Воскресенье, 09 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сцяпан Ліхадзіеўскі: «Я жыву ў Паўднёвым Казахстане…»  

  • Понедельник, 29 марта 2021 00:38

Сярод многіх беларускіх літаратараў, якія ў тыя ці іншыя часіны спрычыніліся да Казахстана, імя паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка Сцяпана Ліхадзіеўскага згадваецца даволі рэдка ці не згадваецца зусім. Прычын на тое некалькі. Але ж аб усім па парадку.

У беларускую літаратуру падлетак, зусім малады чалавек з слуцкай вёскі ўварваўся надзвычай імкліва. Хаця гэтая імклівасць была характэрнай для многіх яго равеснікаў, якія прыйшлі ў беларускую літаратуру ў 1920-я – на пачатку 1930-х гадоў. У 19 гадоў выдае сваю першую кнігу паэзіі «Крокі» Максім Лужанін. Свае першыя зборнікі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» Юрка Лявонны выдаў у 22… 17-гадовым юнаком ужо трымаў у руках Валерый Маракоў уласную паэтычную кнігу – «Пялёсткі». Кніга навел Барыса Мікуліча і яго ж зборнік апавяданняў «Удар» выйшлі ў 1931 годзе, калі іх аўтару не было яшчэ і 19 гадоў…

Нарадзіўся Сцяпан Ліхадзіеўскі 9 мая 1911 года ў вёсцы Баслаўцы (цяпер паселішча носіць назву Барок), на Случчыне. Першы верш – «Ільічу» – надрукаваў у часопісе «Беларускі піянер» у 1925 годзе. Вучыўся на той час Сцяпан у Грозаўскай сямігодцы. Пасылае свае допісы ў часопіс «Малады араты». У 1926 – 1930 гг. С. Ліхадзіеўскі вучыўся ў Белпедтэхнікуме.  У 1928 годзе ўступіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». З’яўляўся і членам Беларускай Асацыяцыі пралетарскіх паэтаў.

З першых вершаў случчаніна – «У цагельні». Напісаны твор у 1927 годзе.

Месіць зубамі гліну

Прэса шырозны рот.

Роўныя пліткі-цагліны

Рэжа напяты дрот.

 

Цэгла звінець аж будзе!

Сцены з яе ўзвядзём.

Вось вам, добрыя людзі,

Новы цагляны дом.

 

Паэт спяшаўся ўбіраць у сваю паэзію напружанасць часу, усе грамадскія, палітычныя пераабсталяванні, уласцівыя першым паслякастрычніцкім падзеям, першым гадам, першаму дзесяцігоддзю cавецкай улады. І яскрава, адкрыта, прама дэклараваў і грамадскія падзеі, і адносіны да іх і вяскоўцаў, моладзі, і, канешне ж, творчых людзей: «Кажуць, многа ў нас, паэтаў,/ Хочаш – можна гаць гаціць,/Песень тысячы напета,/ Апяяна ўсё ў жыцці…/ Хіба ж праўдай гэта будзе,/ Што агністых тэм няма?!/ Нашы дні імклівасць будзяць,/ Як зямлю зялёны май./ Хіба ж праўда, што не варта/ Пець аб працы, барацьбе,/ Пра людзей жывых, упартых,/ Што не літуюць сябе?!...» Рытмы вершаў Сцяпана Ліхадзіеўскага «вынікаюць/ З рытмаў новага жыцця»…

У 1930 – 1931 гадах С. Ліхадзіеўскі вучыўся ў БДУ, у 1931 – 1933 гадах – у Мінскім Вышэйшым педагагічным інстытуце. У 1931 – 1932 гадах выйшлі першыя кнігі Сцяпана Ліхадзіеўскага – паэтычныя зборнікі «Рокаты дальняй прыстані», «Чырванеюць вішні», «Крывавыя знічкі на снезе», «Мы – маладыя гвардыя». У іх – і плён грамадскай працы паэта, яго ўдзелу ў калектывізацыі ў роднай вёсцы: цыкл вершаў на калгасную тэму, паэмы «Крывавыя знічкі на снезе», «Новыя шумы». Увесну 1931 года паэт удзельнічаў па даручэнню Калгасцэнтра ў правядзенні калектывізацыі ў Бярэзінскім раёне, на Міншчыне. Па даручэнню камсамола ездзіў на Чарнаморскі флот, адкуль прывёз матэрыялы для публіцыстычнай кнігі «Паўднёвая вахта». Але напісанай кнізе не наканавана было выйсці…

10 жніўня 1933 года Сцяпана Ліхадзіеўскага ( а споўнілася маладому, у росквіце творчых сіл, літаратару ўсяго толькі 22 гады!) беспадстаўна асудзілі на тры гады высылкі ў Казахстан. Так пачаўся новы этап у лёсе беларускага пісьменніка, які толькі што выйшаў у вялікую дарогу мастацкага асэнсавання жыцця. Сцяпан патрапіў у Келескі (цяпер – Сары-Ачагскі альбо Сарыагашскі) раён Паўднёвага Казахстана. Дзе і настаўнічаў у сярэдніх школах – да 1937 года. А ў 1937-м быў залічаны студэнтам на 3 курс літаратурнага факультэта Ташкенцкага педагагічнага інстытута. І адначасова працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў школах Ташкента і Томска.

У біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі» (чацвёрты том) (выйшаў у «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі») ў артыкуле пра С. Ліхадзіеўскага пазначана ў дачыненні да яго казахстанскай высылкі: «… дзе працягваў пісаць вершы».

Не будзем ацэньваць, як склаўся лёс беларускага літаратара ўвогуле – добра ці дрэнна, шчасліва і ці няшчасліва. Сцяпан Іванавіч адбыўся, здзейсніўся як спецыяліст у галіне замежных літаратур, быў загадчыкам інстытуцкай кафедры, быў дэканам. Абараніў доктарскую дысертацыю па творчасці Анатоля Франса. Шмат перакладаў. І з французскай  і іншых літаратур – на беларускую мову. І з узбекскай – на рускую і беларускую мовы. Ажаніўся. Выхаваў трох сыноў і дачку. Меў заслужаны аўтарытэт сярод калег па працы, сярод пісьменнікаў Узбекістана. Памёр у Ташкенце ў 1977 годзе.

А што ж Казахстан…?

У 1962 годзе ў некаторым сэнсе адбылося віртуальнае вяртанне Сцяпана Ліхадзіеўскага ў Беларусь, да беларускага чытача – выйшла яго кніга «Берасцянка жывых трывог», у якую ўвайшлі вершы розных гадоў і выбраныя пераклады. Праўда, да яе былі і некалькі публікацый у беларускім друку. Тры вершы ў 1957 годзе пабачылі свет у красавіцкім нумары часопіса «Полымя». Па адной публікацыі Сцяпана Ліхадзіеўскага з’явілася ў 1959 годзе ў «Маладосці» і «Полымі», артыкул і два вершы былі надрукаваны ў розных  нумарах «Літаратуры і мастацтва». Падборка з двух вершаў з’явілася ў 1961 годзе ў «МаладосцІ». Верш «Смерць бацькі» (напісаны твор у 1937 – 1938 гг.) быў надрукаваны ў тым самым 1961 годзе ў другім томе трохтомнай «Анталогіі беларускай паэзіі».

«Берасцянка…» выйшла як праз тры дзесяцігоддзі пасля папярэдняй паэтычнай беларускай кнігі С. Ліхадзіеўскага. Істотная частка зборніка – вершы 1920 – пачатку 1930-х гг. І як своеасаблівы перавал у гэтай кнізе – верш «Імя свайго я не запляміў». І датаваны твор 1933 годам…

Пяскі – эскортам па пустэчы,

Пасля між гор грыміць вагон…

Зноў чую голас чалавечы,

Хвалююць новыя сустрэчы, –

Імчу за доляй наўздагон.

 

Няхай пяскі. Няхай пустыня.

Няхай бязводдзе і імгла.

Ды толькі сэрца не застыне, –

Яго скарыць і ў дзікай плыні

Ліхая скруха не змагла.

 

Я вызнаў, што такое голад,

Я жыў бяздомным, абы-як.

Ды зноў, узняўшы горда голаў,

З загарам юнага мангола

Ідзе герой мой напрасцяк.

Так, лірычны герой ідзе наперад, не зважаючы на самыя цяжкія складанасці, імкнецца выстаяць перад бурамі і сцюжамі, рознымі драматычнымі выпрабаваннямі. Канешне ж, у 1933 годзе Сцяпан Ліхадзіеўскі ішоў наперад, перакананы, што ні ў чым не вінаваты. Так і пісаў ў вершы «Імя свайго я не запляміў»: «Віны за мной няма нізвання…»

Вершы «Чырвоныя макі», «Зоры ў небе вабныя», «Я настаўнік», «З такою ж самай навізной», «Май», «***На небасхіле зорка расцвіла», «Мёртвыя рэкі», «Птушыны гурт у радаснай трывозе», відавочна, напісаны ў Казахстане, бо даты пад імі пазначаны з 1934 па 1937 гады. Абставіны не дазвалялі маладому паэту друкавацца ў сябе на радзіме. Час прыйшоў ужо самы небяспечны… Аднаго за другім выпраўлялі ў высылку, асуджалі да пазбаўлення волі добра знаёмых Ліхадзіеўскаму пісьменнікаў, з многімі з якіх Сцяпан быў добра знаёмы, сябраваў. 10 жніўня 1933 года на два гады пазбаўлення волі асуджаны Максім Лужанін. Восенню 1936 года арыштаваны паэт Юрка Лявонны, верагодна, праз год яго расстралялі ў Курапатах, пад Мінскам. 26 лістапада 1936 года быў арыштаваны Барыс Мікуліч. Яго турэмныя, астрожныя пакуты зацягнуліся на многія гады. На 15 дзён раней – 15 лістапада – арыштавалі паэта Станіслава Шушкевіча. Вярнуўся на радзіму ў 1946 годзе. У 1949 годзе арыштаваны паўторна… Станіслаў Шушкевіч – ці не самы блізкі сябра Сцяпана Ліхадзіеўскага. Іх стасункі, перапіска ўзновяцца пасля Вялікай Айчыннай…

Чыстым снегам ззяюць горы,

Навакол – чырвоны мак.

Разлілося макаў мора,

Берагоў яму няма.

 

Гэту чырвань сонца росціць

І дае вясне, як сцяг.

Гэта колер маладосці,

Паўнакроўнага жыцця.

(«Чырвоныя макі», 1934 г.)

І яшчэ адна страфа, якая напоўнена патэтыкі, веры, напружанасці, спадзяванняў..: «Ураджай на радасць жнеям/ Наспявае з кожным днём./ Спее сад – і мы мужнеем,/ Мы да сталасці ідзём».

«Зоры ў небе вабныя» – яшчэ адзін верш з «казахстанскага цыкла» Сцяпана Ліхадзіеўскага.

…Сарыагаш, які быў заснаваны ў 1870 годзе, – у самай непасрэднай блізкасці да казахстанска-узбекістанскай мяжы. Усяго 15 км ад Ташкента. На пачатак 2019 года насельніцтва горада складала 34 303 чалавекі. Горад вядомы як цэнтр санаторна-курортнага лячэння. У Сарыагашы ёсць крыніцы мінеральнай вады. Тут развіваецца вытворчасць элітных гатункаў вінаградных вінаў. Дарэчы, гэты край звязаны з лёсам казахскага паэта, публіцыста Такаша Бердзіярава (1925 – 1988), які нарадзіўся ў сяле з красамоўнай назвай Абай. Дарэчы, сяло Абай было цэнтрам Келескага раёна, які існаваў з 1928 па 1963 гады. Звяртаю на гэта ўвагу і таму, што менавіта ў архівах Казахстана варта было б пашукаць невядомыя звесткі пра казахстанскія гады Сцяпана Ліхадзіеўскага… Адсюль, з гэтай Сарыагашскай старонкі, – і казахстанская паэтэса, лаўрэат міжнароднай літаратурнай прэміі «Алаш» Ханбібі Есенкаракызы (нарадзілася ў 1949 годзе), якая з’яўляецца дырэктарам Паўднёва-Казахстанскага абласнога музея ахвяр палітычных рэпрэсій. У Келескім раёне закончыў сярэднюю школу літаратуразнаўца, пісьменнік Немат Келімбетаў (1937 – 2010). Ужо ў XXI стагоддзі пабачылі свет у перакладзе на беларускую мову – «Не хачу губляць надзею», «Зайдрасць», «Лісты да сына». Мо з часам і імя нашага земляка, случчаніна і ташкенцкага прафесара Сцяпана Іванавіча Ліхадзіеўскага стане старонкай у сарыагашскім літаратурна-краязнаўчым досведзе?..

З Ташкента, які на доўгія гады стаў прытулкам для беларускага паэта, Сцяпан Іванавіч ліставаўся з рэдакцыямі літаратурна-мастацкіх выданняў, з пісьменнікамі і літаратуразнаўцамі. Найчасцей пісаў Станіславу Пятровічу Шушкевічу. Зараз вялікая колькасць гэтых лістоў захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў асабістым фондзе 71; воп. 1, 2, дзе змешчана 281 адзінка захоўвання за 1912 – 1988 гг.

З ліста С. Ліхадзіеўскага ад 25 лютага 1952 г. : «Здравствуй, Стах!

За те 20 лет, которые прошли с дней наших встреч, утекло много воды. Но я очень рад, что ты жив и бодрствуешь. Трудно в письме хоть как-то отобразить пройденный путь. Ты просишь «пару слов» – я перевыполняю план (хотя сам ты был очень уж скуп на слова). 1933 – 1937 – я учительствовал в средних школах Южного Казахстана)…» Дарэчы, у лісце ёсць і ўдакладненне пра сямейнае становішча: «… жена, сын Виктор (16 л., 9-й класс), дочь Светлана (14 лет, 7-й класс) – комсомольцы и сын Анатолий (3 мес., еще не комсомолец)…» Атрымліваецца, што ўжо ў Казахстане Сцяпан Іванавіч быў чалавекам сямейным і там у яго нарадзіўся першы сын.

Пра «свой Сары-Агач» у лістах Станіславу Шушкевічу Ліхадзіеўскі будзе згадваць яшчэ не аднойчы. Як, між іншым, і пабываць у Сарыагашскай старонцы беларускі паэт і ўзбекістанскі літаратуразнаўца, перакладчык здолее пабываць яшчэ не раз…

Вось і 17 жніўня 1964 года Сцяпан Ліхадзіеўскі піша сябру ў Мінск: «…Як праходзіць маё лета? <…> Бываю – то з сям’ёй, то з сябрамі – ў Сары-агачы, г. зн. на месцы свае даўняй адмссылкі (25 км. ад Ташкента, Казахстан). Там вельмі свежае купанне ў р. Келес, добрая мінеральная вада, цікавы кніжны магазін, дзе можна купіць рэдкасці, якія ў Ташкенце расхватваюцца…»

На небасхіле зорка расцвіла,

Нікому невядомая, падвечар.

Адным – расці, другім – згараць датла,

Да новай формы пераходзіць вечна.

 

І новароджаная ўсё расла,

У светлай красавала прыгажосці.

Вітанне месяц цёплае паслаў

Прывабнай гэтай незнаёмцы-госці.

 

І астраномы нашае Зямлі –

Спатрэбіўся тут шматгадовы вопыт –

На зорку погляд свой перавялі,

Накіравалі рупна тэлескопы.

(«*** На небасхіле зорка расцвіла…»)

Гэтыя радкі – з «казахстанскага» верша Сцяпана Ліхадзіеўскага, напісанага ў 1936 годзе. У Сарыагашскім краі. З вышыні сённяшняга часу можна сказаць, што паэзія нашага земляка не самая прыкметная зорка на небасхіле сусветнай і нацыянальнай паэзіі. Але Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі адбыўся як літаратуразнаўца, спецыяліст у галіне французскай літаратуры. Зрабіў вельмі шмат і дзеля прапаганды ўзбекскай літаратуры – і як перакладчык, і як крытык. Менавіта так склалася яго жыццё, у якое ўмясціўся і казахстанскі фрагмент…

Я жыву ў Паўднёвым Казахстане,

Дзе сады, янтарны вінаград.

Сонца ўзыдзе – разам з  ім устанеш,

І настрой – як золак акурат.

 

Кліча ў школу крышталёвы ранак,

Дзень прыводзіць песенных гасцей.

Крышку смешна – з юнака Сцяпана

Тут Сцяпан Іванавіч расце.

 («Я настаўнік»).

Беларуска-казахстанскія літаратурныя сувязі – шырокая рака, якая ўмяшчае ў сябе жыццяпісы, творчыя памкненні многіх беларускіх літаратараў. Сцяпан Ліхадзіеўскі, яго некалькі гадоў настаўніцтва ў Паўднёвым Казахстане, «казахстанскі цыкл» вершаў – асобны эпізод у гэтай прасторы.

 

Алесь Карлюкевіч

 

 

Прочитано 717 раз