Среда, 12 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Мастацкая літаратура» працягвае серыю «Сябрына: паэзія народаў Расіі»

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прадставіла ў Мінску працяг кніжнай серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі». Зборнік «Карэнні сілу берагуць», дзе пад адной вокладкай сабраныя вершы 17 сучасных паэтаў з Башкірыі, Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі, Марый-Эл, Татарстана, Чачэнскай Рэспублікі і Чувашыі, убачыць свет да канца вясны.

Першая кніга ў гэтай серыі — зборнік вершаў «Ранішні вецер у акне» народнага паэта Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі, перакладзены на беларускую мову Віктарам Гардзеем, — выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» яшчэ ў 2016 годзе. Далей працягнула наводзіць масты літаратурнай дружбы выдавецтва «Мастацкая літаратура», і другім выданнем серыі стала кніга вершаў народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна «Начная птушка» — яе пераклаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі, а чытачы змаглі дакрануцца да татарскай літаратуры вясной 2018-га. Сёлета «Сябрына» атрымала працяг — трэцяя кніга ўжо змакетаваная, і, безумоўна, работа над перакладамі расійскіх аўтараў прадоўжыцца. Акрамя таго, усе тры кнігі серыі будуць прадстаўленыя сёлета ў Маскве на вялікім кніжным фестывалі на Краснай плошчы.

«Новы зборнік, на мой погляд, атрымаўся цікавым, бо знаёміць не толькі з паэтамі з розных рэгіёнаў Расіі, але і дае паэтычныя апісанні рэчаў, якіх у нас у Беларусі наўпрост няма: праз вершы можна перанесціся ў горы, у стэп, адчуць подых сухога і гарачага ветру, — разважае галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, які выступіў перакладчыкам паэтычнага зборніка «Карэнні сілу берагуць». — Канешне, ёсць пэўныя складанасці: не ведаючы мовы арыгінала, часта перакладаць даводзіцца з падрадкоўніка, падбіраючы максімальна дакладныя вобразы і рыфмы, і далёка не кожны паэт, перакладчык за гэту справу возьмецца. Але мэта таго вартая, бо не ведаючы, што пішуць нашы пабрацімы, мы не можам у поўнай меры развіваць і беларускую літаратуру, паказваць у свеце, чым мы самі адметныя».

Галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота дадае: «Хоць цяперашні беларуска-расійскі праект як брэнд намінальна распачаўся ў 2016 годзе, насамрэч яму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Так, Выдавецкі дом «Звязда» ініцыяваў маштабны творчы праект — серыю з 11 кніг «Сугучча сэрцаў», што прадставілі сучасную літаратуру народаў СНД. А ўласна рубрыка «Сябрына», якая знаёміць чытачоў менавіта з творчасцю расійскіх аўтараў, нарадзілася яшчэ 10 гадоў таму, у 2009-м».

«Выдатна, што аднаўляюцца творчыя сувязі паміж літаратарамі нашых краін, — заўважае паэт, празаік, перакладчык, кіраўнік Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і старшыня таварыства дружбы «Беларусь—Расія» Міхась Пазнякоў. — Сёння толькі ў нашага сталічнага аддзялення Саюза пісьменнікаў наладжана плённае і шчыльнае супрацоўніцтва з Маскоўскім, Санкт-Пецярбургскім, Калінінградскім, Цюменскім, Астраханскім аддзяленнямі Саюза пісьменнікаў Расіі, саюзамі літаратараў Калмыкіі, Дагестана, Чачэнскай Рэспублікі... І гэта не проста сяброўскі абмен дэлегацыямі — мы займаемся ўзаемаперакладамі, выдаём калектыўныя зборнікі вершаў і малой прозы». Напрыклад, у абедзвюх нашых краінах да 70-годдзя Перамогі выйшаў зборнік «Пераможцы», падрыхтаваны больш як 50 пісьменнікамі і паэтамі з Мінска і Цюмені, кнігі многіх беларускіх паэтаў перакладзены на мовы народаў Расіі — у Дагестане (а ў гэтай рэспубліцы толькі дзяржаўных моў — 7!), Чачні, Удмурціі і г. д.

Вікторыя Целяшук

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Сіла ў каранях

Прочитано 4151 раз