гомельшчыне, у вёсцы Парэчча Акцябрскага раёна. Нарадзіўся 20 ліпеня 1917… Равеснік рэвалюцыі, якая перавярнула свет!..

Першы свой верш Юрый надрукаваў у нашай дзіцячай газеце «Піянер Беларусі». А сур’ёзную працоўную біяграфію Левін пачаў у глускай раённай газеце «Сцяг калектывізацыі». Ездзіў па толькі што створаных калгасах. Шукаў сваіх герояў на полі, на невялікіх прадпрыемствах. Пісаў і ў рэспубліканскую «Чырвоную змену». А ў 1938 годзе маладога чалавека прызвалі ў Чырвоную Армію. Пачалася новая частка яго біяграфіі. Служыў камандзірам экіпажа танка Т-26 у 49-й танкавай брыгадзе. З 1940 года Левін – карэспандэнт шматтыражнай брыгаднай газеты. Так ураджэнец беларускага Парэчча стаў ваенным журналістам. Перад самай вайной маладога карэспандэнта накіравалі на курсы газетных работнікаў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Але магчымасці закончыць іх пазбавіла вайна… З 1941 года наш зямляк – на фронце: прайшоў шлях  карэспандэнта газеты «Фронтовая правда» – ад Ржэва да Берліна.

Многія апавяданні, якія Левін напіша праз шмат гадоў пасля вайны, былі народжаны якраз у агні Вялікай Айчыннай… Нагодай былі сустрэчы на перадавой. Журналіст і тады вылучаўся ўважлівасцю да збору фактаў, да выразных дэталяў, трапных мастацкіх параўнанняў. Зараз многія франтавыя блакноты газетчыка знаходзяцца ў самых розных музеях. Па іх можна вывучаць не толькі творчы лёс асабіста Левіна, але і даваць урокі ваеннай журналістыкі, журналістыкі ў экстрэмальных умовах. Хлеб журналіста – фактычны матэрыял, без яго ўсёй пісаніне грош цана ў базарны дзень, быў перакананы Юрый Абрамавіч. І пранёс гэтую перакананасць праз усё жыццё. Пра гэта не раз гаварыў і майму сябру, таленавітаму паэту Вадзіму Дулепаву.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны хвалявала Левіна і пасля 1945 года. У час працы ваенным карэспандэнтам газеты «Красный боец», у штат якой ён патрапіў пасля службы ў Групе Савецкіх войск у Германіі ў 1945 – 1950 гг.,  ён аб'ездзіў не толькі Уральскую ваенную акругу, але і многія іншыя мясціны шматабсяжнага Савецкага Саюза. Шукаў сляды воінаў-уральцаў у Львове, Прыкарпацці, у роднай Беларусі. Узнавіў імёны шмат каго з забытых салдатаў і афіцэраў, чые франтавыя біяграфіі варты ўвагі і памяці нашчадкаў. Напісаў успаміны пра ўраджэнца Беларусі рускага пісьменніка і франтавога карэспандэнта Дзмітрыя Стонава, з якім давялося сустрэцца на вайне. Вельмі цікавымі падаюцца росшукі слядоў байца Івана Сцяпанавіча Барадуліна, які прызываўся з Ніжняга Тагіла. Яго імя высечана на адным з абеліскаў у Беларусі. А пасля высветлілася, што Барадулін застаўся жывы… І яго Юрый Левін знайшоў у вёсцы ля Кудымкара. Такіх прыкладаў настойлівага пошуку ў біяграфіі журналіста і пісьменніка вельмі шмат.

Звольніўся з арміі Юрый Абрамавіч у 1971 годзе. Палкоўнік у адстаўцы. У Екацярынбургу і Маскве пабачылі свет многія кнігі Юрыя Левіна – «Дзённік Перамогі», «Імёны», «Рэха саракавых», «Я вярнуся, мама», «Камбат», «Памяць», «Пошук працягваецца», «Жывыя радкі вайны», «Залаты крыж» і іншыя.  Наш зямляк з Парэчча ўзнагароджаны пяццю баявымі ардэнамі і 16 медалямі. Лаўрэат літаратурных прэмій імя М. Кузняцова і імя П. Бажова.

Памёр Юрый Абрамавіч Левін у ліпені 2008 года. Мне здаецца, што якраз у Беларусі найперш варта належным чынам ушанаваць памяць пра ваеннага журналіста і пісьменніка. Мо назвай адной з бібліятэк у Акцябрскім раёне? Альбо прысвоіць яго імя адной з вуліц у Глуску, ці ў Акцябрскім, ці ў тым жа Парэччы?.. Ды і кнігу ваенных нарысаў і апавяданняў Левіна няблага было б выдаць у Мінску. 

Мікола Раўнапольскі

Прочитано 3147 раз