Воскресенье, 20 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мастацтву патрэбна праўда: Васіль Быкаў і Веніямін Каверын

«Аповесць «Сотнікаў» (у першым варыянце «Ліквідацыя») нарадзілася не так «з галавы», як з пачуццяў, што былі натхнёныя  хутчэй не вайной, а нашай сучаснасцю. Вядома,  можна сказаць, што сюжэт біблейскай прыпавесці пра Авеля і яго брата Каіна жыве ў чалавецтве даўно і праяўляецца рэгулярна, у вайну тым болей. Але калі ў іншы час брат забіваў брата дзеля карысці – спадчыны ці багацця, дык у вайну – дзеля элементарнае, біялагічнае мэты выжыць. Тое быццам апраўдвала або, прынамсі, давала штось зразумець у шэрагу тагачасных матываў і наступстваў…

У пэўным сэнсе «Сотнікаў» стаўся літаратурнай рэакцыяй на тагачасную рэчаіснасць, хоць дзея там адбывалася ў іншым асяродку ды ў іншы час…» (Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому, стар. 310-312).

…1969 год. За плячыма ў рускага празаіка Веніяміна Каверына – 67 гадоў жыцця. 67 доўгіх вёрстаў… Ужо прыйшлі да чытача яго раманы «Мастак невядомы», «Выкананне жаданняў», «Два капітаны», «Разгорнутая кніга», «Двайны партрэт», многія аповесці і апавяданні. Шырокі рэзананс набылі выказванні Каверына ў абарону апальных літаратараў. Пісьменнік разрывае адносіны з даўнім сябрам і літаратурным функцыянерам Канстанцінам Федзіным, які ўзначаліў прапагандысцкую кампанію супраць Аляксандра Ісаевіча Салжаніцына.

…1969 год. Беларускаму празаіку Васілю Быкаву – 45 гадоў. Друкавацца пачаў 20 гадоў таму – у 1949 …Першая кніга – «Жураўліны крык» – пабачыла свет у 1960-м…Чытач пазнаёміўся з яго аповесцямі «Здрада», «Трэцяя ракета», кнігай апавяданняў «Адна ноч»…Шырокую хвалю выклікала аповесць «Мёртвым не баліць». Выходзіць «Сотнікаў». Аповесць, дзе галоўны герой Сотнікаў яшчэ раз узвышае верхавенства сумленнасці, чалавечнасці, справядлівасці.

«Сотнікава», перакладзенага на рускую мову і выдадзенага ў Маскве, заўважылі і старэйшыя пісьменнікі, у тым ліку і Веніямін Каверын, які напісаў маладому беларускаму літаратару ліст. Пісьмо, відавочна, захоўваецца недзе ў асабістым архіве Васіля Быкава. А вось адказ беларускага пісьменніка:

«Дарагі Веніямін Аляксандравіч!

Дзякуй Вам за Ваша разумнае і сяброўскае пісьмо, атрымаць якое мне было вельмі радасна. Вы правільна літчыце: служэнне праўдай – абавязак літаратуры, вось толькі бяда ў тым, што ва ўсе часы для людзей не было нічога болей нежаданага, чым праўда, якая трывожыла іх спакой, праўда, лепш за якую яны лічылі супакойваючы дурман хлусні. Рэалістычнаму мастацтву нішто так не патрэбна, як праўда, але ў той жа час нішто яму так дорага не абыходзілася, як гэтая самая праўда.

Мне складана самому ацаніць станоўчыя бакі аповесці – аўтару, як вядома, шматкрат лепш бачацца недахопы ўласнага твора, ‒ я толькі хацеў выказаць у ёй часцінку вялікай праўды вайны, яе прыватны факт, выпадак, калі заўгодна. Што з гэтага выйшла – не ведаю. Але людзі, якіх я паважаю і чые меркаванні прызвычаены цаніць, шанаваць, убачылі ў ёй нешта ‒ дзякуй ім.

Я даўно ведаю і вельмі шаную вашы кнігі, кланяюся Вашай прынцыповасці ў вялікіх пытаннях жыцця. Цяпер да ўсяго гэтага дадаецца яшчэ і мая самая шчырая ўдзячнасць за добрыя і мудрыя словы Вашай увагі.

Дай Бог вам здароўся!

З павагай В. Быкаў.

28 кастр. 1969г.»

Веніямін Каверын надрукаваў ліст Васіля Уладзіміравіча ў сваёй кнізе «Пісьмовы стол», дзе сабраў свае ўспаміны і развагі (Масква, 1985 год). Наперадзе, пасля 1985-га, юбілейнага з нагоды Вялікай Перамогі, у рускага літаратара засталося яшчэ чатыры гады руплівай працы. Яшчэ былі напісаны і выдадзены аповесць «Сілуэт на шкле», раман «Над патаемным радком», у сааўтарстве з Уладзімірам Новікавым манаграфія пра Юрыя Тынянава – «Новы зрок»…Эмацыянальнасць слова спалучалася ў яго творах з жыццёвасцю, праўдзівасцю. Гэта і паяднала двух літаратараў розных пакаленняў, але блізкіх па сваёй унутранай сутнасці, па сваіх мастацкіх перакананнях.

Васіль Быкаў – яркая, шматгранная асоба, якая заўсёды была ў полі зроку рускіх літаратараў, рускіх літаратурных крытыкаў. Лакшын, Дзядкоў, Лазараў, Аскоцкі, ды шмат хто яшчэ – сярод его верных сяброў.  Ліставанне з Каверыным – яшчэ адно таму пацвярджэнне.

…Аповесць «Сотнікаў», ухваленая яшчэ Аляксандрам Трыфанавічам Твардоўскім, была спярша надрукавана ў часопісе «Новый мир». Праўда, ужо пасля таго, як аўтара «Васілія Цёркіна» «сыйшлі»…

На Беларусі публікацыя адбылася пазней. «Сабраліся нарэшце друкаваць, наладжвалася абмеркаванне. Сышлася ці не самая прадстаўнічая рэдкалегія… На маё слабое пярэчанне, што ў Маскве ўжо абмяркоўвалі і маскоўскі галоўліт прапусціў, палымянскі галоўны рэдактар Павел Кавалёў адказаў, што Масква нам не ўказ, Масква друкавала і Еўтушэнку, чаго ў Беларусі ніколі не здарылася б, бо беларуская літаратура ідэйна здаровая, без шкодных ухілаў..,» – успамінаў праз шмат гадоў Васіль Уладзіміравіч.  І далей: «…ўсе сышліся на тым, што аповесць друкаваць рана, трэба дапрацаваць. Дапамогу аўтару ў дапрацоўцы было вырашана даручыць Барысу Сачанку. Сказалі , каб з гэтым не цягнуць…Барыс па-сяброўску адкрыў сакрэт рэдактарскіх закідаў да аповесці – адсутнасць у ёй вобразаў камуністаў…Сачанка сказаў .., што ён гэта выправіць у адзін момант і, пагартаўшы рукапіс,знайшоў здатнае месца. Во тут і напішам: Сотнікаў – камуніст. А што, апроч таго, і сын камуніста, тое вынікае з кантэксту…Хоць мы нічога больш не змянілі, у тым выглядзе аповесць пайшла ў набор. Прэтэнзіяў да яе больш не знайшлося ні ў галоўнага – Паўла Кавалёва, ні ў галоўліце, ні ў ЦК. Што значыць, мудры спрактыкаваны рэдактар! Толькі аўтар пры гэтым адчуваў сябе дурнем, ну але гэта яго прыватная справа…»

Прыклад з «Сотнікавым» – адзін з многіх прыкладаў тае няпростай дарогі да чытача, якую праходзілі творы Васіля Уладзіміравіча Быкава. Мастак, сапраўднасць якога пацвярджае час, здолеў шмат што перавярнуць у свядомасці сучасніка, у свядомасці чытача, з якім імкнуўся гаварыць на мове Праўды.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 1237 раз