Версия для печати

Маршрутамі літаратурнай дыпламатыі – Саудаўская Аравія, Раед Аніс Аль-Яшы

  • Суббота, 27 апреля 2019 11:31

У век сучасных тэхналогій, у эпоху “інфармацыйнага выбуху”  дыпламатычныя сувязі адыгрываюць найвялікшую ролю. Аднак  збліжэнне народаў,  а ў нашым выпадку – збліжэнне літаратур –  не можа быць магчымым без мастацкага перакладу і дзейнасці перакладчыкаў, якія не толькі з’яўляюцца ў гэтым працэсе  галоўнымі  асобамі, але і выступаюць, так бы мовіць, літаратурнымі дыпламатамі. Прыемна адзначыць, што літаратурная дыпламатыя Беларусі сёння сягнула далёка за межы суседніх кантынентаў: Бангладэш і Індыя, Малайзія і Кітай, Пакістан  і Саудаўская Аравія… З паэтам і перакладчыкам з далёкага арабскага Каралеўства Раедам Анісам Аль-Яшы  – наша гутарка пра справы літаратурныя, пра мастацкі пераклад і не толькі.

Раед Аніс Аль-Яшы   паэт, перакладчык, аўтар кнігі прозы, а таксама 13-ці паэтычных зборнікаў на арабскай, французскай, англійскай, італьянскай і сербскай мовах. Асобныя творы Раеда Аніса Аль-Яшы перакладзены і апублікаваны ў многіх краінах свету. Лаўрэат спецыяльнай прэміі ўніверсітэта ў Аёве. Працуе настаўнікам хіміі ў сярэдняй школе ў горадзе Эль-Каціф. Актыўна займаецца пытаннямі правоў чалавека, інтэнсіўна працуе на ніве прапаганды прыгожага пісьменства сярод дзяцей і падлеткаў Каралеўства Саудаўская Аравія. Жыве і працуе ў горадзе Эль-Каціф.

У першую чаргу, паважаны Раед Аніс Аль-Яшы, дзякуй вялікі за пераклады маіх вершаў, спадзяюся, наша супрацоўніцтва будзе доўгім і плённым. Думаецца, што беларускаму пісьменніку ды і звычайнаму чытачу будзе цікава даведацца, наколькі  шырокае кола сучасных літаратараў Саудаўскай Аравіі, ці аб'яднаны яны ў якія-небудзь супольнасці і ці маюць нейкую падтрымку ад дзяржавы?

– Насамрэч, у Саудаўскай Аравіі не так шмат сучасных паэтаў, прычым, большая частка  з іх з'яўляюцца класічнымі творцамі. У краіне існуюць  некаторыя літаратурныя афіцыйныя аб’яднанні, створаныя ўрадам у многіх буйных частках Саудаўскай Аравіі, аднак найбольш актыўнымі з'яўляюцца мясцовыя літаратурныя клубы.

Як на мой погляд, дык для жыхароў Беларусі Саудаўская Аравія –  даволі закрытая краіна, менавіта таму мяне як жанчыну-паэтку надзвычай цікавіць пытанне аб тым, ці шмат у літаратурнай супольнасці  Каралеўства жанчын-літаратараў? Як актыўна яны працуюць? Якія тэмы ўздымаюць?

Так, як і паўсюль у свеце, жанчыны-літаратары прысутнічаюць у пісьменніцкім коле Саудаўскай Аравіі. Часцей за ўсё – гэта класікі літаратуры нашай краіны, але сучасных жанчын-пісьменнікаў у краіне не так і шмат, хаця многія з іх дастаткова актыўна  фігуруюць у афіцыйных літаратурных аб’яднаннях, у мясцовых клубах, а некаторыя прымаюць удзел альбо нават займаюцца арганізацыяй літаратурных фестываляў. Да прыкладу, у мінулым годзе ў Каралеўстве быў арганізаваны літаратурны форум у гонар выбітнай класічнай паэтэсы Саудаўскай Аравіі. Гэта вельмі ганарова, што жанчына-паэтка была ўдастоена такой пашаны. Акрамя таго, ужо доўгі час  мы выкарыстоўваем Інтэрнэт, каб далучыць нашых дзяўчынак і жанчын да фемінісцкага руху. Да нядаўняга часу рабіць гэта было вельмі складана, а сёння, дзякуючы сучасным тэхналогіям,  можна  рабіць такую справу нашмат прасцей.

– Якія спецыялізаваныя літаратурныя часопісы, газеты, інтэрнэт-парталы існуюць у вас у Каралеўстве, і наколькі яны запатрабаваныя чытачом?

– У Саудаўскай Аравіі працуе ўсяго некалькі спецыяльных часопісаў і газет, якія засяроджаны толькі на пісьменніцкай справе і клапоцяцца пра літаратурныя тэндэнцыі ў Каралеўстве. Большая ж частка выданняў выдаткоўвае пад літаратуру ўсяго толькі  адну альбо дзве старонкі. У любым выпадку, іх дастаткова і ў іншых арабскіх краінах, прычым, большасць з гэтых выданняў даволі ахвотна друкуе літаратурныя творы, якія напісаны менавіта на арабскай мове, незалежна ад нацыянальнасці аўтара. Часта яны нават самі імкнуцца далучаць новых аўтараў да публікацый на  старонках іх выданняў.

А як непасрэдна адбываецца працэс выдання кніг?

– Што тычыцца кнігавыдавецтва, дык у Саудаўскай Аравіі надрукаваць уласную кнігу не вельмі складана, хаця занадта дорага выдаць кнігу па сваёй уласнай канцэпцыі. Менавіта таму, большасць саудаўскіх аўтараў  публікуе свае кнігі за межамі дзяржавы, напрыклад, у Ліване. Звычайнаму паэту дастакова цяжка выканаць вынесеныя саудаўскім выдаўцом рыначныя патрабаванні. Нават, калі ў вас ёсць грошы, і ваша кніга была прынятая,  яна ўсё роўна павінна быць санкцыянаванай Міністэрствам культуры і інфармацыі, і толькі тады выдавец будзе рабіць усё астатняе. Таму, я лічу, што мне вельмі пашанцавала, бо большасць з маіх апошніх кніг былі прызнаныя і надрукаваныя ў маёй краіне, а некаторыя з маіх твораў нават уключаны ў праграму школьнага навучання.

– Ведаючы пра тое, што Вы актыўна займаецеся мастацкім паэтычным перакладам, раскажыце, калі ласка, паэзія якіх краін у полі зроку Вашых асабістых перакладчыцкіх пераваг?

– Два гады таму я распачаў свой праект па перакладах вялікай і

ўнікальнай паэзіі свету. Але гэта не азначае, што займаўся гэтай справай без асаблівай разборлівасці. Вандруючы па літаратурных творах паэтаў розных краін, я вылучаў толькі тыя, якія могуць яшчэ больш узбагаціць  арабскага чытача новымі перспектыўнымі стылямі і вобразамі. Я перакладаю творы не толькі для чытачоў Саудаўскай Аравіі, але і для ўсіх арабскіх краінаў, таму раблю гэта з усёй адказнасцю за тое, што я нясу ў гэты свет, каму падстаўляю сваё плячо.

– Якія напрамкі, ідэі і жанры прысутнічаюць у літаратуры ХХI-га стагоддзя ў вашым Каралеўстве? Пра што пішуць сучасныя паэты і пісьменнікі? 

– Каханне, жыццё і смерць, філасофія жыцця, рэлігія, а таксама тое, што прымушае спыняцца сэрца: аўтызм, рак, сямейныя праблемы... і многае іншае. 

– Пытанне для тых, хто мае жаданне пазнаёміцца ​​з надзіва арганічнай і вобразнай творчасцю паэтаў Саудаўскай Аравіі. Назавіце, калі ласка, найбольш значныя імёны літаратараў для вашага Каралеўства? 

– Шмат годных імёнаў існуе сярод пісьменнікаў нашай краіны, таму, на жаль, мне няпроста адказаць на гэтае пытанне.

– І, нарэшце, апошняе пытанне: ці ведаюць нашу Беларусь у Саудаўскай Аравіі, і, калі ведаюць, то з чым перш за ўсё асацыююць?

– Вашу краіну мы называем Белай Руссю. У нас ёсць асацыяцыі вашай дзяржавы з холадам. Таксама я ведаю, што ў Еўропе яна была часткай СССР, перш чым  прыйшла да самастойнасці і незалежнасці. Думаю, што ў нас не хапае ведаў пра Беларусь, асабліва для турыстаў, але верыцца, што з часам гэты недахоп будзе выпраўлены.

Дзякуй вялікі, паважаны калега, за змястоўную гутарку, а напрыканцы размовы  дазвольце пазнаёміць беларускага прыхільніка паэтычнага слова з   некатырымі Вашымі паэтычнымі творамі ў маім  перакладзе.


Размову вяла Марыя Кобец

 

Прочитано 922 раз