Суббота, 19 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Анатоль Грачанікаў. Спраўджаны талент

  • Вторник, 18 сентября 2018 15:29

Пра паэта Анатоля Грачанiкава я даведаўся студэнтам другога курса фiлфака БДУ у 1964 годзе: тады ў часопiсе «Маладосць» была апублiкавана даволi вялiкая нiзка яго ўражлiвых вершаў. Завочнае знаëмства прадоўжыў мой аднакурснiк i сусед па пакоі ў iнтэрнаце, родам з Гомельшчыны, пачынаючы паэт Уладзiмiр Дзюба: ëн паказаў першы невялiкi зборнiк паэзii старэйшага земляка, зачытаў асобныя ягоныя творы, дадаўшы, што аўтар па прафесii iнжынер-чыгуначнiк, а цяпер «у гомельскiм камсамоле». Гэта акалiчнасць запомнiлася, бо тады ў паэзii сцвярджалiся ў асноўным студэнты — выпускнiкi ВНУ гуманiтарнага профiлю. Ды «iншаземца» цëпла падтрымалi рэцэнзiямi: у «ЛiМе» — амаль аднагодак, малады калега Г. Бураўкiн, а ў самiм «Полымі» — знаны паэт С. Грахоўскi.

Пасля таго пра iмя Анатоля Грачанiкава нагадвалі толькi асобныя, рэдкiя яго публiкацыi ў рэспублiканскiм друку, а другой кнiгi, што звычайна пацвярджае цi, на жаль, панiжае рэпутацыю першай, доўга не было. Толькi пазней даведаюся: на тое былi свае прычыны. Шмат часу ў Грачанiкава забiрала энтузiясцкая праца ў камсамоле, асаблiва пасля таго, калi ëн у другой палове 1960-х узначалiў Гомельскi маладзёжны гаркам. Ëн шчыра верыў Ленiну, партыi. Але як кiраўнiк з паэтычнай душой не мог не ўбачыць пэўныя настроi, насадкi фармалiзму, прыстасаванства ў камсамольскай брацii, намагаўся ажывiць яе дзейнасць. Ды нялëгка было гэта зрабiць пад пiльнай апекай партыйных кiраўнiкоў пасляхрушчоўскай эпохi, калi да асобных праяў няўрымслiвага энтузiязму пачалi ставiцца з насцярогай (абы цiха), суцiшаць iх iдэйнасцю «развiтога сацыялiзму», што вяло да застою як у эканомiцы, так i ў галовах, душах, грамадстве.

Лëс зыначылi вядомы празаiк, адзiн з кiраўнiкоў Саюза пiсьменнiкаў Беларусi I.Шамякiн i... маладая жонка Нэля. Iван Пятровiч з часу свайго ўзвышэння заўзята падтрымлiваў землякоў, ëн не мог не звярнуць увагi i на здольнага, хай сабе i «цiхага», гэта значыць асцярожлiвага ў паэзii, як азначыў адзiн крытык, Грачанiкава, якi па-свойму спазнаваў родную прыроду, пакутнiцкi i гераiчны свет мiнулай вайны, пэўныя з’явы рэчаiснасцi, усведамляў, што i яго любiмая «Шарпiлаўка цячэ ў жыццë...» i што для яго Палессе — крынiца натхнення, звязанага як з радасцю, так i з трывогай ды турботай. Карацей, I. Шамякiн параiў пакiнуць камсамольскую кар’еру i падацца ў Маскву, каб на Вышэйшых лiтаратурных курсах набыць фiлалагiчную адукацыю, удасканалiць прафесiяналiзм.

Зразумела, гэта вяло да змены ладу жыцця, да фiнансавых цяжкасцей без сталай мужчынскай зарплаты. I, чаго грэх хаваць, некаторыя нашы навучэнцы ў такiх выпадках не ўтрымлiвалiся ад розных маскоўскiх спакус, залiшне аддавалi данiну багеме i, бывала, разладжвалi свой моцны тыл. Сям’ю. А. Грачанiкаў быў вышэй сярэдняга росту, стройны, ясны i прыгожатвары, кампанейскi, не пуставаты гаварун, а змястоўны i красамоўны iнтэлiгент. «Я сказала: едзь, — распавядала мне Нэля Iванаўна. — Камсамол ты не шмат палепшыш, не кар’ерыст, а вось у лiтаратуры можаш многага дабiцца». Паехаў. Два гады рэдка бачыўся з сям’ёй, але сапраўды спасцiг многiя лiтаратурныя таямнiцы, iсцiны, спакойна падрыхтаваў другую кнiгу i, як паважлiвы сын бацькоў, як перакананы найперш у сямейных каштоўнасцях, вярнуўся ў сям’ю клапатлiвым мужам i бацькам, пачаў новую службовую кар’еру з пасады загадчыка аддзела лiтаратуры «ЛiМа».

1971-ы стаўся паспяховы i ў многiм выпрабавальны. Пабачыла свет другая кнiга вершаў «Круглая плошча». На яе з’явiлася нямала ўхвальных водгукаў, але асаблiвую значнасць набыла палымяная рэцэнзiя «Паэзiя — лëс i адказнасць» Рыгора Бярозкiна. Калi ëн, былы пакутнiк, гулагавец, якi ўхваляў творчасць М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкi, узвышаў кагосьцi з маладзейшых, то гэта лiчылася лiтпрыëмкай. У той год меўся адбыцца чарговы пiсьменнiцкi з’езд. Некаторыя тагачасныя маладыя, 1930-х гадоў нараджэння, дзецi вайны, хто ўжо меў па некалькi кнiг, але перабiваўся на нiзавых пасадах газетных кансультантаў, малодшых супрацоўнiкаў лiтвыданняў, пачалi абурацца, што франтавое i партызанскае пакаленне заняло вышэйшыя пасады ў Саюзе пiсьменнiкаў, у выдавецтвах i часопiсах i анiяк не жадае саступаць пазiцый новаму пiсьменнiцкаму пакаленню. У вынiку I. Шамякiн прапанаваў адным з намеснiкаў старшынi праўлення Саюза пiсьменнiкаў абраць Грачанiкава, мабыць, улiчыўшы яго i арганiзатарскi досвед. Тое, што ўвага аддадзена аднаму з самых маладых з пакалення i што ў яго такi iмклiвы службовы рост, не ўсiх парадавала. Той-сëй пачаў фiксаваць усе яго дзеi, а пра асобныя, маладыя, гарэзныя, вольнаадступныя — i сiгналiць у ЦК. На наступным з’ездзе ў 1976-м (на iм пашанцавала быць i мне) яго не толькi ўжо не пераабралi намеснiкам, але i не мелiся вылучыць нават у праўленне. Iван Мележ заступіўся як за грамадзянiна i паэта. Гэта паспрыяла разгубленаму Грачанiкаву не выбiцца з жыццëвай i творчай каляiны, засяродзiцца на паэзii, праз два-тры гады выдаваць новую кнiгу (абсяг тэм пашырыўся, светапогляд паглыбеў, «цiхi» гучны голас папоўнiўся змястоўным унутраным, пабагацела i паярчэла паэтычная палiтра), паспяхова ўзначальваць часопiсы «Вясëлка» i «Бярозка». Грачанiкаў устояў ад розных жыццëвых калізій, падкопаў нядобразычліўцаў. Больш падняўся ў асэнсаваннi рэчаiснасцi, чалавечых побытавых праяў. Адзiн са сваiх вершаў ëн назаве звышпроста i заадно па-фiласофску: «Пашкадуйце няверных сяброў...».

У намеснiчанне Грачанiкава мы час ад часу сустракалiся ў Саюзе пiсьменнiкаў на розных сходах, перакiдвалiся словам-другiм. Бывала, ëн у жартоўнай манеры заўважаў: «Расцеш, расцеш». Асаблiва мне запомнiўся 1974-ы год, калi я надрукаваў у «Маладосцi» першую аповесць i чакаў першай кнiгi. Мяне паклiкаў Iван Мележ — тады ўслаўлены наш празаiк, старшыня прыëмнай камiсii Саюза пiсьменнiкаў. Ëн у даўно ўжо знесеным «доме Кубэ» працаваў на другiм паверсе ў невялiкiм кабiнецiку разам з Грачанiкавым. Жывы класiк, зразумела, перад гэтым гаварыў пра мяне свайму маладому суседу, а потым прыязна «разабраў» мой маладосцеўскi твор: «во так пiшыце», «а во так не...» Пасля гэтага нашы сустрэчы з Грачанiкавым, мо i з мележаўскага блаславення, сталi ўжо не проста напаўжартоўныя, рэплiкавыя, а з выйсцем на сур’ёзную тэматыку.

Узаемаадносiны набылi пастаяннасць, напаўненне i характар, калi лëс звëў нас на 9 гадоў у часопiсе «Маладосць»: мяне ў 1979-м — намеснiкам, яго ў 1982-м — галоўным рэдактарам, дзе мы пачалi працаваць дружна, у згодзе. Гэтае выданне заўсëды было дэмакратычным, у iм «асвоiлi» Васiля Быкава, многiя творы Уладзiмiра Караткевiча i iншых нашых у савецкi час «не такiх» пiсьменнiкаў. Мы не маглi не лiчыцца з папярэднiмi традыцыямi i набыткамi, рэдактарскай смеласцю Аляксея Кулакоўскага i Пiмена Панчанкi, з новамысленнем i ў тухлаватую застойнасць, у эпоху навязлiвага, часамi пустапясчанага iнтэрнацыяналiзму знявераных у святасць сiстэмы маладых пiсьменнiкаў, мастакоў. Асаблiва тых, хто востра заклапацiўся асвяжэннем гiстарычнай памяцi нашага знявечанага народа, нацыянальным адраджэннем.

У кнiзе «Скрозь «Маладосць», прысвечанай 60-годдзю часопiса, я крыху ўспамiнаў пра тое, як мы вырашылi надрукаваць, даць магчымасць чытачу пазнаëмiцца з такiмi творамi, як «Старажытная Беларусь» Мiколы Ермаловiча i «Споведзь» Ларысы Генiюш. Iдэалагiчныя службы, цэнзура асаблiва намагалiся не дапусцiць да друку Ермаловiчава даследаванне, пагражалi нам бясслаўным звальненнем. Мы многае абгаворвалi сам-насам у Горкаўскiм парку. Анатоль Сямëнавiч падтрымаў мае намаганнi, праявiў цвëрдасць, каб нарэшце грамадства ўведала нашу не сфальсiфiкаваную, а праўдзiвую гiсторыю. Знаëмства з асабiстай трагедыяй Генiюш не магло не падкрэслiць трагедыi ўсëй нашай iнтэлектуальнай элiты, якую бязлiтасна ашальмоўвалi i выкошвалi ў 1930—1940-я гады, чым вытрасалi ў нашага народа душу, свядомасць, годнасць. Нялёгка, з пераадоленнем супрацiўленнянападак некаторых навукоўцаў было надрукавана эсэдаследаванне Алега Лойкi пра трагiзм Купалы-генiя...

Анатоль Сямëнавiч (ëн угаворваў мяне перайсцi на «ты», ды я не змог) не толькi на маiх вачах рос як рэдактар перадавога тыпу i як творца. Безумоўна, пад уплывам мележаўскай «Палескай хронiкi» пра 1920—1930-я гады ëн прыкладаў свае намаганнi, каб асэнсаваць пазнейшае — пасляваенны перыяд, патрэбнае i адначасова варварскае асушэнне гомельскага Палесся, што («асваенне») многае высушыла i ў людскiх душах, лëсах. Найперш за яго кнiгу менавiта з такой назвай, «Палессе», мэтры беларускай культуры i лiтаратуры вырашылi ў 1984-м уганараваць яго Дзяржаўнай прэмiяй у галiне лiтаратуры.

I яшчэ. Жыццëвыя назiраннi, развагi якраз у часы працы ў «Маладосцi» многае змянiлi ў яго светапоглядзе, пафасе паэзii. Сваë крытычнае стаўленне да многiх з’яў рэчаiснасцi ëн прыхаваў у цыкле вершаў «Усходняя мазаiка», дзе ў вобразах дыктатараў, iхнiх паслугачоў, тых, «хто страцiў у людзей павагу i давер», бачылiся нашы рэальныя сучаснiкi. I зусiм не цiха гучаў ягоны голас, калi ëн з болем, мужна зазначаў: «ганьба — гандляваць зямлëй бацькоў...», дакараў выраджэнцаў, «хто мову сваю ганiць...».

Шчаслiвы для яго быў 1988-ы. 50 гадоў і ў росквiце жыццëвых i творчых сiл, выдадзены том лiрыкi, эпiкi «Вершы i паэмы» i том твораў для дзяцей «Зорны палëт». Хораша гучалi песнi на яго словы. Новыя задумы. Тым больш што перабудова несла i хаос, i новыя магчымасцi. У тым лiку i для творцаў...

Ды ў заснежаны, лëгка марозны, ласкава-сонечны сакавiцкi дзень 1991-га лiтаральна аглушае не веснавая навiна з Грачанiкавай кватэры: яе гаспадара, а нашага галоўнага не стала... Маладжавага, але такога майстравiтага ў творчасцi, аўтарытэтнага ў пiсьменнiцкiм, увогуле ў грамадскiм асяроддзi, дзе ëн сярод знаных паўстаў знанаю Асобаю...

У нашай кватэры нямала яго кнiг з цëплым надпiсам. Але на с.3 «Зорнага палëту» ëн асаблiва чулы, на аснове блiзкiх iнтарэсаў i сямейнасцi. Мы рэдкавата сустракалiся сем’ямi, але нам было прыемна размаўляць з жыццярадаснай Нэляй Iванаўнай, заўважаць пераход iх сына Андрэя са школьнiцтва ў студэнцтва, быць на яго вяселлi, назiраць адзявочванне iхняй дачушкi Алесi (верш яе бацькi «Прыснiўся сон Алесi» быў любiмым у маëй дачкi, а зараз — і ва ўнучкi), цешыцца з’яўленнем унука Толiка (цяпер тату нашчадкаў Грачанiкавых). Дык вось у «Зорным палëце» Грачанiкаў, дорачы нам свой набытак, чула звярнуўся да маëй сям’i:

«Дарагiм для мяне i маëй сям’i Далiдовiчам: цудоўнай Марыi Нiкiфараўне, мудраму Генрыху Вацлававiчу, слаўнаму Вiталiку, чароўнай Людачцы — з пажаданнем самага светлага ў жыццi, працы, творчасцi — ад «дзеда» Анатоля. 31.08.88, г.Мiнск». Дарагiм, цудоўным, мудрым, слаўным, чароўным, са светласцю для мяне асабiста быў i ëн. I я, цяпер 72-гадовы, анiяк не ўяўляю яго, майго старэйшага сябра, 80-гадовым... Былi пэўныя яго грахi, якiя я ведаю, можа, больш за ўсiх. Былi... Ды ëн — той жа харашун як мужчына, свежы як паэт! Сапраўдная паэзiя спраўджваецца неўмiручасцю. Тым больш калi А. Грачанiкаў адзiн са сваiх зборнiкаў назваў са знакам вечнасцi: «Я вас люблю». Любiцьме i яго!

Генрых Далідовіч

 

P. S. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла вечарына, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Анатоля Грачанікава, з красамоўна-тужлівай назвай «Калі ты далёка...» Вершы паэта гучалі ў выкананні артыстаў народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», а пісьменнікі, літаратуразнаўцы, прыхільнікі яго творчасці дзяліліся незабыўнымі ўспамінамі.

Запавет

— Рызыкуйце, хлопцы,

Рызыкуйце!

— Перад смерцю

Гаварыў паэт. —

Гінучы,

Усё адно — ратуйце

Ад пакут і здзекаў

Гэты свет.

Век канчаюць

Каля зор арлы,

Мышы паміраюць

У нары...

Зорны золак

За акном гайдаўся.

З сэрцам,

Нібы ў ранах нажавых,

Ён пайшоў.

Ні з кім не развітаўся,

 Каб заўсёды

Жыць сярод жывых.

 

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 8521 раз