Версия для печати

Новыя матэрыялы пра Андрэя Александровіча

  • Вторник, 09 февраля 2021 00:10

Віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» прадстаўляе новыя матэрыялы і знаходкі. 22 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася «Віртуальная прэзентацыя літаратурнай спадчыны Андрэя Александровіча», прымеркаваная да 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Але праца над віртуальным раздзелам, прысвечаным яго жыццю і творчасці, працягваецца. Даследчыкаў хутка чакае цэлы шэраг каштоўных дакументаў і фотаздымкаў «маладнякоўца»!

Супрацоўнікі бібліятэкі наладзілі сувязь з унукам пісьменніка Алегам Александровічам, які жыве ў Польшчы. Алег Радаслававіч шчыра дзякаваў за ўшанаванне памяці свайго дзеда і адзначаў, што нарэшце з’явілася прафесійная цікавасць да асобы пісьменніка. Для яго вельмі важна, каб спадчына Андрэя Александровіча стала даступнай для навукоўцаў, даследчыкаў і чытачоў бібліятэкі. З гэтай мэтай некалькі гадоў назад ён стварыў старонку ў Вікіпедыі пра дзеда, дзе прадстаўлены алічбаваныя матэрыялы. Літаральна на мінулым тыдні Алег Радаслававіч даслаў супрацоўнікам бібліятэкі амаль увесь свой архіў! Тут і рукапісы, і каштоўныя дакументы, і лісты, і неапублікаваныя вершы, шэраг машынапісных артыкулаў Андрэя Александровіча з яго паметкамі, а таксама цэлая галерэя фотаздымкаў пісьменніка і яго родных.

1_alex&rowhich.jpg
Алеся і Андрэй Александровічы. 1910 г.

2_alex&rowhich.jpg
А. Александровіч. Санаторый імя Герцэна пад Масквой. 1960 г.

3_alex&rowhich.jpg
Пасведчанне А. Александровіча пра абранне членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. 1936 г.

4_alex&rowhich.jpg
Нататкі А. Александровіча пра паэму «Цені на сонцы». Рукапіс. Стар. 1. 1955 г.

Але і гэта яшчэ не ўсё: з дазволу Алега Радаслававіча значная частка гэтых матэрыялаў будзе далучана ў віртуальны раздзел, прысвечаны Андрэю Александровічу.

Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Прочитано 4884 раз