Воскресенье, 09 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сёння 70 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц

  • Вторник, 20 ноября 2018 09:10

Каштоўным набыткам беларускай паэзіі другой паловы XX ст. стала творчасць паэтэсы, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1986) Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц (1948–1988).

Яна нарадзілася ў в. Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Атрымала педагагічную адукацыю: скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. Працавала загадчыцай бібліятэкі ЦК ЛКСМБ. Некаторы час жыла ў Чэхаславакіі, пасля вярнулася на Радзіму, займалася творчай працай. З 1976 г. Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц была літкансультантам “Сельскай газеты”, а з 1983 г. загадвала аддзелам паэзіі часопіса “Маладосць”. Займалася яна і грамадскай дзейнасцю, удзельнічала ў якасці дэлегата ў рабоце XXXVI сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1981).

Друкавацца Я. Янішчыц пачала ў пінскай раённай газеце яшчэ вучаніцай Парэцкай сярэдняй школы. Свае вершы будучая паэтэса падпісвала псеўданімамі Ж. Заметкіна, Е. Іосіфава. Першыя пробы яе паэтычнага пяра заўважылі і ацанілі ў сярэдзіне 60-х крытыкі і чытачы. Падчас сканчэння школы і паступлення на вучобу ва ўніверсітэт яна мела ўжо публікацыі ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях.

Першы зборнік вершаў маладой паэтэсы “Снежныя грамніцы” (1970) выйшаў, калі яна вучылася на пятым курсе БДУ. Кніга была вельмі добра прынята, пра аўтарку многа і ўхвальна пісалі. Многія вобразы “Снежных грамніц” сапраўды неслі ў сабе першародную свежасць юнацкага захаплення жыццём, улюбёнасць у родны край і яго людзей, адкрытасць перад светам надзей і спадзяванняў.

Імя паэтэсы хутка атрымала пэўную вядомасць, а яе творы друкаваліся не толькі ў беларускіх газетах, часопісах і калектыўных зборніках, але і ва Украіне, у Расіі ў такіх цэнтральных выданнях, як “Молодая гвардия”, “Дружба народов”, “Литературная газета”, “Правда”, перакладаліся за мяжой.

Наступны зборнік “Дзень вечаровы” пабачыў свет у 1974 г., а ў 1978-м быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. У кнізе пашыраюцца далягляды, узбагачаецца вопыт, раскрываюцца новыя якасці лірычнага характару. Вобразы роднага краю дапаўняюцца новымі рэаліямі: да асэнсавання Радзімы, палескіх краявідаў, сустрэч з дарагімі людзьмі дадаецца пачуццё мацярынства.

Этапным, паваротным прызналі крытыкі трэці зборнік вершаў Я. Янішчыц “Ясельда”(1978), дзе больш прыметна ўзмацняецца ўвага да цяжкасцей жыцця, ускладняецца светабачанне паэтэсы. Асаблівай пранізлівасцю вызначаецца ў кнізе лірыка кахання. Па-ранейшаму пяшчотная і надзвычай тонкая ў перадачы інтымнага пачуцця ва ўсёй яго супярэчлівасці і жывой рухомасці, любоўная лірыка нясе ў сабе больш, чым раней, гаркоты.

Свайго сталага майстэрства Я. Янішчыц дасягнула ў кнігах “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), адзначанай у 1986 г. Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы, “Каліна зімы” (1987). Мысленне паэтэсы вызначаецца філасофскім роздумам над часам і прасторай, імгненнем і вечнасцю, жыццём і смерцю. Стан яе душы выяўляецца праз узаемазалежнасць такіх эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і журба, святло і цемра. У многіх вершах робіцца акцэнт на няроўную і не надта ласкавую жаночую долю і шчасце, аналізуецца жыццёвы шлях.

Звярталася Яўгенія Іосіфаўна і да прозы, напісала некалькі апавяданняў, рэалістычных па сваёй фактуры і праўдзівых па сутнасці (“Кошык бульбы”, “Сардэчнасць”, “А я ўсіх шкадую” і інш.). Плённа працавала паэтэса ў галіне мастацкага перакладу, узнаўляючы па-беларуску вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў. Змяшчаліся ў друкаваных выданнях яе артыкулы пра паэзію, змястоўныя рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, водгукі з падрабязным аналізам твораў.

У яе апошняй прыжыццёвай кнізе “У шуме жытняга святла” (1988) сабрана лепшае з напісанага за дваццаць гадоў літаратурнай працы. Пасля гэтай кнігі творы Я. Янішчыц пачалі прыходзіць да чытача ў выглядзе паэтычнай спадчыны. У 2000 г. выйшла кніга “Выбранае”, а ў 2008 г. – “Пачынаецца ўсё з любві…”, куды ўвайшло лепшае з напісанага паэтэсай.

Таксама інфармацыю па тэме можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.

 

Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Прочитано 4608 раз