Версия для печати

Гісторыя ўчыніла так, што ваенная тэматыка — «фішка» беларускага кіно і беларускай літаратуры

  • Понедельник, 05 июля 2021 13:44

Сама гісторыя ўчыніла так, што ваенная тэматыка — «фішка» і беларускага кінематографа, і беларускай літаратуры. Нямала выдатных фільмаў на гэтую тэму, якія сталі класікай, былі зняты па кнігах нашых пісьменнікаў. Кожная экранізацыя — гэта цэлы свет драматычных і камічных выпадкаў, якія засталіся за кадрам. Давайце зараз зазірнём туды, за кадр, і даведаемся некаторыя нечаканыя падрабязнасці. 

«Альпійская балада».

Рэж. Барыс Сцяпанаў, 1965 г.

Экранізацыя аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада»

Зразумела, што больш за ўсё сярод экранізацый на ваенную тэму — у Васіля Быкава. Хоць першы фільм, «Трэцяя ракета», ён зусім не прыняў. Але калі ў 1963-м была надрукаваная ягоная цудоўная аповесць пра каханне збеглых з фашысцкага канцлагера італьянскай дзяўчыны Джуліі і беларускага хлопца Івана, адразу ж стала зразумела: матэрыял надзвычай кінематаграфічны. Быкаў наважыўся: «Я думаю, няхай робяць».

Але не так усё аказалася проста! На мастацкай радзе, дзе абмяркоўвалі сцэнарый, «аглабельны крытык» Алесь Кучар выказаўся супраць таго, каб італьянка Джулія разважала на тэму культу асобы Сталіна. Драматург Кастусь Губарэвіч і Максім Лужанін запатрабавалі, каб герой не выказваў сумневаў наконт калгасаў. Сцэнарый давялося перарабіць.

Здымалі, зразумела, не ў Італіі, а ў Карачаева-Чаркесіі. Быкаў нават прыязджаў туды, у лагер у Цебярдзе. Сцэны на заводзе ў Аўстрыі здымалі ў Калінінградзе.

Рэжысёрам мог стаць італьянец Джузэпэ дэ Санціс. Але ў яго былі зусім іншыя прэтэнзіі да сцэнарыя. «Асноўны недахоп — адсутнасць канфлікту. Двое бягуць разам. Адна мэта. Абое камуністы. Кахаюць адно аднаго. І ні ценю сумніву між імі».

Санціс раіў падрэзаць сцэны з развагамі пра камунізм, каб фільм атрымаўся больш інтэрнацыянальны. Ён, дарэчы, хоць і не стаў рэжысёрам карціны, быў гэткім пазаштатным кансультантам... Прапаноўваў на ролю Джуліі знаёмую італьянскую актрысу. Але тая запатрабавала 500 тыс. долараў у месяц, што перавышала сюжэт усёй карціны. Любоў Румянцава сыграла за 14 рублёў у дзень. Ды яшчэ для фільма ёй давялося пахудзець, а аднойчы сарвалася з перавалу, моцна абдзёрлася.

На галоўную ролю запрашалі папулярнага артыста Яўгенія Урбанскага, але яго... не пусціла жонка. Маўляў, здымкі ў гарах, небяспечна. У хуткім часе Урбанскі, здымаючыся ў фільме «Дырэктар», загінуў пасярод пяскоў — перакуліўся на машыне.

Фільм атрымаў любоў гледачоў, але не аўтара першакрыніцы. У мемуарах «Доўгая дарога дадому» Быкаў напісаў: «На ролю Івана запрасілі ўжо знаёмага кіраўніцтву „Беларусьфільма“ Станіслава Любшына, Джуліі — Любу Румянцаву. Абодва акцёры — кожны сам па сабе, можа, і былі беззаганныя, а гарманічны дуэт не склалі. Тым болей што на здымках адразу ўступілі ва ўзаемны канфлікт, з якога так і не здолелі выйсці да канца здымак. Натуральна, што тое рабіла свой негатыўны ўплыў на ўсю атмасферу ў калектыве. Зноў жа
неўзабаве пачаліся творчыя (якія перараслі ў асабістыя) паядынкі характараў рэжысёра і аператара Толі Забалоцкага. Аператар, казалі, цягнуў творчую коўдру на свой бок, а рэжысёр спрабаваў не паддацца. Урэшце, здаецца, рэжысёр паддаўся, і фільм атрымаўся ні тое ні сёе. А шкада».

Насуперак скептыцызму Быкава, стужка «Альпійская балада» застаецца ў ліку шэдэўраў беларускага кінематографа і любімая гледачом.

«Ідзі і глядзі».
Рэж. Элем Клімаў, 1985 г.

Экранізацыя аповесці Алеся Адамовіча «Хатынская аповесць»

А.Адамовіч і Э.Клімаў

А.Адамовіч і Э.Клімаў

Праца над гэтай экранізацыяй цягнулася сем гадоў. Рэжысёр Элем Клімаў распавядаў, як наперажываўся, яшчэ калі чытаў кнігу «Я з вогненнай вёскі», адным з аўтараў якой быў Алесь Адамовіч, і як глядзеў зафіксаваныя на плёнку жахлівыя расповеды сведкаў... Не ўсё можна было перанесці ў мастацкі твор — настолькі нечалавечая жорсткасць. «Я разумеў, што гэта будзе вельмі жорсткі фільм і наўрад хтосьці зможа яго глядзець. Я сказаў аб гэтым суаўтару сцэнарыя — Алесю Адамовічу. Але ён адказаў: «Няхай не глядзяць. Мы павінны гэта пакінуць пасля сябе. Як сведчанне вайны, як маленне аб міры».

Не ўсіх у кіраўніцтве задавальняў настолькі жорсткі, праўдзівы сцэнарый, без пафасу і ідэалагічнай пазалоты... За некалькі дзён да здымак у Мінск прыехалі важныя чыноўнікі з Масквы, запатрабавалі прыняць дванаццаць заўваг. Клімаў адмовіўся.

Вось тут я сустрэла супрацьлеглыя сведчанні... Ясна, што на пасяджэнні прысутнічаў узор рэквізіту — рэальная партызанская вінтоўка. Згодна з адной з крыніц, у кульмінацыйны момант спрэчкі на курок выпадкова націснуў дырэктар фільма, не ведаючы, што зброя зараджаная. Згодна з другой — угневаны Адамовіч «хацеў, ці жартам, ці ўсур’ёз, стрэліць з ружжа халастым, але яго спыніў Клімаў», то-бок стрэлу не адбылося. Але ў любым выпадку начальства раз’юшылася. Карціну амаль закрылі, але Клімаву ўдалося адстаяць яе. Толькі змянілася першапачатковая назва, якая мусіла гучаць «Забіце Гітлера».

У фільме задзейнічана шмат непрафесійных артыстаў, простых людзей, якія памяталі трагічныя падзеі вайны. Аднойчы здымалі сцэну ў амбары, куды карнікі сагналі мясцовых жыхароў, каб спаліць. Але ў масоўкі ніяк не маглі выклікаць патрэбныя эмоцыі... Тады нехта з артыстаў, які іграў немца, даў чаргу халастымі з аўтамата... І людзі так закрычалі, заенчылі... Памяць пра вайну яшчэ была надта свежай.

Алесь Адамовіч часта бываў на здымачнай пляцоўцы, Клімаў называў яго «Леў Талстой».

«Вясельная ноч».
Рэж. Аляксандр Карпаў, 1980 г.

Экранізацыя аповесці Івана Шамякіна «Шлюбная ноч»

Чытача і сёння захапляе кранальная гісторыя пра тое, як падчас вайны юная партызанская сувязная Валя ідзе на спатканне з каханым і трапляе... на яго вяселле, якое аказваецца фіктыўным, прыкрыццём для акцыі падпольшчыкаў. Але калі гаворка зайшла пра экранізацыю, праблемы пачаліся ўжо з назвы. «Шлюбная ноч» падалася ідэолагам занадта эратычнай назвай — па-руску гэта ж
«Брачная ночь», і фільм перайменавалі ў «Свадебная (вясельная) ночь». Вырашылі, што так у гледача ўзнікне асацыяцыя не з інтымнай блізкасцю, а з працяглым застоллем.

Фільм знялі ў 1979 годзе. У ім знялася Наталля Андрэйчанка, якая хутка стане сапраўднай зоркай, ёсць нават сцэна, у якой яе гераіня паказваецца аголенай — выходзіць з ракі і забівае з аўтамата паліцая, які за ёй назірае. Паліцая, дарэчы, сыграў вядомы мастак, рэзчык па дрэве Іван Сідараў. Ён пасля ўспамінаў, што быў кастрычнік, холадна, актрысу пасля здымак расціралі спіртам. А вось падпольшчыцу Валю сыграла Ірына Карытнікава, якая праз некалькі гадоў сышла з кіно і прысвяціла сябе служэнню Богу разам з мужам, акцёрам
Леанідам Каюравым, які стаў святаром.

На жаль, аўтар літаратурнай першакрыніцы і на гэты раз застаўся незадаволены. Шамякін запісаў у дзённіку: «Пасля добрай гутаркі ў ваенных меў глупства паехаць на юбілейны вечар А. Карпава, кінарэжысёра, цяперашняга першага сакратара CK; ён сапсаваў маю аповесць „Шлюбная ноч“, паставіўшы паганы фільм».

Зноў нагадаем пра натуральную прадузятасць аўтараў, якія сутыкаюцца з экранізацыямі сваіх твораў: насамрэч фільм быў някепска прыняты, пераглядаецца гледачамі і па сёння.

«Плач перапёлкі».
Рэж. Ігар Дабралюбаў, 1990 г.

Экранізацыя раманаў Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя»

Іван Чыгрынаў пісаў пра тое, што перажыў сам: ягонае дзяцінства прыйшлося на вайну. Першы ж раман серыі — «Плач перапёлкі» — пра тое, як у беларускую вёску прыйшла вайна, выклікаў вялікі розгалас. Рэжысёр Ігар Дабралюбаў у сваіх мемуарах «Асколкі памяці» распавёў, як адбывалася экранізацыя. На «Беларусьфільме» ідэю не падтрымалі, давялося дзейнічаць праз Маскву.
Пасля атрымання дазволу Дабралюбаў з Чыгрынавым адправіліся ў дом творчасці Саюза пісьменнікаў працаваць над сцэнарыем.

У фільме было занята 150 артыстаў, усе беларускія. А яшчэ — сабакі... Яны былі задзейнічаныя ў сцэне лагера ваеннапалонных.

«Калі мы здымалі сцэну, як адагнаныя ад лагера жанчыны бягуць і за імі гоняцца спушчаныя немцамі сабакі, вось гэта, клянуся, было страшна. Сабакам далі каманду „Фас!“, і ляцелі камякі зямлі з-пад іх лапаў... Жанчыны, што ўцякалі, бедныя, ляцелі, як птушкі, за імі аўчаркі гыркалі... Я ўяўляю, што было далей на самай справе, калі за раз’ятранымі жывёламі не беглі кінолагі з павадкамі, не было рэжысёра, які сказаў: „Стоп! Хопіць!“... Пры адной думцы ахоплівае жах».

Фільм задумваўся шасцісерыйны, аднак наздымалі на дзевяць серый. Але камісія прыняла гэты варыянт.

«Руіны страляюць».
Рэж. Віталь Чацверыкоў, 1970 г.

Тэлесерыял па аповесці Івана Новікава «Руіны страляюць ва ўпор»

Кадр з тэлесерыялу «Руіны страляюць»

Кадр з тэлесерыялу «Руіны страляюць»

Калі Іван Новікаў напісаў сваю кнігу пра мінскае падполле ў часы гітлераўскай акупацыі, гэта быў вялікі прарыў, вяртанне годных імёнаў — бо падпольшчыкаў доўга ўвогуле не прызнавалі за герояў. Сёння, зразумела, гісторыкі шмат што ўдакладняюць, але кніга ў свой час сыграла важную ролю. У ёй дзейнічаюць падпольшчыкі Ісай Казінец, Іван Кабушкін, Уладзімір Амельянюк, у гонар якіх сёння названы вуліцы.

Іван Новікаў быў членам спецыяльнай камісіі Цэнтральнага камітэта Кампартыі
Беларусі па вывучэнні матэрыялаў дзейнасці падполля, таму ведаў шмат фактаў, сустракаўся з удзельнікамі. Суаўтарам сцэнарыя стаў Іван Чыгрынаў, безумоўна, больш моцны як пісьменнік.

Мінскі вакзал здымалі ў Баранавічах, на сённяшняй станцыі «Баранавічы-Палескія». У кадр трапіла і старая мінская вуліца Няміга незадоўга перад зносам. Цікава, што будынкі, якія пачалі ўжо руйнаваць, сталі выдатнай дэкарацыяй да сцэн ваеннага часу, нібыта пацярпелі ад бамбёжак. Кіношнікі адмыслова запэцкалі сцены чорным дымам. Брукаванку зазнялі на мінскай вуліцы Астроўскага, дзе яна тады яшчэ захавалася. Фільм здымалі летам. Для сцэн, якія адбываліся зімой, стваралі снег з дапамогай пажарных машын.

У 1974 годзе серыял атрымаў Дзяржаўную прэмію.

Варта перагледзець гэтыя фільмы і перачытаць іх літаратурную аснову.

Людміла Рублеўская

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Таямніцы беларускіх экранізацый твораў пра вайну

Прочитано 6472 раз