Воскресенье, 20 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Братэрства. Скарына ў перакладзе на кумыкскую мову

У зборніку «Францыск Скарына на мовах народаў свету» (гартаю другое і трэцяе выданні; адно пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», а другое – трэцяе па ліку – на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа) сярод іншых перакладаў урыўка з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф» ёсць і кумыкскае пераўвасабленнне радкоў  беларускага першадрукара.

Кумыкі – старажытны народ, які здаўна жыве ў Расіі, на Паўночным Каўказе. Паходжаннем  гэты цюркскі народ з хазараў. Па перапісу 2010 года кумыкаў у Расіі – 503 060 чалавек. Найболей – 431 736 – у Дагестане. Болей як 130 тысяч з іх – у Махачкале, сталіцы Дагестана. А яшчэ кумыкі жывуць у Паўночнай Асеціі, Чачні, а таксама ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, Стаўрапольскім краі. Жывуць і ў іншых постасавецкіх краінах. Ва Узбекістане – болей як тысяча чалавек. Ва Украіне, Казахстане, нават у Латвіі. І паводле перапісу 2009 года вядома, што 360 кумыкаў пражывае ў Беларусі.

Пісьмовыя традыцыі кумыкаў закладзены ў XIX стагоддзі. Гэтаму паспрыялі такія асобы, як народны паэт Йырчы Казак і выкладчык Усходняга факультэта Санкт-Пецярбургскага Імператарскага Універсітэта, кадзій Каўказскага эскадрона канвоя імператара Магамед-Афендзі Асманаў. Хаця адным з пачынальнікаў кумыкскай паэзіі лічыцца паэт XV стагоддзя Умму Камал, якія нараджаў творы на агульнаўжывальнай мове таго часу цюркі, але з захаваннем старакумыкскай лексікі і старакумыкскіх формаў. У 1883 годзе Санкт-Пецярбургскім Імператарскім Універсітэтам быў выдадзены зборнік «Нагайскія і кумыкскія тэксты», які сабраў Магамед-Афендзі Асманаў. Найбольшую вядомасць з кагорты кумыкскіх літаратараў маюць Аткай Аджаматаў (1910 – 1998), Манай Алібекаў (1860 – 1920), Нухай Батырмурзаеў (1865 – 1919), Юсуп Герэеў (1903 – 1941), Амір Курбанаў (1909 – 1966), Алім Салаватаў (1901 – 1942), Анвар Гамідаў (1924 – 2000)…

Праўда, пра развіццё беларуска-кумыкскіх літаратурных стасункаў (як, прыкладам, пра повязі балкарскай ці, напрыклад, калмыкскай і беларускай літаратур) гаварыць не даводзіцца. Пераклады беларускай паэзіі на кумыкскую мову літаральна лічаныя. У 1952 і 1982 гг. у кумыкскім перыядычным друку з’явіліся публікацыі перакладаў паэтычных твораў Аркадзя Куляшова. У 1982 годзе ў кумыкскай рэспубліканскай газеце былі надрукаваны тры вершы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У тым ліку – і легендарны верш «А хто там ідзе?».

Што да скарынаўскай прадмовы да кнігі «Юдзіф», то яе на кумыцкую мову пераўвасобіла спадарыня Шэйіт-Ханум АЛІШАВА. І здейснілася гэта знаёмства ўкладальнікаў, збіральнікаў кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету» праз дагестанскага мастака, публіцыста, кнігавыдаўца, арганізатара кніжнай выстаўкі ў Махачкале Марата Гаджыева.

Крыху з біяграфіі кумыкскай паэтэсы і перакладчыцы. Нарадзілася 10 лютага 1949 года ў вёсцы Баммат-юрт (Рэспубліка Дагестан, Расійская Федэрацыя). Закончыла Буйнакскае педагагічнае вучылішча, Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Вучылася ў семінары Льва Ашаніна. Піша на кумыкскай і рускай мовах. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1982 год). У 1968 – 1973 гадах – перакладчык кінастудыі «Масфільм». Працавала выхавацелькай у дзіцячым садзе, бібліятэкарам Саюза пісьменнікаў Дагестана, рэдактарам кумыкскага выпуска часопіса «Жанчына Дагестана». Зараз – сакратар Саюза пісьменнікаў Дагестана, старшыня секцыі кумыкскіх пісьменнікаў. Друкуецца з вершамі з 1961 года. Першая кніга паэзіі – «Цяпло далоні» – выйшла ў Дагестанскім кніжным выдавецтве ў 1975 годзе. Наступныя кнігі Алішавай: «Песня ў дарозе» (1981), «Арэлі» (1984), «Я танцую» (1986), «Плач, кахай, успамінай» (1996) і інш. На рускую мову вершы кумыкскай паэтэсы пераклалі Н. Маркграф, В. Ермалаева, Я. Серпін. Творы Алішавай перакладзены і на іншыя мовы народаў свету і выдадзены ў Галандыі, Турцыі, Туркменістане і іншых краінах. Паэзіі Алішавай характэрныя энергічная рытміка, душэўная празрыстасць, метафарычная вобразнасць. Алішава – перакладчыца на кумыкскую мову класікаў сусветнай, рускай і шматнацыянальнай літаратуры народаў Дагестана. Пераклад урыўка з прадмовы Ф. Скарыны да кнігі «Юдзіф» на кумыкскую мову Ш.-Х. Алішава ажыццявіла для зборніка «Францыск Скарына на мовах народаў свету» (1985, 2-е выд. – 1986; былі яшчэ і трэцяе і чацвёртае выданні).

Мо з часам знойдзецца хто з беларускіх паэтэс, хто прачытае і пераўвасобіць грамадзянскую і лірычную паэзію кумыцкай літаратаркі на мову Купалы?.. І дзеля таго, каб аддзячыць ёй за ўвагу да Францыска Скарыны, таксама.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 1256 раз