Суббота, 18 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мастак і кніга. Сімпатычная планета мамурыкаў  

#літаратурнаяберасцейшчына

Мастачка Марыя Міцкевіч жыве і працуе ў Брэсце. Супрацоўніцтва яе як таленавітага афармляльніка з мінскімі выдавецтвамі пачалося з супрацы з «Літаратурай і Мастацтвам» ‒ над зборнікам п’ес таксама брэсцкага аўтара Зоі Гарадзецкай «Казкі навагодняга лесу». Кніга, можна сказаць, прагучала, паспрыяла шырокаму знаёмству аўтара і мастачкі з чытачом. Наступнае выданне, якое М.Міцкевіч, аформіла для РВУ «Літаратура і Мастацтва», ‒ зборнік казак сербскай пісьменніцы Гразданы Алуіч.

А следам да чытача прыйшла яшчэ адна кніга, мастацкае аблічча герояў выразна і вобразна сфармулявала таленавіты кніжны графік з Брэста, ‒ «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў» Раісы Баравіковай (ізноў – Мінск, РВУ «Літаратура і Мастацтва»). Цяпер, літаральна некалькі тыдняў назад, кніга Раісы Баравіковай перавыдадзена ў Выдавецкім доме «Звязда» ў тым самым афармленні. І хацелася б пагаварыць менавіта пра працу мастачкі, якая сваімі ілюстрацыямі надае большую прывабнасць папулярнай кнізе…

Прываблівае ўжо сама вокладка, з якой да ўдзелу ў касмічным палёце запрашае сам галоўны герой – міжпланетны Пажарнік-мамурык. Пісьменніца, стварыўшы багатую на дзеянні атмасферу, вымалёўвае партрэт свайго сімпатычнага персанажа праз розныя ўчынкі, праз яго стасункі з навакольным светам. Дапамагае чытачу ўявіць, якія ў Пажарніка сродкі, механізмы, апараты, якія лётаюць і дапамагаюць падарожнічаць у Космасе. Напрыклад, вось што піша Раіса Баравікова пра «ракету» Пажарніка: «У мамурыка ёсць пікі-пак. Ён нечым падобны на зямнога верталёціка, але кабіна ў яго ўся празрыстая.

Астранаўты на шматлікіх касмічных трасах нярэдка прымаюць яго за страказу і здзіўляюцца: «Адкуль узяцца страказе ў Космасе?!»

Але гэта проста пікі-пак. Так аднойчы назваў яго мамурык.»

І сказана, здаецца, шмат. Але ж няма для мастака той прамалінейнай «інструкцыі», якая дапамагла б намаляваць менавіта пісьменніцай прыдуманы пікі-пак. Так, казачны лятальны апарат падобны на «зямны верталёт». Некаторыя прымаюць яго за страказу. І ўсё ж гэта «проста пікі-пак». Выходзіць, што далей павінна спрацаваць выключна фантазія мастачкі. Ёй, Марыі Міцкевіч, савпраўды трэба быць і канструктарам, і дызайнерам. А самае галоўнае – першым уважлівым чытачом аповесцяў пра міжпланетнага Пажарніка. Дарэчы, і мамурыка, якога мы маем магчмасць разглядаць на малюнках (усяго ў кнізе болей як дваццаць выяў галоўнага героя) прыдумала менавіта мастачка. З яе вобразам галоўнага героя, які сыходзіць у нашу свядомасць ужо з вокладкі, мы падарожнічаем па ўсёй кнізе.

Мамурык усміхаецца, здзіўляецца, непакоіцца, трывожыцца… Такі розны і такі аднолькава сімпатычны галоўны герой – міжпланетны Пажарнік. Некалі славуты педагог Васіль Сухамлінскі (зараз, адпрэчваючы ўсё савецкае ці ўсё з савецкіх часін, пра яго згадваюць вельмі і вельмі рэдка. І, мяркую, што дарэмна) напісаў: «Каб мець доступ у цудоўны палац, імя якому – дзяцінства, мы павінны пераўвасабляцца, станавіцца ў некаторай ступені дзецьмі. Толькі пры гэтай умове нам будзе даступная мудрая ўлада над дзіцем. Толькі пры гэтай умове дзеці не будуць глядзець на нас як на істот, якія выпадкова патрапілі ў іх палац, як на вартаўнікоў, што ахоўваюць іх дзіцячы свет, але раўнадушных да таго, што адбываецца ў цудоўным палацы дзяцінства».

На шчасце, следам за аўтарам, вядомай і вопытнай дзіцячай пісьменніцай (варта згадаць хаця б «Казкі астранаўта», «Казкі з гербарыя» Раісы Баравіковай), мастачка кнігі аказваецца зусім не выпадковым чалавекам у стасунках з дзіцячым светам. Марыя Міцкевіч асцярожна, зважаючы на ўсю сур’ёзнасць гэтага кроку, уваходзіць у палац дзяцінства. Відавочна гэта і па малюнках, што дапаўняюць трэцюю з аповесцяў, якія склалі кнігу. Ужо назвы раздзелаў патлумачваюць адрасы, куды на сваіх лятальных апаратах трапляюць новыя касмічныя вандроўнікі: «Робат Бабунька прапаноўвае Кутасіку здзейсніць касмічнае падарожжа ў Брэст», «Астрамечаўскі яблык – у падарунак міжпланетнаму Пажарніку» і інш. На адной са старонак (у раздзеле «Начніца Нюня – актыўная ўдзельніца самай вялікай спрэчкі рукакрылых») героі аповесці – казкі сустракаюцца ля помніка са скульптурай кажана. Разам сыходзяцца казка і рэчаіснасць, легенда і сапраўднасць. Відаць, мастачка трапляе нават у болей складаную сітуацыю , чым пісьменніца. Бо ў афармленні прыдумка, фантазіі – навідавоку, «шматкроп’ем» тут не абыйдзешся. І ўсё ж Марыя Міцкевіч таленавіта спраўляецца са сваёй творчай задачай, расказваючы пра Брэст казачны і Брэст сапраўдны.

Кніга «Казачных аповесцяў…» у афармленні таленавітай брэсцкай мастачкі падштурхоўвае і да наступных разваг. Цэласнасць, паяднанасць мастацкіх рашэнняў з казачным, фантазійным аповедам сведчаць, што афармленне дапасуе да тэкста, пашырае прастору яго ўздзеяння на чытача. Дык, можа быць, менавіта Марыя Міцкевіч здолее ўважліва, выкарыстоўваючы ўвесь свой прафесійны арсенал вопыту і мастацкіх сродкаў, «прачытаць» іншыя дзіцячыя кнігі Раісы Андрэеўны Баравіковай? А якое-небудзь з выдавецтваў адважыцца выдаць іх агульнай серыяй, у адным фармаце… Паверце, атрымаюцца адмысловыя кніжныя ўрокі ад Раісы Баравіоквай і Марыі Міцкевіч, якія павінны з прыхільнасцю ўспрыняць і юныя, і дарослыя чытачы Беларусі. Складзецца сапраўдная бібліятэка мудрых разваг не толькі пра фантастычнае і неверагоднае, але і пра нашы жыццёвыя рэаліі.

Дарэчы, у Беларусі не так і шмат падобных выданняў, якія б у падарункавым варыянце выяўлялі супольнасць аўтара і кніжнага графіка. Рэалізацыя падобных задум, несумненна, паспрыяла б і папулярнасці беларускай дзіцячай кнігі, больш шырокаму яе распаўсюджванню.

 

Мікола Берлеж

Прочитано 4853 раз