Вторник, 11 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Чытаем класіку ў чаце

  • Понедельник, 21 декабря 2020 17:37

Беларускі выдавец Канстанцін Страўсаў, стваральнік праграмных прадуктаў для дзяцей і дарослых, IT-спецыяліст шырокага профілю, ментар, стартапер, удзельнік хакатонаў, выкладчык, зрабіў мультымедыйны праект «Кніга-чат». Што гэта за ноу-хау, як чытаць класіку ў чаце і якія творы не ў фармаце праекта? Пра гэта і не толькі гутарым з аўтарам. 

— Канстанцін, давайце пачнём з таго, як вы трапілі ў IT-сферу.

— У IT я прыйшоў, можна сказаць, у дзяцінстве, калі ў часопісе «Наука и жизнь» пачаў чытаць матэрыялы аб праграміраванні. Мне было цікава аналізаваць код прыведзеных у часопісе праграм і дадаваць у яго новыя магчымасці. Далей быў Ліцэй БДУ, фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вывучаў камп’ютарнае мадэліраванне фізічных працэсаў. У будучыні гэта спатрэбілася для стварэння ўласных праектаў.

Працоўны шлях пачаў у выдавецтве «Папуры». Спачатку быў сістэмным адміністратарам, вярстальшчыкам. Паралельна асвойваў паліграфію, вывучаў трохмерную графіку, відэамантаж.

У 2001 годзе надрукавалі маю першую кнігу «Работа на камп’ютары: крок за крокам».

У 2010-м убачыў ролік аб праграме «Аліса ў краіне цудаў» для iPad. Гэта мяне ўразіла, і я зразумеў, што таксама магу ствараць такія рэчы.

Тады ўжо быў намеснікам дырэктара ў выдавецтве, але звольніўся і пачаў сваю справу. За час, які працую на сябе, прымаў удзел у стварэнні шматлікіх праектаў: ад простых кніг да мультымедыйных парталаў і камп’ютарных гульняў. Лічу, што трэба рабіць сваю справу так, каб за яе не было сорамна.

— Што падштурхнула да стварэння праекта «Кнігачат»?

— Разумею ролю класічнай літаратуры ў развіцці чалавека, асабліва моладзі. Дзеці розныя. І новае пакаленне ўжо не так ахвотна звяртаецца да папяровай прадукцыі, а аддае перавагу лёгкаму чытанню з экрана электроннага прыстасавання, асабліва калі з’яўляецца ўласны смартфон. Кліпавасць мыслення школьнікаў — праблема сучаснай адукацыі. Яе трэба вырашаць і выхоўваць дзяцей на сур’ёзнай літаратуры. Так і з’явілася ідэя праекта «Кніга-чат». Пачаў з «Рэвізора» Мікалая Гогаля. Натхнілі ўласныя дзеці, якіх хочацца выхаваць разумнымі людзьмі.

— З чаго пачалася праца? Хто дапамагаў?

— Працаваць над кнігай пачаў у 2018 годзе. Накідаў ма­кет і паказаў сябру-мастаку. Ён паабяцаў намаляваць, але доўга думаў. Тады я заняўся электроннай версіяй.

У адукацыйным цэнтры, дзе выкладаю вэб-распрацоўку, пазнаёміўся са студэнткай дызайнерскага курса Кацярынай Іовец. Яна зрабіла ілюстрацыі. У якасці рэферэнса ўзялі работы вядомага рускага і савецкага графіка Дзмітрыя Кардоўскага. У пачатку ХХ стагоддзя яго актыўна друкавалі. Кацярына перамалявала каляровыя паштоўкі па «Рэвізоры» 1929 года. У пачатку кнігі яны вялікія, а на аватарах, адпаведна, меншыя.

З дызайнам вокладкі дапамагла Ксенія Карцель — прафесіянал, кіруе дызайн-студыяй.

Рэцэнзентам выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры класічнай філалогіі БДУ Вольга Пракапчук. Яна была адной з першых, хто ацаніў важнасць праекта, дапамагла з падрыхтоўкай каментарыяў і дадатковага матэрыялу, накіроўвала думкі ў патрэбным рэчышчы.

Кніга мае дзве версіі — класічны пераплёт на склейцы і эксперыментальны на спружыне. Эксперымент, дарэчы, удалы. Кніга зручная, яе можна як заўгодна раскрыць, пакласці... У гэтай версіі рэалізавана ідэя «эфект тэлефона»: вуглы закругленыя.

— Чаму фарматам прадстаўлення тэксту абраны чат і чаму ў гэты фармат уключаны п'есы?

— Драматургічны канон і форма інтэрнэт-перапіскі падобныя. Рэплікі персанажаў арганічна ўпляліся ў звыклую для сучаснікаў абалонку чату. Дынаміка з’яўлення персанажаў на сцэне падобна да далучэння новых карыстальнікаў у групавыя чаты.

Выбіраючы форму, спрабаваў некалькі стыляў. Telegram, напрыклад, візуальна падыходзіць, але тады кніга атрымліваецца нашмат таўсцейшай, а гэта мінус. Спыніўся на ўласным дызайне.

— Каго, акрамя сямікласнікаў, зацікавіць выданне?

— Настаўнікаў, акцёраў, рэжысёраў, літаратуразнаўцаў, даследчыкаў, дызайнераў, калекцыянераў. Думаю, усіх аматараў класікі. Дызайн і вёрстка дазваляюць рабіць пазнакі на палях, ператвараюць кнігу ў канспект ці нататнік.

Акрамя поўнага тэксту «Рэвізора» 1836 года, у зборніку ёсць каментарыі на шасці старонках з тлумачэннем устарэлых тэрмінаў, лісты аўтара, яго рэкамендацыі акцёрам, спіс тэкстаў і заданняў на ўважлівасць і кемлівасць, красворды, некалькі варыянтаў развязак.

— Цікава даведацца аб працэсе вытворчасці.

— Маёй выдавецкай лабараторыяй BookAAS быў распрацаваны спецыяльны сайт, які дазваляе хутка і эфектыўна рабіць вёрстку кніг-чатаў, разбіваць кантэнт па старонках, генерыраваць каментарыі, красворды і практыкаванні.

Пасля афармлення з дызайнерам першай дзеі стала відавочна, што так падаваць інфармацыю эфектыўна. Але любая ідэя патрабуе праверкі. У якасці фокус-групы выбралі 30 чалавек, якім прапанавалі ацаніць чытанне ў выглядзе чату. Яны адзначылі зручнасць і лёгкасць пераходаў паміж рэплікамі, асаблівую візуальную гармонію тэксту.

Першая версія вёрсткі займала амаль 380 старонак. Давялося скарачаць — сціскаць карцінкі, падцягваць тэкст, для кожнай плашкі адлічваць свой памер, адлегласць...

Памер выдання — нейкі кампраміс паміж тэлефонам, планшэтам і кнігай. Спрабаваў зрабіць гарызантальны варыянт, але тады кніга зноў становіцца таўсцейшай.

Пытанняў па выбары шрыфту не было. Раздрукаваў некалькі варыянтаў — і адразу стала зразумела, што трэба. Пры выбары шрыфту важна ўлічваць узрост чытача і па­перу, на якой кніга будзе друкавацца.

— Як распаўсюджваецца кніга?

— Актыўна рэкламую праект у сацыяльных сетках, прымаю ўдзел у разнастайных выстаўках, выступаю ў бібліятэках, школах, расказваю журналістам... Кніга прадаецца ў некаторых крамах. Вырашаецца пытанне з кампаніяй Amazon, бо былі запыты з Вялікабрытаніі і ЗША. Прапануем кнігу ў якасці прыза на розных дзіцячых конкурсах. Хацелася б, каб мой «Рэвізор» з’явіўся ў навучальных установах Беларусі і Расіі.

— Што з электроннай версіяй?

— Зараз думаю, як дарабіць, палепшыць. З улікам досведу ведаю, што электронную кнігу лепш выпусціць не адразу, а даць час на распаўсюджванне папяровай.

Праграму для тэлефона трэба запусціць да Новага года, — як раз тады, калі сямікласнікі праходзяць «Рэвізора».

Распрацоўваю спецыяльную электронную пляцоўку ў выглядзе сайта, дзе можна будзе не толькі чытаць, але і абмяркоўваць твор, праходзіць тэсты, удзельнічаць у квэстах і конкурсах, гуляць і перапісвацца з персанажамі, а таксама дзяліцца сваімі дасягненнямі ў сацыяльных сетках. У электронным «Рэвізоры» хачу рэалізаваць такія ідэі, як «Адкажы ў чаце Хлестакову», «Паразмаўляй у чаце з Гараднічым». Да гэтага неабходна далучыць філолагаў, якія будуць заўсёды на сувязі, будуць адказваць дзецям.

— Якія водгукі?

- Дзеці, якія ўжо маюць кнігу-чат, у захапленні. Просяць: «А можна ўсю літаратуру так». Успрымаюць кнігу дзеці-дыслексікі. А адзін дарослы нават сказаў: «Калі б у мяне ў дзяцінстве былі такія падручнікі, то я б лепш вучыўся». Я гатовы ў лабараторыі правесці выдавецкі эксперымент з падручнікамі, зрабіць іх у выглядзе чату. Але не ўсё можна перакласці ў такі фармат. Проза, напрыклад, не падыходзіць.

— Чым плануеце заняцца пасля «Рэвізора?»

— Пакуль у планах серыі «Кніга-чат» 7 твораў класічнай літуратуры. Зараз распрацоўваецца алгарытм выпуску «Рамэа і Джульеты» Уільяма Шэкспіра. Гэта паэзія. А вершы вярстаць складаней. Кніга будзе на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.

Далей зробім «Беспасажніцу» і «Навальніцу» Аляксандра Астроўскага, «Недаростка» Дзяніса Фанвізіна, «Караля Ліра» Уільяма Шэкспіра і «Тутэйшых» Янкі Купалы.

Гутарыў Зміцер Арцюх

Фота прадастаўлена аўтарам

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Прочитано 177 раз