Понедельник, 24 01 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Літаратурная карта Чэрвеньшчыны. Дарога Барыса Носіка ў Смілавічы

  • Пятница, 05 февраля 2021 19:40

Неяк пошта прынесла ліст з Францыі. Ад пісьменніка Барыса Носіка (ён нарадзіўся ў Маскве ў 1931 годзе). У карэспандэнцыі, адрасаванай у беларускае выдавецтва, літаратар, які даследаваў жыццё і творчасць рускіх мастакоў у эміграцыі, прапанаваў для публікацыі шэраг сваіх рукапісаў…

 

А яшчэ праз некаторы час патрапіла на вочы кніга Барыса Носіка і Валерыя Жарліцына «Рускія мастакі ў эміграцыі» (з серыі «Другая радзіма»), выдадзеная ў Санкт-Пецярбургу ў 2007 годзе. Грунтоўны фаліянт, дзе расказваецца пра многіх жывапісцаў, скульптараў, графікаў, чые дарогі вялі ў вялікі свет колераў, фарбаў, мастацкай гармоніі пачыналіся з гарадоў і мястэчак Расійскай імперыі. У тым ліку – і з губерняў, паветаў сучаснай Беларусі. Ці не галоўны перcанаж кнігі – ураджэнец Смілавіч Хаім Суцін.

Але ж і ў рускага пісьменніка Барыса Носіка (1931 – 2015), які працглы час жыў і працаваў ў Францыі, – свая повязь з мястэчкам Смілавічы, з Мінскам, з Беларуссю. Чытаем у раздзеле «Ты што, са Смілавіч?» (пра бацьку пісьменніка) наступнае: «Быў ён, канешне, як і ўсе падобныя яму, прыдумшчык, міфастваральнік, нават датай яго нараджэння называюць то 1893, то 1894 год, але ў адным сыходзяцца ўсе біёграфы –  у тым, што нарадзіўся ён кіламетрах у дваццаці на поўдзень ад беларускага горада Мінска, у мястэчку Смілавічы, і што мястэчка гэта было зусім захудалае. Так ужо склаўся  мой лёс, што назва гэтая  была ў нас з сястрычкамі з самага дзяцінства на слыху, таму што і бабуля мая, і мама нарадзіліся ў гэтых самых беларускіх Смілавічах, і яшчэ куча  родзічаў…»

Так, Барыс Носік, імя якога можна смела заносіць у «Літаратурную карту Чэрвеньшчыны», нарадзіўся ў Маскве ў 1931 годзе. Закончыў рэдактарскае аддзяленне факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. А крыху пазней – яшчэ і англійскі факультэт Інстытута замежных моў. І гэтая другая адукацыя зусім невыпадковая. Барыс Носік, акрамя англійскай, авалодаў яшчэ армянскай, польскай, італьянскай, французскай і нямецкай мовамі. Некаторы час працаваў на маскоўскім радыё, у англійскай рэдакцыі. А затым перайшоў на «вольны хлеб», каб пісаць прозу і падарожнічаць. Аб’ехаў Сярэднюю Азію, Каўказ, абыйшоў Крым, пабываў на Камчатцы, на востраве Берынга, падоўгу жыў у кішлаках Таджыкістана. Пазнаёміўся з гарадамі, вёскамі Прыбалтыкі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Германіі…Паўсюль насіў з сабою слоўнікі, пішучую машынку.

Пераклаў творы Іўліна Во, Уільяма Сараяна на рускую мову. Выдаў тры падарожных аповесці для падлеткаў. Напісаў цікавую дакументальную кнігу «Па Русі Яраслаўскай». У серыі «Жыццё знакамітых людзей» выйшла біяграфія Б. Носіка «Швейцэр». Напісаў некалькі раманаў, якія прыйшлі да чытача ўжо ў 1990-ыя гады.

…А што ж Смілавічы? Вядома, як зняважліва згадваў сваю малую радзіму вялікі мастак. Нешта падобнае панавала і ў сям’і Носікаў у Маскве. У Банным завулку, у двары, які быў перанаселены правінцыяламі, часта гаварылі: «Эх ты, дзярэўня, валянак, калгаснік…» А дома ў Носікаў гаварылі: «Ты што, са Смілавіч?» «Ну і бруду тут у вас, сапраўдныя Смілавічы!..».

І ўсё ж неяк трывожна-эмацыйна вярталіся ў свядомасць Барыса Носіка маміны, бабуліны Смілавічы. Даведаўшыся, што родам са Смілавіч і «французскі мастак Хаім Суцін», ён звяртаецца ў рэдакцыю часопіса «Советский экран», з якім супрацоўнічаў як вольны літаратар, з просьбай даць камандзіроўку ў Беларусь. Яшчэ і напісаў у заяве: «Прашу адправіць мяне за кошт часопіса на гістарычную радзіму». У рэдакцыі жарт не зразумелі , бо за «другую радзіму» лічылі  далёкую ад СССР краіну. Давялося Носіку тлумачыць, што меў ён на ўвазе Смілавічы…Камандзіроўку усё ж выдалі. «…тады я паляцеў у Мінск і адтуль на таксі рынуўся на поўдзень. Шафёрша высадзіла мяне на шашы насупраць мястэчка – некуды яна спяшалася. У іх заўсёды – свае важныя справы, твае – справа дзясятая. Я пайшоў праз поле і ўбачыў крыжы, могілкі…Падыйшоў бліжэй – не па-руску напісана, па-польску. Вось гэта навіна! Значыць, жылі тут палякі. Так, каторыя каталікі, тыя палякі, а праваслаўных называлі беларусамі. І яўрэяў тут жыло мноства. Увайшоў я ў Смілавічы і ўсё зразумеў. Я заспеў апошнія дні старых Смілавіч. Хутка пасля гэтага прыехалі бульдозеры, усё знеслі і набудавалі блочных хрушчоб. А калі я быў, усё было, як у часы маладосці прыгожай маёй бабулі Розы, суседкі і равесніцы Хаіма Суціна…хаткі былі ўсё тыя ж, малюхаценькія – у тры , а то і ў два акны. І знутры – метраў чатырнаццаць. Ды печка, ды лаўкі, ды сталы. Шавец Залман Суцін меў адзінаццаць дзяцей…»

Барыс Носік паспрабаваў шукаць адрасы, звязаныя са смілавіцкім геніем Хаімам Суціным. Ды напрыканцы XX стагоддзя ці дакладней – у трэцяй яго чвэрці зрабіць гэта было няпроста. Пісьменнік выйшаў да пажарнага дэпо. «…У цэнтры мястэчка я ўбачыў драўляны дом памерамі большы, чым астатнія. У ім размяшчаліся пажарнікі. Сумны дзяжурны паведаміў мне, што ў гэтым памяшканні ў дагістарычныя часы (яшчэ пры прыватніках) быў у доме кандыдатарскі цэх, рабілі цукеркі. Яўрэі рабілі.

– Ты ж ведаеш, тут яўрэі жылі. І зараз некалькі жывуць, але мала…

– А дзе яны зараз?

Ён не вельмі дакладна махнуў рукою некуды на задворкі, і я пайшоў туды…»

Так у паходах па мястэчку Барыс Носік адкрыў для сябе і яўрэйскія могілкі. Даведаўся, што, і якога масштабу трагедыя адбылася ў Смілавічах у кастрычніку 1941 года. Барысу з маленства расказвалі пра гэта злачынства, пра тое, што ў той дзень – 14 кастрычніка 1941 года – загінулі і дзясяткі, мо нават сотня родзічаў. І вось – сустрэча з памяткай пра велізарнейшую бяду.

Русінавы – прозвішча смілавіцкай бабулі Барыса Носіка. Русінавых у мястэчку пісьменнік ужо не знайшоў. Як, відаць, нічога новага і не адкрыў пра легендарнага мастака. Затое ўбачыў на свае вочы паселішча, што вывела ў свет геніяльнага творцу.

У сваёй кнізе «Рускія мастакі ў эміграцыі», падрабязна расказваючы пра жыццё Хаіма Суціна ў Парыжы, узнаўляе сяброўства колішняга смілавіцкага падлетка з другімі ўраджэнцамі Беларусі. З Пінхусам Крэменем (нарадзіўся ў гродзенскім Жалудку) і Міхаілам Кікоіным (родам з Віцебскай губерні) Хаім пазнаёміўся яшчэ ў мастацкім вучылішчы ў Вільні. Не пакідалі адзін аднаго сябры і ў першыя гады парыжскага жыцця. Напісаная простай, зразумелай мовай, пазбаўленая доўгіх мастацтвазнаўчых экскурсаў, кніга Б.Носіка пра Х. Суціна, М. Шагала, П. Крэменя, несумненна, вартая ўвагі шырокага кола чытачоў. Тэкст яшчэ дапаўняюць і рэпрадукцыі з работ самых розных мастакоў.

 

Алесь Карлюкевіч

Ілюстрацыя: borisnossik.net

Прочитано 8978 раз