Вторник, 18 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладаецца ў Ташкенце

У гістарычным лёсе кожнага народа ёсць імёны вялікіх асветнікаў, зоркавасць якіх навідавоку і праз стагоддзі. У беларусаў – Францыск Скарына, Якуб Колас і Янка Купала, класік беларускай нацыянальнай літаратуры XX стагоддзя Уладзімір Караткевіч. Ва ўзбекскім пантэоне легендарных асветнікаў асаблівае месца займае Алішэр Наваі. Юбілей вялікага паэта,  580-годдзе з дня яго нараджэння Узбекістан, узбекістанцы адзначаюць і ў сябе на радзіме, і па ўсім свеце. Да гэтай яркай асобы, асэнсавання яе месца ў сусветнай культуры спрычыніўся і наш суайчыннік – Дзмітрый РАДКЕВІЧ. Ён пагадзіўся адказаць на некаторыя нашы пытанні.. А нагодай, акрамя іншага, стала яшчэ і нядаўняя паездка спадара Дзмітрыя ў Ташкент, дзе прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і IV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнню, захаванню і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана – падмурак новага Рэнесансу». Усе ўдзельнікі дадзенай маштабнай падзеі – прадстаўнікі навукі і культуры – аднагалосна прынялі зварот да Прэзідэнта рэспублікі Шаўката Мірзіёева. Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана паднёс шмат сюрпрызаў удзельнікам, гасцям з-за мяжы і наведвальнікам. Аспірант Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, бакалаўр тэалогіі, магістр гістарычных навук, Старшыня Рады ўлемаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Радкевіч прымаў удзел літаральна ва ўсіх знакавых мерапрыемствах гэтага Тыдня культурнай спадчыны Узбекістана.

‒ Спадар Дзмітрый, вы зусім не выпадкова патрапілі на гэта свята нацыянальнай культуры, нацыянальнага асветніцтва Узбекістана… У сваёй творчай, навуковай працы вы праяўляеце надзвычайную цікавасць да культуры Узбекістана…

‒ Так. Але ж хацелася б, паколькі я пад велізарным уражаннем ад паездкі, расказаць аб усім па парадку. Прайшло болей месяца з паездкі – а пачуцці перапаўняюць мяне.

Па-першае, падкрэслю, што мой візіт ва Узбекістан адбыўся ў межах Тыдня культурнай спадчыны Узбекістана і IV Міжнароднага кангрэса Сусветнага таварыства па вывучэнню, захаванню і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана – падмурак новага Рэнесансу». За гэта вельмі ўдзячны амбасадзе Узбекістана ў Беларусі, дзе надаюць асаблівую ўвагу разгортванню, пашырэнню беларуска-ўзбекскіх гуманітарных, культурных сувязяў паміж нашымі краінамі, нашымі народамі. Такі падыход да дыпламатыі, такая культурная, народная дыпламатыя толькі спрыяе сапраўднай дружбе паміж Беларуссю і Узбекістанам.

Галоўнай мэтай майго візіту было выступленне на міжнарожным кангрэсе. Гэта ключавое мерапрыемства Тыдня стартавала 15 снежня 2020 года ў будынку Палаца моладзі. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі міжнародных арганізацый, звыш 300 замежных навукоўцаў больш чым з 40 краін свету, а таксама каля 1000 экспертаў і ўдзельнікаў з Узбекістана. Два першыя дні былі адведзены пад даклады замежных навукоўцаў, прысвечаных раскрыццю каштоўнасці культурнай спадчыны Узбекістана.

Падчас мерапрыемстваў кангрэсу мне пашчасціла пазнаёміцца з многімі выдатнымі асобамі з розных краін свету: Расіі, Індыі, ЗША, Вялкабрытаніі, Украіны, Францыі, Азербайджана і іншых дзяржаў з розных кантынентаў. Вядома, найбольш шырока былі прадстаўлены навукоўцы самога Узбекістана.

Вядомыя ўсходазнаўцы падзяліліся яскравымі і сенсацыйнымі вынікамі сваіх шматгадовых даследаванняў пра ўклад найвялікшых розумаў узбекскай зямлі ў развіццё сусветнай цывілізацыі, магутных ўсплёск навукова-культурнага ўздыму падчас першага і другога Рэнесансаў. Гэтыя вялікія этапы гісторыі культуры і навукі адбываліся прыблізна ў Х і XV стагоддзях, стаўшы ўнікальнымі перыядамі ў гісторыі ўсяго чалавецтва і спарадзіўшы атмасферу асветы, рэлігійнай талерантнасці і гуманізму. Вось і атрымліваецца, што цяпер ва Узбекістане за кошт надзвычайнай увагі да нацыянальнай культуры, вызначэння яе месца ў сусветным кантэксце рупяцца пра Трэці Рэнесанс…

‒ Кангрэс, наколькі я разумею, акрэсліў стасункі ўзбекскай культуры з культурамі народаў і краін Усходу, найперш – з культурамі краін Цэнтральнай Азіі..?

– Безумоўна. Немагчыма пераацаніць уклад Узбекістана і яго грамадства і ў развіццё і захаванне культуры рэгіёна, ды і ўсяго свету. Упершыню, дарэчы, ініцыятыва па стварэнні адмысловага таварыства прагучала менавіта ў Ташкенце, у маі 2017-га на Міжнародным кангрэсе «Культурная спадчына Узбекістана – шлях да дыялогу паміж народамі і краінамі». Рашэнне аб стварэнні Сусветнага таварыства па вывучэнню, захаванню і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана было прынята ў рамках II Міжнароднага кангрэса ў Санкт-Пецярбургу ў 2018-м годзе. Гэта арганізацыя садзейнічае міжнароднаму супрацоўніцтву самых розных дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, даследчыкаў, экспертаў, прадстаўнікоў навукі, медыясферы і іншай зацікаўленай грамадскасці ў галіне захавання, вывучэння і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана ў кантэксце сусветнай культуры. Гэта вельмі адказная і значная работа, і Узбекістан бліскуча яе выконвае. Тым больш, што праблема захавання культуры набывае ў апошні час усё больш глабальны характар.

Цэлы раздзел працы ў межах гэтай важнай падзеі для жыцця краіны быў адведзены тэме захавання і аднаўлення культурнай спадчыны ўзбекскага народу, а таксама вывучэнню сусветнага досведу ў гэтым кірунку. За адносна невялікі тэрмін згаданая сфера карэнным чынам змянілася, чаму спрыяла прыняцце і цэлага шэрагу пастаноў кіраўніка дзяржавы і ўрада, у якіх зацверджаны асноўныя змены, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці работы ўсіх датычных асоб і структур.

Вялікую ўвагу краіна надае будаўніцтву падмурка трэцяга Рэнесансу. Гэта новы крок да стварэння цывілізацыйных перадумоў для прагрэсу і росквіту ў рэгіёне.

Імёны сотняў вялікіх навукоўцаў, якія ў Сярэднявеччы ззялі на небасхіле сусветнай думкі, цяпер адкрываюцца наноў праз якасныя пераклады іх твораў на нашу мову. Захаванне культурнай спадчыны – гэта свядомы клопат пра сваю радзіму, культуры. Багатая гісторыя і культура Узбекістана належыць не толькі яго жыхарам, але і ўсяму чалавецтву. Кангрэс стаў яшчэ адным крокам да фарміравання прэстыжу гэтай рэспублікі і ўсталяванню трывалых сувязяў з рознымі краінамі і народамі ў сферы міжкультурнага і міжцывілізацыйнаму ўзаемадзеяння.

‒ І ўсё ж, на што вы, госць з Беларусі, звярнулі ўвагу ў сваім выступленні на кангрэсе?

– Мой выступ быў прысвечаны захаванню памяці пра творчасць Алішэра Наваі ў Беларусі. Асобныя пераклады вершаў Наваі ў свой зрабіў Васіль Жуковіч, яны выйшлі ў зборніку «Лірыка» ў 1993 годзе. Ведаю, што беларускі паэт ездзіў у Ташкент, знаёміўся з даследчыкамі творчасці паэта.   Летам 2019-га года ў Мінску быў адкрыты бюст Наваі, створаны па праекце маладога беларускага скульптара Максіма Макарэвіча. Вядома, у маім выступе быў зроблены акцэнт на перакладзе  суфійскага трактата Наваі «Махбуб ул-кулуб». Словазлучэнне гэтае – з арабскай мовы, і абазначае пэўны стан, калі на некага накіравана любоў (хубб) сэрцаў (кулуб). Таму назву я пераклаў выразам «Улюбёны сэрцаў». Сам трактат напісаны на стараўзбекскай (цюркскай) мове, перасыпанай персідскімі і арабскімі словамі і выразамі. На такой мове ў сучасным Узбекістане ніхто зараз не размаўляе, але тады, у 1500 альбо 1501 годзе гэта была новая, надзвычай нечаканая з’ява. Да таго ж, цюркская мова тады лічылася недастаткова «гарадской» – нашмат больш увагі надавалася тым самым персідскай і арабскай мовам. Таму творчасць Алішэра Наваі стала сапраўднай рэвалюцыяй у тагачасным культурным асяроддзі, уславіўшы на вякі імя паэта.

‒ Раскажыце, калі ласка, пра сам твор, пераклад якога, наколькі я ведаю, у хуткім часе выйдзе ў Беларусі асобнай кнігай…

‒ Трактат Наваі вельмі складаны ў плане мовы, але разам з тым вельмі даступны ў плане зместу. Структура твора трохчасткавая: першая – своеасаблівая галерэя характараў розных катэгорый людзей, другая – апісанне дзесяці ступеняў духоўнага росту, трэцяя – кароткія замалёўкі і заўвагі, якія так ці інакш звязаныя з асноўнай тэмай. У канцы мы далучылі слоўнік, у якім прывялі тлумачэнне ісламскіх і ўсходніх тэрмінаў, а таксама далі кароткія біяграфічныя звесткі пра ўзгаданых у кнізе асоб.

‒ Ці боязна было пачынаць такую складаную творчую працу?

‒ Гэтая праца была б немагчымай без атрымання належнай базы – вышэйшай гістарычнай і тэалагічнай адукацыі. Веды далі магчымасць зазірнуць на тэкст не толькі як на помнік літаратуры, але і як на карысную для развіцця светапогляду і практычнага прымянення кнігу. Асобныя часткі з яе ўжо апублікаваныя ў часопісе «Байрам», які выдаецца сіламі Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь невялікім накладам. Чакаю з нецярпеннем і беларускую кнігу з трактатам. Яна выходзіць у мінскім выдавецтве «Белпрынт».

‒ Што вас яшчэ захапіла, уразіла на кангрэсе?

‒ Адным з цікавых знаёмстваў стала сустрэча з даследчыкам з Нью-Дэлі, спецыялістам Цэнтра персідскіх і цэнтральнаазіяцкіх даследаванняў: гэта ‒ Сайед Накі Аббас удзельнічаў у вывучэнні рукапіснай спадчыны Узбекістана, якая захоўваецца ў Індыі. Таксама адбылася грунтоўная размова з загадчыкам аддзела даследаванняў і публікацый гістарычных дакументаў Інстытута ўсходазнаўства імя Абу Райхана Біруні Акадэміі навук Рэспублікі Узбекістан Санджаром Гуломавым. Яму ў падарунак былі перададзеныя нумары часопіса «Байрам», якія змяшчаюць фрагменты перакладу трактата Алішэра Наваі на беларускую мову.

‒ Што найболей запомнілася з працы кангрэса..?

‒ Кульмінацыйным момантам Тыдня культурнай спадчыны Узбекістана і IV Міжнароднага кангрэса «Культурная спадчына Узбекістана ‒ падмурак новага Рэнесансу» стала аднагалоснае прыняцце звароту удзельнікаў Сусветнага таварыства да Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўкаат Мірзіёева. Ініцыятыва прагучала з боку навукоўцаў з Японіі, якія прымалі ўдзел у рэжыме онлайн. Знаходзячыся ў будынку тамтэйшага Пасольства Узбекістана, аж 20 спецыялістаў падрыхтавалі праект звароту, які пасля падтрымалі члены праўлення і навуковага савета таварыства. У звароце яны падзякавалі кіраўніку рэспублікі за садзейнічанне ў рэалізацыі ініцыятывы аб перадачы дзесяці тысяч асобнікаў 35 тамоў кніг-альбомаў з серыі «Культурная спадчына Узбекістана ў зборах свету» бібліятэкам і навучальным установам іх краіны. Дзякуючы актыўнай працы сотняў усходазнаўцаў ў хуткім часе кнігі-альбомы аб культурнай спадчыне Узбекістана ў зборах музеяў і калекцыянераў Узбекістана, Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Турцыі, Чэхіі, Японіі і многіх іншых краін атрымаюць усе бібліятэкі, агульнаадукацыйныя школы і ВНУ Узбекістана. Варта падкрэсліць, што падтрымку ў гэтай справе аказвае ўрад краіны.

У звароце адзначаецца, што на IV Міжнародным кангрэсе Сусветнага таварыства па вывучэнню, захаванню і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана прынятая «дарожная карта» на 2021-2025 гады. На працягу бліжэйшых пяці гадоў таварыства плануе рэалізацыю больш за 100 новых праектаў.

«Мы мяркуем працягнуць публікацыю кніг і альбомаў, якія распавядаюць пра культурную спадчыну Узбекістана ў музеях краіны і за мяжой, выпуск дакументальных і мастацкіх фільмаў, правядзенне навуковых форумаў, распрацоўку адукацыйных праграм, працу экспертаў у галіне рэстаўрацыі культурнай спадчыны краіны, распрацоўку ініцыятыў, накіраваных на ўдасканаленне заканадаўства, развіццё турызму», – гаворыцца таксама ў звароце.

Навукоўцы свету высока ацанілі намаганні прэзідэнта Узбекістана па захаванні культурнай спадчыны краіны і адзначылі, што гатовыя і надалей рабіць свой уклад у развіццё і захаванне нацыянальнага культурнага здабытку Узбекістана.

Такім чынам, чарговы Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і IV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнню, захаванню і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана – падмурак новага Рэнесансу» не проста паспяхова адбыліся, але і адкрылі новую старонку ў гісторыі ўзбекскай нацыянальнай і сусветнай культуры.

Літаратура, архітэктура, кіно і фатаграфія, пытанні моладзі і сацыяльнай палітыкі, сучасныя праекты і інавацыйныя ідэі – усё гэта якраз і ахапіла чатыры дні праграмы мерапрыемства. Але гэта не значыць, што праца завершана. Наладжаныя кантакты, выслуханыя меркаванні. А гэта значыць, што наперадзе нас чакае яшчэ нямала маляўнічых і цікавых падзей, якія наблізяць краіну да новай эпохі Адраджэння – Трэцяга Рэнесансу.

‒ А вашы агульныя ўражанні ад Узбекістана?

‒ Трэба адзначыць, што ва Узбекістане я пабываў упершыню, таму быў надзвычай уражаны бадай што ўсім, ад архітэктуры будынкаў да культуры народа ў цэлым. Сціплыя, добразычлівыя і ветлівыя людзі – гэта ўжо вялікі скарб. Давялося і пабываць у ташкенцкіх мячэцях. Асабліва прыгожай падалася мячэць Мінор («Мінарэт»). Прасторная светлая зала, купал, які нібыта ўзносіць душу ўверх, паўсюль пануе цішыня і спакой... Не мог абмінуць я і кнігарні. Калі дзяржаўныя крамы працуюць паводле графіку, то прыватныя зачыняюцца пасля апошняга пакупніка, таму нават пасля закрыцця можна прыдбаць цудоўную кніжку, малітоўны дыванок альбо бутэлечку парфумы.

‒ Відавочна, што паездка ў Ташкент вас вельмі і вельмі захапіла…

‒ І яна падала мне новыя стымулы ў вывучэнні, даследванні культуры, літаратуры Узбекістана. Дзякуй амабасадзе Узбекістана за арганізацыю такой паездкі, дзякуй усім, хто спрыяе маім усходазнаўчым зацікаўленням!

 

Гутарыў Кастусь Лешніца

Прочитано 127 раз