Версия для печати

«Ісціна, бо я гэта вычытаў». Галоўныя пераклады Васіля Сёмухі

  • Вторник, 09 февраля 2021 08:57

 буду гэтым займацца, я маю ад гэтага сваю долю шчасця». Так глядзеў на справу свайго жыцця адзін з найбольш прадукцыйных і  ўплывовых беларускіх перакладчыкаў Васіль Сёмуха. 

Васіль Сёмуха.

Васіль Сёмуха.

Ён пераствараў тэксты з васьмі моў, а першай сваёй называў паляшуцкую. З дзяцінства чуў польскую, беларускай авалодаў, калі пайшоў у школу, а рускую ўпершыню пачуў у восем гадоў. У яго перакладах выйшла больш за трыццаць кніг, але гэтая колькасць не ўлічвае асобных твораў, п’ес, песень і іншага. Які запас можа назбірацца за 60 гадоў няспыннай працы?

Бібліятэка са спаленага касцёла

Пра пачатак перакладчыцкай справы Васіль Сёмуха распавядаў у інтэрв’ю «Прайдзісвету». У восьмым класе ён з сябрамі забраўся ў руіны спаленага касцёла ў Пружанах, і на гарышчы падлеткі знайшлі цэлую бібліятэку — шмат кніг па-польску і па-нямецку. Адтуль Васіль Сёмуха здабыў сабе Міцкевіча, Канапніцкую, Шылера, «Пакуты юнага Вертэра» Гётэ, Дыкенса і Ібсэна па-нямецку і шмат чаго яшчэ. Гэтая бібліятэка і стала крыніцай для першых перакладчыцкіх практыкаванняў: «І сярод прозы была аповесць Рудніцкага. Называлася яна “Старое і новае”. Там пра дзяцінства пісалася. І я ў восьмым класе пачаў гэта перакладаць. Я нават цяпер не помню, на якую мову пачаў перакладаць — на беларускую ці на рускую, таму што абедзве былі для мяне яшчэ чужыя. Канечне, нічога не захавалася, захаваўся толькі досвед. Безумоўна, гэта не пераклад».

Першым сапраўдным перакладам Васіль Сёмуха лічыў апавяданне «З кнігі асабовых рахункаў» Эрвіна Штрытматэра, надрукаванае ў «Маладосці». За ім адбыўся і кніжны дэбют. У 1959 годзе выйшаў цыкл аповесцей Вілі Брэдэля «Ад Эбра да Волгі». Перакладчык сустракаўся з аўтарам у Маскве, і той напісаў прадмову да выдання. Кніга выйшла тыражом у восем тысяч экзэмпляраў у мастацкім аздабленні Арлена Кашкурэвіча. Па-руску цыкл пад адной вокладкай не выходзіў.

Спыніся, эмоцыя

Найбольш цесна дзейнасць Васіля Сёмухі была звязана з нямецкай мовай. Цікаўнасць нарадзілася з трагедыі. У 1942-м, у шасцігадовым узросце, Васіль Сёмуха страціў бацькоў — іх расстралялі немцы. Намагаючыся знайсці адказ на пытанне, чаму так адбылося, стаў паглыбляцца ў мову і знайшоў абсалютна не тое, што шукаў. Але знаходка аказалася скарбам. Пазней, дзякуючы перакладчыку, па-беларуску з’явіліся вершы паэтаў-рамантыкаў, проза майстроў рамана і найбуйнейшых філосафаў, п’есы, якія абсалютна змянілі ўяўленне пра тэатр у свеце. На пералік — не менш за два дзясяткі імёнаў. Але адным з найбольш заўважных праектаў у  творчасці Васіля Сёмухі стаў пераклад «Фаўста». У  Гётэ праца над трагедыяй заняла амаль 60 гадоў. На пераклад у Васіля Сёмухі сышло 15 гадоў. Ацэньваючы працу, адзначаюць высокую мастацкую дакладнасць тэксту і пры гэтым натуральнасць беларускай мовы. Неаднойчы згадваліся словы Уладзіміра Караткевіча: «Гэта сам Гётэ і ў той жа час Гётэ, які нібыта напісаў сваю вялікую паэму пабеларуску». На паэме аформіўся адзін з найбольш важных творчых прынцыпаў перакладчыка: пераствараючы вершы, быць дакладным у першую чаргу ў  эмоцыях, а не ў словах: «Калі дасягаецца тая самая эмоцыя, то можна (змяніць сэнс). Горш за ўсё, калі мяняецца сэнс, але эмоцыі няма. Ведаеце, вось я чытаю свой першы варыянт — як хораша, як прыгожа пераклаў! Праходзіць месяц, забыўся, чытаю зноў — божа мой, якая дрэнь! І ўсё вушы рэжа, і ўсё вочы коле. І зноў пачынаю правіць, і так да бясконцасці. Чаму? Бо з першага разу чалавек пад уражаннем працы. Ён быў захоплены не эмоцыямі твора, а быў у палоне самалюбавання сваёй працай — такі, бачыце, нарцысізм! А ён — вораг паэзіі».

Прысвячэнне

Вы зноў са мною, дарагія здані,

Зноў вабіце ў мінулае мой зрок,

Яно мне мроіцца, нібы ў тумане, —

Але ці здольны я на дзёрзкі крок?

Ці мне даступны вашыя ўладанні?

Смялей плывіце да мяне здалёк —

Сустрэча з вамі абуджае штосьці

З былых надзей, з парываў маладосці.

Юнацкіх дзён вы асвяжылі краскі,

І вось я ўгледзеў колішняе зноў,

Перада мной цяпер, нібыта з казкі,

Паўстала дружба, першая любоў,

Успомніў скруху зноў я, слодыч ласкі

І тых з маіх няўдачлівых сяброў,

Хто, шчасце ловячы, растраціў сілы

І ўжо не вернецца назад з магілы.

Майго не ўчуюць голасу ніколі

Сябры, якіх калісь мой лашчыў спеў, —

Распаўся цесны наш гурток паволі,

Які мяне так добра разумеў.

Сярод чужых я — птушачка ў няволі,

Іх воплескі страшнейшыя за гнеў —

А тых, каго я часта цешыў лірай,

Няма са мной, даўно зляцелі ў вырай.

І зноў душа мая нястрымна рвецца,

У край маўклівых вобразаў імкне,

І ціхі шэпт няяснай песняй льецца,

Уторачы эолавай струне;

Хоць душаць слёзы, страх сціскае сэрца,

Але пяшчота грэе грудзі мне.

Што маю — мроіцца нібы здалёку,

Што страціў — тое зноў навідавоку.

Паэма суправаджала перакладчыка з 23 гадоў, і ён паспеў вывучыць яе з усіх бакоў. Яшчэ адно пацвярджэнне таму — каментарыі і тлумачэнні Васіля Сёмухі, якімі аздоблены ледзь не кожны верш у творы.

Ад «Фаўста» пацягнуўся ланцужок твораў, звязаных з легендарным сюжэтам: Томас Ман, Ян Райніс, Герман Гесэ, пушкінская «Сцэна з “Фаўста”». Апошняе — адзіны твор, перакладзены з рускай. А адзіны твор, перакладзены на рускую, — «Нельга забыць» Караткевіча, што назаўсёды застаўся ў стале.

З паэмай звязана і адчуванне значнасці перакладчыцкай працы. В. Сёмуха неаднойчы звяртаў увагу, што пераклад «Фаўста» Яна Райніса стаў асновай для фарміравання літаратурнай латышскай мовы.

Свет адкрываць з паўжыцця

Але, нягледзячы на любоў да паэмы, пранесеную праз дзесяцігоддзі, любімым са сваіх перакладаў В.  Сёмуха лічыў не «Фаўста», а зборнік вершаў Візмы Бэлшавіцы «Белы алень». Латышская паэтка неаднаразова намінавалася на Нобелеўскую прэмію і была лаўрэаткай прэміі імя Тумаса Транстромера. Яе творы, падвергнутыя жорсткай цэнзуры на радзіме, былі перакладзены на 40 моў. Але і ў Латвіі яна знайшла прызнанне. Васіль Сёмуха згадваў, што амаль увесь тыраж кнігі «Белы алень» скралі з друкарні, а пасля асобнікі разыходзіліся па трайным кошце ў неафіцыйным гандлі. Перакладчык з сумам адзначаў, што беларусы не зразумелі зборнік: «Гэтая кніга, “Белы алень”, у асноўным прысвечаная лёсу інтэлігенцыі, людзей, якія крышачку выбіваюцца з асяроддзя. Белы алень. Алені белыя не бываюць. Бываюць толькі альбіносы, белыя алені. І вось гэты белы алень як носьбіт чысціні, праўды, ісціны, справядлівасці ў лесе, поўным звяр’я і ваўкоў. І яны ж робяцца першымі ахвярамі ваўкоў».

Белы алень

Верш пра салаўіны інфаркт

Вочы твае — мой асветлены золак.

Ціша зацятая. Ў шэра-блакіце.

Зжыць паўжыцця і не знаць, які прыцем

Золкай зары?

Светлая просінь у ценях-аблоках.

Чуйная ціша. У шэра-блакіце.

Вочы твае — мой прасветлены сполах.

Свету — першы парыў.

Хіба ж не дзіва — што ў цішы цесна

Свету, калі ён чыстасці просіць

І кожную траўку золка абросіць

Смуткам зямлі? Гэта ёсць міг, калі птушцы песня

Горла сутаргаю перакосіць —

Досвітку міг, салавей на паўноце

Памірае калі.

Я не баюся. Гляджу ў твой золак.

Трэба мне ўмольнае ранне ў блакіце —

Свет адкрываць з паўжыцця, у адзін дзень,

На паўжыцці маіх сіл.

Можа, на споведзь не стане іх, кволых —

Песня чысцейшая з песняю прыйдзе.

Вочы твае — мой асветлены золак —

Свет пагасіў.

Беларускі варыянт кнігі выйшаў у 1985 годзе. Над перакладам Васіль Сёмуха працаваў каля шасці гадоў.

Пошук і яго вынікі

Найбуйнейшым з праектаў перакладчыка стала перастварэнне Бібліі па-беларуску. У 2002 годзе пабачыла свет поўнае выданне. Перастварэнне грунтавалася на рускім Сінадальным перакладзе 1840 года. Перакладчык імкнуўся зрабіць яго як мага больш нейтральным, прыдатным для любой канфесіі. Таму выданне не знаходзіла падтрымкі. У  выніку Біблія выйшла на асабістыя грошы Сёмухі, яго дачкі і сына.

Ён дасканала даследаваў працу Ф.  Скарыны і іншых перакладчыкаў свяшчэннага тэксту на славянскія мовы і  стварыў моўна багаты і  насычаны тэкст. Пра сваю працу выказваўся так: «Ну, так, я шукаў ісціны. Але ж я не ведаю, ісціна тое знойдзенае ці не. Але для мяне на той момант — ісціна, бо я  гэта вычытаў. Аўтар напісаў твор, з якога я вычытаў вось такую ісціну. Другі чалавек вычытае сваю ісціну, трэці — сваю. А ўсё гэта заслуга аўтара. Дрэнны той пераклад, з якога нічога вычытаць немагчыма».

Ганна Іванова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 3788 раз